Вы тут

Раман Галоўчанка падвёў першыя вынікі года для еўразійскай інтэграцыі


Адыходзячы год выдаўся складаны. Аб гэтым кіраўнік беларускага ўрада заявіў сёння на пасяджэнні Еўразійскага міжурадсавета, якое праходзіла ў фармаце відэаканферэнцыі.


«Год быў досыць складаны. Акрамя пандэміі, якая аказала негатыўны эфект практычна на ўсе сферы сусветнай эканомікі, многія з нашых дзяржаў сутыкнуліся з іншымі сур’ёзнымі  праблемамі гарантавання нацыянальнай бяспекі, — сказаў ён. — Шмат у чым дзякуючы сумесным намаганням, нам удалося змякчыць наступствы шокаў. У гэтай няпростай сітуацыі наш саюз даказаў сваю эфектыўнасць».

У якасці сведчання сказанага прэм’ер Беларусі прывёў паспяховыя дзеянні дзяржаў – членаў ЕАЭС ва ўмовах сусветнага дэфіцыту, які рэзка ўтварыўся ў першую хвалю COVID-19.

«Сваімі ўзгодненымі і аператыўнымі рашэннямі мы змаглі забяспечыць не толькі ўнутраныя рынкі сродкамі індывідуальнай абароны, дэзынфекцыі, але і іх экспартныя пастаўкі. Нам удалося не дапусціць росту цэн на сацыяльна значныя тавары на нацыянальных спажывецкіх рынках. У мэтах аказання дапамогі ў барацьбе з пандэміяй былі арганізаваныя кантакты па лініі органаў аховы здароўя для абмену ведамі, вопытам, практыкамі ў лячэнні каранавіруса», — пералічыў ён.

Для запавольвання працэсу распаўсюджвання каранавірусу не ўдалося пазбегнуць жорсткіх мер па абмежаванню перамяшчэння пасажыраў паміж краінамі — членамі ЕАЭС, са шкадаваннем адзначыў старшыня Міжурадсавета. Ён выказаў спадзяванне, што з улікам вопыту па стрымліванню інфекцыі і па барацьбе з ёй, які ўжо атрыманы, міністэрствы аховы здароўя, транспарту, іншыя зацікаўленыя ведамствы выйдуць на больш актыўны дыялог па паступоваму аднаўленню зносін для палягчэння дзелавых кантактаў і дзелавой міграцыі.

Раман Галоўчанка заўважыў, што пры гэтым удалося захаваць тавараплынь, а значыць, забяспечыць функцыянаванне міждзяржаўных гандлёвых адносін, захаваць ланцужкі тавараў і паслуг.

«Ліха без дабра не бывае. Упэўнены, што пандэмія падштурхне наш саюз да больш хуткага ўкаранення лічбавых тэхналогій у розных сферах жыццядзейнасці, у тым ліку ў ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, укаранення электроннага дакументаабароту», — дадаў ён. — У бягучым годзе колькасць бар’ераў на ўнутраным рынку саюза знізілася з 19 да 11, праўда ўзнікаюць новыя, таму дадзеную тэму рана здымаць з кантролю», — сказаў прэм’ер.

«Сёння належыць разгледзець пералік выключэнняў і абмежаванняў і ў якасці дамашняга задання паставіць задачу нашым дзяржаўным органам разам з Еўразійскай эканамічнай камісіяй забяспечыць іх ліквідацыю ў 2021–2022 гадах. Спадзяюся, што гэтая работа будзе праводзіцца больш актыўна, чым звычайна, пры гэтым будзе забяспечвацца права ЕАЭС і далейшае дасягненне мэт па фарміраванню эканамічнага саюза», —  падкрэсліў Раман Галоўчанка.

У ліку дасягнутага ён назваў зрухі па стварэнню агульнага рынку дзяржаўных і муніцыпальных закупак у ЕАЭС, функцыянаванне рэестру еўразійскай прамысловай прадукцыі.

«З улікам узаемных інтарэсаў нашых дзяржаў, па адзіных празрыстых правілах мы створым новую кропку росту для бізнесу, прастымулюем яго ўмацоўваць прамысловую кааперацыю ўнутры наша саюзу і тым самым садзейнічаць рэальнаму імпартазамяшчэнню», — агучыў чаканні ад дзеяння рэестру старшыня Міжурадсавета.

У ЕАЭС працягваецца фарміраванне адзіных рынкаў і сектараў, якія забяспечваюць свабоду руху тавараў, паслуг, капіталу, працоўнай сілы. У прыватнасці, сёння Міжурадсавет  разглядае план мерапрыемстваў па забеспячэнню адзінага рынку паслуг у сферы будаўніцтва, паведаміў беларускі прэм’ер.

«Гэта вялізны патэнцыял як з пункту гледжання нацыянальнага ВУП, так і ўзаемнага экспарту паслуг і тавараў», —  адзначыў ён.

Працягваецца работа па фарміраванні агульных энергетычных і транспартных рынкаў ЕАЭС, без якіх рэальная эканамічная інтэграцыя ў прынцыпе немагчымая, падкрэсліў кіраўнік беларускага ўраду.

«Завяршэнне стварэння гэтых рынкаў павінна спалучацца з не дыскрымінацыйнымі падыходамі ў галіне цэнаўтварэння, тарыфаў, доступу да паслуг натуральных манаполій», — паўтарыў ён беларускія прынцыпы.

У прамысловым сектары ключавое месца адводзілася далейшай гарманізацыі нацыянальных палітык па стварэнні вытворчай кааперацыі, дадаў Раман Галоўчанка. У сферы тэхнічнага рэгулявання была працягнутая сістэмная актуалізацыя існуючых тэхнічных рэгламентаў.

«Упэўнены, што пры выкарыстанні ўсіх пераваг, якія нам дае Еўразійскі эканамічны саюз, і пры актывацыі работы па рэалізацыі палажэнняў, якія закладзеныя ў праекце Стратэгічных кірункаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года, ужо ў будучым годзе эканомікі нашых краін вярнуцца да ўстойлівага росту», — выказаў ён сваё меркаванне.

Беларускі прэм’ер звярнуў увагу Еўразійскай эканамічнай камісіі на актывізацыю работы па міжнародным кірунку, перш за ўсё па рэалізацыі стасункаў з ініцыятывай «Адзін пояс — адзін шлях».

«Гэта будзе садзейнічаць павышэнню эфектыўнасці груза- і пасажыраперавозак праз скарачэнне тэрмінаў мытнага кантролю і цэлага шэрагу іншых працэдур, што ў выніку прывядзе да скарачэння выдаткаў для бізнесу», — абазначыў карысць ад праекта Раман Галоўчанка і адзначыў неабходнасць больш актыўнай рэалізацыі мемарандуму па паглыбленні ўзаемадзеяння паміж выканкамам СНД і ЕЭК.

«Вырашэнню гэтай задачы будзе нададзеная асаблівая ўвага падчас старшынства ў 2021 годзе Беларусі ў СНД, — сказаў ён. — Спадзяёмся на падтрымку ў гэтым пытанні Казахстана, які будзе старшынстваваць у ЕАЭС».

Беларусь вітае і чакае хуткае падпісанне Мемарандуму паміж ЕАЭС і Шанхайскай арганізацыяй супрацоўніцтва, дадаў прэм’ер.

«Упэўнены ў неабходнасці завяршэння надання статусу назіральнікаў Узбекістану і Кубы. Лічым мэтазгодным прадумаць спецыяльныя праграмы супрацоўніцтва з дзяржавамі-назіральніцамі пры ЕАЭС, каб наша ўзаемадзеянне з імі стала больш прадметным», — дадаў ён.

У год свайго старшынства ў ЕАЭС Беларусі не ўдалося зняць усе пытанні і дасягнуць усе амбіцыйныя мэты, прызнаўся старшыня Міжурадавага савету. Разам з тым ён выказаў упэўненасць, што праграма беларускага старшынства знойдзе свой працяг і ў наступнай рабоце ЕЭК.

«Бо ў ёй былі закладзеныя пасылы, якія адлюстроўваюць шчырае памкненне Беларусі да паступовага развіцця еўразійскай інтэграцыі па ўсіх кірунках», — рэзюмаваў Раман Галоўчанка.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».