Вы тут

Вiрус застанецца, але стане сезонным. З часам пандэмiчныя штамы перастаюць iмi быць i трансфармуюцца


Цi выйшлi заходнiя рэгiёны на плато па захваральнасцi на COVID-19, цi хапае ложкавага фонду для шпiталiзацыi хворых з гэтай iнфекцыяй i цi чакаць яшчэ адной хвалi? Аб гэтым карэспандэнту «Звязды» расказаў кiраўнiк мiжрэгiянальнага штаба (па Гродзенскiм i Брэсцкiм рэгiёнах) па прадухiленнi распаўсюджвання каранавiруснай iнфекцыi, старшыня Гродзенскага аблвыканкама, а ў недалёкiм мiнулым мiнiстр аховы здароўя Уладзiмiр КАРАНIК.


Цi ёсць адрозненнi ў распаўсюджваннi?

Нагадаем, што падчас першай хвалi экс-мiнiстр аховы здароўя (акрамя ажыццяўлення кантролю за сiтуацыяй з COVID-19 ва ўсёй краiне) адказваў за Вiцебскi рэгiён — менавiта там быў зарэгiстраваны першы ўсплёск захваральнасцi. Цяпер, калi пад яго кiраўнiцтвам дзейнiчае мiжрэгiянальны штаб па заходнiх рэгiёнах, мы не маглi не пацiкавiцца, цi ёсць адрозненнi i асаблiвыя тэндэнцыi ў распаўсюджваннi гэтага каварнага вiруса па розных тэрыторыях
краiны.

Як лiчыць Уладзiмiр Каранiк, пэўная тэндэнцыя праявiлася яшчэ падчас першай хвалi:

— Эпiдпрацэс развiваецца па падобных лякалах ва ўсiх рэгiёнах Беларусi. Усё пытанне толькi ў часе, калi пачынаецца асноўны ўздым захваральнасцi i вышынi пад'ёму, — тлумачыць ён. — Iнакш кажучы, калi эпiдэмiялагiчным працэсам не кiраваць — ён пройдзе ў розных месцах практычна сiнхронна i з аднолькавымi лiчбамi. Асноўная задача — не дапусцiць лавiнападобнага росту колькасцi захварэлых, забяспечыць медыцынскую дапамогу ўсiм, каму яна неабходна, i пры гэтым захаваць працаздольнасць сiстэмы аховы здароўя для аказання экстраннай хiрургiчнай, кардыялагiчнай, анкалагiчнай дапамогi. Хачу сказаць, што гэта выконваецца ва ўсiх рэгiёнах краiны.

Падчас першай хвалi, звяртае ўвагу суразмоўнiк, перагрузкi сiстэмы аховы здароўя не было i нi на хвiлiну не спынiлася аказанне спецыялiзаванай экстраннай медыцынскай дапамогi. Гэтая тэндэнцыя захоўваецца i цяпер.

Што датычыцца рэгiянальных адрозненняў, яны ёсць. Уладзiмiр Каранiк згадвае першую хвалю каранавiруснай iнфекцыi, калi Гродна разам з Магiлёвам апошнiя сярод iншых рэгiёнаў пачалi рэгiстраваць асноўны ўздым захваральнасцi, i тут пiкавыя значэннi захваральнасцi былi нiжэйшыя, чым у тых рэгiёнах, якiя ўвайшлi ў эпiдпрацэс першыя.

— Мы ўжо тады гаварылi, што падчас другой хвалi Гродзенская i Магiлёўская вобласцi будуць уваходзiць адны з першых, i лiчбы тут будуць вышэйшыя, чым увесну. Гэтыя прагнозы (да нашай нярадасцi) цалкам спраўдзiлiся — i гэта той выпадак, калi мы з вялiкiмi задавальненнем памылiлiся б, — адзначыў кiраўнiк мiжрэгiянальнага штаба.

