Вы тут

БНТУ спаўняецца 100 гадоў*


Сто гадоў для навучальнай установы — нямала. Падчас такой значнай даты, як правіла, хочацца падвесці пэўныя вынікі: чаго дасягнулі за гэты час? У якім кірунку рухацца далей? Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт дакладна ведае адказы на гэтыя пытанні: за ўвесь перыяд яго гісторыі тут падрыхтавалі больш за 220 тысяч спецыялістаў. На сёння ў ВНУ навучаецца каля 35 тысяч студэнтаў. Падрыхтоўку інжынерных кадраў па 140 спецыяльнасцях і спецыялізацыях вядуць 91 кафедра і 97 іх філіялаў. Напярэдадні святочных дзён разам з рэктарам універсітэта Сяргеем ХАРЫТОНЧЫКАМ абмеркавалі надыходзячыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілею, акунуліся ў гісторыю альма-матар, паразмаўлялі аб традыцыях, новых тэхналогіях у навучанні і многім іншым.


Рэктар Беларускага нацыянальнага тэхнiчнага ўнiверсiтэта доктар тэхнiчных навук, дацэнт Сяргей Харытончык.

— Для нас гэта вельмі значная дата: трэба азірнуцца і ацаніць усю папярэднюю работу, кірунак, у якім мы рухаліся дагэтуль, — кажа Сяргей Васілевіч. — Думаю, многія пагодзяцца з тым, што сучасная Беларусь шмат у чым пабудавана розумам і працай выпускнікоў нашага ўніверсітэта. Яны праектуюць будынкі, узводзяць заводы, збіраюць аўтамабілі і трактары. Зараз у нас вучыцца каля14 тысяч студэнтаў першай ступені дзённай формы навучання, каля сямі тысяч — завочнай формы, у каледжах — яшчэ каля дзесяці тысяч, а таксама каля тысячы чалавек навучаюцца ў магістратуры і ліцэі. Штогод у нас павышаюць кваліфікацыю каля дзесяці тысяч чалавек. Не абыходзім увагай і падрыхтоўку спецыялістаў для замежных краін: іх выпусцілі больш за дзевяць тысяч для 90 краін свету.

Універсітэт штогод удасканальваецца. За апошнія дзесяць гадоў тут змяніліся і актуалізаваліся прыкладна 30 спецыяльнасцяў.

— Гэта сістэмная праца. Заўсёды бяром арыенцір на развіццё адукацыйнага працэсу, навукі і інавацый. Мы ўвялі новыя навучальныя праграмы, гэта найперш датычыцца актуалізацыі тых кірункаў, якія сёння запатрабаваныя ў нашай краіне. Напрыклад, калі дагэтуль мы рыхтавалі спецыялістаў па спецыяльнасці «Паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый», то сёння пачалі навучанне па праграме «Праектаванне і эксплуатацыя атамных электрастанцый», — гэта значна пашырыла кола магчымасцяў для выпускнікоў, якія прыходзяць працаваць на атамную станцыю, цяпер там яны могуць займаць вялікі пералік розных пасадаў. Актуалізавалі падрыхтоўку і па спецыяльнасці «Гарадскі электрычны транспарт», дзе раней рыхтавалі спецыялістаў для «Белкамунмаша», БелАЗа, праектавалі тэхніку з электрапрывадам. Зараз кірунак пашырыўся і спецыяльнасць мае назву «Электрычны і аўтаномны транспарт».

Сёлета быў адкрыты новы кірунак спецыяльнасці «Эканоміка і арганізацыя вытворчасці» — «Эканамічная бяспека прамысловага прадпрыемства». Ён, дарэчы, унікальны для ўсёй СНД. Таксама ў бягучым годзе будзем працаваць па актуалізацыі спецыяльнасці «Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці».

Для нас важна забяспечыць кожнага свайго выпускніка першым рабочым месцам. Прыемна, што ў нас штогод стопрацэнтнае размеркаванне бюджэтнікаў. Першае рабочае месца знаходзім і платнікам. На сёння бачым, што ў праграму навучання трэба больш актыўна ўкараняць дысцыпліны, звязаныя з лічбавізацыяй. Цяпер у кожную спецыяльнасць прыйшлі інфармацыйныя тэхналогіі, — складаныя інжынерныя праграмныя прадукты, якія неабходна асвоіць. Зразумела, гэта не кажа пра тое, што тэхналогіі, якія былі распрацаваны сто гадоў таму, застануцца з намі цяпер і ў будучыні. Яны зменяцца, і гэтаму мы будзем вучыць нашых студэнтаў.

