Вы тут

Паэтка Кацярына Роўда: Кожны можа не толькi ўявiць сябе крытыкам, але i гучна назвацца iм у сацыяльных сетках


Нядаўна лаўрэатам прэстыжнай прэмii «Садружнасць дэбютаў» за 2019 год ад Беларусi стала паэтка Кацярына Роўда, супрацоўнiца навукова-метадычнага аддзела Фундаментальнай бiблiятэкi БДУ. Яна ж — кiраўнiк клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа». Прэмiя была заснавана ў 2008 годзе Саветам па гуманiтарным супрацоўнiцтве дзяржаў-удзельнiкаў СНД. Асаблiвасць сёлетняй прэмii ў тым, што ў СНД 2019 быў аб'яўлены Годам кнiгi, i ўшаноўвалiся спецыялiсты ў галiне кнiжнай культуры.

З-за неспрыяльнай эпiдэмiялагiчнай абстаноўкi Кацярына даведалася пра ўзнагароду ў анлайн-рэжыме, але вiншаваннi прагучалi самыя шчырыя.


— Вiншую з прэстыжнай прэмiяй! Наколькi я ведаю, з беларускiх лiтаратараў яе дыпламантам была паэтка Аксана Спрынчан. Фармулёўка тваёй узнагароды вельмi цiкавая: за развiццё i папулярызацыю чытання... Шмат хто здзяйсняў падобныя праекты цягам 2019 года. Што незвычайнага ў тваiх праектах?

— Нiколi не лiчыла, што я раблю нешта настолькi адметнае, за што магла б прэтэндаваць на ўзнагароду такога ўзроўню. Да наступлення эпiдэмii каранавiруса, як самастойна, так i з калектывам клуба аматараў мастацкага слова «КЛУмБа», я з задавальненнем брала ўдзел у шматлiкiх творчых мерапрыемствах. Клумбаўцы — гэта таленавiтыя маладыя паэты i празаiкi з БДУ, якiя на працягу шасцi гадоў плённа шчыруюць на нiве беларускай лiтаратуры. Выдадзена 15 аўтарскiх кнiг, пастаўлена шэсць паэтычных спектакляў на ўласныя вершы, на творы ўлюбёных аўтараў, паспяхова рэалiзаваны праект «Каранi», якi звяртаецца да лiтаратурнай i духоўнай спадчыны Беларусi. Дзякуючы падтрымцы адмiнiстрацыi ФБ БДУ i нашага неверагоднага куратара Iрыны Шкiронак, на розных факультэтах унiверсiтэта мы правялi вiктарыны «Размаўляй па-беларуску», лiтаратурную вечарыну «Лiстапад па-беларуску», падрыхтавалi калектыўны зборнiк «Пад ветразем натхнення», здзейснiлi некалькi падарожжаў па знакавых мясцiнах краiны. У 31-ы дзень нараджэння, у маi 2019-га, я мела шчасце прэзентаваць сваю новую кнiгу «Паэтычныя КаРункi». Былi яшчэ i работа на Мiжнароднай кнiжнай выстаўцы-кiрмашы, паэтычны аўтобус, Мiжнародны фестываль еўразiйскiх культур, Паэтычны форум... Для мяне «Радзiма», «мова», «кнiга» —
сiнонiмы слова «жыццё».

— Сёння кажуць, што страчаны сам навык «павольнага» чытання, удумлiвага, як i здольнасць атрымлiваць асалоду ад стылю пiсьменнiка...

— На жаль, як паказвае шалёны час i мая ўласная практыка, удумлiвае «павольнае» чытанне — гэта, хутчэй, выключэнне, чым правiла. Сучасны чалавек настолькi спяшаецца, што iншы раз мы нават на СМС-паведамленнi ад блiзкiх людзей рэагуем са спазненнем або бегла чытаем i «клацаем» на смайлiк, нешта, накшталт «ок». Штосьцi падобнае здараецца i са знаёмствам з творамi лiтаратуры. Папулярныя тэхнiкi хуткачытання, сайты са скарочанымi варыянтамi мастацкiх тэкстаў эканомяць час, але пазбаўляюць глыбокага пазнання аўтарскай задумы i той эстэтычнай асалоды, якую можна адчуць толькi ўважлiвым вокам i чулым сэрцам.

— Цi ўплывае сёння на папулярызацыю чытання, кнiгi лiтаратурная крытыка?

— Мы жывём у такi цiкавы час, калi амаль кожны чалавек можа не толькi ўявiць сябе паэтам, празаiкам або крытыкам, але i гучна назвацца iм, дэманструючы ў сацыяльных сетках свой «прафесiяналiзм». Вельмi неадназначны ўплыў аказваюць на папулярызацыю чытання крытычныя артыкулы, якiм уласцiвы ананiмнасць, правакацыйнасць, нядобразычлiвасць. Бялiнcкi нaзывaў лiтapaтypнyю кpытыкy «pyxoмaй эcтэтыкaй». Ён cлyшнa пaдкpэcлiвaў: тoe, штo cкaжyць пpa вялiкi твop лiтapaтypы, нe мeнш вaжнaе зa caм твop. Магу часткова пагадзiцца, але, на маю думку, найлепшы крытык — гэта час.

— Адны сцвярджаюць, што ў эпоху iнтэрнэту праблем з бiблiятэчным абслугоўваннем вяскоўцаў проста не можа быць, пампуй ды чытай цi замаўляй у iнтэрнэт-крамах. Iншыя бядуюць, што сельскiя бiблiятэкi зачыняюцца — хоць iх i замяняюць бiблiябусамi, бо знiкаюць культурныя асяродкi... Твой погляд на праблему?