Суразмоўнiк акцэнтаваў увагу, што захваральнасць i выяўляльнасць каранавiруснай iнфекцыi — паказчыкi розныя. Каварная iнфекцыя дастаткова часта не мае сiмптомаў (калi чалавек з'яўляецца носьбiтам вiруса, але пры гэтым адчувае сябе абсалютна здаровым) цi праяўляецца як звычайная прастуда, i за медыцынскай дапамогай чалавек не звяртацца наогул.

— Таму вызначыць праўдзiвую колькасць iнфiцыраваных, калi яны не звяртаюцца па меддапамогу, праблематычна не толькi ў Беларусi, але i ў iншых краiнах, — перакананы ён.

Уладзiмiр Каранiк прывёў прыклад, калi многiя краiны не вызначаюць сапраўдную колькасць iнфiцыраваных, а дыягнастуюць толькi пацыентаў, у якiх ёсць яркая карцiна захворвання i ўскладненнi. Бессiмптомныя ж формы не ўлiчваюцца i не дыягнастуюцца.

— Таму асноўную ўвагу (падчас першай i другой хваляў) мы аддаём колькасцi ўскладненых формаў каранавiруснай iнфекцыi — у першую чаргу пнеўманiй, — тлумачыць суразмоўнiк.

Гэтая лiчба дазваляе адэкватна ацэньваць сiтуацыю: калi колькасць пацыентаў з пнеўманiямi павялiчваецца — зразумела, што эпiдэмiялагiчны працэс знаходзiцца ў фазе пад'ёму. Калi ёсць знiжэнне — можна сцвярджаць, што знiжаецца i колькасць iнфiцыраваных.

Цi прайшлi пiк?

— Тое, што мы бачым ужо пяты тыдзень па Гродзенскай вобласцi, калi не рэгiструем росту колькасцi пацыентаў з дыягназам «пнеўманiя» (няма росту нi на амбулаторным, нi на стацыянанарным этапах), сведчыць аб тым, што рэгiён, па нашых падлiках, выйшаў на плато па захваральнасцi, — кажа Уладзiмiр Каранiк.

Ён звяртае ўвагу на тэндэнцыю, калi назiраецца некаторае знiжэнне пацыентаў. Аднак дастаткова ўпэўнена казаць аб тым, што пiк эпiдэмiчнага працэсу пройдзены i пачалася фаза знiжэння, можна будзе толькi пасля назiрання на працягу тыдня, адзначае кiраўнiк мiжрэгiянальнага штаба.

— Калi гэтыя пазiтыўныя тэндэнцыi захаваюцца i мы будзем бачыць далейшае знiжэнне колькасцi пацыентаў з дыягназам «вiрусная пнеўманiя», тады зможам смела казаць аб тым, што пiк захваральнасцi па Гродзенскай вобласцi прайшоў i мы назiраем этап знiжэння, — падкрэслiў ён.

Але трэба разумець, што цяпер сезон пад'ёму рэспiраторных вiрусных iнфекцый, таму цалкам COVID-19 не сыдзе, звяртае ўвагу суразмоўнiк.

— Так, мы знiзiмся да больш нiзкiх лiчбаў, але ў любым выпадку снежань, студзень i люты — гэта перыяд рэспiраторных вiрусных iнфекцый, калi патрэба людзей у аказаннi медыцынскай дапамогi ў сувязi з iнфекцыйным базiсам будзе высокая, — гаворыць Уладзiмiр Каранiк.

Што датычыцца Брэста, то тут эпiдэмiчны працэс больш iнтэнсiўна развiваўся вясной, тлумачыць адказны спецыялiст, таму ў гэтым рэгiёне пазней пачалi фiксаваць уздым захваральнасцi.

Па яго словах, калi параўноўваць лiчбы першай i другой хваляў, Брэст толькi цяпер выходзiць на ўзровень вясновых паказчыкаў.

— Мы спадзяёмся, што выйшлi на плато i будзем тры-чатыры тыднi назiраць стабiльную карцiну да знiжэння, — растлумачыў сiтуацыю з захваральнасцю на Брэстчыне суразмоўнiк.

