Вы тут

Што зменiць у свеце прышчэпка ад «кароны»?


Сёння ў расiйскай сталiцы пачалася вакцынацыя ад COVID-19. Першыя вакцыну атрымаюць супрацоўнiкi сферы адукацыi, аховы здароўя i гарадскiх сацыяльных службаў, паведамiў мэр горада Сяргей Сабянiн. У Маскве створаны ўвесь тэхналагiчны i арганiзацыйны ланцужок вакцынацыi —  падрыхтаваны склады для захоўвання «Спадарожнiка V», рэфрыжэратары для транспарцiроўкi вакцыны. Усяго на вакцынацыю жыхароў сталiцы будзе выдзелена каля 134 мiльёнаў долараў. Прэзiдэнт Расii Уладзiмiр Пуцiн даручыў пачаць масавую вакцынацыю на наступным тыднi. Шэраг краiн таксама прыступае да такiх мер. Вялiкабрытанiя ўхвалiла для прымянення вакцыну ад каранавiруса i мае намер днямi пачаць рабiць першыя прышчэпкi. Аднак брытанскi прэм'ер-мiнiстр Борыс Джонсан заклiкаў не паддавацца спакусе i памятаць, што для масавай вакцынацыi спатрэбiцца час —  асаблiва з улiкам таго, што прэпарат трэба захоўваць пры тэмпературы мiнус 70 градусаў, а для фармiравання iмунiтэту патрабуюцца дзве iн'екцыi з перапынкам у тры тыднi. «Сiтуацыя для некаторых сектараў будзе складаная», —  папярэдзiў Джонсан. Што зменiць у свеце прышчэпка ад «кароны»?


Грошай усё менш

З'яўленне адразу некалькiх вакцын падбадзёрыла змучаныя каранавiрусам краiны. Прышчэпкi абяцаюць у недалёкай будучынi вяртанне да нармальнага жыцця пасля шматмесячных лакдаўнаў. Але цi выратуюць яны сусветную эканомiку ад найбуйнейшага крызiсу стагоддзя? Маштабны крызiс спынiў шматгадовы прырост багацця ў свеце, адкiнуў большасць краiн на некалькi гадоў таму i ўжо абышоўся падаткаплацельшчыкам у 12 трыльёнаў долараў, паведамiла Бi-бi-сi. Выдаткоўваць сродкi на антыкрызiсныя меры давядзецца i надалей, нягледзячы на тое што даходы скарачаюцца: свет недалiчыцца 28 трыльёнаў долараў цягам найблiжэйшай пяцiгодкi, падлiчыў Мiжнародны валютны фонд.

Грошай на жыццё i развiццё застаецца ўсё менш, а даўгi растуць — эксперты падлiчылi, што сёлета тыя павялiчацца яшчэ на 20 трыльёнаў долараў i перавысяць гадавы аб'ём сусветнай эканомiкi ў тры з паловай раза. Паколькi прычына гэтага крызiсу адна — вiрус, навiны пра з'яўленне некалькiх эфектыўных вакцын выклiкалi прылiў аптымiзму ў фiнансавых рынках. Тыя, у каго ёсць грошы, зрабiлi стаўкi на будучы рост даходаў бiзнесу i насельнiцтва. Больш стрымана адрэагавалi эканамiсты, чыноўнiкi i кiраўнiкi цэнтральных банкаў — тыя, хто адказвае за фiнансавую стабiльнасць i выдзяляе антыкрызiсную дапамогу, заўважыла Бi-бi-сi.

Кiраўнiк амерыканскага Цэнтрабанка — Федэральнай рэзервовай сiстэмы — Джэром Паўэл — самы ўплывовы i асцярожны банкiр у свеце, здольны адным словам абрынуць сусветныя рынкi, назваў вакцыну «добрай i доўгачаканай навiной», але агаварыўся: яна акажа ўплыў на эканомiку ў сярэднетэрмiновай перспектыве, а не ў найблiжэйшы час. Яго калегi ў Еўропе — другой пасля ЗША найбуйнейшай сусветнай эканомiкi — таксама не спяшаюцца абвяшчаць заканчэнне глабальнага крызiсу. «З'яўленне вакцыны мяняе ўяўленне пра тое, як будзе развiвацца сiтуацыя блiжэй да канца наступнага года i ў 2022-м, а не ў найблiжэйшыя паўгода», — сказаў iрландскi эканамiст Фiлiп Лейн, якi засядае ў савеце еўрапейскага ЦБ.

З банкiрамi згодная кiраўнiк Мiжнароднага валютнага фонду Крысталiна Георгiева. У пасланнi лiдарам краiн «вялiкай дваццаткi» яна адзначыла восеньскае запаволенне эканомiкi, якая перад гэтым акрыяла ўлетку. Вiной усяму другая хваля пандэмii. «Медыцынскае рашэнне праблемы ўжо праглядаецца, а вось шлях да эканамiчнага аднаўлення па-ранейшаму цяжкi i багаты на зрывы», — папярэджвае кiраўнiк МВФ.