У музеi гiсторыi БНТУ захоўваецца мноства каштоўных дакументаў i экспанатаў, якiя расказваюць аб мiнулым гэтай ВНУ. Асобнае прыкметнае месца ў экспазiцыi адведзена дакументам пра тых, хто ў часы ваеннага лiхалецця змагаўся за свабоду i незалежнасць краiны.

БНТУ — адзін з нямногіх універсітэтаў, які ўваходзіць у спісы розных сусветных рэйтынгавых сістэм, што сведчыць аб высокай якасці адукацыі.

— Удзел у іх дае разуменне, якія працэсы ва ўніверсітэце неабходна развіваць. Рэйтынг SІR паказвае наяўнасць навуковых кампетэнцый. Дарэчы, у яго ад Беларусі ўваходзяць яшчэ БДУ і Нацыянальная акадэмія навук. І гэта пры тым, што мы не класічная, а тэхнічная ВНУ, у якой заўсёды менш шанцаў выйсці на першыя пазіцыі. У міжнародным рэйтынгу QS World Unіversіty Rankіng уваходзім у тысячу найлепшых універсітэтаў свету, у рэйтынгу QS World Unіversіty Rankіng: Emergіng Europe and Central Asіa займаем 103 месца, згодна з Webometrіcs — мы на 2562 пазіцыі, у рэйтынгу найлепшых тэхнічных універсітэтаў свету Worldwіde Professіonal Unіversіty Rankіng — 298-ю пазіцыю. У нас актыўна развіваецца замежнае супрацоўніцтва і мы ўпэўнена адчуваем сябе на міжнародным рынку.

За сваю стагадовую гісторыю БНТУ ўнёс значны ўклад у развіццё краіны: з удзелам інжынераў ВНУ пабудаваны знакавыя архітэктурныя аб'екты, метро, узведзены адны з найлепшых дарог у Еўропе, створаны аўтамабілі і грамадскі транспарт ды іншае.

— Універсітэт заўсёды функцыянаваў паспяхова. Калі згадаць яго гісторыю, першапачаткова ён складаўся з пяці факультэтаў, мы рыхтавалі будаўнікоў і спецыялістаў у галіне машынабудавання. Названыя спецыяльнасці актуальныя і дагэтуль, і лічу, што будуць патрэбныя ў будучыні. У выніку гістарычных падзей, якія перажывала краіна, гісторыя ВНУ таксама няпростая. Грамадзянская вайна, Вялікая Айчынная вайна, індустрыялізацыя, пасляваеннае аднаўленне.

— Ужо ў XXI стагоддзі грамадства нечакана сутыкнулася з пандэміяй. Як яна паўплывала на навучанне ва ўніверсітэце?

— Мы адчулі яе подых на сабе, таму трэба было аператыўна перабудоўваць навучальны працэс у новы фармат. Нашаму Міжнароднаму інстытуту дыстанцыйнай адукацыі ў гэтым годзе споўнілася 20 гадоў. Мы даўно вялі работу па стварэнні электронных вучэбна-метадычных комплексаў, імі маглі карыстацца як завочнікі, так і студэнты дзённага аддзялення, каб удасканальваць свае веды. Да таго ж тэхнічную гатоўнасць да анлайн-заняткаў дапамагаюць забяспечыць камп'ютарныя класы. Іх у нашай ВНУ каля 120.

Капсула часу перадасць у 2070 год пасланне ад сённяшнiх студэнтаў i супрацоўнiкаў БНТУ. Паслаць такi лiст мае магчымасць кожны, збор допiсаў арганiзаваны ў фае галоўнага корпуса.

— Хутка ва ўніверсітэце пачнуцца святочныя дні, да юбілею ВНУ прымеркавана шмат цікавых мерапрыемстваў. Якія гэта будуць падзеі і ці будуць яны адаптаваныя да сітуацыі з каранавірусам?