— Будзем шчырыя, нават пры наяўнасцi добра наладжанага iнтэрнэту далёка не кожны чытач (гарадскi ён жыхар цi вясковы) аддасць перавагу электроннай кнiзе. Я, дарэчы, адношуся да аматараў той самай класiчнай кнiгi, старонкi якой можна пагартаць, адчуць не толькi iх змест, але i форму, лёгкi водар паперы. А калi ўлiчыць той факт, што распаўсюджанасць якаснай iнтэрнэт-сувязi, наяўнасць даступнай па цэнах камп'ютарнай тэхнiкi, узровень умення ёю карыстацца (асаблiва ў пажылых людзей) яшчэ не зусiм адпавядаюць патрабаванням часу, то навiны пра сельскiя бiблiятэкi, якiя зачыняюцца час ад часу, наводзяць сум i хваляванне за дзень заўтрашнi. I тут ужо справа не толькi выключна ў перавагах метадаў чытання. Бiблiятэка на вёсцы — гэта не проста кнiгасховiшча ды адзiнокая жанчынка ў акулярах, што чытае часопiс цi перабiрае фармуляры, каб не задрамаць. Бiблiятэка — гэта ўтульны дом кнiгi, якi ва ўсе часы аб'ядноўваў разумных, цiкавых, неабыякавых да сваёй культуры i маленькай радзiмы людзей. Гэта гурткi па iнтарэсах для школьнiкаў, мерапрыемствы, прысвечаныя творчасцi класiкаў, падрыхтоўка да знакавых свят вёскi i раёна. Пералiчваю i прыпамiнаю сваю Адамоўскую бiблiятэку, якая разам з мясцовым Домам культуры i школай, нiбы тры кiты, трымалi на сабе, бадай што, самае галоўнае: адукацыю, духоўнае i эстэтычнае выхаванне, здольнасць аб'ядноўваць людзей. Школа... Клуб... Бiблiятэка... Зачынены. Фонд пераехаў у раённы цэнтр. I мая вёска асiрацела. I толькi час ад часу наводзяць сумную, але ўсё ж светлую ўсмешку ўспамiны з экскурсiй па нашым школьным музеi «Беларуская хатка», якiя мне даводзiлася праводзiць у зусiм яшчэ малыя гады пад чулым кiраўнiцтвам найлепшай ў свеце настаўнiцы роднай мовы i лiтаратуры Ганны Уладзiмiраўны Садоўскай. Усплываюць у памяцi непаўторныя галасы зямлячак-жанчын з мясцовай капэлы i мае, зусiм яшчэ сцiплыя, першыя паэтычныя спробы, якiя я прыносiла паказаць у бiблiятэку. Не было iнтэрнэту i гаджэтаў, бацькi шмат працавалi, але было тое святло, да якога мы ўсе цягнулiся — святло кнiгi, ведаў, дабрынi. Шкада, што сёння самы распаўсюджаны пункт сустрэчы ў большасцi нашых вёсачак, асаблiва невялiкiх, — гэта тое месца Z, куды ў дзень X прыязджае аўталаўка. У найлепшым выпадку — магазiн. Там i культурныя справы абмяркоўваюцца, i мясцова-злабадзённыя. Час ад часу там абменьваюцца парадамi, рэцэптамi — i, што радуе, кнiгамi з уласных дамашнiх бiблiятэк. Была — бачыла — ведаю.

— Якую повязь адчуваеш з малой радзiмай, якiя праекты, можа, там ладзiш?

— Нi для кога не сакрэт, што Валожынская зямля багатая на таленавiтых людзей. З вялiкай павагай стаўлюся да творцаў з лiтаратурна-мастацкага аб'яднання «Рунь», створанага на базе Валожынскага раённага Дома культуры (кiраўнiк — Валянцiна Францаўна Гiруць-Русакевiч). Хацелася б наведаць школы маленькай радзiмы з прэзентацыяй маiх «Паэтычных КаРунак», але COVID-19 пакуль дазваляе толькi чакаць i спадзявацца. А яшчэ я мару асабiста пазнаёмiцца з аўтарам кнiгi «Снежный барс», салiсткай гурта «Ночные снайперы» Дзiянай Арбенiнай, якая нарадзiлася ў маiм родным Валожыне. Веру, што ўсё наперадзе!

— У вашай сям'i двое дзетак, чакаецца, наколькi я ведаю, трэцяе. Якiм з'яўляецца ваша сямейнае чытанне? I цi пiшаш для сваiх дзетак?

— У свае 32, калi я сама ўжо мацi 11-гадовага сына, 5-гадовай дачушкi i так, чакаю нараджэння трэцяга дзiцяцi, усё больш разумею, якой неверагоднай сiлай нас i нашых родных надзяляюць любоў, падтрымка i ўвага. А чытанне, асаблiва сумеснае, гэта вельмi прыгожая i эфектыўная праява ўсяго пералiчанага. Таму мы з мужам стараемся выхоўваць у дзецях павагу i беражлiвыя адносiны да кнiг. Радасна назiраць i за iх творчымi «праменьчыкамi». Напрыклад, Лёша любiць складаць казкi, апавяданнi i песнi, Палiнцы лёгка даецца завучванне вершаў на памяць. Безумоўна, для i пра дзетак я пiшу таксама, але на асобную кнiгу новых вершаў яшчэ не назбiрала. Усяму свой час. Толькi б ён быў добры, неба — мiрнае, людзi — здаровыя!

Людмiла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.