Вы тут

Адкуль у ратушы ўзяўся прывід, або што пакінула Мінску ХVІІІ стагоддзе?


Каб дайсці ад ускраіны да цэнтра Мінска, у ХVІІІ стагоддзі вам спатрэбілася б менш за дзесяць хвілін. Так, у той час горад быў невялікі, тут жыло ўсяго пяць тысяч чалавек, а да канца стагоддзя насельніцтва прырасло яшчэ на адну тысячу. Для параўнання — у Вільні тады жылі 20 тысяч, у Магілёве — 7, а ў Навагрудку — 3.


Палац Пшаздзецкіх.

На жаль, мы мала ведаем пра падзеі, якія адбываліся ў горадзе дзве сотні гадоў таму. Толькі задумайцеся: на тэрыторыі Беларусі каля 80 гадоў не было вайны — такіх мірных стагоддзяў раней яшчэ не было. І жыццё ў горадзе віравала. У ратушы пад кіраўніцтвам войта засядаў магістрат. Ён складаўся з рады і лавы. Першая займалася грамадскімі справамі, абавязкам другой быў разбор крымінальных здарэнняў. Праўда, судзіць лава магла толькі звычайных гараджан, а вось паўплываць на шляхту было цяжка. Таму ў той час і ўзнікала багата спрэчак. Шляхта набывала землі ўнутры горада, і кожны такі выкуплены кавалак тэрыторыі выпадаў з юрысдыкцыі горада. Даходзіла да сур'ёзных праблем. Калі шляхціц набываў два надзелы з розных бакоў дарогі, ён іх аб'ядноўваў і такім чынам перакрываў праезд для гараджан.

Войта прызначаў кароль. Натуральна, гэта пасада даставалася буйному шляхціцу, які часта быў гатовы ахвяраваць інтарэсамі простых мяшчан, абы не пасварыцца з больш багатымі і ўплывовымі гаспадарамі.

А яшчэ ў Мінску сядзеў ваявода, бо горад быў ваяводскім цэнтрам. Раз у два гады ў ім праходзілі трыбуналы, на якія завітвалі прадстаўнікі багатых родаў. Нескладана ўявіць, што тут разварочваліся сур'ёзныя палітычныя гульні...

Даведацца пра сталічныя таямніцы ХVІІІ стагоддзя можна падчас аўтарскай вандроўкі экскурсавода Цімоха Акудовіча. У межах праекта «Набліжэнне» ён вучыць заўважаць дэталі, чытаць гісторыю па тых аб'ектах, якія захаваліся ў горадзе, і захапляцца ёю.

Такім скульптары  ўявілі войта.

Імператар, скарб і «разборкі» манахаў

Гэтая вандроўка пачынаецца з Кастрычніцкай плошчы. Дакладней, мы трапляем на старадаўнія Юр'еўскую (на месцы сучаснага Дома прафсаюзаў знаходзілася ўніяцкая царква Святога Юр'я) і Дамініканскую вуліцы.

Будзеце прагульвацца побач з Палацам Рэспублікі — уявіце, што тут раней стаяў адзін з самых прыгожых будынкаў горада, акружаны садам, у якім раслі прывезеныя з Еўропы грушы. Нібыта адсюль яны і распаўсюдзіліся па ўсёй Беларусі, а гатунак атрымаў назву Сапяжанка. Гэты двухпавярховы палац належаў Сапегам. Падчас Паўночнай вайны ў ім некалькі месяцаў жыў Пётр І — так расійскі імператар вырашыў пазлаваць сапернікаў. Справа ў тым, што Сапегі былі сярод тых, хто не падтрымаў усходняга суседа, а стаў на бок Карла ХІІ. Адсюль Пётр І планаваў шэраг мерапрыемстваў. Быў у будынка яшчэ адзін важны сакрэт. Пры палацы служылі бацькі будучай імператрыцы Кацярыны Першай, пасля сужэнцы з'ехалі ў Прыбалтыку, дзе ў іх нарадзілася дачка. Вырасла яна прыгажуняй і, нягледзячы на сваё не надта высокае паходжанне, змагла пакарыць Пятра Першага. Яшчэ ў 20-я гады мінулага стагоддзя будынак стаяў на Юр'еўскай вуліцы, але ў вайну ён моцна пацярпеў і яго разбурылі.

