Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


nizhnij-novgorod.spravka.ru

Хто ў калгасе не злодзей...

Рознага насення цяпер — хоць вазамі вазі! Толькі сей ды садзі, калі час надыдзе і жаданне ёсць. А то ж многія ў гэтым сэнсу не бачаць: навошта, маўляў, гарбаціцца, калі ўсё прадаецца. Купіў нейкую баначку-пластмаску, кіпнем заліў — і пюрэ гатовае. Не трэба з вясны да восені зямельцы кланяцца — бульбу вырошчваць, а спачатку, як вядома, — насенне выбіраць.

...У продажы цяпер шмат новых сартоў з'яўляецца. Праўда, у большасці і як мне здаецца, нейкіх «аднаразовых»: завёў, год-другі пасадзіў — усё пры іх, як быццам. А потым — куды што дзелася: і смак ужо іншы, і ўраджай не той. Тут, я думаю, адно тлумачэнне: людзі грошы робяць, свайго роду бізнес на насенні, а добрую справу, як прызнаў Задорнаў, гэтым словам не назавуць. Вось некалі раней новыя сарты (той жа бульбы) гадоў з дзесяць выводзілі! Але ж потым іх і садзілі, пакуль не збрыдзее: у многіх любімая бульба з часоў «камунізму» расце.

...Нехта можа спытаць, як жа яе заводзілі? То я раскажу. Спачатку нейкія навінкі ў калгасах-саўгасах з'яўляліся, — на людскія гароды пазней пераходзілі... Сваім ходам: гэта значыць, з работы, з агульнага поля чалавек прынёс і на сваім пасадзіў.

Начальства — у прыватнасці, у асобе нашага брыгадзіра — на гэты пераход глядзела паблажліва, можна сказаць, з разуменнем. Ну, набралі жанкі пакрысе... Дык як жа тут устрымаешся? Хто ў калгасе не злодзей, той дома — не гаспадар...

Праўда, у той дзень ён нейкі злосны быў, да ўсіх чапляўся... «Мусіць, галава ў жонкі балела?!» — пасмяяліся жанчыны і далей працуюць, бульбу перабіраюць на буйную, насенку і дробную.

Адпрацавалі да вечара, набралі па трохі ў адмысловыя торбачкі ды пайшлі па дамах. Адна хіба затрымалася, каб болей бульбачкі ўзяць.

І ўжо ж выбрала! А толькі разагнулася — з-за кустоў, як чорт з табакеркі, брыгадзір на сваім трактарку. Заглушыў яго ля жанчыны ды кажа:

— Ну зусім ты, Наталля, сумленне страціла!

Тая хацела спытаць: як гэта — усе бяруць і ва ўсіх яно ёсць, а ў яе дык раптам няма?!

Але ж змаўчала — панесла бульбу дахаты, а то, напэўна ж, высыпаць прыйшлося б...

Нараніцу зноў на работу ідзе, нікому нічога не
кажа — разам з усімі працуе. Брыгадзір яшчэ прыехаў і праверыў. А захацеў ад'язджаць, — трактарок яго не заводзіцца — нават не чмыхае!..

Наталля, як на ліха, найбліжэй да яго сядзела, — паклікаў нешта там патрымаць, сам — па інструмент палез. Нішу пад сядзеннем адкрыў, каб каробку ўзяць, а там (Наталля добра ўбачыла) мех бульбы ляжыць...

Што дзіўна было, трактарок адразу ж завёўся, і брыгадзір адразу ж ад'ехаў... Так што не паспела Наталля пра сумленне спытаць. А потым падумала, што, можа, яно і не трэба было. Брыгадзір жа таксама і чалавек, і гаспадар, прычым вельмі нядрэнны...

А добрай бульбы завесці нават дрэннаму хочацца!

Насенне яе калісьці так здабывалі: па-свойму весела, па-свойму сумна.

Вольга Сарокіна, Жлобінскі раён


Думай, галава!

Цяжка жыць таму, хто жартаў не разумее.