Святло ў канцы тунэля?

Выходзiць, прышчэпка не ўратуе сусветную эканомiку ад крызiсу, пакуль не пачнецца масавая вакцынацыя? Зусiм неабавязкова, сцвярджаюць тыя эканамiсты, у якiх шклянка напалову поўная, iранiзуе Бi-бi-сi. «Ёсць i добрыя навiны, напрыклад, аб'яўленне аб адабрэннi некалькiх вакцын. З гэтага пункту гледжання ўжо вiдаць святло ў канцы тунэля», — заўважыў адзiн з кiраўнiкоў Еўрапейскага цэнтрабанка Фабiа Панэта. Тымi ж словамi выказаўся амерыканскi эканамiст Джэймс Балард, якi ўзначальвае адзiн з федэральных рэзервовых банкаў у ЗША: «Падобна на тое, што ў канцы тунэля з'явiлася святло. Выхад з крызiсу бачны, цяпер гэта ўжо вельмi рэалiстычны пункт гледжання на сiтуацыю».

Аптымiзму iм дадае той факт, што вакцына дабратворна ўплывае на эканомiку задоўга да таго, як лiквiдуе асноўную прычыну крызiсу — пандэмiю. I вось чаму. Дзелавая актыўнасць падаўлена, паколькi бiзнес i людзi страцiлi ўпэўненасць у будучынi (што прымушае iх менш трацiць), а ўлады баяцца бескантрольнага распаўсюджвання вiруса (што прымушае iх уводзiць лакдаўн). Наяўнасць вакцыны зводзiць гэтыя дзве небяспекi на нiшто яшчэ да таго, як вакцынацыя стане масавай.

Прышчэпка дае надзею людзям i бiзнесу на тое, што новага каранцiну ўжо не будзе. Яны пачынаюць трацiць сэканомленае за час каранцiну i адкладзенае на чорны дзень, што павялiчвае спажыванне. I зноў укладваюцца ў будучыню (пашыраюць свае праекты, купляюць нерухомасць), што падганяе iнвестыцыi.

Спажыванне i iнвестыцыi — два галоўныя складнiкi эканамiчнага росту. Менавiта яны пацярпелi ў гэты крызiс больш за ўсё. Два другiя — гандаль i вытворчасць — скарацiлiся не так моцна, а з лета i зусiм бадзёра аднаўляюцца. У цэлым вакцына дазволiць скарацiць страты ад бягучага крызiсу ў свеце на дзевяць трыльёнаў долараў у найблiжэйшыя пяць гадоў, падлiчыў МВФ.

Адкладзены аптымiзм

Аднак на шляху да святла сусветнай эканомiцы прыйдзецца ўжо гэтай зiмой яшчэ раз спатыкнуцца ў цёмным тунэлi, папярэджваюць тыя, у каго шклянка напалову пустая, заўважае Бi-бi-сi. Вiной таму — другi лакдаўн у Еўропе i неўтаймаваная другая хваля пандэмii ў ЗША.

На Амерыку i Еўрасаюз прыпадае больш за трацiну ўсяго багацця ў свеце. Яны — галоўная крынiца плацежаздольнага попыту i iнвестыцый на планеце, i таму ад iх дабрабыту залежыць здароўе ўсёй сусветнай эканомiкi. Без iх краiны, якiя перамаглi пандэмiю, перш за ўсё Кiтай, не змогуць «адыграць» страты ў поўнай меры, хоць i вернуцца да росту ўжо ў гэтым годзе.

I тут навiны няважныя. Пакуль свет гучна святкаваў вакцыну за вакцынай, эканамiчная статыстыка цiха i ўпарта пацвярджала словы кiраўнiка МВФ аб тым, што выздараўленне будзе суправаджацца рэцыдывамi крызiсу. У 19 еўрапейскiх краiнах, дзе абарачаецца агульная валюта еўра, намецiлiся прыкметы новага спаду. Гэта паказаў штомесячны аналiз настрояў насельнiцтва i бiзнесу, апублiкаваны на мiнулым тыднi. У ЗША аналагiчная сiтуацыя — у лiстападзе чаканнi росту змянiлiся песiмiзмам. Праўда, амерыканцаў апытвалi яшчэ да абвяшчэння аб трыумфе фармацэўтыкi.

Эканамiсты Bloomberg Economics прадказваюць эканомiцы, якая ледзь аднавiлася, чарговую рэцэсiю. Iх высновы пацвярджае бiзнес, якi найбольш пацярпеў ад карана-крызiсу. Другая хваля i лакдаўн 2.0, якi паралiзаваў Еўропу, пагоршылi пакуты крамаў, рэстаранаў, гасцiнiц i перарвалi аднаўленне цэлых галiн накшталт турызму або iндустрыi забаў. «Эканомiка не адновiцца цалкам, пакуль людзi пазбягаюць натоўпу», — папярэджвае галоўны банкiр свету Джэром Паўэл.