За Палацам Рэспублікі сёння стаіць шыльдачка, якая нагадвае, што пад зямлёй схаваны руіны аднаго з самых вялікіх тагачасных касцёлаў горада Мінска — Дамініканскага. Месца цяпер пустуе, і перыядычна ўсплывае пытанне пра аднаўленне на ім храма.

У старых крыніцах была занатавана інфармацыя, што храм пабудаваны на «капытовы падатак» — маўляў, калі ваяры вярталіся з вайны, дамініканцы прасілі ў іх «на Бога» ў знак падзякі за тое, што ён ўратаваў ім жыцці. З кожнага капыта каня плаціўся залаты... Ордэн быў вельмі багаты: калі манахі дабудоўвалі корпус манастыра, узялі ў арэнду цагельню для вытворчасці цэглы пад Мінскам у Петрапаўлаўскай царквы. Да ХІХ стагодзя хадзілі чуткі, што недзе ў падзямеллях дамініканцы схавалі скарбы (тут быў і свой падземны ход). А ў 90-я гады ўжо ХХ стагоддзя журналісты запісалі гісторыю, што таксісты не раз бачылі тут сабаку, які перабягае дарогу з паходняй у зубах. Здавалася б, ну што такога. Але справа ў тым, што сабака з паходняй — гэта сімвал дамініканцаў.

Дайшла са старых часоў да нас і гісторыя пра бойку паміж манахамі, якая быццам бы адбылася з-за шкаляроў, што спачатку вучыліся ў езуіцкім калегіуме, а пасля «перакінуліся» да дамініканцаў. Але пасля бойкі студэнтаў прымусілі вярнуцца на папярэдняе месца.

На той час манахі вызначалі для сябе пэўныя кірункі работы. Адны лячылі, іншыя — вучылі, займаліся друкарскай справай, дамініканцы аддавалі вялікую ўвагу тэалогіі. Адным з самых уплывовых прапаведнікаў у той час быў ксёндз Аблачынскі, на яго прамовы збіраліся натоўпы. Падчас адной з пропаведзяў, скіраванай супраць п'янства, тэолаг згадаў пра, бадай, самага злоснага парушальніка спакою гараджан, дэбашыра Міхала Валадковіча. Шляхціц пасля гэтага адпомсціў ксяндзу — падчас іншай службы заехаў у касцёл з бочкай віна, з цыганамі і мядзведзямі. Аблачынскі тады папярэдзіў, што за такі ўчынак Валадковіч абавязкова паплаціцца. Натуральна, напужаць гуляку ў ксяндза не атрымалася. Валадковічу ўсё сыходзіла з рук, бо ён лічыўся сябрам магната Пане Каханку.

Але хто б мог падумаць, якая страшная будзе расплата…

Гэты куток сучаснага Мінска  вяртае нас у ХVIII стагоддзе.

Злачынства і пакаранне

Брат Міхала — Юзаф Валадковіч — таксама не даваў спакою людзям. Неяк ён пасварыўся са старым суседам Яцынічам з-за зямлі. Як Яцынічу цягацца з маладым гулякам, тым больш калі ў таго такія ўплывовыя сябры? Стары шляхціц загадаў сваім слугам пакласці пасярод падворка куль саломы і малаціць яго, а сам стаў кругамі хадзіць і пытацца: «Каго б'яце?» А слугі адказвалі, што пана Валадковіча. Праз нейкі час малады сусед запрасіў Яцыніча быццам мірыцца, але загадаў слугам схапіць «госця» і біць на падворку, а на пытанне «Каго б'яце?» адказваць: «Куль саломы»...

Канешне, стары шляхціц сцярпець такой крыўды не мог. Ён звяртаўся ў суд, праходзіў розныя інстанцыі, яму нават удалося дабіцца, каб Валадковіч сплаціў штраф і адправіўся на дамашні арышт у манастыр на некалькі месяцаў. Толькі пакаранне тое было занадта мяккае — у манастыры, на які раней яго род ахвяраваў грошы, Валадковіч гуляў са сваёй світай. Урэшце стары шляхціц звярнуўся ў трыбунал, і тут пачаліся гульні эліты. Чартарыйскія, жадаючы насаліць Радзівілу, настаялі на прызнанні Валадковіча вінаватым. На пасяджэнні прысутнічаў і брат Юзафа — Міхал Валадковіч. Абураны рашэннем, ён выхапіў шаблю, напаў на ўдзельнікаў трыбунала і нават выпадкова рассёк распяцце. А пасля гэтага сустрэў у радзе пахавальную працэсію, развярнуў яе, шумеў, напіўся... Чартарыйскія вырашылі скарыстаць такую магчымасць, каб яшчэ больш зачапіць Радзівілаў — звярнуліся ў Вільню за дазволам на сур'ёзнае пакаранне.

