Вы тут

«Чорт падбiў завесцi дачу на дурную галаву...»


Якiя днi, такi i гумар. Было: невялiчкая група турыстаў прыехала на Каўказ, пайшла там на экскурсiю. Шмат чаго i пачула, i ўбачыла — прытамiлася. «Зараз, зараз адпачнём, — паабяцаў праваднiк, — шыкоўная мясцiна побач! Толькi цяснiну перайсцi».

Турысты глядзяць, а там — сапраўдны абрыў. I адно бярвенца над iм. Страшна iсцi... А вось нейкаму дзеду — не: той яшчэ i барана на плячо ўскiнуў! «Дзядзечка, а можна i нас вось гэтак? — просяць турысты. — Мы заплацiм. Пяць баксаў з кожнага. Добра?»

Ну чаму б i не? Чалавек аднаго турыста перанёс, другога, пятага, а з шостым, вiдаць, змарыўся: да сярэдзiны данёс i... скiнуў. Людзi да яго: «Як можна?! Што вы зрабiлi?..» Дзядзька iм: «Ай, не дурыце галавы... Пяць баксаў туды, пяць — сюды»…

Карацей, вы здагадалiся: нехта лiчыць людзей (дай бог за людзей!), а нехта — грошы... Розныя погляды.

Да гэтай жа высновы прыходзiш — прычым хоць-нехаць, чытаючы подпiсы да чарговага конкурснага здымка. Ну вось гляньце яшчэ раз на верхнi i ўбачце (разам са спадаром Вiктарам Сабалеўскiм з Узды:

Выйшлi хлопцы

на прыроду,

Пашукаць сабе прыгоду.

Чыпсы ўзялi, лiманад...

Нiбы той дзiцячы сад!

Толькi Вася разумнейшы,

Бо за iх крыху старэйшы:

Склаў меню,

набраў харчоў

Для сябе i для сяброў.

Iншымi словамi, пашчасцiла «дзетсадаўцам», як шчасцiць, бывае, тым, хто слухае старэйшых ды разумнейшых. Ну сапраўды: мае ж рацыю спадар Валерый Гаўрыш з Чавусаў:

Чакаў бы вучняў

цяжкi шлях

Ды класны з галавою:

Усё для начлегу —

на плячах,

А правiянты —

у мяшках,

I можна пехатою.

У такiм узросце, у такое надвор'е, з такiм запасам прадуктаў (якiя да ўсяго хтосьцi iншы вязе) — дык нават з ахвотай, што на тварах хлапцоў i «напiсана». А прачытала ўсё спадарыня Валянцiна Гудачкова з Жыткавiч:

У час канiкулаў былi —

Цуд — не падарожжы!

Бо мы ежы ўзялi

Па мяшэчку...

кожны.

I правiльна ж зрабiлi, бо нармальны «расклад»:

Мала рэчаў

хлопцы ўзялi —

На два днi ўсяго паход.

А правiзii набралi,

Што хапiла б i на год!

Сала, бульбы, макароны,

Круп, згушчонкi

i вяндлiны...

Калi страўнiк не галодны,

То... мiлейшыя мясцiны!

Ну згадзiцеся: праўду ж пiша спадар Сабалеўскi! (Яшчэ, магчыма, i ў школьным дзённiку: «Ваш сын адзiны, хто ўзяў у паход гарэлку. Дзякуй вам за сына!»)

Здагадлiвы, бач, хлапчына...

Як i той, што арганiзаваў «транспарт» для падвозкi, у вынiку чаго (глянем на здымак разам са спадарыняй Любоўю Чыгрынавай з Мiнска):

Весела турыстам...

Цешыць наваколле,

Бо iдуць за рыкшам

Добрым дзядзькам Колем.

Тому ж — не да смеху,

Бо гняце маркота:

У Маскву — не з'ехаў,

Тут — няма работы.

Мо, не вельмi дарэчы, але ж у памяцi сем цудаў савецкай улады: беспрацоўя няма, але нiхто не працуе, нiхто не працуе, але планы выконваюцца, планы выконваюцца, але прылаўкi пустыя, прылаўкi пустыя, але ўсюды чэргi, усюды чэргi, але мы на парозе поўнага дастатку, мы на парозе, але ўсе незадаволены, усе незадаволены, але галасуем за...

А што да дзядзькi рыкшы са здымка, то работу ён шукаў у розных месцах. У адным — адкрыта сказалi: «Вы не падыходзiце. Мы набiраем маладых, амбiцыйных, здольных творча расцi». — «Не, дык не, — усмiхнуўся дзядзька. — Але ж вы мае паперы пакiньце... Калi станецца, што ўсе ў вас творча растуць, а працаваць няма каму, — патэлефануйце».

Пакуль, як выглядае, званка не было: чакае дзядзька... Ды iншыя добрыя справы робiць. Паводле спадарынi Соф'i Кусянковай з Рагачоўшчыны:

На пiкнiк хлапцы схадзiлi,

«Карагоды» павадзiлi,

Шмат «дабра» параскiдалi

I нiчога не прыбралi...

Iм — гулянка ўдалася,

Смецце

звозiць дзядзька Вася.

Жах ад настаўнiцы (а iх, як вядома, былых не бывае) Зоi Наваенкi з Глыбоччыны. I не столькi з-за колькасцi смецця:

Што я бачу ў газеце:

Мае вучнi? Мае дзецi??

Не! Мае —

так не змаглi б:

Мае тут жа памаглi б!

Трэба разумець, дзядзьку... У вывазе смецця...

Дай бог! Хоць мае, вiдаць, рацыю i спадар Мiкалай Касмачэўскi з Наваполацка:

Хто на мiтынг,

хто на дачу...

Юнакi — жывуць iначай,

Маладыя ў iх жаданнi:

Ежы, песень ды кахання.

Да гэтай жа высновы прыходзiць i спадарыня Зоя Максiмава з Вiцебска:

Вясёлая кампанiя,

шукаючы прыгод,

Сягоння з самай ранiцы

прастуе ў паход...

Але ж, як мне здаецца

(ды тут i ўсiм вiдаць):

Вясёлая кампанiя

не любiць працаваць.

З таго ж канверта адказ на пытанне, чаму:

Не сядзiцца ў iнтэрнэце, —

У паход шыбуюць дзецi.

Рэчы iх вязе няшчасны

Матэматык.

Ён жа — класны...

Не знайсцi тут iншых слоў —

Выхавацель гультаёў...

А можа... наадварот? Можа, ён, той класны, арганiзаваў гэты паход (заўважце: у дзяцей нiводнага мабiльнiка, нiводнай «затычкi» ў вушах), каб яны разам са спадаром Мiкалаем Старых з Гомеля зразумелi:

Як цудоўна

быць турыстам,

Начаваць

пад небам чыстым,

Песнi весела спяваць

I душой адпачываць.

...Быць карысна

й бульбаводам,

Пчаляром,

жывёлаводам.

Бо калi пусты жывот,

Не захочацца ў паход.

Прыкладна такiя ж думкi (паводле спадара Вiктара Сабалеўскага) круцяцца i ў галаве «насiльшчыка»:

«Маладыя валацугi...

Бач, няма ў iх работы,

Толькi б бугi,

толькi б вугi...

А ў мяне —

спiна ад поту

Кожны дзень

не прасыхае:

Пасадзiць —

палiць — убраць...

Ды

з такiм вось ураджаем

Можна смела зiмаваць!»

Анекдот. Пра ўраджай. Два мужчыны бульбу з поля сабралi. «Ты сваю куды павязеш? — пытаецца адзiн. «Ды дадому, жонцы. Яна дранiчкаў насмажыць, чарачку налье, прыгалубiць... А ты што будзеш рабiць?» — «Ды хацеў прадаць, а цяпер — не. Тваёй жонцы завязу».

I ўжо тады — з поўнымi засекамi...

Маналог:

Што нам клятая «карона»,

Не дастане й каранцiн,

Калi можна хоць паўгода

Не хадзiць у магазiн!

Ё што з'есцi, ё што выпiць,

Нават зёлкi на запас.

...Беззямельнаму ж,

каб выжыць,

Мо насiць процiвагаз?

...Вось так, «непрыкметна», з падачы спадара Сабалеўскага, ад тэм працы i адпачынку мы перайшлi да таго, што сёння.

Трэба сядзець дома i, калі што, выклiкаць (паводле спадарынi Чыгрынавай) не толькi медыкаў, але i хлопца са здымка, у якога

Рыпiць тачачка, ды едзе,

Бо яе

штурхае Федзя:

Ён, душой не ачарсцвелы,

усё прывозiць захварэлым!

(Ззаду,трэба разумець, ахова iдзе? Цi служба праверкi?)

З тога ж канверта i пра тага ж, напэўна, Федзю:

Ён адкрыў у вёсцы краму,

Гандляваў...

I без падману...

Палiчыў

пасля выдаткi, —

Няма сэнсу ў занятку,

Бо арэнда, бо крэдыты

Душаць горай за бандытаў.

А таму Фядот цiшком

Зарабляе чаўнаком.

Хто як можа, карацей, бо жыццё — нiбы шведскi стол: адны бяруць ад яго, колькi хочуць, другiя — колькi могуць, трэцiя — колькi сумленне дазволiць, чацвёртыя — колькi нахабства... Але аб'ядноўвае ўсiх адно: з сабой нiчога не панясеш — некалi потым...

А пакуль — яшчэ адна актуальная тэма ад спадара Вiктара Сабалеўскага:

Хлопец позву атрымаў

З райваенкамата.

Месяц шчыра працаваў

За натураплату.

Пастараўся —

будзь здароў!

Лепшы у брыгадзе...

Вечарынку для сяброў

Ёсць за што наладзiць!

А далей, як вядома, будзе служба.

Згадвае яе, прычым вельмi здалёк, i спадар Валерый Гаўрыш: «У дзяцiнстве, калi я не мог нешта падняць альбо асiлiць цяжкую справу, дзядзькi смяялiся: маўляў, мала ты кашы з'еў. Служба ў войску — хто служыў, думаю, пацвердзiць — гэта недаяданне цалкам кампенсавала».

Адкуль, трэба разумець, радкi:

Каб салдат быў

як мацак,

Для хлапцоў

праводзяць зборы ...

А ў мяшках —

няйнакш панцак:

Груца —

рэкрутам падпора!

З тога ж канверта i тлумачэннi: мы, маўляў, настолькi прывыклi купляць «шматкi», «цукар», «ячныя крупы», што сапраўды забылiся, што нашы матулi i бабулi частавалi нас цукрыкам (кускавым...), што ў печах i печках варылi панцак (круглыя ячныя крупы), што кармiлi груцай — кашай з гэтых круп, каб мы былi дужыя i здаровыя, каб нашых сiл хапала не толькi на забавы...

А яшчэ, дададзiм, на вучобу, работу, сям'ю i ...

Чорт падбiў завесцi дачу

На дурную галаву,

Я за ёй жыцця не бачу

I ўжо кiнуць не магу!

Пiша так — не тое за сябе, не тое за мужчыну з мяшкамi — спадар Iван Астроўскi з Мiнска. Ён жа пры гэтым хвалiцца:

Ўсё на ўчастку на пацеху:

Шмат чаго

зямелька родзiць!..

Жаль: пайсцi куды,

паехаць,

Ну нiяк жа не выходзiць:

Той у Крым,

той на Балканы,

Я ж

нiкуды не магу,

Бо да сотак прывязаны,

Як Барбос на ланцугу.

Прычыну вось гэтай «прывязанасцi» аўтар не тлумачыць: мо, прывычка да працы, мо, жаданне пахадзiць па сваёй зямлi, мо, ўзровень даходаў цi... На здымку не што iншае, як iлюстрацыя да праверанага часам «як дбаеш, так i маеш». Ну сапраўды (паводле спадарынi Соф'i Кусянковай):

У калгасе студатрады

Працаваць заўсёды рады:

За работу — раз — плацiлi,

Два — кармiлi i паiлi...

Ды й прэзент быў неблагi:

Хай сабе не пiрагi —

Мех капусты,

бульбы, грэчкi...

Шэсць мяхоў!

Для iх — да вечка!

Трэба разумець, па горла? Па вочы? Цi — калi галава — яшчэ i кацялок, то па самую накрыўку!..

Для таго каб яе не знесла, яшчэ адна версiя подпiсу да здымка — самая, бадай, нечаканая, але ж i на жаль, з правам на жыццё:

У бутэльку цётка Света

Зазiрае ўсё часцей.

Муж не вынес усё гэта

I сышоў...

Забраў дзяцей.

З таго самага канверта, ад спадарынi Валянцiны Гудачковай, i заключныя радкi сённяшняга агляду:

Не сядзiце ля экранаў,

А выходзьце на прастор.

У прыродзе ўсё цiкава:

Ад мурашак i да зор.

Хто б спрачаўся, — мы не будзем: больш важная справа ёсць. На мiнулым конкурсным здымку (гл. нумар «Звязды» за 7 кастрычнiка) была новая, скажам так, дама з сабачкам. I найлепшыя радкi пра яе, паводле меркаванняў вялiкага чытацкага журы, склалi спадары Валерый Гаўрыш з Чавусаў, Мiкола Кiсель з Мiнска i Мiкола Касмачэўскi з Наваполацка, спадарынi Галiна Пятроўская са Смаргоншчыны, Зоя Наваенка з Глыбоччыны, Любоў Чыгрынава з Мiнска i Валянцiна Гудачкова...

Вось з гэтым, апошнiм меркаваннем пагадзiлася i маленькае рэдакцыйнае журы. Такiм чынам, прыз у выглядзе падпiскi на дарагую сэрцам «Звязду» на першы квартал 2021 года адпраўляецца ў горад Жыткавiчы.

Хочаце, каб «родная газета на роднай мове» пяць разоў на тыдзень прыходзiла i да вас? Тады варыянтаў два: першы — аформiць падпiску, другi — уважлiва паглядзець на новы конкурсны здымак, прыдумаць подпiс (можна некалькi, але трапных, дасцiпных, кароткiх (максiмум — восем радкоў) i даслаць у рэдакцыю.

Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянцiна ДОЎНАР

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна: Не скупіцеся на добрыя словы!

Мы правялі ў кампаніі опернай дзівы ўсяго толькі адзін дзень, але так і не змаглі разгадаць яе таямніцу: дзе ж хаваецца ў яе сутках 25-я гадзіна?

Грамадства

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Інтэрвальнае галаданне: чаканні і рэальнасць

Сваім вопытам з чытачамі «Звязды» дзеліцца вядомая беларуская тэлевядучая Марыя Лемешава

Грамадства

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Дапамога — ёсць! Чым займаецца гэтай зімой Беларускі Чырвоны Крыж?

Людзі, у якіх няма даху над галавой, у першую чаргу маюць патрэбу ў падтрымцы ў экстрэмальных умовах надвор'я.

Спорт

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Дзмітрый Ходас: Воля, характар і любоў

Як не быць алімпійскім чэмпіёнам, але быць героем спорту.