Вы тут

Хто ўвекавечыць памяць Iгара Лучанка?


Iмя беларускага кампазiтара, народнага артыста БССР i СССР, ганаровага грамадзянiна горада Мiнска Iгара Лучанка ўпiсана ў гiсторыю айчыннай культуры яго шматлiкiмi творамi. Мелодыi песень, сярод якiх «Мой родны кут», «Спадчына», «Алеся», «Жураўлi на Палессе ляцяць», «Майскi вальс» i многiя iншыя, пазнаюцца слухачамi розных пакаленняў з першых нот. На жаль, у 2018 годзе ва ўзросце 80 гадоў маэстра пайшоў з жыцця.


Каб увекавечыць памяць кампазiтара, Мiнiстэрствам культуры быў аб'яўлены конкурс эскiзных праектаў надмагiльнага помнiка. Журы спынiлася на рабоце аўтарскага калектыву скульптараў Iвана Мiско i Аляксандра Фiнскага, а таксама архiтэктараў Вiктара Крамарэнкi i Юрыя Мамлiна. Канчатковы варыянт эскiза, у якiм улiчылi i заўвагi, i пажаданнi сям'i Iгара Лучанка, зацвердзiлi сёлета ў канцы лiстапада. У iм перад намi Iгар Лучанок — такi, якi быў у росквiце сiл, такi, якiм яго i запомнiлi прыхiльнiкi.

— Нам хацелася бачыць Iгара Мiхайлавiча натхнёным, якiм ён быў заўсёды, калi пiсаў, выходзiў на сцэну. Бо ў гэткiя моманты ён нiбыта станавiўся iншым чалавекам. Мне вельмi хацелася, каб у яго вобразе паказалi гэты стан творчасцi, — кажа жонка кампазiтара Аляксандра Лучанок.

Калi зiрнуць на эскiз, упэўнiшся, што скульптарам удалося перадаць задуму. Вядома, у кожнага будзе сваё ўспрыманне, незалежна ад таго, ацэньваеце вы работу як прафесiянал цi як просты глядач. Але калi я гляджу на скульптурную кампазiцыю, дзе галаву кампазiтара ахiнае, нiбы крыло, нотны радок, мяне ўражвае перш за ўсё ягоны позiрк. Здаецца, маэстра i ўзiраецца ў цябе, i адначасова напружана шукае ў прасторы патрэбны матыў. Потым ужо пачынаеш аналiзаваць дэталi... Напрыклад, звяртаеш увагу на ноты. А гэта не проста элемент дэкору — а фрагмент мелодыi «Мой родны кут». Яго Iгар Лучанок любiў выкарыстоўваць, калi даваў аўтографы.

— Працуючы над эскiзам, мы ўлiчвалi пажаданнi сям'i i калег Лучанка адносна таго, як павiнен выглядаць Iгар Мiхайлавiч, а таксама аналiзавалi яго шматлiкiя фотаздымкi розных гадоў. I ўсюды ён розны. Таму гэтую работу не варта разглядаць як фотадакумент, бо гэта абагульнены вобраз кампазiтара, музыканта, якi мае свой настрой. Тут чытаецца натхненне, унутраны творчы палёт, — дзелiцца скульптар Iван Мiско.

Iвана Акiмавiча звязвае з Iгарам Лучанком вялiкае сяброўства, якое неаднойчы натхняла скульптара тварыць з натуры. Напрыклад, ён рабiў накiды бюстаў кампазiтара i зняў маску яго правай рукi, а вось зняць маску з твару так i не паспеў, бо важна было знайсцi правiльны момант i настрой…

У творчым саюзе стваральнiкаў надмагiльнага помнiка скульптар Аляксандр Фiнскi — фiгура таксама невыпадковая, бо, як адзначае сам творца, з Iгарам Лучанком яны, лiчы, землякi. Яшчэ ён ствараў памятную дошку, якую ў свой час устанавiлi на доме ў Мар'iнай Горцы, дзе кампазiтар жыў з бацькам.

— Для мяне гэтая работа асаблiвая тым, што Iгара Мiхайлавiча я лiчу сваiм мар'iнагорскiм земляком. Менавiта там кампазiтар правёў сваё дзяцiнства, сталеў i фармiраваўся як асоба, таму i лiчыў тое месца сваёй радзiмай, — расказвае скульптар. — I для мяне было гонарам спрычынiцца да стварэння помнiка гэтаму вялiкаму чалавеку. Што да фрагмента мелодыi, то ў мяне ёсць кнiга з песнямi, якую Iгар Лучанок некалi падпiсаў, i там якраз i занатаваны яго рукой ноты песнi «Мой родны кут». Я адразу прапанаваў узяць яго факсiмiле гэтай фразы, i ўсе пагадзiлiся.

Тое, што Iгар Мiхайлавiч быў унiкальны меладыст, ведаюць усе. А мелодыя — гэта ж аснова любога музычнага твора, таму i ў кампазiцыi помнiка яна — вельмi моцны сiмвал той шматграннай i багатай творчай спадчыны, якую пакiнуў нам Iгар Лучанок. Зараз работа над помнiкам працягваецца. Пасля таго як зробяць фармоўку, эскiз пойдзе на завод, дзе яго адальюць з воску, i тады скульптары будуць прапрацоўваць варыянт помнiка ў воску i ў бронзе. Гатовы помнiк будзе ўстаноўлены на магiле кампазiтара на Усходнiх могiлках у Мiнску.

Сёння таксама застаецца актуальнае пытанне аб тым, як будзе ўвекавечана памяць Iгара Лучанка ў сталiцы i на яго радзiме. Цi з'явiцца, напрыклад, парк або вулiца iмя кампазiтара — а можа, адкрыецца адмысловы фонд? Iван Мiско канстатуе — пакуль iнiцыятывы на гэтую тэму нiхто не праяўляе:

— Была створана камiсiя па ўвекавечваннi памяцi Iгара Лучанка, якая нi разу не сабралася i не агучыла нiякiх прапаноў. На малой радзiме, напрыклад, iх чакаюць, аднак цi прагучаць яны, i хто гэта зробiць?

Алена ДРАПКО

Фота Ганны ЗАНКАВIЧ

Загаловак у газеце: З воску, бронзы i мелодыi

Выбар рэдакцыі

Памяць

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

Дакументы звязваюць мінулае і будучыню

6 кастрычніка архівісты адзначылі сваё прафесійнае свята.

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.