Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Будзем спадзявацца, што мы ўсё ж такі выйшлі на плато


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочую паездку ў Стаўбцоўскі раён. Ён азнаёміўся з аказаннем медыцынскай дапамогі хворым на COVID-19 у Стаўбцоўскай цэнтральнай раённай бальніцы.


Шпітальная база бальніцы ўключае 339 ложкаў. З красавіка тут арганізаваная работа інфекцыйнага шпіталя на 143 ложкі для лячэння хворых на COVID-19. Маюцца 105 кропак для падводу кіслароду, 10 апаратаў ШВЛ. Усяго на сёння ў Стаўбцоўскай ЦРБ пралечаныя 1252 пацыенты, з іх з пнеўманіяй — 814.

Медыцынскія работнікі забяспечаныя ў поўным аб’ёме сродкамі індывідуальнай абароны і дэзінфекцыі.

На прыкладзе бальніцы ў Стоўбцах кіраўнік дзяржавы азнаёміўся ​​з аказаннем дапамогі хворым на каранавірус на раённым узроўні.

Як патлумачыў журналістам міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч, лячэнне хворых на каранавірус у раённых бальніцах праводзіцца па такіх жа стандартах, як і ў сталіцы ці абласных цэнтрах.

Цяжкія пацыенты пры неабходнасці пераводзяцца ва ўстановы аховы здароўя больш высокага ўзроўню. На мінулым тыдні, напрыклад, з Стаўбцоўскай ЦРБ на абласны ўзровень быў пераведзены адзін пацыент.

Цяпер, па словах міністра, у раённай установе знаходзіцца значна больш хворых на каранавірус, чым падчас першай хвалі. Аднак усё роўна тут задзейнічаны далёка не ўсе рэсурсы. Бальніца працягвае аказваць планавую дапамогу.

 

У ЦРБ кіраўнік дзяржавы наведаў рэанімацыйнае і пульманалагічнае аддзяленні ў «чырвонай зоне» і рэабілітацыйнае ў чыстай.

Як паведаміла галоўны ўрач медустановы Святлана Глебка, зараз на амбулаторным лячэнні знаходзіцца 490 чалавек з кавід-інфекцыяй і 90 з дыягнасціраванай пнеўманіяй.

Меншая частка з іх — жыхары вёсак. Гэта пацвярджае, што большая згуртаванасць людзей у гарадах вядзе да росту захваральнасці. 


Кіраўнік дзяржавы таксама нагадаў, што цяпер асаблівая ўвага будзе надавацца развіццю міжраённых бальніц. Такіх у Мінскай вобласці чатыры: у Барысаве, Маладзечне, Салігорску і Слуцку. Там могуць аказваць больш складаную медыцынскую дапамогу. 

«Міжраённыя, апорныя бальніцы яшчэ лепей павінны быць абсталяваны. Там павінны высокатэхналагічную дапамогу аказваць. Ніхто не кажа, што мы закінем раённыя бальніцы, ні ў якім разе. Наадварот, мы хочам з навукова-практычных цэнтраў Мінска, з абласных бальніц многія аперацыі перанесці ў міжраённыя бальніцы, і раённыя падцягваць», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт нагадаў, што плануюць распаўсюджваць набор у ВНУ абітурыентаў па мэтавым накіраванні і пацікавіўся, ці неабходна такая форма падрыхтоўкі спецыялістаў у гэтай раённай бальніцы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што цяпер пры падрыхтоўцы медыцынскіх кадраў акцэнт будзе рабіцца на мэтавай падрыхтоўцы. «Нам трэба дакладна вызначыцца. Мэтавікоў набіраем, а месцы застаюцца — будзем дабіраць», — падкрэсліў Прэзідэнт.

Асобна галоўны ўрач спынілася на лячэнні хворых на каранавірус. Сёння на шпіталізацыі ў Стаўбцоўскай ЦРБ знаходзіцца 121 пацыент з COVID-19. Па словах Святланы Глебка, за апошнія некалькі дзён захворванне на каранавірус знізілася. Калі ў лістападзе за суткі рэгістравалася 20 пацыентаў, то апошнія дні — па 12.

«Калі з 20 да 12 упала, гэта ўжо добрае падзенне. Дай бог, каб у краіне так было. Будзем спадзявацца, што мы ўсё ж такі выйшлі на плато. Бачыце, ужо пайшло зніжэнне», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт — калектыву Стаўбцоўскай бальніцы: «Вы аказаліся палітычна моцнымі людзьмі»

Пасля наведвання «чырвонай зоны» і рэабілітацыйнага аддзялення Стаўбцоўскай ЦРБ Прэзідэнт пагутарыў з калектывам.

Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што прыехаў у Стоўбцы, каб даведацца, як аказваецца дапамога хворым на каранавірус на раённым узроўні.

«Я разумею, што не бывае заўсёды ўсё добра і абсалютна ўсяго хапае. Таму, калі нешта ёсць, кажыце шчыра. Мэта — прыехаць у бальніцу, якую на маёй памяці рамантавалі, дабудоўвалі. Гэта звычайная раённая бальніца, якая дзякуючы вам стала незвычайнай», — звярнуўся Лукашэнка да медыкаў.

Ён адзначыў, што яшчэ раз упэўніўся, што абстаноўка з захваральнасцю на ковід у краіне абсалютна кантраляваная. Пра зніжэнне колькасці пацыентаў сцвярджаюць не толькі ў Стаўбцоўскім раёне, але і ў суседніх.

Прэзідэнт нагадаў, што бальніцу ў Стоўбцах спрабавалі «разгайдаць» журналісцкімі матэрыяламі пра сітуацыю з кавідам і падзякаваў калектыву за вытрымку.

«Хачу вам падзякаваць. Вы аказаліся палітычна моцнымі людзьмі, — акцэнтаваў увагу Прэзідэнт. — Было няпроста, але вы вытрымалі. Вы малайцы. Будзем старацца, каб вы не крыўдзіліся і калі неабходна будзе дапамога, будзем старацца дапамагчы».

Ён паведаміў, што ўжо паабяцаў разгледзець просьбу галоўнага ўрача, каб бальніца стала апорнай па напрамку траўматалогіі.

Нагадаем, што 4 снежня Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з аказаннем медыцынскай дапамогі хворым на каранавірус у Віцебскім абласным клінічным радзільным доме. У канцы лістапада Прэзідэнт наведаў 6-ю гарадскую клінічную бальніцу Мінска.

«Усебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам»

Пра гэта Прэзідэнт заявіў, адказваючы на адно з пытанняў медыкаў. Ён дадаў, што вырашаць канчаткова будуць пры разглядзе змен у Канстытуцыю.

«Я так думаю (не ведаю, падтрымаеце вы або не): Усебеларускі народны сход трэба зрабіць канстытуцыйным органам, — падкрэсліў Лукашэнка. — Неабходна, каб такі орган быў і кантраляваў галоўныя напрамкі нашага развіцця ».

Канчаткова ўсе пытанні, якія будуць разглядаць на сходзе, па словах Прэзідэнта, сфармулююць пасля калядных святаў. Магчымы тэрмін правядзення форума -  канец студзеня або пачатак лютага.

«Калі мы здымаем абавязкі з Прэзідэнта, іх жа трэба камусьці перадаць. І ва ўрад, парламент яны не падыходзяць. Куды іх перасоўваць? Трэба шукаць такі орган, а ў нас ёсць Усебеларускі народны сход. Таму некаторыя паўнамоцтвы прыйдзецца перадаць», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён прапанаваў, каб дэлегатаў на гэты форум выбіралі тэрмінам на пяць гадоў. Новы орган, на яго думку, не стане паўтарэннем дэпутацкага корпусу, будзе працаваць на «грамадскім» пачатку і яму будуць падсправаздачны кіраўнікі абласных выканкамаў, міністры.

«Калі растварыць паўнамоцтвы Прэзідэнта, якія перадаюцца ўраду, парламенту, губернатарам, міністрам, будзе бардак, які мы перажылі ў сярэдзіне 90-х. Неабходны орган, які б імгненна ўсіх стабілізаваў. А ён будзе выступаць ад імя народа», — дадаў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта аб увядзенні санкцый

Учора МАК часова забараніў Прэзідэнту Беларусі і членам кіраўніцтва Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі ўдзельнічаць у мерапрыемствах арганізацыі.

«Трэба нам звярнуцца ў суд. Хай Бах і банда дакажуць, у чым мая віна, што я сваю краіну абараняю?! — абурыўся Прэзідэнт. — Удзел у гэтых мерапрыемствах я 25 гадоў не прымаў, перажыву і далей. Але вы што, сабралі ўвесь Алімпійскі камітэт, усе краіны, абмеркавалі гэту тэму і прынялі рашэнне? Я перажыву, навошта дзяцей чапаеце?»

«За бліжэйшыя пяць гадоў усе раённыя бальніцы будуць прыведзеныя ў парадак»

На сустрэчы з калектывам ЦРБ зайшла размова пра развіццё сістэмы аховы здароўя.

«Я магу доўга расказваць пра тое, як было і што зроблена за гэтыя гады. Але самае галоўнае, мы выбудавалі сістэму аховы здароўя, якую не трэба ламаць», — сказаў ён.

Сутнасць беларускай сістэмы, па словах Прэзідэнта, у тым, што рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры па розных напрамках медыцыны збіраюць сусветны вопыт і перадаюць яго на наступныя звёны — у абласныя бальніцы. Лячэбныя ўстановы гэтага ўзроўню ўжо абсталяваныя сучаснай медыцынскай тэхнікай. Вырашана забяспечваць высокі ўзровень так званых апорных бальніц — яны абслугоўваюць некалькі раёнаў. Узровень медыцынскіх паслуг у такіх бальніцах больш высокі ў тэхналагічным плане, чым у звычайных раённых.

За бліжэйшыя пяць гадоў усе раённыя бальніцы будуць прыведзеныя ў парадак, заявіў беларускі лідар. Потым настане чарга пярвічнага звяна сістэмы — паліклінік. Размова не толькі пра рамонт, але і пра аснашчэнне.

Гэта тычыцца і заробкаў. Урач, які праводзіць высокатэхналагічныя аперацыі, атрымлівае высокі заробак. Кіраўнік дзяржавы паўтарыў, што для яго вельмі важна захаваць высокія сярэдні заробак медыкаў, які быў дасягнуты сёлета з-за «кавідных» надбавак.

«Але гэта будзе залежыць ад эканомікі. Калі мы хоць бы як сёлета спрацуем у наступным годзе, значыць, вытрымаем. Не хацелася б урачам апускаць заработную плату», — сказаў ён.

Зараз стаіць задача захаваць гэты ўзровень і па заканчэнні пандэміі.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржава ўкладвае значныя сродкі ў развіццё сістэмы аховы здароўя, але разам з тым заклікаў усіх праяўляць вялікі клопат аб уласным здароўі, весці здаровы лад жыцця. «Бясплатная меддапамога спрыяе таму, што людзі не сочаць за сабой», — заўважыў ён.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

Лукашэнка: Беларусь і Расія сур'ёзна рушылі наперад у пытанні ўзгаднення саюзных праграм

У Маскве адбылася сустрэча і перагаворы кіраўніка нашай краіны з яго калегам Уладзімірам Пуціным.

Грамадства

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

Еш ананасы, яблыкі жуй! Як падтрымаць імунітэт без аптэчкі?

З авітамінозам у нас прынята змагацца па-старому...

Грамадства

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

Брагінскія кавуны з прыстаўкай «эка-»

На Гомельшчыне актыўна рэалізоўваюцца праекты па развіцці тэрыторый, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС. 

Грамадства

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Дружыннікі выходзяць на дзяжурства... А разам з імі — і карэспандэнт «Звязды»

Кожны замацаваны за сваім участковым, у кожнага свая зона адказнасці.