Кiслародная падтрымка для ўсiх, хто мае ў гэтым патрэбу

Адносна наяўнасцi ложкавага фонду, па Брэсцкай i Гродзенскай абласцях яго хапае, сцвярджае Уладзiмiр Каранiк. Няма дэфiцыту i ў апаратах ШВЛ. Паводле яго слоў, з наяўнай колькасцi апаратаў занята не больш за 15 %, дастаткова i пунктаў рэспiраторнай падтрымкi.

— Пасля першай хвалi было шмат работы па павелiчэннi ёмiстасцi менавiта кiслародных пунктаў, калi мы дадалi да iх новыя. Адпаведна, дзесьцi была праведзена мадэрнiзацыя сетак, каб забяспечыць большую прапускную здольнасць. Была асвоена i закуплена дастаткова вялiкая колькасць мабiльных сiстэм падключэння кiслароду — i зараз мы можам з iх дапамогай хутка павялiчыць ёмiстасць у медыцынскiх установах, дзе ў гэтым ёсць патрэба. Калi па праекце ёсць дзесяць пунктаў, мы можам у тры-чатыры разы павялiчыць ёмiстасць на працягу некалькiх гадзiн з дапамогай мабiльных сiстэм, — прывёў прыклад кiраўнiк мiжрэгiянальнага штаба.

Акрамя таго, былi набытыя кiслародныя канцэнтратары, якiя дазваляюць забяспечыць кiслародам нават тыя ўстановы i аддзяленнi, дзе стацыянарнай разводкi няма ўвогуле. Гэта прыборы, што здабываюць кiсларод з паветра ў рэжыме рэальнага часу. Усё гэта дазваляе арганiзаваць рэспiраторную падтрымку ўсiм, каму яна патрабуецца.

Па дапамогу звяртацца трэба

Пацiкавiлiся мы i тым, наколькi ўплывае COVID-19 на аказанне планавай дапамогi пацыентам з хранiчнымi захворваннямi.

Суразмоўнiк пагадзiўся, што каранавiрусная iнфекцыя — фактар неспрыяльнага ўздзеяння на гэты працэс. Але калi гаварыць пра спецыялiзаваную медыцынскую дапамогу (гэта датычыцца кардыялагiчнай, анкалагiчнай дапамогi), усе стацыянары працуюць.

— Ужо год мы назiраем (калi раней нас крытыкавалi за чэргi ў анкалагiчныя стацыянары) iх недагрузку, — кажа ён. — Нават пры наяўнасцi магчымасцi многiя проста баяцца звяртацца па медыцынскую дапамогу, каб не заразiцца.

Таму задача медыцынскай службы, на думку губернатара, больш актыўна выяўляць пацыентаў, у якiх ёсць прыкметы абвастрэння хранiчнай паталогii. Ёсць праблема, пагаджаецца ён, што пацыенты, якiя, нягледзячы на пагаршэнне стану, па медыцынскую дапамогу не звяртаюцца.

— I тут мы будзем больш iнтэнсiўна праводзiць растлумачальную работу, каб пры адпаведных сiмптомах i прыкметах абвастрэння кардыялагiчнай паталогii цi прыкметах наяўнасцi анкалагiчнага працэсу, нягледзячы на пандэмiю, людзi звярталiся па медыцынскую дапамогу. Усе магчымасцi для яе аказання ў нас ёсць, — запэўнiў суразмоўнiк.

Якiя прагнозы?

Чаго чакаць далей i цi зможам мы пазбегнуць новых хваль — з такiм пытаннем мы звярнулiся да Уладзiмiра Каранiка:

— Давайце будзем шчырыя: гэты вiрус з намi назаўсёды. Ён нiкуды не дзенецца i будзе ў папуляцыi, — кажа ён. — Аднак з часам пандэмiчныя штамы перастаюць iмi быць i становяцца сезоннымi. Iнфекцыянiсты гэтаму феномену любяць надаваць рысы разумнасцi, маўляў, вiрус спрабуе выжыць. На самай справе гэта натуральны працэс, таму што агрэсiўныя штамы вiрусаў, якiя хутка адпраўляюць у шпiталь цi забiваюць свайго гаспадара, — страчваюць здольнасць распаўсюджвацца: мы iзалюем пацыента, i ў вiруса менш шанцаў перадацца.

