Ян Чэрскі (1845–1892)


Ян Чэрскі належаў да паўстанцкага пакалення — рэвалюцыйнай і самаахвярнай моладзі, якая хацела свабоды краіне і народу. Паўстанне змяніла кардынальна іх лёс, выбіла з прызвычанай каляіны жыцця. Той, хто ацалеў у жорсткай віхуры змагання, пайшоў па жыцці новым шляхам, не зрабіўся прыставанцам і прыспешнікам улады. Гэтае пакаленне дало нашай гісторыі не толькі ўзоры мужнасці і гераізма, але праявіла сябе ў розных сферах дзейнасці. Сапраўдным феноменам можна назваць уклад нашых землякоў (сасланых паўстанцаў) у даследаванні Сібіры. Імёны Бенедыкта Дыбоўскага, Чаканоўскага, Гадлеўскага, Віткоўскага і іншых нашых землякоў упісаны ў гісторыю вывучэння Сібіры, адкрыцці яе свету. Яну Чэрскаму належыць пачэснае месца сярод даследчыкаў Сібіры. Яго імем названы горныя храбты ў Паўночна-Усходняй Якуціі і Забайкаллі, гара каля Іркуцка, перавал на рацэ Хоран, даліна ў Саянах, пасёлак (былы Ніжне-Калымск) на Ніжняй Калыме. Тым самым быў увекавечаны навуковы подзвіг гэтага мужнага, таленавітага і незвычайнага чалавека з Беларусі.


Здатнага да ведаў і навучання выхаванца Шляхецкага інстытута ў Вільні, які ведаў некалькі еўрапейскіх моваў, цудоўна іграў на фартэпіяна і таньчыў на балах, чакала бліскучая свецкая кар’ера, ці ён мог стаць добрым мастаком, ці яшчэ неяк добра ўладкавацца па жыцці. А то і спакойна жыць у бацькоўскім маёнтку Свольна ў Дрысенскім павеце Віцебскай губерні (цяпер Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобласці). Але за ўдзел у паўстанні Яна саслалі салдатам у Сібір. Так пачалося яго першае падарожжа з Віцебска ў Омск. Цяжкае, бо кожную вярсту Ян мераў сваімі нагамі, і змрочнае, бо змрок акутаў душу, і не бачна было светлага далягляда.

Шчаслівы выпадак звёў Яна на адным з этапаў з прыродазнаўцам і геолагам, таксама былым паўстанцам, а цяпер ссыльным Аляксандрам Чаканоўскім. Ён і адкрыў яму вочы на новы свет — велічную ў сваёй суровасці прыроду Сібіры, яшчэ неспазнаную і недаследаваную. Гэтая сустрэча стала для Яна Чэрскага лёсавызначальнай. «Чаканоўскі перадаў мне любоў да навукі, ад яго пераняў прагу спазнання прыроды, ён адкрыў мне мэту ўсяго майго далейшага жыцця». І гэтая мэта напоўніла сэнсам нялёгкае салдацкае жыццё і павяла яго ў будучыню.

Служба ў Омскай крэпасці-турме не зламала ўпарты характар Чэрскага. Карыстаючыся магчымасцю (камандзіроўкамі ў горад па канцылярскай справе), Ян наведваў бібліятэку ў афіцэрскім клубе, чытаў па начах прыродазнаўчую літаратуру, у часы рэдкіх звальненняў абследваў наваколлі Омска, збіраючы ракавіны прэснаводных малюскаў. Сваімі геалагічнымі і геаграфічнымі ведамі гэты салдат уразіў не толькі мясцовага географа і вядомага падарожніка Рыгора Патаніна, але і славутага акадэміка Аляксандра Міндэндорфа, які прыехаў у Омск. Магчыма, не без удзелу апошняга Яна Чэрскага ў 1869 г. камісавалі па здароўю і перавялі ў стан ссыльных. Свабоды стала больш, але і яна была абмежаванай. Яму адмовілі ў праве вучыцца ў Казанскім універсітэце. Нічога, Ян па-ранейшаму ўпарты ў самастойным спасціжэнні навук і даследаваннях.

