Вы тут

Пяць нечаканых фактаў пра фільм «Урокі фарсі», які вылучаны ад Беларусі на «Оскар»


Калі сакратарка амерыканскай кінаакадэміі ўпершыню ўзяла ў рукі статуэтку, якой узнагароджвалі лаўрэатаў прэміі згаданай кінаакадэміі, яна ўсклікнула нешта накшталт «Выліты мой дзядзька Оскар!»

Так прыз атрымаў імя, а спісы тых, хто за прызам выстройваўся ў чаргу, сталі нагадваць астранамічны атлас — зоркі, зоркі, зоркі...

Беларусы таксама хочуць мець «Оскар»... Хто ж яго не хоча. Апошнія гады мы нават траплялі ў прэміяльную чаргу. У 2018-м у намінацыі «Найлепшы замежны фільм» засвяціўся «Крышталь» Дар'і Жук, у 2019-м — дакументалка «Дэбют» Настассі Мірашнічэнкі. Сёлета Беларусь прадстаўляе стужка «Урокі фарсі», якая ўжо засвяцілася на Берлінале і маскоўскім кінафестывалі, і каб не пандэмія, заявілася б яшчэ на дзясятках кінафестываляў свету і сабрала гледачоў у кінатэатрах... Дабротны плён супрадукцыі Расіі, Германіі і Беларусі. Здымаў фільм амерыканскі рэжысёр, які нарадзіўся ва Украіне, Вадзім Перэльман. Здымкі адбываліся ў Беларусі. Сюжэт — той, які змушае параўноўваць з такімі сусветна вядомымі фільмамі, як «Спіс Шындлера», «Піяніст», «Жыццё цудоўнае». Халакост. Фашызм. Ахвяры і каты. Чалавечнасць і бесчалавечнасць. І пытанне гістарычнай памяці, якое для беларусаў актуальнае надзвычай.

Што ж, давайце згадаем, чым адметная гэтая стужка.


1. Сцэнарыст знайшоў сюжэт у пятнаццацігадовым узросце

Ілья Цофін, расійскі сцэнарыст, расказвае, што сюжэт для гэтага фільма ён знайшоў, яшчэ калі яму было пятнаццаць гадоў. Чытаў нейкі савецкі часопіс — нават дакладна не згадае, які, магчыма, «Вокруг света». Там і прачытаў аповед пра яўрэя, вязня фашысцкага канцлагера, які, каб ацалець, выдаў сябе за перса і вучыў аднаго са сваіх ахоўнікаў персідскай мове, сам яе не ведаючы, выдумляючы на хаду. Гісторыя тая ўрэзалася ў памяць, герой выклікаў захапленне — трэба быць амаль геніем, каб вось так прыдумляць праўдападобна мову, трымаць у памяці словы і правілы, каб цябе не выкрылі...

Прайшоў час, і ўжо вядомы сцэнарыст Ілья Цофін напісаў сцэнарый на той сюжэт. Ім зацікавіўся вядомы прадзюсар і рэжысёр Цімур Бекмамбетаў, які ўзяўся за перамовы са студыямі. Аднак, як расказаў Цофін берлінскаму радыё, вядомая кінастудыя паставіла ўмову: трэба прадставіць доказы, што ў аснове — сапраўдная гісторыя! Сцэнарыст пералапаціў у маскоўскай «Ленінцы» ўсе падшыўкі савецкіх часопісаў. Не знайшоў тую публікацыю, што запала ў памяць у падлеткавым узросце. Наняў чалавека, які працягнуў пошукі — дарэмна. А потым высветлілася, што ў гісторыі літаратурнае паходжанне — а менавіта пераказ апавядання пісьменніка з ГДР Вольфганга Кальхаазэ «Вынаходніцтва мовы», які часам можна сустрэць пад назвай «Персідская для капо». Аўтарскія правы былі набытыя, але прытым Кальхаазэ сцвярджаў, што ў аснове яго апавядання якраз рэальная гісторыя!

Цофін надаў сюжэту каларыту. Бельгійскага яўрэя Жыля Крэм'ё разам з іншымі ахвярамі вязуць у грузавіку да месца расстрэлу. У машыне адзін з таварышаў па няшчасці выменьвае ў яго бутэрброд на кніжку персідскіх казак. Менавіта гэтая кніжка выратуе Жылю жыццё — як пацвярджэнне, што ён, смуглявы і вачасты, не яўрэй, а перс. А загадчыку «харчовай часткі» ў канцлагеры кухару Клаўсу Коху якраз спатрэбіўся настаўнік фарсі — Клаўс марыць адкрыць рэстаран у Тэгеране.

2. Месцамі здымак былі Бабруйская крэпасць і Мікашэвіцкі кар'ер

Назва канцлагера, дзе адбываецца дзеянне, у фільме вельмі ўмоўная — «Jedem das sіene», у перакладзе «Кожнаму сваё». А канкрэтнае месца застаецца на сімвалічным узроўні, «дзесьці ў Еўропе», то-бок усё магло адбыцца дзе заўгодна. Але здымкі адбываліся ў асноўным у Бабруйску, і мясцовыя жыхары занятыя там у масавых сцэнах. База для акцёраў масоўкі знаходзілася ў адным з карпусоў Бабруйскай крэпасці. Бабруйчане на нейкі час ператвараліся ў вязняў з жоўтымі зоркамі на грудзях і канваіраў, да іх далучаліся жыхары Мінска, Асіповіч, Жлобіна, якія таксама хацелі ўзяць удзел у здымках... Асобныя сцэны здымалі ў лесе каля вёскі Думаноўшчына. Былі і здымкі ў кар'еры ў Мікашэвічах, які належыць прадпрыемству «Граніт». Там, дарэчы, увогуле любяць здымаць фільмы — атмасферна, жывапісна... Глыбіня за сотню метраў, скалы, камяні, вадаспады. Як не ў Беларусі. Тут «вязні канцлагера» працавалі, сноўдалі з тачкамі ды кайламі. Дарэчы, кажуць, што выкарыстаныя падчас здымак дэкарацыі можна пабачыць і сёння, у Бабруйскай крэпасці — яны былі падораныя гораду.

3. Для фільма прыдумалі сапраўдную асобную мову, заснаваную на імёнах ахвяр Халакосту

А вось тое, што выводзіць фільм за рамкі жанру і ператварае ў, лічыце, філасофскі праект — гэта тое, што для яго адмыслова стварылі неіснуючую мову, фэйк-фарсі.

Усе ведаюць эсперанта, прыдуманую польскім акулістам Заменгофам. Але ёсць у гісторыі выдуманыя мовы, якія выдаваліся за існуючыя, — такая мова называецца канланг. У ХVІІІ стагоддзі жыў авантурыст Джордж Салманазар, які выдаваў сябе за ўраджэнца вострава Фармоза — Тайваня. Яго нават Оксфардскі ўніверсітэт наняў, каб той перакладаў на фармозскую мову (якой Салманазар не ведаў) рэлігійную літаратуру. І перакладаў жа! У сеціве можна знайсці малітву «Ойча наш» на фармозскай мове ў перакладзе Салманазара. Самы вядомы, аднак, вынаходнік неіснуючых моў — аўтар кніг пра хобітаў і эльфаў Толкіен. Ён, дасведчаны лінгвіст, для свайго літаратурнага праекта прыдумаў 15 моў, на якіх размаўляюць народы фэнтэзійнага Сяродзем'я. Дзве з іх, квенью і сіндарын, мову эльфаў, прафесар Толкіен распрацаваў настолькі, што і сёння можна іх вывучыць і кантактаваць на іх з такімі ж «талкіенутымі». Бероўз прыдумаў мову малпаў мангані, на якой гаворыць Тарзан. Рычардс Адамс у казачнай аповесці «Насельнікі пагоркаў» распрацаваў для сваіх герояў мову «лапн», у Джонатана Свіфта Гулівер у краіне веліканаў мусіць засвоіць мясцовую мову «гуігнгнм», у якой няма слоў, якія пазначаюць чалавечыя недахопы. ...Толкіен, дарэчы, у 1931 годзе падрыхтаваў даклад пра тое, як правільна канструяваць мовы. Трэба захаваць тры неабходныя пункты. Мове патрэбна гісторыя. Мова павінна быць эстэтычна прыемная на слых. Мове патрэбна граматыка.

Стваральнікі фільма аднесліся да стварэння псеўда-персідскай з энтузіязмам. Быў наняты малады лінгвіст з МДУ Антон Кіраў, які распрацаваў фэйк-фарсі па ўсіх правілах. Там ёсць граматыка, арфаграфія, слоўнік з шасцісот слоў. Праўда, у фільме гучыць, што пад кіраўніцтвам Жыля Кох вывучыў дзве з паловай тысячы слоў фэйк-фарсі. Менавіта на тэрыторыі штучнай мовы кухар канцлагера і вязень могуць выйсці за свае ролі. Кох піша на фэйк-фарсі вершы. «Я цябе кахаю» на гэтай мове гучыць як «Или бар онай ау».

А яшчэ ўразлівая дэталь: для стварэння мовы Жыль выкарыстоўвае імёны вязняў канцлагера са сшытка ўліку, які даручылі яму весці. Такім чынам ператварае штучную мову ў агромністы мемарыял. І ў канцы, калі з дапамогай Коха яму ўдаецца ўцячы і патрапіць да антыфашыстаў і ў яго пытаюцца, ці памятае ён імёны кагось з ахвяр лагера, Жыль адказвае, што памятае 2840 імёнаў. Увесь слоўнік псеўда-персідскай.

І ў жыцці рэжысёр таксама здзейсніў такі мемарыял, прапанаваўшы лінгвісту выкарыстаць пры прыдумванні слоў рэальны спіс імёнаў ахвяр Халакосту. Гэта ўжо Борхесаўскія канструкцыі: пакуль Клаўс Кох верыць, што ведае фарсі і будзе на ёй размаўляць, будуць гучаць імёны забітых.

4. Рэжысёр выпадкова злавіў бабруйскі туман

Жыхары Беларусі, якія прымалі ўдзел у здымках, з нецярплівасцю чакалі масавага пракату фільма, нягледзячы на перашкоды пандэміі, каб пазнаць сябе ва ўражальных кадрах. Пазнаецца там і прырода Беларусі... Хоць часам гэта зрабіць цяжка, дзякуючы «магічнаму крышталю» мастацтва. Напрыклад, ёсць у фільме сцэна, калі Жыль у суправаджэнні лагернага канваіра выходзіць выкідваць смецце, а ўсё засцілае амаль сюррэалістычны туман. Калі Вадзіма Перэльмана ў «Российской газете» спыталі, якім чынам яму ўдалося дамагчыся такога эфекту, той адказаў: «Гэта ўвогуле быў цуд. Мы здымалі ў Бабруйску, і ў нас на гэты дзень былі прызначаныя іншыя здымкі. На кухні. Пакуль усе да іх рыхтаваліся, я выйшаў пакурыць. Паглядзеў на гэтую дарогу. А там за дрэвамі метраў 20 пабудовы — гаражы «саўковыя», якія захаваліся яшчэ з 60-х гадоў мінулага стагоддзя. Аранжавыя, чырвоныя — мы туды камеру нават не скіроўвалі, стараліся не глядзець. І вось я выходжу, гляджу... і ачмурэў нават. Хутка пабег да рацыі: «Усіх — сюды! Камеру — сюды! Дзе бочка?» Бочка з адкідамі ўвогуле не павінна была быць у кадры ў гэты дзень. Я кажу: «Хуценька яе збірайце, колы трэба прыкруціць. Усё зараз сыдзе!» Касцюмы таксама былі іншыя... Усе забегалі. Гэта быў пачатак змены — гадзін 7-8 раніцы. Да 10-11 мы ўсё адзнялі. І звычайна гэты туман развейваецца сонцам. Але ён стаяў увесь дзень. І мы тады знялі яшчэ і абедзве сцэны на пляцы — калі раніцай ходзяць жаўнеры».

«Вельмі пашанцавала» — так апісвае рэжысёр свой раман з бабруйскім туманам.

5. Сцэнарый напісалі на рускай мове, пераклалі на англійскую, на пляцоўцы карысталіся нямецкай

Моўнае пытанне і захаванне гістарычнай памяці — балючыя і актуальныя для беларусаў ва ўсе часы. Колькі разоў нас змушалі не быць сабою, беларускую мову прыхоўвалі, саромеліся ці баяліся ёю карыстацца... З другога боку, тут, на скрыжаванні еўрапейскіх шляхоў, сустракаліся культуры і канфесіі, ужываліся ў адных месцах і мястэчках. Гэткая мультыкультурнасць утварылася і на здымачнай пляцоўцы «Урокаў фарсі». Як ужо згадвалася, фільм — праект трох краін, а рэжысёр — амерыканец украінскага паходжання. Аператар Уладзіслаў Апельянц — з Расіі, выканаўца ролі Жыля Наўэль Перэс Біскаярт — аргенцінец, выканаўца ролі Коха — немец Ларс Айдынгер. Сцэнарый Ілья Цофін адпачатку напісаў на рускай мове. Пасля  быў перакладзены на англійскую. Але на здымачнай пляцоўцы карысталіся ў асноўным нямецкай мовай. Пра прысутнасць фарсі ведаем. Асноўная тэма — Халакост, лёсы яўрэяў. Але Вадзім Перэльман сцвярджае, што фільм — пра ўзаемадзеянне паміж людзьмі і давер.

А яшчэ стваральнікі фільма хацелі, каб кожны глядач запомніў хоць адно слова выдуманай Жылем мовы — і тым далучыўся да вяртання памяці.

Што ж, нам застаецца чакаць. 93-я цырымонія ўручэння прэміі «Оскар» адбудзецца 25 красавіка наступнага года.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Кроў неіснуючай мовы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»