Вы тут

Калi i вада гарэла... Як беларусы абаранялi Сталiнград


У Беларускiм дзяржаўным музеi гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны адкрылася часовая экспазiцыя «Сталiнград 1942— 1943. Беларусы на абароне горада». Упершыню жыхары i госцi сталiцы змогуць убачыць узоры ўзбраення i абмундзiравання, асабiстыя рэчы ўдзельнiкаў падзей, улёткi ваеннага часу, фатаграфii, дакументы са сховiшча музея-запаведнiка «Сталiнградская бiтва». Кожны раздзел экспазiцыi прысвечаны пэўным этапам баёў на Волзе —  як на далёкiх i блiзкiх подступах да Сталiнграда, так i на вулiцах горада.


Дзякуючы праекту, падрыхтаванаму супрацоўнiкамi Дзяржаўнага мемарыяльнага музея-запаведнiка «Сталiнградская бiтва» пры падтрымцы Валгаградскага рэгiянальнага аддзялення Расiйскага ваенна-гiстарычнага таварыства, сёння ў нас ёсць магчымасць больш даведацца пра першую яскравую перамогу Чырвонай армii, якая завяршылася поўным разгромам варожай групоўкi i стала пераломнай у гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны. Пасля ад гэтай самай усходняй кропкi, дакуль дайшоў вораг, савецкiмi войскамi, у шэрагах якiх змагалiся прадстаўнiкi розных народаў, быў пракладзены шлях, якi прынята называць «Ад Сталiнграда да Берлiна». Экспазiцыя паказвае, якiя подзвiгi былi здзейснены абаронцамi горада i праз якiя выпрабаваннi прайшло мiрнае насельнiцтва. Прычым гэтая старонка ваеннай гiсторыi раскрываецца праз лёсы нашых землякоў, многiя з якiх загiнулi, абараняючы горад на Волзе. Асобны раздзел прысвечаны ўдзельнiкам Сталiнградскай бiтвы, якiя пасля прымалi ўдзел у вызваленнi Беларусi.

Як расказала падчас адкрыцця выстаўкi загадчыца аддзела экспазiцыйна-выставачнай работы музея-запаведнiка «Сталiнградская бiтва» Святлана Аргасцава, бiтва стала нечаканай для абодвух бакоў. Асноўным стратэгiчным напрамкам для захопнiкаў быў Каўказ, нафтавыя раёны. Але, калi пасля ўдалых наступальных аперацый перад Гiтлерам адкрылiся вялiкiя стэпавыя прасторы, ён вырашаў адысцi ад плана i нанесцi «псiхалагiчны ўдар» —  яму патрэбны быў горад, якi насiў iмя Сталiна. Таму ён развярнуў 6-ю палявую нямецкую армiю, якую тады ўзначальваў яшчэ генерал-лейтэнант Паўлюс (адзiн з распрацоўшчыкаў плана «Барбароса»). Ворагi разлiчвалi разабрацца з гэтым стратэгiчным аб'ектам ледзь не за тыдзень, нават быў прызначаны дзень узяцця Сталiнграда —  на 25 лiпеня 1942 года.

Адной з дывiзiй, якая абараняла подступы да горада, камандаваў беларус Аляксандр Пастрэвiч. На выстаўцы можна пабачыць яго асабiстыя рэчы. Яго 40-я гвардзейская дывiзiя змагла замацавацца на Серафiмовiцкiм плацдарме i практычна ўтрымаць яго да лiстапада 1942 года.

Чырвонаармейцам даводзiлася змагацца ў неспрыяльных прыродных умовах —  адкрытыя стэпавыя прасторы лёгка прастрэльвалiся ворагам, армiя павольна адступала да Сталiнграда.

Перад тым, як пачаць наступленне на горад, вораг правёў масiраваную бамбардзiроўку. Упершыню немцы прымянiлi новую тактыку. Тэрыторыя горада была падзелена на квадраты, 23 жнiўня 1943 года нямецкiя бамбардзiроўшчыкi абрынулi на Сталiнград тысячы тон фугасных i запальных бомбаў. Калi раней варожая авiяцыя ў асноўным бамбiла заводы, то ў Сталiнградзе знiшчаўся цэнтр горада, жылыя пабудовы. Пасля бамбёжак нафтасiндыката нафта разлiлася па Волзе. Стварылася iлюзiя, што гарыць нават вада. Горад быў ахоплены пажарамi, захавалася многа здымкаў мiрнага насельнiцтва з апечанымi целамi, знявечанымi тварамi. За некалькi сутак бесперапыннай бамбардзiроўкi загiнула больш за 40 тысяч жыхароў.

А цяпер уявiце, што 23 жнiўня Сталiнград прымае эшалоны з дзецьмi, якiх з вялiкiмi цяжкасцямi ўдалося вывезцi з Ленiнграда. У якое пекла патрапiлi гэтыя эвакуяваныя хлопчыкi i дзяўчынкi. I тым не менш многiм з iх удалося выжыць. Пасля вайны яны засталiся ў Сталiнградзе, i па сёння ў горадзе дзейнiчае вялiкая грамадская арганiзацыя «Дзецi блакаднага Ленiнграда».

Горад паставiў пад ружжо ўсё мужчынскае грамадзянскае насельнiцтва. У гiсторыi Вялiкай Айчыннай вайны толькi двойчы так масава выкарыстоўвалася апалчэнне. Калi ў Маскве —  гэта была пераважна iнтэлiгенцыя, то ў Сталiнградзе горад абаранялi рабочыя ваенных заводаў, якiя вынаходзiлi i выпрабоўвалi зброю. Рабочыя ўтрымлiвалi горад тры з паловай тыднi. Захаваўся дзённiк камандуючага чацвёртым танкавым корпусам, якi паведамляў у Германiю, што рускiя «выкарыстоўваюць новы род войскаў». Рабочыя ў чорных фуфайках i мiлiцыя ў сiнiх гiмнасцёрках, на думку працiўнiка, пераўзыходзiлi па сваёй вывучцы звычайных чырвонаармейцаў...

На часовай выстаўцы ў Беларускiм дзяржаўным музеi Вялiкай Айчыннай вайны можна пабачыць дзясяткi фатаграфiй беларусаў, якiя ўдзельнiчалi ў Сталiнградскай бiтве. Сярод iх быў i камандзiр штурмавога авiяцыйнага палка, ураджэнец Чэрвеншчыны Пётр Забаўскiх. Адным з абаронцаў, якi закрыў сабой амбразуру варожага дзота, быў баец 10-й стралковай дывiзii ўнутраных войскаў НКУС беларус Аляксей Вашчанка. Подзвiг ён здзейснiў 5 верасня 1942 года. Па дакументах такi самаахвярны ўчынак паўтарылi яшчэ 13 чалавек, пры гэтым усе яны былi «даматросаўцамi» (згадаем, што Аляксандр Матросаў закрыў грудзямi амбразу ў канцы лютага 1943 года).

Менавiта ў Сталiнградзе адпрацоўвалася новая тактыка вулiчнага бою. Упершыню i немцы, i Чырвоная армiя сутыкнулiся з тым, што змаганне на гарадскiх вулiцах было такiм працяглым. Упартыя i крывавыя баi iшлi за кожны дом, паверх, выступ сцяны. Адчайная бiтва ў цэнтральнай частцы доўжылася да канца восенi 1942 года.

У Сталiнградзе добра запомнiлi прозвiшча беларуса, ураджэнца Горацкага раёна Магiлёўскай вобласцi, камандзiра 91-й асобнай танкавай брыгады (пасля Маршала Савецкага Саюза) Iвана Якубоўскага. На часовай экспазiцыi прадстаўлены яго фуражка i кiцель, а таксама ўнiкальны экспанат, якi да гэтага часу нiколi не пакiдаў сцен музея-запаведнiка «Сталiнградская бiтва». Гэта асколак нямецкага снарада, якiм падчас наступлення ў студзенi 1943 года быў прабiты паўкажушок Iвана Iгнатавiча. Такi трафей двойчы Герой Савецкага Саюза пранёс з сабой праз усю вайну.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

У свеце

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

На краі бездані. Чаму Латвію захліснула пандэмія?

У Латвіі ўведзены жорсткі лакдаўн, каб прыпыніць распаўсюджванне COVІD-19.

Эканоміка

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

З «шэрымі» выплатамі цяпер лепш не рызыкаваць

КДК выявілі 30 злачынстваў па выплаце зарплаты ў канвертах.

Эканоміка

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

Іван Крупко: Забеспячэнне харчовай бяспекі — найважнейшы напрамак нацыянальнай палітыкі

 У краіне завяршаецца уборачная кампанія, скончана сяўба азімых культур.