Вы тут

Андрэй СІДАРЭЙКА. ПРЫГОДЫ ДЗІКА. Гумарэска


Тут такая гісторыя адбылася… Парсюк мой карнуэльскай пароды ў лес уцёк. Дзікам завуць. Тыдзень вёскай шукалі. Ды дзе ж яго знойдзеш! Жалуды цяпер з ляснымі суродзічамі, мабыць, грызе. А такі добры парсюк быў...
...Пра карнуэльскую пароду мне прадавец на кірмашы распавёў. Маўляў, вывелі яе яшчэ ў дзевятнаццатым стагоддзі ў Англіі. Скрыжавалі мясцовых даўгавухіх свіней з кітайскімі чорнымі і неапалітанскімі.
— Моцная канстытуцыя, хоць агарод узорвай.
— Калі так, то бяру, — вырашыў я. — Эканомія будзе: каня трымаць не трэба.
Прайшло некалькі месяцаў. Парсюк гадуецца, а я рукі паціраю. Бо ён жа не толькі будучыя чатырыста кілаграмаў харчу, але і рэальная дапамога ў гаспадарцы.
Як Дзік падрос, я яму хамут змайстраваў. Запрог ды агарод пачаў узорваць. Зямля пластом перагортваецца, а парсюк і вухам не вядзе. Як танк ідзе. Гадзіна — і ўся зямля ўзарана. Так не тое што конь, не кожны трактар зможа!
Пакуль любаваўся, Дзік у канцы агарода, дзе дуб рос, узяўся жалуды хрумстаць. Паглядзеў я на такі апетыт памочніка і ў лес паехаў. Збіраць для гадаванца далікатэс. Вяртаюся, а мяне ў двары сусед чакае.
— Усяго за жыццё пабачыў, але каб парсюком агарод узорвалі — упершыню! — дзівіцца. — Можа, і мне дапаможаш?
— Лёгка, — пагаджаюся я. — Майму Дзіку твой агарод — так, дробязь. Толькі ён жалуды любіць. Збяры яму які мяшок.
На тым і дамовіліся.
Дзік за паўгадзіны зямлю ўзараў. Сусед мне грошы, а парсюку — жалуды…
Так справа і пайшла. На зіму я ўсёй вёсцы агароды Дзікам пераараў. Каб пытанняў у зацікаўленых органаў не ўзнікла, зарэгістраваўся індывідуальным прадпрымальнікам. Пачаў падаткі плаціць.
Ад жалудоў Дзік хутка набраў вагу. На вока, сама менш тону пачаў важыць. Я на яго сядло, як на вярблюда, павесіў ды ездзіць налаўчыўся. Да крамы далёка, пешшу неахвота, а на парсюку — самы раз.
Аднойчы да мяне сам старшыня калгаса завітаў.
— Чуў, ты парсюком зямлю ўзорваеш? — пытаецца.
— Ну, і што?
— Нам бы яго ў калгас, — не стаў таіцца ён. — А то паліва дарагое, не набярэшся… Табе плаціць танней будзе.
— Мой Дзік ніколі столькі не араў, — задумаўся я. — Але паспрабаваць можна. Толькі акрамяплаты, трэба і з парсюком разлі- чыцца.
— Гэта як?
— Жалуды яму па рацыёне трэба,
каб у тонусе мышцы трымаць.
— Тае бяды! Дубовы гай каля вёскі…
Назаўтра паехаў араць Дзіком калгаснае поле. За дзень дваццаць гектараў адолелі. Нядрэнны паказчык! Паспрабаваў розныя спосабы апрацоўкі глебы: і безадвальную, і мінімальна-ярусную адвальную сістэму… Новыя плугі прычапіў — абсталяваныя карпусамі з адваламі: больш поўны абарот пласта зямлі робяць.
Словам, працэс наладзіўся. Я з Дзікам зямлю ўзорваю, а механізатары з адміністрацыяй калгаса ходзяць па дубовым гаі, жалуды збіраюць. Даяркі з фермы малако нясуць.
Парсюк як мех жалудоў з’есць ды бітон малачка сербане, адразу пяць гектараў у дзень дадае. Нават карэспандэнт з раёнкі прыязджаў ды фатаграфаваў нас. На перадавіцы потым надрукавалі.
Начальнікі з раёна сельскагаспадарчы семінар правялі. Хадзілі, Дзіка глядзелі, за вухам яму шкраблі. Той ад такой увагі толькі задаволена рохкаў. Вырашылі спачатку паназіраць, а затым і ўсім гаспадаркам рэкамендаваць абзавесціся гэткімі парсюкамі.
Вучоныя са сталіцы прыехалі. Кожны дзень Дзіка ўсялякімі прыборамі правяралі, вывучалі… Тым часам і снег выпаў, зіма на носе. Жалуды скончыліся. Праз некалькі дзён Дзік у лес і ўцёк…

Сам старшыня калгаса ўзначаліў пошукавую групу. Але ўсё кату пад хвост. Цэлая тона мяса з салам знікла. Шукай ветру ў полі! Заробак мой спыніўся. Давялося ліквідаваць ІП…
Людзі казалі, што бачылі Дзіка ў лесе за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад нашай вёскі. Нібыта ён быў не адзін: побач — дзікая свіння і некалькі маленькіх дзетак. Новая парода атрымалася!
Калі так, то я вельмі рады. Можа, як малыя падрастуць, Дзік з сям’ёй вернецца дахаты. Засумаваў я без яго. Ды і вясна пачнецца, агароды… Старшыня калгаса абяцаў плату ўдвая павялічыць — і мне, і Дзіку, чакае нас.

Рэчыцкі раён,
агр. Каравацічы.

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках