Вы тут

Мiтрапалiт Веньямiн: Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi


Тры месяцы таму Беларускую праваслаўную царкву ўзначалiў мiтрапалiт Веньямiн (Тупека), чалавек для нашай краiны родны i вядомы. Гэта прызначэнне адбылося ў няпросты час як для беларускага грамадства, так i для чалавецтва ў цэлым, бо, напэўна, сёлета — трывогi датычацца кожнага чалавека на Зямлi. Патрыяршы экзарх пагадзiўся адказаць на пытаннi журналiста «Звязды» пра гэтыя тры месяцы i падзялiўся сваiмi думкамi пра асаблiвасцi i сапраўдную небяспеку сённяшняга часу.


«Родная зямля — непаўторная»

— Уладыка, цi спраўдзiлiся вашы чаканнi за перыяд, якi мiнуў з дня прызначэння на пасаду Патрыяршага Экзарха? Цi былi нечаканасцi, нягледзячы на тое, што вы — чалавек, якi ў сябе дома, не прыезджы, i ўсё вам тут знаёмае?

— Пытанне досыць аб'ёмнае, i адказам адразу ўсяго не ахапiць.

Тут дарэчы згадаць народную прыказку: дамашняя думка ў дарогу непрыдатная. Нешта падобнае — з маiмi ўяўленнямi пра тое, якое гэта служэнне i як яго праходзiць. Я бачыў служэнне ўладыкi мiтрапалiта Фiларэта, калi быў вiкарным епiскапам, бачыў служэнне ўладыкi мiтрапалiта Паўла — таксама некаторы час быў у яго вiкарным епiскапам. І потым, калi меў зносiны па меры неабходнасцi з уладыкам Паўлам, бачыў, якiя гэта аб'ёмы клопату. Заўсёды здзiўлялi маштабы работы i адказнасцi, зыходзячы з гэтага фармiравалася маё ўяўленне пра служэнне Патрыяршаха Экзарха.

Але цяпер, калi прыступiў да гэтага служэння, калi мiнула тры месяцы, бачыцца яно ўжо крыху iнакш. Хоць яшчэ не ўсе дэталi вядомыя, бо з кожным днём адкрываецца нешта новае i ў зносiнах, i па той рабоце, якая вядзецца ў экзархаце. Усё гэта патрабуе асэнсавання, падтрымкi, удасканалення.

За гэты час удалося аб'ехаць усе епархii. Недзе праграма была больш насычаная, недзе менш, але стараўся апроч удзелу ў богаслужэннях сустрэцца з духавенствам, пагаварыць з мiранамi, наведаць сацыяльныя або адукацыйныя ўстановы, пагутарыць з ваеннаслужачымi, са студэнтамi.

Звяртае на сябе ўвагу, што кожны рэгiён па-свойму непаўторны i мае менавiта рэгiянальныя нюансы, якiя трэба ўлiчваць, каб правiльна паступiць. Напрыклад, Беларусь на ўсходзе i на захадзе адрознiваецца сваёй рэлiгiйнасцю, традыцыямi — такая гiстарычная спадчына. Ёсць рознiца памiж Вiцебшчынай i Гомельшчынай, памiж Гроднам i Брэстам. Скажам, на Гродзеншчыне шмат каталiцкiх абшчын, а ў Брэсцкай вобласцi — пратэстанцкiх. Гэта таксама трэба ўлiчваць. Вельмi самабытнае Палессе, там ёсць свае асаблiвасцi царкоўнага жыцця, якiя выцякаюць з укладу жыцця мясцовых людзей.

У Мiнску найбольш шырока прадстаўлены розныя канфесii i меркаваннi, часам дыяметральна супрацьлеглыя, тут пражывае шмат людзей розных нацыянальнасцяў, знаходзяцца ўстановы, у якiх прымаюцца вызначальныя для жыцця краiны рашэннi, мiнiстэрствы i ведамствы, пасольствы.

Разам з тым, кожны рэгiён мае свой напрацаваны вопыт, якi можа быць карысны ў межах усяго экзархата. Напрыклад, у Бабруйску ёсць сацыяльны цэнтр «Пакровы», якi паспяхова працуе, пры гэтым вопыт сваёй работы гатовы прапанаваць i для iншых рэгiёнаў. У Тураўскай епархii добра пастаўленая работа з навучальнымi ўстановамi, i яе можна выкарыстоўваць у сталiцы. У Гродна паспяхова працуюць у экалагiчным кiрунку.

