Вы тут

Францішак Багушэвіч (1840–1900)


Ён быў чалавекам сумлення, перад сабой і людзьмі. Сумленне не давала яму змірыцца з нацыянальным і сацыяльным прыгнётам роднага края і народа. Як мог, ён змагаўся за народную волю. Яго зброяй стала слова на мужыцкай мове, якім ён выкрываў язвы грамадства, тужыў па нялёгкай долі мужыка, а то і высмейваў яго за цемнату і абыякавасць да свайго лёсу. Не без падстаў Францішка Багушэвіча лічаць заснавальнікам дэмакратычнай плыні ў новай беларускай літаратуры, адным з ідэолагаў беларускага адраджэння.


Паваротным у жыцці Францішка Багушэвіча стала паўстанне 1863–1864 гадоў. Яно не толькі ўзрушыла юнака з маёнтка Свіраны на Віленшчыне, але і вызначыла яго далейшы шлях. Ён ужо не мог заставацца прыстасаванцам да жыцця і абставін, жыць сваёй кар’ерай ці ў сваё задавальненне — сумленне не дазваляла.

Як шмат хто з тагачаснай моладзі, Францішак паддаўся рэвалюцыйным настроям. За іх і быў выключаны з Пецярбургскага ўніверсітэта ў 1861 годзе ўсяго праз два месяцы пасля паступлення на фізіка-матэматычны факультэт. Вярнуўшыся на радзіму, ён выкладаў у прыватнай школцы ў маёнтку Доцішкі. Выкладанне стала і для самаго настаўніка добрай навукай. Ён убачыў, з якой цяжкасцю беларускія дзеці завучваюць польскія словы, як ламаюць язык, вымаўляючы іх. Ці не тады ў Багушэвіча нарадзілася думка даць народу творы на яго ж мове?

Толькі было не творчасці. Пачалося паўстанне. Аб удзеле Францішка Багушэвіча ў паўстанні дасюль амаль невядома. Не ўстанавіла гэтага і руплівае мураўёўскае следства, хоць і падазравала Багушэвіча і яго бацьку Казіміра, братоў Валерыяна і Апалінарыя і сястру Ганну ў садзейнічанні паўстанцам. Пра ўдзел Францішка ў паўстанні мы ведаем са слоў яго сябра — віленскага журналіста і пісьменніка Напалеона Роўбы. «Ф. Б. уступіў у паўстанцкія шэрагі і дайшоў ажно да Сувалкскай (тады Аўгустоўскай) губерні. Будучы параненым у нагу, на шчасце, аднак, знайшоў там гасціннасць і апеку ў доме Крушэўскіх, якія потым дапамагалі яму вярнуцца ў Вільню». Сам Багушэвіч не расказваў аб сваім паўстанцкім змаганні, асцерагаючыся паліцэйскага даследавання. Толькі аднойчы Францішак прагаварыўся, калі падчас вандроўкі па Нёмане ў ліпені 1897 г. ён адмовіўся спаць у душнай пуні, а лёг на двары, закруціўшыся ў бурку, мовіўшы: «У 1863 годзе мы спалі ў горшых варунках». Ёсць звесткі, што змагаўся Багушэвіч у атрадзе легендарнага Людвіка Нарбута.

Не высветлена, дзе знаходзіўся Францішак пасля паўстання, пакуль у 1865 годзе не паступіў у Нежыне на Украіне ў юрыдычны ліцэй. Пасля сканчэння чатырохгадовага навучання Багушэвіч працаваў губернскім сакратаром у Чарнігаве, а пасля стаў судовым следчым. Службовыя абавязкі закідвалі яго ў такую глухамань, як Гразявец у Валагодскай губерні. А пасля зноў Украіна — служба ў мястэчку Барзна і Канатопе аж да 1884 года. Багушэвіч ажаніўся, у яго нарадзіліся дачка Канстанцыя і сын Тамаш, карыстаўся павагай на службе, атрымаў ордэны св. Станіслава і св. Ганны.

Сваёй справядлівасцю і чэснасцю ён залужыў вялікую пашану і любоў у простых людзей, якія называлі яго «отцом-благодетелем». І ўсё ж ён вярнуўся на Радзіму. Туга па родным краі была мацнейшай за абжытае месца на чужыне. Ён вяртаўся на Радзіму, каб служыць ёй.

Багушэвіч селіцца ў Вільні, становіцца прысяжным адвакатам у Віленскім акруговым судзе, зрабіўшыся абаронцам «малых людзей». Да народнага абаронцы звярталіся гарадскія беднякі і сяляне, пакрыўджаныя ўладай людзі. Платай за дбанне іх інтарэсаў была шчырая любоў. Як пісалася ў часопісе «Край», «Ён заўсёды ішоў за схільнасцю сэрца і станавіўся на баку прыгнечаных, якія часцей за ўсё маглі плаціць яму толькі сэрцам. Але затое колькі гэтых сэрцаў ён здабыў!». Іначай ён не мог! «Як чалавек — увасабленне высакароднасці, бязмерных маральных якасцей, страшэнна ўражлівы на ўсякае зло. Абурала яго да глыбіні душы кожная беззаконнасць, на якую іншыя не звярталі нават увагі», — адзначаў яго блізкі сябар Зыгмунт Нагродскі. Гэтую высакароднасць Багушэвіча, яго сумленнасць, веру ў чалавека нават злачынцы адзначаюць, і калегі-адвакаты Багушэвіча.

Цяжка меркаваць, што падштурхнула Францішка Багушэвіча не толькі для творчасці, а менавіта да вострай і жорсткай крытыкі грамадскіх парадкаў: ці паэтычны талент, ці сардэчны боль ад несправядлівасці. Ці магчыма, ён хацеў выказаць свае набалелыя думкі ўслых, каб пачуў іх народ. Багушэвіч увачавідкі бачыў адраджэнне украінскага нацыянальнага духа, што праявілася ў нараджэнні новай украінскай літаратуры. (Ён сам нават спрабаваў пісаць вершы па-ўкраінску). А вось на Беларусі, здавалася, народны дух назаўжды патух. Безумоўна, прыклад Канстанціна Каліноўскага з яго «Мужыцкай праўдай» і творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча натхняла Багушэвіча на працяг іх справы. Ён свядома выбірае «мужыцкую мову», якую называе беларускай. Бачыць у ёй адну з галоўных праяў народа. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі», — заклікаў Багушэвіч у прадмове да зборніка «Дудка беларуская». І таму для яго Беларусь гэта зямля, «дзе наша мова жывець». Беларусь для Багушэвіча «ад Вільні да Мазыра, ад Віцебска за малым не да Чарнігава, і дзе Гродна, Мінск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...». Упершыню Багушэвіч злучыў пад назвай Беларусь усе гісторыка-этнаграфічныя рэгіёны тагачаснага Заходняга краю — Белая Русь (Магілёўская і Віцебская губерні), Літва (Віленская, Гародзенская і Мінская губерні) і Палессе.

З дапамогай грошай, якія Багушэвіч атрымаў у спадчыну ад сваячкі, ён змог прысвяціць сябе літаратурнай творчасці, стала пасяліўшыся ў бацькоўскім маёнтку Кушляны. Багушэвіч выдаў два зборнікі паэтычных твораў (вершы, балады, байкі, вершаваныя аповесці, кароткія паэмы) «Дудка Беларуская» (Кракаў, 1891) пад псеўданімам Сымон Рэўка з-пад Барысава і апавяданне «Тралялёначка» (Кракаў, 1892). «Ад усіх 40 меншых і большых паэтычных твораў, змешчаных у „Дудцы“ і „Смыку“, павявае глыбокай і сардэчнай любоўю да народа, спачуваннем да яго цемры і нядолі і бязмежнай, страснай улюблёнасцю ў родную зямлю. Сям-там, можа, гэтая любоў да свайго народа і сваёй зямлі робіць паэта, як сацыёлага, несправядлівым..., аднак такое ўражанне бывае павярхоўным. У сапраўднасці і Мацей Бурачок, і Сымон Рэўка з-пад Барысава толькі тыповыя паэты народа і для народа», — трапна вызначыў характар творчасці Багушэвіча пісьменнік Напалеон Роўба.

А вось для царскіх улад яна адназначна ўяўлялася злачыннай, пра што даносіць Санкт-Пецярбургскі камітэт па справах друку пракурору Санкт-Пецярбургскай судзебнай палаты і просіць пачаць судовы пераслед супраць Франца Багушэвіча. Абсурднасць гэтай просьбы заключалася ў тым, што на час яе падачы, 1908 год, Багушэвіча ўжо восем гадоў не было ў жывых. Але вельмі паказальна, што і тады, нават з улікам царскага маніфеста аб дэмакратычных свабодах, творчасць Багушэвіча заставалася «зловредной», у якой «супрацьстаўляюцца адзін аднаму два класы, з аднаго боку — сялянская маса, прадстаўленая паднявольнай і прыгнечанай, з іншай жа — паны (господа), паказаныя жорсткімі, маральна нізкімі і грубымі людзьмі, якія выступаюць у ролі пануючага класа толькі для эксплуатацыі бездапаможнага народа і для дасягнення асабістага дабрабыту».

Вершы Багушэвіча з яго кніжак пайшлі ў народ, просты люд палюбіў іх, завучыў напамяць і перадаваў з пакалення ў пакаленне. Ранняя смерць народнага паэта ў 1900 годзе не дазволіла выдаць яму чарговы зборнік, названы «Беларуская скрыпачка», і завяршыць складанне слоўніка беларускай мовы. Ды толькі не ў колькасці зробленага і напісанага Багушэвічам, а ў значнасці яго веліч. І вельмі вобразна адзначыў гэта сялянскі мудрэц: «Мацей Бурачок — гэта вам не які-небудзь мужычок... Гэта — паэт, і вялікі паэт. Ён хацеў, каб мы, простыя людзі, жылі вольна, шчасліва. За гэта ён змагаўся і пакутваў».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».