Суразмоўнiк тлумачыць, што вiрусы, якiя выклiкаюць лёгкiя формы захворвання, маюць большы патэнцыял для распаўсюджання. З часам яны выцiскаюць агрэсiўных суродзiчаў i становяцца сезоннымi з меншымi наступствамi i колькасцю ўскладненняў.

Iншае пытанне — наколькi часта ён будзе сустракацца ў будучым? А гэта залежыць ад таго, наколькi трывалы iмунiтэт развiваецца ў пацыентаў з COVID-19. Спецыялiсты сцвярджаюць, што ён дастаткова ўстойлiвы, але перыядычна гэты вiрус у папуляцыi сустракацца будзе.

— Хто зараз згадвае свiны грып? Але мы рэгулярна яго рэгiструем, ён цыркулюе кожны год: прыходзiць, сыходзiць, выклiкае захворваннi, ускладненнi, лятальнасць (на шчасце, не вельмi вялiкiя), — кажа суразмоўнiк. — З каранавiрусам, мяркую, таксама вастрыня праблемы сыдзе i пры наяўнасцi вакцыны праз год-паўтара мы забудзем аб iм. Таму я спадзяюся, што прыйдзе вясна i будзе спад усёй рэспiраторнай захваральнасцi. Можа, летам з'явiцца вакцына, якая пройдзе ўсе клiнiчныя выпрабаваннi, сфармiруецца iмунная праслойка i маштабнай захваральнасцi больш не будзе. Плюс, паводле бiялагiчных законаў, вiрулентнасць павiнна знiжацца.

Як падтрымаць iмунiтэт падчас сезоннага ўздыму рэспiраторных захворванняў?

Уладзiмiр Каранiк сцвярджае, што рэкамендацыi такiя ж, як для аматараў здаровага спосабу жыцця: сбалансаванае харчаванне, захаванне рэжыму адпачынку (не менш за 8 гадзiн сну), свежае паветра.

— А для работы асноўнае — рэгулярнае праветрыванне памяшканняў. Гэта вельмi эфектыўна, бо дазваляе знiзiць канцэнтрацыю патагенных мiкраарганiзмаў у паветры i нагрузку на iмунную сiстэму, — тлумачыць ён.

Як урач ён звяртае ўвагу, што мiкс iнфекцый, якi цыркулюе цяпер, уяўляе пэўную небяспеку:

— Калi чалавек, напрыклад, з iнфекцыяй грыпу атрымлiвае яшчэ i каранавiрусную iнфекцыю, у гэтым выпадку iдзе ўскладненне, па некаторых даных, лятальнасць павялiчваецца ў разы, — гаворыць ён. — Таму вакцынацыя супраць сезонных iнфекцый — гэта таксама элемент аховы i падтрымання нармальнага стану iмунiтэту, каб ён не рэагаваў на тыя выклiкi, якiя мы можам прадухiлiць.

Вольга АНУФРЫЕВА

Фота: sb.by

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Каб фінансы працавалі. У што лепш укласці беларускія рублі

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё. 

Грамадства

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Унук штурмана звяна бамбардзіроўшчыкаў Дзмітрый Кузьмін: Дзякуй дзеду за ўсё!

Аляксандр Кузьмін быў штурманам звяна бамбардзіроўшчыкаў у гады Вялікай Айчыннай вайны..

Грамадства

Каб усе світанні былі мірныя

Каб усе світанні былі мірныя

Памятныя мерапрыемствы ў Брэсце ўчора праходзiлi, сапраўды, ад свiтання да змяркання.