— Можна сказаць, што Беларусь адкрылася па-новаму?

— Так. Нешта раней было вядома часткова, не да канца асэнсавана. Цяпер мае новыя абавязкi падштурхоўваюць да таго, каб глыбей унiкаць ва ўсё, аналiзаваць, параўноўваць, знаходзiць найлепшае i карыснае, каб больш шырока гэта выкарыстоўваць. Нездарма кажуць: век жывi — век вучыся.

Родная зямля непаўторная i нават у межах аднаго рэгiёна можна са здзiўленнем адзначыць, як два населеныя пункты адрознiваюцца па сваiм унутраным змесце, наколькi розныя людзi там жывуць. Гэта патрабуе ўважлiвых адносiн да рэальнасцi. Разам з тым ёсць агульная для ўсiх платформа, на якой мы знаходзiмся — Евангельскае вучэнне, вучэнне Царквы, маральная спадчына народа.

— Уладыка, што ў гэтыя месяцы надавала вам сiл? Што натхняла i радавала?

— Слова Божае нам кажа: «Гасподзь дасць сiлу народу Свайму, Гасподзь благаславiць народ Свой мiрам». Магчымасцi, сiлы служэння, нясення послуху дае Гасподзь, Ён жа з'яўляецца крынiцай натхнення.

Мяне таксама вельмi натхняе магчымасць малiтоўных зносiн, калi бачна, што людзi старанна моляцца i ад малiтвы атрымлiваюць карысць, суцяшэнне, радасць, i гэта бачна па iх тварах. Дзеля гэтага хочацца i надалей служыць ды вяртацца ў тыя мясцiны, дзе была здзейснена такая супольная малiтва.

Акрамя таго, падчас размоў за чаем, трапезай, пасля богаслужэння даведваюся аб праектах, якiя даюць людзям сiлы, маюць плён, i тады мне таксама перадаецца радасць ад зробленага i ўзнiкае жаданне дапамагчы, падтрымаць, каб вынiк быў яшчэ лепшы.

Вельмi запамiнаюцца сустрэчы з моладдзю i дзецьмi, iх хваляванне i шчырасць.

— Як пандэмiя каранавiруса адбiваецца на жыццi праваслаўных абшчын?

— Пандэмiя — гэта сусветная з'ява, якая прымушае чалавецтва задумацца пра тое, што не так у нашым жыццi. Парушаны асновы спакойнага жыцця, прыйшло перажыванне за хваробу, за iм адбываюцца хваляваннi ўнутры грамадства. Але ўсё гэта мае i духоўныя каранi.

Што датычыцца царкоўнага жыцця, то калi вясной колькасць вернiкаў у храмах значана скарацiлася, то цяпер не так, хоць станоўчых тэстаў на каранавiрус штодня рэгiструецца ў паўтара раза больш, чым тады. Напэўна, людзi менш баяцца, можа быць таму, што многiя з iх блiзкiх, знаёмых перажылi гэтую хваробу, нехта, магчыма, ужо прызвычаiўся i стаў больш бестурботны.

Змяншэнне колькасцi прыхаджан вельмi адчувальнае для малых прыходаў, i ёсць у сувязi з гэтым пэўныя складанасцi.

Што наконт перасцярогi, то храм, напэўна, з усiх грамадскiх мясцiн найбольш абаронены, бо Гасподзь не жадае, каб людзi, якiя прыходзяць да Яго, траплялi ў дадатковую небяспеку. Разам з тым у царкве дзейнiчаюць фiзiчныя законы, якiя нiхто не адмяняў, i нездарма нашы продкi казалi: «На Бога спадзявайся, а сам не давайся!» Таму мы павiнны зрабiць усё, што ад нас залежыць, каб захаваць здароўе прыхаджан.

I калi мы гэта робiм, то ўскладаем спадзяваннi не столькi на свае намаганнi, колькi на мiласць Божую, бо Слова Бога нам кажа: «Калi Гасподзь не збудуе дома, марна працуюць будаўнiкi яго; калi Гасподзь не ахавае горада, марна чувае варта». Гэтым i кiруемся.

