Вы тут

​Як дапамагаюць пажылым мiласэрныя сёстры


У спiсе спраў мiласэрнай сястры самыя розныя заняткi — даставiць лекi i прадукты, прыгатаваць абед, апрацаваць пролежнi i паставiць укол, прынесцi вады, зрабiць прыборку, падзялiцца апошнiмi навiнамi з падапечным, падбадзёрыць i супакоiць. I няма часу хварэць, i немагчыма штосьцi адкласцi на заўтра. Бо нярэдка мiласэрная сястра — адзiны чалавек, якi клапоцiцца пра адзiнокага чалавека сталага веку. Апошнiя ж, як правiла, людзi цяжка хворыя, нават прыкаваныя да ложка. Для iх медыцынская сястра — самы блiзкi i родны чалавек, а таксама адзiная сувязь са знешнiм светам.


Мiкалай Крысенка. Фота Яна Хведчына.

Разлiчваць на iх дапамогу заўсёды могуць ветэраны-чыгуначнiкi. Адзiная галiновая арганiзацыя Чырвонага Крыжа ў Беларусi дзейнiчае якраз на Беларускай чыгунцы. Сёлета ёй, дарэчы, споўнiлася 60 гадоў. Яшчэ з 1964 года тут працуе служба мiласэрных сясцёр (цяпер медыка-сацыяльная служба Чырвонага Крыжа «Дапамога»). I калi стваралася яна для догляду ветэранаў Вялiкай Айчыннай, то пасля спiс атрымальнiкаў дапамогi вырас — гэта адзiнокiя i адзiнока пражываючыя пажылыя людзi i iнвалiды, якiя працавалi на чыгунцы i маюць патрэбу ў доглядзе. У 90-я дзейнасць арганiзацыi сур'ёзна пашырылася — у штаце было каля паўсотнi медсясцёр, якiя даглядалi каля 700 былых чыгуначнiкаў. У новым стагоддзi хоць i скарацiлiся маштабы, але сваiх прынцыпаў арганiзацыя не змянiла: усе, хто мае патрэбу, дапамогу абавязкова атрымаюць. З 1992 года i да сёння дарожная арганiзацыя функцыянуе за кошт спонсарскай дапамогi Беларускай чыгункi.

— Дзейнасць нашай арганiзацыi вызначана праграмай «Клопат» па адраснай сацыяльнай падтрымцы непрацуючых пенсiянераў, якая штогод зацвярджаецца начальнiкам Беларускай чыгункi, — кажа старшыня Дарожнай арганiзацыi Чырвонага Крыжа Мiкалай Крысенка. — I папярэднi начальнiк дарогi Анатоль Сiвак (цяпер — вiцэ-прэм'ер. — «Зв».), i цяперашнi Уладзiмiр Марозаў заўсёды выступалi за захаванне медыка-сацыяльнай дапамогi пажылым людзям. Дзякуючы iм наша арганiзацыя захавалася i актыўна працуе.

Сёння дарожная арганiзацыя Чырвонага Крыжа налiчвае 169 пярвiчак у самых розных калектывах Беларускай чыгункi. Мiласэрныя сёстры працуюць на ўсiх 17 чыгуначных вузлах — у Асiповiчах, Брэсце, Баранавiчах, Вiцебску, Ваўкавыску, Гомелi, Гродне, Жлобiне, Калiнкавiчах, Крычаве, Лiдзе, Лунiнцы, Мiнску, Магiлёве, Маладзечне, Оршы, Полацку. Гэта 26 медыцынскiх сясцёр, i ў кожнай — па 8-10 падапечных. Усяго яны даглядаюць 235 адзiнокiх старых, прычым больш чым сотня з iх — старэйшыя за 80 гадоў.

— Ёсць сярод iх людзi, якiя не паднiмаюцца з ложка. Медсёстры прыносяць прадукты, гатуюць ежу, дапамагаюць паесцi, выконваюць медыцынскiя манiпуляцыi. Для нашых падапечных гэта абсалютна бясплатна. Вельмi дапамагаюць палiклiнiкi, з участковай службай у нас склалася супрацоўнiцтва, — кажа Мiкалай Крысенка.

Свае карэктывы ў работу дарожнай арганiзацыi ўнесла пандэмiя. Мiласэрныя сёстры па-ранейшаму праходзяць навучанне — па прафiлактыцы i апрацоўцы пролежняў, доглядзе падапечных ва ўмовах COVID-19, псiхалагiчнай падтрымцы. Праўда, цяпер такiя курсы наладжаны ў анлайн-рэжыме. Акрамя таго, усе медыцынскiя мiласэрныя сёстры i валанцёры яшчэ ў першую хвалю распаўсюджання каранавiруса атрымалi сродкi прафiлактыкi i дэзынфекцыi: маскi, рэспiратары, пальчаткi, антысептыкi, аднаразовыя халаты, бахiлы, бескантактавыя тэрмометры i пульсаксiметры.

— Ад «Аб'яднанай транспартна-лагiстычнай кампанii — Еўразiйскi чыгуначны альянс» мы атрымалi адзiн мiльён расiйскiх рублёў. I своечасова падрыхтавалiся — ужо ў пачатку сакавiка закупiлi ўсе неабходныя сродкi iндывiдуальнай аховы i перадалi медыцынскiм сёстрам. Для iх былi закуплены ровары, сумкi-ўкладкi, халаты, апараты для фiзiяпрацэдур, матэрыялы, неабходныя для штодзённай работы з падапечнымi, — кажа Мiкалай Крысенка.