Сябры данеслі Валадковічу, што яго збіраюцца забіць. Толькі той не паверыў. Але Міхала пакаралі. І пасля гэтага пачала хадзіць пагалоска, што ў ратушы блукае прывід пана Валадковіча. Гэта адна з самых трагічных гісторый таго часу — упершыню шляхціца пакаралі смерцю — без споведзі — і здавалася б, за што? За п'янства і нястрымны нораў? Невыпадкова мемуарысты канца ХVІІІ—пачатку ХІХ стагоддзя так часта да яе звярталіся, яна запісана ў некалькіх варыяцыях.

Інфраструктура

Трыбуналы — найвялікшы суд Вялікага Княства Літоўскага — адбываліся на замку. Тут вырашаліся справы, якія датычыліся тэрыторыі ўсходняй і цэнтральнай Беларусі. Пасяджэнні зацягваліся на некалькі месяцаў, а значыць, усіх гасцей, што сюды прыязджалі, трэба было забяспечыць жытлом і відовішчамі. Магнаты будавалі сабе дамы, каб было дзе прыпыніцца. Так Радзівілы ўзвялі палац, які стаяў на месцы сучаснай гасцініцы «Еўропа».

А яшчэ важнай падзеяй для ваяводскага горада былі соймікі, куды з'язджалася шляхта. Натуральна, яна не толькі вырашала сур'ёзныя пытанні, але і старалася весела бавіць час.

Магчыма, ужо ў ХVІІІ стагоддзі ў Мінску з'явіліся першыя кавярні, ва ўсякім разе модны ў Еўропе напой быў ва ўсіх заможных дамах, некаторыя нават трымалі асобную работніцу, якая заварвала каву. А вось чай на беларускія землі прыйшоў толькі ў ХІХ стагоддзі.

Наогул, ХVІІІ стагоддзе — час сур'ёзных зрухаў ва ўсіх галінах: навуковыя адкрыцці, новая музыка, танцы, мода. Калі ў Еўропе змены адбываліся павольна, то на нашых землях доўга затрымлівалася барока. Мужчыны, якія прытрымліваліся сармацкага стылю, доўга не хацелі прымаць еўрапейскую моду з парыкамі і ласінамі. Жанчыны былі больш гнуткія, яны хутка спасцігалі сакрэты еўрапейскіх прыгажунь. У пачатку ХVІІІ стагоддзя яны пазбавіліся ад рэчаў чорнага колеру, што быў папулярны ў папярэднім стагоддзі, іх вопратка стала больш адкрытая. Ускладніўся этыкет, на сталах дадалося сталовых прыбораў.

Вялікая ўвага аддавалася адукацыі. Справа і злева ад касцёла Дзевы Марыі (сёння гэта Плошча Свабоды) размяшчаліся езуіцкі калегіум і школа. Менавіта тут прымяняліся новыя методыкі навучання. Лічыцца, што езуіты прыдумалі класна-ўрочную сістэму, а таксама розныя прыёмы стымуляцыі навучання, першыя рашылі, што дзецям неабходна выкладаць фізкультуру. Езуітам у Мінску належаў цэлы квартал, можна было б нават рабіць асобны музей, які быў бы прысвечаны гэтаму ордэну.

На Плошчы Свабоды захаваўся яшчэ адзін са старых будынкаў — палац Пшаздзецкіх. Сёння там адкрыта мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага. Антоній Пшаздзецкі быў з сярэдняй шляхты. Яму ўдалося выбудаваць неблагую кар'еру, а ўсё таму, што ён зрабіў стаўку на князёў Чартарыйскіх і быў шчодра ўзнагароджаны за службу.

У ХVІІІ стагоддзі горад яшчэ быў шчыльна забудаваны драўлянымі дамкамі, таму ён моцна цярпеў ад пажараў. Але існавала жорсткае правіла: калі дом згарэў, гаспадар на яго месцы павінен быў паставіць цагляную пабудову, інакш яго маглі пагнаць з горада. Таму ў ХІХ стагоддзі Мінск пачаў мяняць сваё аблічча.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?