Меры перасцярогi ў храмах выкарыстоўваюцца ўсе неабходныя, iншая справа, што не ўсе людзi гэта робяць: хтосьцi забывае, хтосьцi лiчыць iх залiшнiмi, што няправiльна.

Свяшчэннаслужыцелi гэтак жа, як iншыя людзi, перажываюць хваробы i смутак, непрыемнасцi, якiя маюцца ў грамадстве. Хварэюць свяшчэннiкi i на каранавiрус, ёсць i памерлыя з-за гэтай хваробы. Мы сочым за сiтуацыяй, аналiзуем яе, стараемся аператыўна рэагаваць з улiкам рэкамендацый медыкаў.

«Галоўнае — пакаянне»

— Акрамя пандэмii, ваша служэнне на пасадзе Экзарха супала з досыць няпростым перыядам у грамадска-палiтычным жыццi краiны. Вашы першыя дзеяннi паказалi, як востра вы гэта перажываеце. Вы двойчы заклiкалi да дадатковага посту i пакаяння. Па вашых адчуваннях, гэта паўплывала на настрой людзей, мела плён?

— Першы раз я заклiкаў да ўзмоцненай малiтвы, трохдзённага посту i пакаяння хутка пасля прызначэння мяне на пасаду, гэта было прымеркавана да 13 верасня. Увечары гэтага дня, калi здзяйснялi малебнае спяванне i шмат людзей сабралася ў храме, адчуваўся ў людзей асаблiвы малiтоўны парыў, хоць разам з тым i пэўнае напружанне, перажыванне пра тое, як Гасподзь адгукнецца на нашы малiтвы i якi будзе вынiк.

Другi такi заклiк быў напярэдаднi свята Крыжапастаўлення, тады iшоў хросны ход вакол Беларусi са Святым Крыжом прападобнай Ефрасiннi Полацкай i спiсам iконы Жыровiцкай Божай Мацi. Калi 27 верасня мы завяршалi пост i малiтвы, то напярэдаднi адбывалася Iзнясенне для Устанаўлення адноўленага Крыжа Тураўскага, якiм абносiўся Мiнскi кафедральны сабор пры вялiкiм зборы народу i малебным спяваннi. Людзi потым дзялiлiся, што адчувалi моцны ўздым.

Мяркую, што гэта ў цэлым адбiлася на цячэннi падзей у нашым грамадстве, хоць, можа быць, не так iстотна, як хацелася б. На жаль, не ўсе людзi ўдзельнiчалi ў тым, да чаго быў заклiк. Нехта пасцiўся, нехта малiўся, нехта рабiў i тое, i тое, але галоўнае, пра што iшла размова, — гэта пакаянне, асэнсаванне свайго жыцця, аналiз таго, што зроблена дрэннага i як гэта выправiць. Далёка не ўсе людзi прайшлi гэтым шляхам. Я цiкавiўся, цi шмат людзей было на споведзi, аказалася, далёка не ўсе. А гэта ж быў самы галоўны складнiк — унутранае пачуццё чалавека, якi перажывае свае памылкi, учынкi. Калi ён перажывае i са змiрэннем просiць у Бога даравання, Гасподзь адгукаецца, падобна таму, як бацькi даруюць дзецям, калi тыя просяць прабачэння за дрэнныя ўчынкi.

Мы, дарослыя дзецi Айца Нябеснага, не заўсёды памятаем пра гэта, часам прычыны складаных i трывожных для нас працэсаў у грамадстве ўскладаем на iншага чалавека i не бачым наша ўкладанне ў гэты стан. Людзям уласцiва асуджаць iншых, бачыць у iх дрэннае, а Царква вучыць, што трэба перш за ўсё выправiць сябе, тады будзе карысць i для цябе, i для навакольнага свету.

Наша Царква, згодна з вучэннем, якое пакiнуў нам Спасiцель, не iмкнецца змянiць увесь свет. Гэтага не рабiў i Хрыстос. Яго служэнне заключалася ў тым, каб прывесцi да выпраўлення жыцця кожнага асобна ўзятага чалавека. Апостал Павел кажа: «Хрыстос Iiсус прыйшоў у свет спасцi грэшнiкаў, з якiх першы — я». Нам важная такая ўвага да сябе, асэнсаванне сваёй грахоўнасцi, шляхоў для выратавання.