Ды і тым, хто побач — таксама не мёд.

...У далёкія ўжо 60-я ў нашай раённай міліцыі старшына адзін быў, у мінулым — ваенны разведчык і служака, якіх пашукаць. Людзі яго, як агню баяліся — за любое парушэнне ў аддзел цягнуў. Бывала, рады не дасць, каб нейкага п'янога прывесці, дык тады на плечы яго і валачэ — як тога языка нямецкага...
А на месцы, глядзіш, ужо пратакол напісаны, справа заведзена — суд з прысудам, што важна, — дзе трэба, а дзе, можа, і не... Ну вось найпрасцейшы прыклад: насварылася жонка на мужа (альбо наадварот). І ў тую ж ноч ці назаўтра хутчэй за ўсё памірыліся б... Ды ў міліцыі ўжо заява ляжыць. Старшына пастараўся.

Карацей, стамілася начальства ад вось гэтай руплівасці, — хацела яго на пенсію адправіць — рыбу лавіць. Ды не тут тое было: нейкімі сваімі таемнымі сцежкамі ён да генерала дайшоў... І з перамогай назад вярнуўся! Яшчэ і прыгразіў: маўляў, пабачым, хто каго на рыбу адправіць...

Зрэшты, вось тут і зараз — трохі не аб тым.

Поруч з тым старшыной сяржант Ягораў служыў — рэдкі хахмач і балабол! У яго часцяком не разабраць было, дзе ён праўду кажа, а дзе жартуе. Але ж людзі слухалі, бо ён складна баяў... Ды і разумныя высновы, бывала, рабіў.

Аднойчы, напрыклад, стаў расказваць, што нейчы там брат з цаліны вярнуўся, што камбайнерам быў, што з сабой паўвагона пшаніцы прывёз і цяпер не знае, дзе яе дзець...

Старшыны, як быццам, паблізу не было? А здалёк — можа, сам чаго недачуў, можа, не так данеслі, толькі пасля дзяжурства падыходзіць ён да сяржанта і кажа:

— А давай мяняцца...

— ?!

— Я табе мех бульбы, а ты мне — пшаніцы?

Сяржант, нічога не зразумеўшы, толькі хмыкнуў яму ў адказ. А старшына падумаў, што ён згадзіўся... І таму не пазней як назаўтра (з жонкай раіцца ён моды не меў) сам палез у склеп, набраў там аж пяць мяшкоў бульбы (яна ж, калі з зімы застанецца, дык летам прападзе, а пшаніца — тая колькі хочаш
ляжыць!)...

Ну і далей — ускінуў мяшкі на воз ды паехаў мяняцца.

А сяржант якраз на вуліцы быў — здалёк яшчэ воз убачыў. Сказаў старшыне: «Ну зусім ты людзей не ведаеш! Адкуль у мяне якая пшаніца? У мяне ж нават брата няма... Я ў дзетдоме вырас...»

Плюнуў старшына, мацюкнуўся і (што тут будзеш рабіць?) паехаў назад.

Пакуль сноўдаў туды, а потым сюды (на вуліцы добры марозік быў), яго бульба ў мяшках памерзла. Жонка з раніцы ў печ яе, каб свінням зварыць, — а з гаршкоў толькі пена ўверх і смурод на ўсю хату...

Ну, яна і не стрымалася: нейкай чапялой адхадзіла свайго мянялу. Той на работу з фінгалам прыйшоў.

Некага з іншых мужчын у такім выпадку саслужыўцы дасталі б жартамі, а тут папыталіся, ці будзе ён на жонку заяву пісаць, і сціхлі. Хай чалавек падумае.

Любоў Чыгрынава, г. Мінск.


Начальства — яно дастане

...У рабоце камбінатаў бытавога абслугоўвання (далей — КБА), відаць, розныя часы бывалі. Пасля перабудовы — дакладна — не найлепшыя. Хутчэй наадварот і па многіх прычынах. Але ж галоўная, мусіць, тая, што ў камбінатаў з'явіліся канкурэнты з боку прадпрымальнікаў. Менавіта яны сталі ствараць фірмы, вырабляць прыгажэйшыя і, вядома ж, больш дыхтоўныя помнікі з граніту і мармуру, гандляваць рытуальнымі таварамі...

