Вы тут

ГЭТА БЛОГ, ДЗЕТКА!..


— Добры дзень! З вамі віцебская інтэрнэт-радыёстанцыя «Сучаснік», праграма «Новыя імёны» і мы, вядучыя: Яніна Стральцова,— звыкла пачала гаварыць маладая дзяўчына.
— І Павел Міклашэўскі, — працягнуў яе напарнік, равеснік.
— Блогер — хобі або прафесія? Уласны сродак масавай інфармацыі або адкрыты віртуальны дзённік? На гэтыя пытанні адкажа наша сённяшняя госця Васіліса Жолудава.
— Больш вядомая ў сацыяльнай сетцы Instagram і на сайце Youtube пад нікам Ліса Жолуд (Lisa Zholud), — высокі хлопец крыху раздражнёна паглядзеў у бок мініяцюрнай калегі. Знешнасць такая падманлівая! Усе выпускі яна пачынала першай і ні ў чым не хацела саступаць яму ў прафесійным плане. — Задавайце пытанні падчас эфіру на нашых сайце або старонках у сацыяльных сетках. Нічога і нікога мы не пакінем без увагі.
— Добры дзень! — прывіталася госця. Дзелавы шэры касцюм, акуляры з нулявымі дыёптрыямі, валасы, сабраныя ў хвост…
— Салют! — добразычлівая Яніна не магла не заўважыць намаганняў гераіні выглядаць сур’ёзна. — Адразу бачу сапраўднага выкладчыка. Можа, давай на «ты»? Раскажы, калі ласка, як пачыналася твая дзейнасць?
— Са звычайнай старонкі Instagram, на якой размяшчала здымкі падарожжаў, ката, кніг, кубкаў кавы і шмат чаго іншага, — ахвотна пачала дзяліцца суразмоўца. — Потым год шукала сваю тэму.
— І не дзіўна, што так доўга. Немагчыма здагадацца адразу, чым зацікавяцца віртуальныя чытачы ці гледачы, — Павел зазірнуў у падрыхтаваныя матэрыялы на ноўтбуку. — У Беларусі, напрыклад, топ-5 блогераў складаюць Улад А4 (Улад Бумага (і гэта яго сапраўднае прозвішча)), tellblog.net,Глент, Ксенія Леўчык, SANISHOW. Армія прыхільнікаў першага складаецца з больш чым дваццаці чатырох мільёнаў чалавек, пятага — недзе разоў у дзесяць меншая.
— Я чула пра некаторых: А4 здымае забаўляльныя ролікі, Ксенія спявае. А вось з астатнімі, будзь ласкавы, пазнаём мяне і нашых слухачоў больш падрабязна, — папрасіла вядучая.
— Ахвотна! Слухайце. Срэбны прызёр tellblog.net распавядае пра гульні, тэхніку і розныя рэйтынгі чаго заўгодна па пэўных прыкметах — накшталт топ-10 напояў, што зніклі, ці добрых учынкаў ютубераў. Глент захоплены тэлефоннай тэматыкай. SANISHOW — самы сур’ёзны з лідараў: хлопец дапамагае катам ды сабакам, лечыць хворых.
— А ў мяне дзесяць тысяч падпісчыкаў і ў Instagram, і на YouTube! — пахвалілася госця.
— Спадзяюся, далей іх будзе яшчэ больш, бо на гэтым нядрэнна зарабляюць. Слухачы могуць не ведаць, але сёлета ў рэйтын-гі расійскага часопіса «Forbes» трапілі два беларусы. Улад А4 — у лонг-ліст штогадовага спісу трыццаці самых шматабяцальных зорак да трыццаці гадоў, а Аляксей Саўко на трэцім месцы сярод карыстальнікаў сэрвісу TikTok, дзе ствараюць і глядзяць кароткія відэа. Прыбытак апошняга склаў 4,81 мільёна рублёў. Усё, звальняюся і ператвараюся ў ціктокера! — пажартаваў вядучы.
— Я не зарабляю на рэкламе, а дапамагаю людзям самаўдасканальвацца! — горда, нават з выклікам заўважыла гераіня праграмы. — Перадаю асабісты вопыт дасягнення мэтаў праз курсы двух узроўняў: просты, бясплатны і «прасунуты», платны — за дзвесце рублёў.
— Першае пытанне на сайце якраз пра іх, — узрадаваўся Павел. — Ці трэба набываць платны курс, калі бясплатны — адна «вада»? Там няма нічога, акрамя азначэнняў слоў накшталт «свядомасць», «воля», «дысцыпліна» і афарызмаў.
— Пэўна, ваш хейтар цікавіцца, — з усмешкай заўважыла Яніна.
— Хутчэй скептык-песіміст, — упэўнена адказала блогерка. — Дарэчы, думаю над новымі лекцыямі пра пазітыўнае мысленне. На самай справе першая ступень кожнага навучання — уводзіны, «вада». Асноўная інфармацыя будзе на другім узроўні і за грошы. Карыснае не бывае танным.
— Яшчэ адна слухачка пытаецца, — Павел памаўчаў, не спяшаючыся агучваць паведамленне. — Чаму ты ў дзевятнаццаць гадоў так упарта прадстаўляешся псіхолагам? Якая ў цябе адукацыя? — вядучыя разгублена пераглянуліся.
— Пакуль я сапраўды яшчэ вучуся. Акрамя заняткаў, шмат чытаю. Таму з поўным правам разважаю на сур’ёзныя тэмы. І прама нідзе не сцвярджаю, што скончыла ўніверсітэт.
— Але ж з каментарыяў вынікае, што некаторыя падпісчыкі лічаць цябе аўтарытэтным прафесіяналам, і ты не папраўляеш іх, — Яніна дачытала працяг перапіскі на сайце.
— Хіба гэта не так? Хопіць зайздросціць чужому поспеху! — раззлавалася госця, якая зусім нядаўна была прыязнай і вясёлай.
— Ты надзвычай зацікавіла нашу аўдыторыю. Не крыўдуй, але зачытваем усё. Адна дзяўчына нібы даследаванне зрабіла, — Павел паглядзеў на экран ноўтбука і пачаў зачытваць паведамленне. — Даўно чакала выпуск, каб выказаць Жолудавай усё. На сваіх старонках у інтэрнэце Васіліса заблакіравала мяне, сапраўдныя водгукі выдаліла. А ўсё таму, што я вы-крыла яе плагіят і патрабавала вярнуць грошы за лекцыі! Амаль увесь іх тэкст — кампіляцыя з чужых артыкулаў і кніг накшталт творчасці Карнегі. Не пашчасціла мне пабачыць цёмны бок інфабізнесу!
— Вінаваціць лёгка, а дзе доказы? — занервавалася блогерка.
— Тут іх шмат. Трэба глядзець прынтскрыны з сайтаў, слухаць урыўкі з тваіх запісаў, — хлопец працягваў агучваць напісанае.
— Не трэба! Што за нападкі? Аб чым гутарка? І наогул, перад інтэрв’ю пытанні трэба ўзгадняць! Такіх непрафесійных вядучых я яшчэ не бачыла! — Васіліса рэзка ўстала, збіраючыся пакінуць студыю.
— Прабачце, гэта пытанні ад нашых слухачоў. У іх няма абраз, толькі факты. І што не так з нашым прафесіяналізмам? — Яніна адразу аргументавана парыравала. — Давайце высветлім.
— Да пабачэння! Раю вам павышаць сваю кваліфікацыю. Займалася б глупствамі, забаўляльнымі відэа, ніхто не скардзіўся б, а дэградзіраваў і дзякаваў, — уся «даросласць» дзяўчыны знікла. Быццам істэрычны падлетак, яна падбегла да дзвярэй і грымнула імі.
— Паважаныя слухачы, выбачайце за паводзіны сённяшняй гераіні. У нас тут і сапраўды прамы эфір! Таму прапануем адпачыць і паслухаць музыку.
Вядучыя знялі навушнікі і выключылі мікрафоны.

— Жолудава ведала далейшы тэкст паведамлення, — упэўнена прамовіў Павел. — Дзяўчына пагражала ёй следствам і кінула спасылку на навіну пра адну мінчанку. Тая гэтай вясной праз суд вярнула грошы за курсы блогеркі з Instagram па прасоўванні тавараў і паслуг у сеціве, няўстойку і кампенсацыю за маральную шкоду. Кампенсацыю атрымала за тое цкаванне, што разгарнула анлайн-лектар пасля першай публікацыі пра спрэчку з дзяўчынай.
— Здаецца, слухачы лепш за нас рыхтуюцца да праграмы, — сумна ўсміхнулася вядучая. — Зараз і мы пазнаёміліся з цёмным бокам інфабізнесу. Як толькі больш не памыляцца і не запрашаць ашуканцаў? Хто наступны да нас завітае? Блогерка-дыетолаг са сваімі курсамі? А ці ёсць у яе дыплом медыка? Ці сапраўдны ён? Далей будзем пільна ўсё правяраць, каб не падманвацца самім і не падмануць іншых...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.