Дарэчы, сродкамi iндывiдуальнай аховы забяспечылi i старых, дакладна растлумачылi iм правiлы бяспекi, у прыватнасцi, пра небяспеку выхаду з дому. Частку клопатаў медсясцёр вясной раздзялiла моладзь — прадстаўнiкi чыгуначных пярвiчак БРСМ, а таксама валанцёры-ветэраны. Апошнiя ўзялi на сябе псiхалагiчную падтрымку па тэлефоне. I падчас першай хвалi на каранавiрусную iнфекцыю ў дарожнай арганiзацыi не захварэла нiводная медсястра i нi адзiн з падапечных.

Падчас другой хвалi пашчасцiла менш — каранавiрусную iнфекцыю перанеслi шэсць медыцынскiх сясцёр. Праўда, усе яны застрахаваныя i атрымаюць адпаведную грашовую дапамогу.

— Нашы медыцынскiя сёстры — асаблiвыя жанчыны, для якiх мiласэрнасць i клопат — не проста словы i нават не столькi работа, колькi спосаб жыцця, паклiканне, — лiчыць Мiкалай Крысенка. — У 2013 годзе кiраўнiк нашай службы мiласэрнасцi Iзольда Сёмушына была ўдастоена найвышэйшай мiжнароднай узнагароды медыцынскiх сясцёр — медаля iмя Флорэнс Найтынгейл. Таксама яе заслугi ацанiла i кiраўнiцтва Мiнска — яна атрымала званне «Мiнчанiн года — 2013».

Мiкалай Крысенка ўзначальвае Дарожную арганiзацыю Беларускай чыгункi Беларускага Чырвонага Крыжа з 2010 года. Ён i сам медык па адукацыi, пасля заканчэння Вiцебскага медiнстытута быў накiраваны ў Забайкалле, служыў там ваенным урачом. Пасля вярнуўся на радзiму, скончыў клiнiчную ардынатуру па анкалогii, працаваў хiрургам-анколагам у Светлагорску i на Сахалiне. У 1986 годзе незадоўга да катастрофы на Чарнобыльскай АЭС яго паклiкалi на пасаду намеснiка загадчыка ў Гомельскi абласны аддзел аховы здароўя. I ў першыя днi пасля катастрофы ён ужо працаваў «на месцах» — у Хойнiках, Брагiне, Нароўлi.

— Я з гонарам магу сказаць пра тагачасны ўрад. Нягледзячы на тое што ўсё было сакрэтна i сiтуацыя была найскладанейшая, яны прыслухоўвалiся да вучоных i ўрачоў. Радыяцыйную медыцыну тады мала хто ведаў, мы былi не гатовыя. Многае рабiлi хоць i iнтуiтыўна, але правiльна.

З 1990-га да 1997 года Мiкалай Крысенка працаваў намеснiкам мiнiстра аховы здароўя. На гэтай пасадзе таксама адказваў за Чарнобыльскую праблематыку. Быў адным з iнiцыятараў стварэння РНПЦ радыяцыйнай медыцыны i экалогii чалавека ў Гомелi, будаўнiцтва якога пачалося ў 1992 годзе.

— Мы бачылi, як вырасла колькасць захворванняў на рак шчытападобнай залозы ў дзяцей. У Гомельскай вобласцi за дзесяць гадоў пасля аварыi сутыкнулiся з 400 выпадкамi, а дагэтуль за 10 гадоў быў усяго адзiн. З таго часу i пачалася масавая УГД-дыягностыка, скрынiнг, i вельмi патрабавалася медыцынская ўстанова, каб сачыць за станам здароўя людзей з пацярпелых тэрыторый, — згадвае Мiкалай Аляксандравiч.

Ёсць чым ганарыцца яму i на цяперашняй рабоце:

— Нам удалося захаваць медыка-сацыяльную службу на Беларускай чыгунцы, развiць яе i ўпарадкаваць. Нашы медыцынскiя сёстры атрымлiваюць дастойную заработную плату, мы праводзiм iх пастаяннае навучанне, яны забяспечаны смартфонамi, каб трымаць сувязь з падапечнымi i галоўнай медыцынскай сястрой. На мой погляд, мы стварылi добры калектыў, якi ўпэўнена i спакойна робiць сваю справу.

Алена КРАВЕЦ

Загаловак у газеце: Больш чым медсястра i сядзелка

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

Арктычнае ўварванне на змену цёпламу паветру. Калі чакаць першы снег? Прагноз ад Дзмітрыя Рабава

З чым звязана такая восеньская зменлівасць надвор’я і калі чакаць першы снег.

Грамадства

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

КАЗЯРОГ. Буйныя крэдыты зараз лепш не браць. Паспрабуйце прывесці думкі і пачуцці ў парадак. І перастаньце гібець, зазірніце ў сябе, ураўнаважце эмацыянальны стан. Зараз самы час для наладжвання згубленых сувязяў, якія спатрэбяцца ў найбліжэйшай будучыні. Не забывайце пра родных і блізкіх.

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.