Свежае апытанне насельнiцтва i бiзнесу ў еўразоне развеяла надзеi на хуткае адраджэнне спажывецкага попыту — галоўнай рухаючай сiлы развiтых эканомiк. У лiстападзе яно ўпершыню з вясны паказала спад. Галоўная праблема — няўпэўненасць спажыўцоў у будучынi. Яна абвастрылася, нягледзячы на вакцыну, паколькi паступова, але ўпэўнена, у Еўропе матэрыялiзуецца адкладзенае наступства любога эканамiчнага крызiсу — беспрацоўе. Хоць эканомiка Старога Свету ўпала не менш за амерыканскую, усплёск беспрацоўя ў Еўропе аказаўся больш сцiплы, чым у ЗША. Уся справа ў фiнансавым допiнгу.

Краiны ЕС штучна падтрымлiвалi грашыма занятасць i бiзнес у цэлым. I як толькi ўлады пачнуць згортваць гэтыя праграмы разам з лакдаўнам, без дзяржпадтрымкi выжывуць не ўсё. Нездарма ў згаданым даследаваннi чаканняў бiзнесу i спажыўцоў у еўразоне iндэкс занятасцi пагаршаецца другi месяц запар, паказваючы на будучы ўсплёск беспрацоўя i, адпаведна,  скарачэнне спажывання.

Урон на дзесяцiгоддзi

Хуткасць выхаду з крызiсу будзе залежаць ад гатоўнасцi i здольнасцi ўладаў працягнуць падтрымку эканомiкi — са сродкаў падаткаплацельшчыкаў i ў доўг. З гэтым паўсталi праблемы. У Амерыцы новы трыльённы антыкрызiсны пакет затрымаўся ў кангрэсе па меншай меры да iнаўгурацыi прэзiдэнта, якая мае адбыцца ў канцы студзеня. А ў Еўропе антыкрызiсны бюджэт памерам два трыльёны еўра ўпёрся ў спрэчкi з Польшчай i Венгрыяй.

I нават калi грошы знойдуцца, пра вяртанне да нармальнага жыцця i выхад з крызiсу можна будзе казаць толькi тады, калi каранавiрус з чумы ХХI стагоддзя ператворыцца ў штодзённае захворванне накшталт грыпу. I лепш, калi гэта здарыцца раней, чым праблемы насельнiцтва i бiзнесу прывядуць ад эканамiчнага да фiнансавага крызiсу, папярэдзiў еўрапейскi ЦБ.

У Амерыцы сiтуацыя яшчэ больш складаная, чым у Еўропе. Акрамя палiтычнага абвастрэння з-за выбараў ЗША перажываюць не спад, а рост колькасцi заражэнняў. «Вiрус распаўсюджваецца з вялiкай хуткасцю, i наступныя некалькi месяцаў будуць вельмi няпростыя», — сказаў кiраўнiк амерыканскага Цэнтрабанка Джэром Паўэл.

Хутка вярнуцца да дакрызiсных тэмпаў росту i пачаць адбiваць недаатрыманыя за час хваробы 28 трлн долараў не атрымаецца. «Поўнае аднаўленне ВУП да узроўняў 2019-га не адбудзецца да восенi 2022-га, — падзялiўся прагнозамi з Бi-бi-сi Фiлiп Лейн з ЕЦБ. — Мы не думаем, што ўсё раптам зноў стане так, як было да COVID-19. Таму што пандэмiя акажа доўгатэрмiновы ўплыў на спажывецкi давер, зберажэннi i занятасць. Вакцына гэтаму не дапаможа». «Нават пры самым аптымiстычным раскладзе масавая вакцынацыя зойме шмат часу, — пагаджаецца яго калега Фабiя Панэта. — А яшчэ больш часу трэба на тое, каб насельнiцтва паверыла, што ўсё прайшло». Iншымi словамi, нас чакае яшчэ адзiн «год пандэмii» ў 2021-м».

Генеральны сакратар ААН Антонiу Гутэрыш папярэдзiў аб доўгатэрмiновых наступствах пандэмii. Вакцына ад SARS-CoV-2 не вырашыць усе праблемы, заявiў генсек на адкрыццi вiртуальнага самiту ААН, якi прайшоў днямi. «Не будзем цешыць сябе. Вакцына не лiквiдуе ўрон, якi застанецца на гады, а можа, i на дзесяцiгоддзi», — заўважыў ён. Па словах Гутэрыша, у свеце расце ўзровень галечы, пагроза голаду. Генеральны сакратар ААН заклiкаў дзяржавы забяспечыць аднолькавы доступ да вакцын ад каранавiруса ва ўсiм свеце, якiя ён назваў «глабальнай грамадскай дабротай».

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Аперацыя «вакцынацыя»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.