Гэта не значыць, што мы ўхiляемся ад пытанняў, якiя хвалююць грамадства. Мы не хаваемся ад адказнасцi, але асэнсоўваем, што больш карысцi будзе, калi Царква не ўдзельнiчае непасрэдна ў вырашэннi праблем, але выказвае сваё меркаванне з пункту гледжання Евангелля i праз малiтву стараецца дапамагаць людзям, якiя з'яўляюцца дзецьмi Царквы.

Кожны чалавек у Царкве заклiканы да таго, каб шукаць волю Божую ў кожным канкрэтным выпадку, у адпаведнасцi з гэтым прымаць рашэнне, як яму паступiць, каб было правiльна i як Бог хоча. Не заўсёды нашы эмоцыi, станоўчыя або адмоўныя, добрыя дарадцы. Нам усiм неабходна прасiць у Бога мудрасцi i разважлiвасцi ў гэтыя днi выпрабаванняў для нашага грамадства.

Мудрасць дасканалая прыходзiць звыш, як дараванне малiтвы, як падарунак Божы. Той, хто не шукае ад Бога навучання, не ўбачыць правiльнага рашэння. Але i той, хто шукае ў Бога навучання, але пры гэтым няўважлiвы да сябе, можа прыняць сваю думку за волю Бога. Таму нам сёння неабходная асаблiвая якасць, пра якую казалi святыя айцы: духоўнае няспанне ў сэнсе вельмi ўзважаных, асцярожных адносiн да сваiх слоў, учынкаў. Аналiз таго, як яны адаб'юцца на людзях, якiя побач, прынясуць iм карысць альбо шкоду. I галоўнае, цi будзе гэта ў адпаведнасцi з воляй Бога, добрай i дасканалай, або супрацьлеглае, i тады вынiк будзе нядобры i недасканалы.

«Унутраная засяроджаная работа губляецца»

— Чым для Царквы небяспечны сённяшнi час з усiмi яго асаблiвасцямi — i пандэмiяй, i грамадска-палiтычнай абстаноўкай, i iншым?

— Гасподзь кажа: «Я збудую Царкву Маю, i вароты пякельныя не адолеюць яе». Гэта значыць, што небяспекi як такой для Царквы няма. Кожны, хто жадае, зможа ў Царкве выратавацца. Iншая справа, што знешнiя абставiны могуць перашкаджаць людзям прыходзiць у храм або выказваць сваю веру. Гэта можа быць звязана з пэўнай небяспекай для жыцця або стратай нейкiх зямных даброт. Усё вызначаецца верай чалавека.

Зараз увесь свет перажывае вялiкую небяспеку ў сiлу таго, што адыходзiць ад традыцыйных маральных каштоўнасцяў. Людзi становяцца менш рэлiгiйныя або рэлiгiйныя па знешнiх прыкметах, а ўнутраная засяроджаная работа — увага да сябе, свайго сумлення, душы, якую вялi нашы продкi, цяпер забываецца, губляецца.

Сучасны спосаб жыцця, мыслення чалавека не мае гэтага на ўвазе. Сучасныя сродкi камунiкацыi рассейваюць увагу чалавека i арыентуюць людзей на тое, што, з аднаго боку, трэба ад жыцця браць усё: «еш, пi, весялiся», як нам кажа ў негатыўным сэнсе Евангелле, калi выкрывае чалавечую прывязанасць да зямных даброт.

З iншага боку, ёсць разуменне ў чалавечай супольнасцi, што мы можам i павiнны ўсё зрабiць гарманiчна i зручна для нас, павiнны зрабiць гэта цяпер i так, як лiчым патрэбным. Пры гэтым забываем, што Бiблiя дае нам шматлiкiя прыклады, адзiн з якiх — будаўнiцтва Вавiлонскай вежы, якое мела цудоўны праект, але не было завершана, бо Гасподзь разбурыў планы людзей, якiя былi Яму не пажаданыя. Вавiлонская вежа — гэта прыклад намагання чалавека, краiны, народаў, якiя стараюцца нешта рабiць, але пры гэтым спадзяюцца толькi на сябе.