— У такіх умовах сваю ўрачыстую праграму мы аптымізавалі, усе мерапрыемствы будуць суправаджацца мерамі эпідбяспекі. 7 снежня мы адкрыем шэраг выставак, у ліку якіх і музейныя экспазіцыі, што пройдуць у галоўным корпусе ўніверсітэта: гэта выстаўкі кітайскай культуры, дасягненняў Навукова-тэхналагічнага парку БНТУ «Палітэхнік», газеты «Савецкі інжынер — Весці БНТУ», творчых работ студэнтаў, навучэнцаў каледжаў. Таксама адкрыюцца дзевяць імянных лабараторый і кафедраў. 8 снежня запланавана адкрыццё Дошкі гонару ўніверсітэта, такая традыцыя закладваецца ў нас упершыню. Штогод мы будзем вызначаць найлепшых работнікаў і такім чынам іх адзначаць. У гэты ж дзень прэзентуем скульптурную кампазіцыю «Студэнты БНТУ». 9 снежня на пляцоўцы каля галоўнага ўвахода на тэрыторыю студгарадка завершыцца Эстафета юбілейнага агню, якая з першага верасня прайшла па шэрагу прадпрыемстваў краіны, дзе працуюць нашы выпускнікі. У гэты ж дзень можна наведаць выстаўку інавацыйнай прадукцыі прадпрыемстваў-заказчыкаў кадраў і скульптурную кампазіцыю «Крышталь ведаў», дзе будзе закладзена Капсула часу. 10 снежня пройдзе прыём дэлегацый, а таксама пасяджэнне Савета БНТУ. Завершыцца ўсё святочным салютам. 11 снежня — работа з афіцыйнымі дэлегацыямі, мяркуецца падпісанне шэрагу пагадненняў з беларускімі і замежнымі партнёрамі. Вядома, з-за эпідсітуацыі не ўсе змогуць наведаць свята, але мы хочам, каб кожны адчуў, што ў такую знакавую дату ніхто не забыты. Таму ўсе падзеі будуць транслявацца анлайн. Да таго ж у кожным падраздзяленні нашай ВНУ пройдуць свае ўрачыстыя мерапрыемствы, бо нашы факультэты можна параўнаць з самастойнымі інстытутамі, у некаторых з іх навучаюцца некалькі тысяч студэнтаў і за гады існавання ВНУ там сфармаваліся свае цікавыя традыцыі і атмасфера.

Дарэчы, ідэя залажэння Капсулы часу, падзяліўся Сяргей Васілевіч, паўстала нечакана, з мэтай перадаць новаму пакаленню думкі, эмоцыі, інжынерны дух сучаснасці.

— На ўрачыстай лінейцы першага верасня мы запрасілі ўсіх ахвотных сфармуляваць свае прапановы. Ад імя Савета ўніверсітэта таксама падрыхтавалі пасланне, каб перадаць яго будучым пакаленням, уклалі туды самыя цёплыя пажаданні. Плануем адкрыць гэтую капсулу праз 50 гадоў. Спадзяюся, што гэта стане своеасаблівай традыцыяй для ўніверсітэта, і праз 50, 100 гадоў нашы нашчадкі таксама пакінуць свой ліст. А вось узводзіць скульптуры каля ВНУ напярэдадні значных дат ужо традыцыя. З апошняга — памятны знак, прымеркаваны да 55-годдзя студэнцкіх будаўнічых атрадаў. Менавіта нашы студэнты ў 1963 годзе аднымі з першых у краіне былі іх арганізатарамі. Сёлета цэнтральнай фігурай скульптуры сталі студэнты, яны ўвасабляюць маладосць, палёт думак, светасць творчых задум. Дзяўчына сімвалізуе спецыяльнасці, звязаныя з будаўніцтвам і архітэктурай, юнак — тэхнічныя спецыяльнасці. Гэтая група будзе ўпрыгожваць месца каля галоўнага корпуса. Таксама да нашага юбілею рыхтуем чарговае выданне гістарычнага нарыса аб ВНУ, дзе будуць змешчаны малавядомыя факты пра ўніверсітэт, рэктараў і выкладчыкаў, факультэты і іншае, цікавыя фатаграфіі папярэдніх гадоў.

Напярэдадні юбілею ўніверсітэта Сяргей Харытончык звярнуўся да ўсіх са святочнымі пажаданнямі:

— У наш юбілейны год усяму калектыву хочацца пажадаць моцнага здароўя і творчых поспехаў! Студэнтам — актыўнага засваення тых ведаў, якія даюць нашы выкладчыкі, бо сёння ў ВНУ створаны ўсе магчымасці, каб атрымаць якасную адукацыю, упэўнена адчуваць сябе на рынку працы. Па нашых выпускніках мы бачым, што вельмі шмат тых, хто не даюць сабе расслабіцца з першага курса, актыўна супрацоўнічаюць з будучымі работадаўцамі, і ўжо да выпуску становяцца прафесіяналамі. Зразумела, такія спецыялісты не застануцца без першага рабочага месца і дастойнай зарплаты. Нашым абітурыентам жадаю добра падумаць аб выбары прафесіі, узважыць свае жыццёвыя запыты і мэты. Мы са свайго боку будзем імкнуцца зрабіць з вас высокакваліфікаваных спецыялістаў.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Алена ДАЎЖАНОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

*На правах рэкламы

УНП 100354447

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.