Восенню 1871 г. Чэрскі па запрашэнні акадэміка Мідэндорфа перабраўся з Омска ў Іркуцк, дзе стаў адначасова пісарам, бібліятэкарам і кансерватарам ва Усходне-Сібірскім аддзеле Рускага геаграфічнага таварыства. Чэрскі мог цалкам прысвяціць сябе выбранай справе, тым больш тут ён знайшоў аднадумцаў і землякоў — Дыбоўскага, Гадлеўскага, Віткоўскага і даўняга сябра і настаўніка Чаканоўскага. Іх падтрымка надавала Чэрскаму сіл. У 1873 г. Таварыства даручае Чэрскаму самастойную экспедыцыю для даследавання Усходняга Саяна, з чым ён выдатна справіўся. А пасля ён даследаваў хрыбет Хамар-Дабан Тункінскіх Альп. Аб выніках экспедыцый паведамляў у навуковым друку, што прынясло яму вядомасць, як падарожніку і прыродазнаўцу. Рускае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла яго малым залатым медалём па геалогіі і сярэбраным па геаграфіі. З 1878 пра 1880 год Ян Чэрскі даследаваў Байкал. Спатрэбілася чатыры экспедыцыі, сотні пройдзеных вёрст, намагання сіл. Здароўе Чэрскага пагоршылася. Але, як гэта бывае з апантанымі людзьмі, ён не шкадаваў сябе. Складзеная Чэрскім геалагічная мапа Байкала стала сапраўдным адкрыццём на Міжнародным геаграфічным Кангрэсе ў Вене. Узнагарода залатым медалём за даследаванне Байкала, еўрапейскае прызнанне для ўлад нічога не значыла: Чэрскі па-ранейшаму лічыўся сыльным. У 1881 годзе ён даследаваў басейн ракі Селенгі. Тут і спраўдзіліся надарванае здароўе і душэўная напружанасць. Так занямог, што з цяжкасцю падымаўся на ногі. Па словах Бенедыкта Дыбоўскага, «Пераадольваючы боль, поўзаў на карачках, прыкладаў падчас працы лёд да галавы, але заняткаў не перапыняў». Замест адпачынку і лячэння Чэрскі выбраў зноў жа неспакойную працу на палярнай Тунгусцы. Дапамагала яму яго верны спадарожнік, жонка Маўра Паўлаўна. Мужная сібірачка, якая стала «нагамі і вачамі» свайго мужа, калі ён не мог агледзець патрэбныя месцы.

Канечне, у сэрцы Чэрскага жыла туга па радзіме. Ён нават пашкадаваў у адным з лістоў, што ўжо абрусеў і стаў забывацца на родную беларускую мову. Але Сібір была для яго новай Радзімай. Тут ён раскрыўся, як асоба і выдатны прыродазнавец.

Сібір маніла яго і ў Пецярбурзе, куды ён перабраўся з сям’ёй у 1886 годзе. Размеранае жыццё і плённая праца па сістэматызацыі навуковых ведаў пра Сібір, здавалася, мусіла задаволіць Яна Чэрскага. Пяць гадоў ён аддаў пераапрацоўцы кнігі нямецкага географа Рытэра «Землязнаўства Сібіры», дадаючы ў яе новыя звесткі і адкрыцці, што па-сутнасці сталася самым каштоўным у кнізе. «Капітальная праца Чэрскага ўяўляе тым больш цікавасці, што ён вычэрпвае ўсё, зробленае ім самім... І ўвесь гэты каштоўны матэрыял загінуў бы без карысці для геаграфічнай навукі ў неапрацаваных рукапісных занатоўках таленавітага даследніка, калі б мы не запрасілі яго да актыўнага ўдзелу ў гэтым выданні», — вось так высока адзначаў працу Чэрскага кіраўнік Рускага Геаграфічнага Таварыства Сямёнаў-Цянь-Шанскі.

Нязведаная Сібір па-ранейшаму вабіла Чэрскага. У 1891 г. Ян узначаліў экспедыцыю на далёкую Калыму. Разам з ім адпраўлялася і яго жонка Марыя Паўлаўна, і сын Аляксандр. Перад ад’ездам знайшоў час наведаць радзіму, і не думаў, што развітваецца назаўсёды з ёй.

Ян Чэрскі быў цяжка хворы, але з маладым імпэтам адправіўся, каб адолець цяжкі шлях у дзве тысячы кіламетраў па безжыццёвых прасторах Прыпаляр’я. Экспедыцыя выступіла з Якуцка 14 чэрвеня 1891 года. Пераадольваючы горы і забалочаныя лясы, калі ад стомы валіліся з ног нават коні, экспедыцыя перасякла Верхаянскі хрыбет і дабралася да Верхне-Калымска. Тут спыніліся на зіму. Знясілены Чэрскі ўпарта чапляўся за жыццё — сілы яму надавала праца над сабраным матэрыялам. Ён спяшаўся зрабіць тое, што яшчэ мог зрабіць. І трэба было абавязкова завяршыць экспедыцыю, нават не зважаючы на яго смерць, пра гэта Чэрскі напісаў у сваім запавеце ад 25 траўня 1892 года. У гэты ж дзень экспедыцыя адправілася на карабасе ўніз па Калыме. Да апошняга свайго дня, 25 чэрвеня, Чэрскі кіраваў экспедыцыяй. Вёў назіранні з носа карабаса, дыктаваў свае заўвагі і адзнакі. Памёр ён а дзясятай гадзіне вечара недалёка ад пратокі Прорва. Пахавалі славутага даследчыка Сібіры ў вечнай мерзлаце каля заімкі Калымскай (цяпер сяло Калымскае). Выконваючы волю Чэрскага, экспедыцыя працягвала цяжкі шлях і дабралася ў Ніжне-Калымск, а пасля быў зваротны шлях.

Вестка пра смерць самаахвярнага даследчыка Сібіры ўскалыхнула грамадскасць. «Добры, зычлівы, журботны вобраз твой тым не менш паўстае перад намі, нагадваючы працоўнае жыццё, напоўненае глыбокай самаахвярнай адданасцю навуцы, далёкае ад усялякай пыхлівасці і марнай абывацельскай мітусні». Сам жа ён даволі сціпла адзначыў сваё значэнне: «Жыццё маё пражытае не дарма!».

Вітаўт ЧАРОПКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?