Многiя людзi ў сучасным свеце прызнаюць Бога, але пры гэтым больш спадзяюцца на сябе. Бог у такiм выпадку не з'яўляецца цэнтрам увагi чалавека, на жаль, не з'яўляецца крынiцай натхнення, дасканаласцi даброт, а толькi складнiк духоўнасцi, якi iснуе недзе далёка, з якiм можна сустрэцца толькi ў вечнасцi. Важна ж, каб чалавек ужо тут, на зямлi, жыў з Богам, атрымлiваў ад Яго дапамогу, настаўленне, падтрымку. Тады жыццё падымаецца на асаблiвы духоўны ўзровень i прыносiць плён.

«Мiр нам трэба захоўваць пры любых абставiнах»

— Уладыка, як зараз складваюцца ў Беларусi мiжрэлiгiйныя, мiжканфесiйныя адносiны?

— Дзякуй Богу, сённяшняя сiтуацыя нiяк не паўплывала на мiжканфесiйныя адносiны. Мне за гэтыя месяцы прыходзiлася сустракацца з прадстаўнiкамi Каталiцкай царквы. Мы гутарылi, абмяркоўвалi розныя пытаннi. Погляды на тыя або iншыя падзеi могуць адрознiвацца, але гэта не павiнна быць прадметам спрэчкi. Мiр, згоду ў грамадстве нам трэба захоўваць пры любых абставiнах.

Неабходна ставiцца з павагай да меркавання людзей iншага веравызнання, не ўзвышацца. Пры ўсёй рознасцi ўсведамляць, што ўсе нарадзiлiся ад Адама i Евы i, па вялiкiм рахунку, — дзецi адных бацькоў. Дзецi, якiя сталi зусiм розныя, чые погляды на жыццё, вера адрознiваюцца, але ў зносiнах мы павiнны захоўваць добразычлiвасць, паразуменне, жаданне дапамагчы i прынесцi карысць.

«Тое, што магчыма рабiць, — у планах рабiць максiмальна»

— Цi можаце вы падзялiцца планамi ў царкоўным будаўнiцтве на найблiжэйшы час?

— Доўгi час у мяне не атрымлiвалася глыбока адчуць словы Евангелля «...не турбуйцеся пра заўтрашнi дзень,... досыць кожнаму дню свайго клопату». Гасподзь абмяжоўвае далёкiя планы людзей, каб яны разумелi, што не ўсё ад iх залежыць.

Самi абставiны сённяшняга дня не даюць магчымасцi зазiраць далёка наперад. Цяпер важна пераадолець падзел у грамадстве, пераадолець «ковiд» i далей працягваць сваё служэнне Богу i людзям у адпаведнасцi з вучэннем Царквы. У якiх формах i як гэта будзе рэалiзоўвацца ў будучым — час пакажа. Не строiм вялiкiх планаў, але тое, што магчыма рабiць, — у планах рабiць максiмальна. Каб людзi разважалi пра тыя пытаннi, пра якiя мы зараз казалi, знаходзiлi сябе, свой шлях да Бога i да выратавання.

— Распачаўся Пост перад Раством Хрыстовым. Што, акрамя таго, што ўжо сказана, дадасце для нашых чытачоў у сувязi з гэтым?

— Калi былi мае заклiкi да посту, малiтвы i пакаяння двойчы, то цяпер сам перыяд шматдзённага Посту схiляе да гэтага. Хачу пажадаць чытачам газеты, каб кожны знайшоў для сябе магчымасць не адкладаць i прайсцi праз гэтыя старажытныя ўстанаўленнi царкоўныя, якiмi карысталiся нашы дзяды з пакалення ў пакаленне, атрымаць праз гэта карысць для душы i ў вынiку — для нашага грамадства i краiны.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Пакаленне Z рэальнага лесу баіцца?

Кожны грыб у рукі бяруць, ды не ўсякі ў кузаў кладуць.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

ЦЯЛЕЦ. Усё ідзе паспяхова, калі не лічыць адной зусім нязначнай, але вельмі непрыемнай штукі, і імя ёй — лянота. Калі пераадолееце яе, то ўсё ў вашым прафесійным жыцці будзе выдатна.

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт