Вы тут

Даведалiся пра цэны на сала ў гiпермаркеце, на сталiчным рынку, у фермерскiм аддзеле крамы i на мiнi-рынку прыдарожнага гандлю


З надыходам халадоў традыцыйна хочацца салёнага сальца — з чорным хлябком, часнаком або цыбуляй, гарчыцай цi хрэнам. Без сала цяжка ўявiць зiмовы рацыён жыхароў славянскiх краiн. Хоць радзiмай класiчнага салёнага сала ў сучасным разуменнi гiсторыкi называюць... Iталiю. Зрэшты, сам спосаб неверагодна стары — сала салiлi яшчэ ў Старажытным Кiтаi!


У Беларусi салёнае сала ўваходзiць у незлiчоную колькасць рэцэптаў — ад дамашнiх каўбас да гарачага, гарнiраў, супоў i нават салатаў. На iм пякуць, з iм тушаць i запякаюць. Сала — тая страва, дзе неверагодна ярка выяўляюцца нацыянальныя смакавыя перавагi. Напрыклад, у Беларусi любяць салiць сала з часнаком, у Венгрыi — з чырвоным перцам, а ў Эстонii ўвогуле сала звычайна вэндзяць... Такiм чынам, адпраўляемся купляць сала...

На Камароўцы

На самым вядомым рынку сталiцы на прылаўках, што пачынаюцца каля прыступак цэнтральнага ўвахода ў крыты павiльён, сала прадстаўлена ў шырокiм асартыменце. Снежна-белае цi ружаватае, таўшчынёй прыкладна 10 см, з тонкай скуркай — у сярэднiм 15,90-15,99 за кiло. Сала з мяснымi праслойкамi — грудзiнка, саланiна або карэйка  абыдзецца танней, каля 14,99 за кiлаграм. Усiм, хто спыняецца каля прылаўка, абавязкова прапануюць пакаштаваць: адрэжуць па тонкiм, празрыстым кавалачку розных вiдаў сала i мясных прадуктаў. «Па жаданнi клiента» натруць упадабаны кавалак сала часнаком i пасыплюць кменам. У многiх прадаўцоў ёсць пастаянныя пакупнiкi. Гандляры памятаюць, што даспадобы пастаянным клiентам, i iмкнуцца прапанаваць найлепшае.

Падыходжу да гандляроў з Брэста.

— Чаму ў вас сала з мяснымi праслойкамi таннейшае за звычайнае белае?

— Сала цяпер цэнiцца больш, чым мяса, — адказвае гаваркая пажылая гандлярка. — Раней мяса лiчылася даражэйшым. Я сама ў маладосцi з вёскi, ад бацькоў, свiныя кумпякi на плячах у Мiнск вазiла, а ў наш час трэба мяса i сала не з вёскi, а ў вёску вазiць. Свiней цяпер у вёсках не трымаюць, не тое што раней. Старым цяжка, моладзь раз'ехалася. А калi хто застаўся i працуе, напрыклад, на свiнакомплексе, iм не дазваляюць дома парасят трымаць. Пакаштуйце сала! — без пераходу, лiтаральна на адным дыханнi, вяртае размову ў практычнае рэчышча мая суразмоўнiца. — Сала проста шыкоўнае. А грудзiнку аддам па 13,90.

— А колькi сала ў дзень прадаяце? Пяць кiлаграмаў, дзесяць?

— Вы што, смеяцеся — пяць-дзесяць? Адзiн пакупнiк можа ўзяць пяць кiлаграм. Мы толькi на сале цяпер касу i робiм.

Сала заўсёды зiмой станавiлася прадуктам нумар адзiн, але цяпер у сувязi з ковiдам яно на пiку папулярнасцi, распавядае iншая дзяўчына-прадавец. Сала, якiм яна гандлюе, «прыехала» ў Мiнск з Гродзенскай вобласцi.

— Для iмунiтэту, ачышчэння каранёў бронхаў, для аднаўлення лёгачнай тканкi трэба есцi сала абавязкова — хоць бы 40 грамаў у суткi, — кажа суразмоўнiца.

На «сальных» радах на Камароўцы можна вывучаць геаграфiю Беларусi — тут прадстаўлены «самы народны прадукт» з многiх рэгiёнаў краiны. Паходжанне сала — у асноўным фермерскiя гаспадаркi.

— Смачнае салёнае сала трэба купляць менавiта на рынку, тут яно сапраўднае, вясковае, — кажа Наталля, яна гандлюе салам са Стаўбцоўскага раёна. — Самае мяккае i далiкатнае сала — са спiны, яно будзе рэзацца «як масла». Бачок будзе больш жорсткi. У грудзiнцы шмат мяса, яна цвердаватая — на аматара.

Наогул, чым большая таўшчыня сала, тым яно мякчэйшае, расказалi мне. Важны i колер. Сала павiнна быць белае. Пачырваненнi на сале непажаданыя. Жаўтлявае або шараватае адценне — прыкмета таго, што сала старое.

— Сала цяпер — самы хадавы прадукт, — расказвае прадавец, што гандлюе салам з Ашмянаў. — У дзень 25 кілаграмаў прадаём.

— Нягледзячы на кошт?

— А што, вараная каўбаса па 10 рублёў кiлаграм — больш карысная? На самай справе, сала — досыць эканамiчны прадукт. Яно каларыйнае. Нарэзаў, паеў — i сыты. А многiя прадукты з'еў — i праз пяць хвiлiн зноў есцi хочацца.

Некалькi гадоў таму гаспадынi, што прыходзiлi на Камароўку, ведалi: чым блiжэй да цэнтральнай часткi павiльёна, тым таннейшыя мясныя прысмакi (у тым лiку сала). Але цяпер разбежкi цэн практычна няма. Тонкае таннейшае, тоўстае — даражэйшае. Выбар за пакупнiком.

Сала з Дзяржынскага раёна, якiм гандлюе малады мужчына — адно з самых дарагiх на рынку. У яго на прылаўку сала сапраўды вельмi прыгожае — нават не каштуючы, бачыш, якое яно мяккае. Прадавец гаворыць, што гэта менавiта дамашняе сала, не «калгаснае» i нават не фермерскае. Ездзiць па вёсках, скупляе сала i мяса ў народа — у тых сялян, хто гадуе свiней, i сам прадае на рынку. Сала — па 16,90 за кiлаграм, а, напрыклад, сыравяленыя балыкi — аж па 35 рублёў.

— Нятанна!

— Жыццё такое сёння, — адгукаецца прадавец. — А наогул, цана на сала i мяса ў нас не мянялася ўжо два гады. Так што дорага, але людзi купляюць. Рэшткi бываюць на знiжках, па 10.90. Але добрае сала як каштавала, так i каштуе.

Дарэчы, па словах знаўцы, «самы супер» — гэта дамашняе сала «з ружовiнкай». З такой няўлоўнай, пяшчотнай «ружовiнкай», якая бачная толькi пры добрым асвятленнi, — калi не прыглядацца, сала здаецца проста белым.

Перад Новым годам салёнае сала наўрад цi патаннее, расказалi мне на «Камароўцы». А вось свежае, несалёнае — цалкам верагодна, у перадсвяточныя днi трохi ўпадзе ў цане. Да застолля купляюць свежае мяса цi мясную «смакату», а на свежае сала попыт падае. Так што калi хочаце набыць сала на засолку танней, iдзiце па яго на рынак пад Новы год.

У гiпермаркеце i фермерскiм аддзеле

У каўбасным аддзеле сеткавага гiпермаркета досыць шмат варыянтаў салёных прадуктаў са свiнiны, ёсць «грудзiнка па-сялянску» i «саланiна з кумпяка», але класiчнага белага салёнага сала няма.

— Часам бывае, — кажа прадаўшчыца. — Але рэдка.

Грудзiнка розных вiдаў каштуе ў сярэднiм дзевяць рублёў з капейкамi, саланiна па-дамашняму — чыстае мяса без усялякага сала — 18 рублёў. Але гэта ўсё не тое, гэта ўсё мiма! Мы ж хочам звычайнага, класiчнага белага сала.

Iдзём у фермерскi аддзел. Тут сала ёсць, ура! Класiчнае белае (яно называецца «Шпик хребтовой»), некаторыя кавалачкi — з тонкай праслоечкай мяса — каштуюць 14 рублёў 29 капеек. Грудзiнка — 15,59, салёная шыя — 16,59. Ёсць паляндвiца i выразка. Тут таксама можна пакаштаваць прысмакi i распытаць аб паходжаннi прадукту.

— Сала з Дзяржынска, фермерская гаспадарка, — ахвотна расказвае прадаўшчыца i дадае, што фермерскiя прадукты пакупнiкi не абыходзяць бокам. Напрыклад, добра бяруць каўбасы, мясныя саленнi i тое ж сала.

На прыдарожным мiнi-рынку

Лiчыцца, што ў сталiцы жыццё даражэйшае, чым у рэгiёнах. Можа быць, па сала варта адправiцца на прыдарожныя рынкi — думаецца, вясковы прадукт нумар адзiн там павiнен быць таннейшы. Пракладзенай сцежкай накiроўваемся на прыдарожны рыначак у вёсцы Краснае, на Маладзечанскай
трасе. Дарэчы, дарогу сюды ўжо праклалi многiя мiнчане — гэта адзiн з самых буйных прыдарожных мiнi-рыначкаў паблiзу ад Мiнска.

— Сальца па пятнаццаць. Вельмi мяккае, ёсць i з мяскам. Каўбаска пальцам пханая ёсць, — прапануе свой тавар мясцовая пенсiянерка. — Можаце апрацаваць рукi антысептыкам — ён у мяне спецыяльна для гэтай мэты тут стаiць — i пакаштаваць.

Свiней яна трымае сама.

— Мы яшчэ працаздольныя. Гэта сучасная моладзь хоча ўсё гатовае адразу купiць у краме. А хiба ж у краме такое сала купiш?

Даведалася я, i ад чаго залежыць смак сала. Аказваецца, самае смачнае сала атрымлiваецца, калi ў ежу свiнчу дадаваць жалуды. Мяккае, амаль як масла, сала будзе, калi дадаваць у корм кукурузу. А наогул вясковае сала лепш за магазiннае, таму што сваiх свiнак кормяць толькi натуральнымi прадуктамi, «нiякай хiмii». Дарэчы, бабулi, якiя гандлююць салам на прыдарожных рыначках, гавораць (а яны ведаюць, што кажуць!), што сапраўднае сала павiнна быць таўшчынёй не менш за  пяць сантыметраў, таўшчыня скуркi — да чатырох міліметраў. Купляючы сала для засолкi, яго варта панюхаць: староннiх пахаў быць не павiнна. Не варта браць сала з грудзiны, яно будзе цвердаватае. Iдэальны выбар — сала з кумпяка, лапаткi або хрыбта. I, само сабою, тут мне таксама расказалi, што сала падтрымлiвае iмунiтэт, i таму яго трэба есцi менавiта ў перыяд разгулу вiрусных захворванняў.

У сярэднiм, сала на пунктах прыдарожнага гандлю каштуе 15— 17 рублёў за кiлаграм — не танней, чым на Камароўцы. Затое — яно самае што нi на ёсць аўтэнтычнае. Прадаўцы кажуць, практычна ў кожнага ёсць пастаянныя пакупнiкi, бо прадукт у гаспадароў сезонны i хутка заканчваецца. У набыццi сала на падобных мiнi-рыначках ёсць адзiн мiнус — сала (як i тая ж пальцам пханая каўбаска, i iншыя «смачнасцi») не праходзiць нiякага санiтарна-гiгiенiчнага кантролю. Тэарэтычна, можна атруцiцца. Зрэшты, прадаўцы кажуць, што соляць сала для сваёй сям'i i на продаж аднолькава, i для адных, i для другiх мэт лiтаральна рэжуць яго з аднаго кавалка. I пакуль, маўляў, нiхто не скардзiўся.

Чарка i скварка

Сёння дыетолагi з павагай гавораць пра сала. Справа ў тым, што класiчнае вясковае белае сала змяшчае ўнiкальны кампанент — арахiдонавую кiслату, якая яшчэ сустракаецца толькi ў алiўкавым i арахiсавым алеяў. Гэтая кiслата — будаўнiчы матэрыял для клетак чалавечага арганiзма. Яна патрэбна лiтаральна для ўсiх яго бiяхiмiчных працэсаў. Яе нават называюць «каралевай тлустых кiслот», таму сала можа быць вельмi карыснае, але «ў невялiкiх дозах».

Ужываючы сала правiльна, мы ўмацоўваем косткi, робiм мацнейшымi пазногцi i валасы, дапамагаем гаенню ран i траўмаў. Акрамя таго, сала змяшчае цэлы спектр бiялагiчна актыўных рэчываў: тлушчарастваральныя вiтамiны (А, D, E, F), а яшчэ — вiтамiны групы В, якiя ратуюць нас зiмой ад дэпрэсii. Дарэчы, сала значна карыснейшае за масла.

Пры гэтым важна памятаць, што сала — гэта тлушч у чыстым выглядзе. Таму ў вялiкай колькасцi яно негатыўна ўплывае на печань, а таксама на сардэчна-сасудзiстую сiстэму. I, зразумела, пры пераяданнi прыводзiць да набору вагi. Даросламу чалавеку ў дзень сучасная дыеталогiя рэкамендуе ўжываць каля 30 г гэтага прадукту.


Дарэчы, у тэму — рэцэпт сала «Фермерскае»: так бы мовiць, з першых вуснаў.

  • 3 кг сала з мясной праслойкай;
  • 10 ст. л. солi;
  • 1 ст. л. сумесi перцаў;
  • 10 лаўровых лiсточкаў;
  • 1 галоўка часнаку;
  • 40 г прыправы для шашлыку;
  • па маленькiм пучку зелянiны кропу i пятрушкi.
  1. Сала спалоскваем прахалоднай вадой, прамокваем, наразаем на невялiкiя кавалачкi.
  2. Для падрыхтоўкi сумесi спецый злучаем соль, прыправу для шашлыку, сумесь перцаў, лаўровы лiст (яго трэба загадзя паламаць).
  3. Здрабняем зелянiну пятрушкi i кропу, часнок наразаем пласцiнкамi.
  4. На дно эмалiраванай каструлi насыпаем сумесь спецый, зелянiну, часнок. Кожны кавалачак сала з усiх бакоў нацiраем сумессю спецый.
  5. Пасля таго як у посуд будзе выкладзены першы слой сала, шчодра пасыпаем яго зелянiнай i пласцiнкамi часнаку. Укладваем сала да верху каструлi. Зверху высыпаем астатнюю сумесь спецый.
  6. Накрываем каструлю крышкай i ставiм у халадзiльнiк на тыдзень.

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Самы народны прадукт

Выбар рэдакцыі

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.