Вы тут

Зуброў цяпер можна пабачыць пад Гомелем


Жыхарам Гомельшчыны, каб убачыць адзін з галоўных сімвалаў Беларусі — велічных зуброў — цяпер неабавязкова накіроўвацца ў Белавежскую пушчу. Знакамітых беларускіх суродзічаў амерыканскіх бізонаў, апошніх дзікіх быкоў Еўропы, цяпер можна сустрэць пад Гомелем.


Гомельскі раён, тэрыторыя Бабовічскага сельскага Савета, кантактны заапарк «Белладжыё» цэнтра экалагічнага турызму, узбярэжжа возера Чарнецкае... Маляўнічы куток у 15 кіламетрах ад Гомеля — вось новая прапіска зуброў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне Беларусі. На Гомельшчыну прыехалі дзве жывёліны. Братам-зубранятам паўтара года.

У чым сіла, брат?

— Натуральна, што ідэя набыць зубра нарадзілася не спантанна. Вельмі даўно я марыў адкрыць у турстычнай справе нешта такое, чаго няма ў Гомелі. Два гады таму тут, на тэрыторыі аграсядзібы, мы адкрылі кантактны заапарк. Зубры — жамчужына нашай кашлата-хвастатай кампаніі, у якой 100 жывёл, — расказвае сваю гісторыю зубравода-аматара дырэктар цэнтра экалагічнага турызму Васіль Антонаў.

— Мы ведалі, што людзі абавязкова зацікавяцца тым, чаго не бачылі раней. Вось, напрыклад, калі дэльфінаў прывозілі ў Гомель, людзі скупілі ўсе квіткі. Матылёў экзатычных — таксама шмат гледачоў. Зубр — гэта наша «фішка»!

У пошуках цара пушчы Васіль Антонаў аб'ездзіў амаль паўкраіны. З радасцю ўспрыняў навіну аб нараджэнні зубранят у мінскім заапарку. Пачакаў, пакуль жывёлы крыху падрастуць, і замовіў спецперавозку са сталіцы ў Гомельскі раён. Напярэдадні года Быка даўняя мара дырэктара цэнтра экалагічнага турызму споўнілася. Тут упэўненыя: знакаміты сімвал Беларусі на Гомельшчыне — добры знак для роднага рэгіёна!

— Мы спыніліся на прапанове мінскага заапарка, бо для нас важна, каб жывёлы былі «вальерныя», — тлумачыць гаспадар заапарка. З Мінска зубры прыехалі ў спецыяльных кантэйнерах. Да прыезду доўгачаканых гасцей на Гомельшчыну новыя гаспадары рыхтаваліся загадзя: старанна вывучылі характар велічных жывёл, іх патрэбы, падрыхтавалі тэрыторыю.

— Зрабілі вальер больш чым на дзесяці «сотках», пабудавалі кармушкі і ценявыя навесы, дзе жывёлы адпачываюць, — расказвае Васіль Мікалаевіч, як імкнецца аблегчыць адаптацыю братоў-зуброў у новых умовах. — У сеціве зараз вельмі шмат інфармацыі пра іх утрыманне. Галоўнае — зрабіць усё так, як неабходна па нормах.

Бізоны-блізняты

Тое, што цяпер гомельскія зубры яшчэ не зусім падобныя на сваіх магутных суродзічаў з Белавежы, — пытанне часу. Праз некалькі гадоў маладыя жывёліны будуць ростам з агароджу вальера, а вага кожнага з іх перавысіць тону. Палаваспеласць зубра наступае ў тры-чатыры гады, да гэтага моманту яны набіраюць аб'ём масы цела. Цяпер жа кожны з братоў важыць каля 300 кілаграмаў.

— Цікава, што нашы зубры — браты-блізняты. Гэта вельмі рэдкая з'ява для зуброў, звычайна ў маці нараджаецца толькі адзін малы раз у два-тры гады, — тлумачыць Васіль Антонаў і адказвае на традыцыйнае пытанне: як пракарміць гэту «парачку»?

— Каля пяці кілаграмаў морквы і столькі ж яблыкаў плюс сухафрукты, буракі, гарбузы, сена — гэта меню на дзень толькі на аднаго зубра. Батон, як высветлілася, таксама любяць — ласуны. Вось думаем збожжам іх пачаць карміць, — выдае гастранамічныя пажаданні падапечных гаспадар зуброў. На пытанне, ці вызначалі яны і жывёліны, хто тут «галоўны», Васіль Мікалаевіч з усмешкай выдае: — Той, хто з морквай прыйшоў.

Барон, Буч, Бумер, Бос...

Гаспадар заапарка звяртае ўвагу, што зубры пакуль не атрымалі мянушак. Ёсць няпісанае правіла даваць імя зубрам па першай літары краіны, дзе яны нарадзіліся. У мінскім заапарку новаму гаспадару прапанавалі назваць блізнят Бяша і Буяша. Але Васілю Мікалаевічу і калектыву заапарка гэтыя варыянты даспадобы не прыйшліся. Вырашылі, што госці кантактнага заапарка дапамогуць з пошукам імёнаў. Але, кажуць, справа застапарылася. Пакуль прапануюць толькі занадта дзіцячыя мянушкі. Так што ў заапарку дагэтуль адкрыты хіт-парад імёнаў, але брутальных.

— Любы жадаючы можа прапанаваць свой варыянт імя, прыехаўшы да нас або даслаўшы паведамленне ў сацсетках, якія мы актыўна вядзём. Абавязковая ўмова: мянушкі павінны пачынацца на літару «Б», бо чырванакніжныя жывёлы нарадзіліся ў Беларусі, — тлумачыць Васіль Антонаў.

Скарыстаўшыся магчымасцю, ён праводзіць невялікую экскурсію па кантактным заапарку, у якім каля 40 разнастайных відаў жывёл. На 80 гектарах зямлі для іх створаныя ўмовы, максімальна блізкія да натуральных.

— Ідэя стварыць заапарк увогуле нарадзілася пасля нечаканага падарунка сяброў. Гэта былі маленькія гусяняты, — дзеліцца Васіль Мікалаевіч. — Потым хтосьці прыносіў параненае птушаня або дзіцяня жывёлы, пасля пачаў набываць іх у заапарках і заасадах па ўсёй краіне.

У многіх падрастае ўжо і патомства. Цяпер у асобных вальерах больш за сто насельнікаў. Яны з радасцю сустракаюць усіх, хто хоча бліжэй пазнаёміцца з рэдкімі дзікімі і хатнімі жывёламі і птушкамі.

Мара — пакласці пачатак папуляцыі

— Сучасныя дзеці, асабліва тыя, што жывуць у горадзе, часам ні разу ўжывую не бачылі звычайных парсючкоў, не кажучы ўжо пра насельнікаў лесу і больш экзатычных жывёл. Мы дапамагаем ім пазнаёміцца з апошнімі дзвюма катэгорыямі і даведацца больш аб характарах і норавах звяроў, а самае галоўнае — дзеці могуць
палашчыць і пакарміць жывёл і птушак, — расказвае гаспадар.

Алтайскі марал, племяныя алені, в'етнамскія кабаны, страусы, каліфарнійскія трусы, козлікі, бараны, некалькі дзясяткаў пар гусей... Асобных насельнікаў заапарка ўжо адправілі на зімоўку — гэта чорныя лебедзі і дзікабразы. У вальерах можна пабачыць шустрых казуль. Іх знайшлі малымі і выгадавалі. Асобная гісторыя ў заапарку звязана з яшчэ адным знайдышам — ласіхай Маяй. Яна нарадзілася ў апошнім месяцы вясны, за што і атрымала сваю мянушку. Ласяня ледзь жывое знайшлі сёлета ў Веткаўскім раёне мясцовыя жыхары. Прынялі рашэнне пакінуць тут, у цэнтры экалагаічнага турызму. Яе выходжвалі чытыры месяцы, а пакуль Мая падрастала, выпівала дзевяць літраў цёплага малака штодня. Цяпер ласіха ў самым росквіце сіл і, як кажуць, навыданні.

У планах Васіля Антонава — набыць яшчэ мангаліц: гэта венгерская парода хатніх свіней. З буйных жывёл ён мае намер завесці тыбецкіх якаў. Дарэчы, не выключае, што ў хуткім часе іх вялікую звярыную і птушыную каманду папоўняць і страусы эму.

Цяпер жа ўсе думкі аб папаўненні зубрынага статка. У планах — налета набыць зуброў-«дзяўчынак». Запаветная мара Васіля Антонава — даць пачатак папуляцыі зуброў у Гомельскім раёне. Дарэчы, у заапарку заклікаюць прадпрыемствы, арганізацыі, індывідуальных прадпрымальнікаў і проста ўсіх неабыякавых жыхароў Гомельшчыны далучыцца да ажыццяўлення гэтай ідэі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота Марыі АМЕЛІНАЙ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».