У бытавікоў такім чынам заказаў стала менш, а значыць, менш прыбыткаў, менш сродкаў на зарплату. Людзі панеслі заявы на звальненне, хоць, вядома ж,
не ўсе. Саша, напрыклад, па-ранейшаму працаваў — вырабляў помнікі з цэменту з дабаўленнем мармуровай крошкі, потым, калі заказчыкі прасілі, выязджаў на месцы, на могілкі — дапамагаў устанавіць... Заадно і абгародку... Не без таго — часта выпіваў, бо грэх было не памянуць нябожчыкаў...

Аднак у тым, што цвярозым яго амаль ніхто не бачыў, была яшчэ адна важкая прычына: Санёк —
невысокі і шчупленькі — болей піў, чым еў. Так жонка яго казала. А начальства...

Начальства неяк цярпела, бо калі іншага спецыяліста на такую зарплату не возьмеш, хай тады будзе гэтакі...

Хоць кліентаў, трэба сказаць, ён і распуджваў...

Неяк, у будны дзень (як вядома, смерць ды радзіны не чакаюць гадзіны) у той КБА прыехалі мужчыны з недалёкай вёскі — хацелі купіць дамавіну, сёе-тое з рытуальных тавараў.

Іх ды некалькі вянкоў-карзінак загадчыца склада аддала пакупнікам на месцы, па труну — павяла ў сталярны цэх.

Дзверы ў ім былі расчынены, унутры — аніводнай жывой душы: людзі пайшлі на абед. А дамавіна — тая ля сцяны стаяла — гатовая, абабітая чырвонай саржай.

Каб далёка яе не цягнуць, дзядзькі падагналі грузавік, паспрабавалі падняць труну.

— Цяжкая, халера! — заўважыў адзін.

— Дошкі сырыя, — прызнала загадчыца склада. — Не было сухіх.

«Значыць, трэба, забіраць з сырых», — моўчкі вырашылі мужчыны. І толькі прыўзнялі, — з труны вечка з'ехала...

А за ім — грымнула на зямлю і сама труна, у якой... ляжаў (!), уставаў (!) жывы чалавек.

— Варвары! — казаў ён вяскоўцам, абтрасаючы пілавінне. — Па-іншаму што — пабудзіць не маглі? Вам грукнуць трэба?

Мужчыны ашалела маўчалі. Затое загадчыца склада...

— Сашка, п'янтос! — на ўвесь цэх крычала яна. — Каб цябе звіло ды скруціла! Знайшоў дзе схавацца, дзе легчы!..

— А што, — стаў даводзіць Санёк, — іншых жа мы кладзём? Кладзём. Яны ж неяк спяць і не скардзяцца... Значыць, добрае месца — я так падумаў... Аж выходзіць, не! Начальства — яно і тут дастане! Во часы пайшлі! У труне спакою няма!

— Дык гэта ж жывым, — суцешылі Сашу вяскоўцы, што хацелі забраць дамавіну. — А вось калі памрэш...

Што і як будзе потым, калі тое здарыцца, не ведае, на жаль, ніхто.

Ніна Кандрашонак, г. Петрыкаў.

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Ад яе ж: «Апошнія лісткі ў календары, сыходзіць год самотны і стары...». Гэта значыць, што фінішуе звяздоўскі конкурс на найлепшую вясёлую і праўдзівую гісторыю.

Нагадаем, што яго пераможцаў мы вызначаем разам з чытачамі, то-бок кожны ахвотны можа далучыцца да работы вялікага чытацкага журы: з добрай сотні выбраць дзясятку — на яго погляд — самых цікавых гісторый і на пачатку новага 2021-га даслаць у рэдакцыю. Так што чытайце, пішыце!.. У тым ліку і аб тым, конкурсу быць? Ці не быць?

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.