Вы тут

Чалавек з ярлыком. Калi блiзкi пакутуе на псiхiчнае расстройства, як прыняць i зразумець?


Часам толькi на падставе таго, што чалавек звяртаўся да псiхiятра, людзi баяцца хворых, iгнаруюць i нават зневажаюць i абражаюць iх. У жыццi сям'i, пасля таго як у ёй з'яўляецца цяжка хворы чалавек, адбываюцца змены, i яны закранаюць усе ўзроўнi чалавечых адносiн. Грамадства, калегi па рабоце, знаёмыя i сябры цяпер таксама павiнны навучыцца ўспрымаць хворага чалавека i яго сям'ю не так, як раней. На жаль, прасцей «навесiць ярлык» i пазбягаць зносiн з «заклеймаваным» i яго блiзкiмi. Але ж можна паспрабаваць зразумець, прыняць, а па магчымасцi i дапамагчы хвораму чалавеку i яго блiзкiм. Як сябе паводзiць з людзьмi, якiя маюць такiя захворваннi, як неўроз, дэпрэсiя, псiхапатыя, псiхозы рознай этыялогii, шызафрэнiя, расказала псiхолаг Гарадскога клiнiчнага псiхiятрычнага дыспансера Яна Бандарчык.


— Многiя лiчаць, што людзi, якiя хварэюць на ментальныя захворваннi, неяк адрознiваюцца ад iншых. Але гэта не так, — тлумачыць Яна Уладзiмiраўна. — Многiя з iх выглядаюць звычайна, i не скажаш, што яны маюць тое цi iншае псiхiчнае расстройства. Гэтак жа ёсць стэрэатып, што такiя людзi неяк па-асаблiваму сябе паводзяць або рэагуюць, што да iх патрэбны нейкi спецыфiчны падыход. Гэта таксама мiф. Людзi, якiя знаходзяцца ў вострай фазе, як правiла, праходзяць лячэнне ў псiхiятрычных бальнiцах. Тыя ж, хто знаходзiцца ў рэмiсii, такiя ж, як i мы з вамi, таму стаўленне да iх павiнна быць як i да ўсiх астатнiх — уважлiвае i паважлiвае. Мiмiка, паводзiны, iнтанацыя павiнны быць натуральныя без якiх-небудзь схаваных сэнсаў i намёкаў.

Многiя лiчаць, што псiхiчнае расстройства раўняецца прыдуркаватасцi. Гэта не так. Шмат людзей з псiхiчнымi расстройствамi маюць высокi ўзровень iнтэлекту, таму не варта з iмi размаўляць як з малымi дзецьмi або разумова адсталымi. Памятайце, што перад вамi дарослы чалавек. Нават калi вы сустрэлi яго з мамай, братам цi кiмсьцi iншым, не варта ў гутарцы весцi дыялог толькi з гэтым суправаджальнiкам, цалкам iгнаруючы самога чалавека.

Адна пацыентка скардзiлася мне, што прыйшла адправiць нейкi лiст, а ўсе супрацоўнiкi паставiлiся да яе як разумова адсталай: звярталiся праз яе маму, прасiлi маму запоўнiць за яе дакументы, а з ёй толькi ветлiва ўсмiхалiся i гаварылi фразамi i словамi, якiмi размаўляюць з маленькiмi дзецьмi. Яе гэта вельмi моцна пакрыўдзiла.

— Што рабiць, калi блiзкi чалавек паводзiць сябе дзiўна, напрыклад, размаўляе з нябачным суразмоўцам?

— Не варта завастраць на гэтым увагу — гэтак жа, як мы не завастраем увагу на фiзiчных недахопах iншага чалавека. Вельмi важнае паважлiвае стаўленне i адносiны на роўных. Вы прызнаяце: нягледзячы на тое, што чалавек псiхiчна нездаровы, ён — роўны вам. Ён такая ж асоба, як i вы. Са сваiмi жаданнямi, сваiмi асаблiвасцямi характару, з добрымi якасцямi i недахопамi, i вы прымаеце яго такiм цалкам.

У той жа час, размаўляючы з захварэлым сваяком, варта памятаць, што перад вамi дарослы чалавек. Не варта з iм важдацца, як з маленькiм дзiцем, цалкам аддаляючы яго ад хатнiх абавязкаў i работ, бо такiм чынам вы будзеце патураць яго хваробе, тым самым пагаршаючы яе i развiваючы iнфантыльнасць. Нягледзячы на захворванне, людзям важна працягваць быць значнымi i прыносiць карысць.

— А калi ён не выконвае свае хатнiя абавязкi?

— Ва ўнутраным свеце людзей з ментальнымi расстройствамi пануе хаос. Такiя людзi перапоўненыя няўпэўненасцю ў сабе, сваiх здольнасцях i навакольным свеце, у многiх занiжаная самаацэнка, таму важна падтрымлiваць у захварэлага пазiтыўны вобраз сябе. Варта хвалiць яго за выкананыя даручэннi, за станоўчыя зрухi ў лячэннi хваробы. Аднак не трэба перабiраць меру i хвалiць яго за любую дробязь, быццам ён маленькае дзiця, якое толькi вучыцца элементарным рэчам.

Калi ж хворы не справiўся з якiм-небудзь даручэннем, то варта не сварыцца на яго, а падтрымлiваць упэўненасць ва ўласных сiлах, у тым, што наступны раз усё атрымаецца. Пры гэтым не трэба заплюшчваць вочы на тыя выпадкi паводзiнаў, якiя вас не задавальняюць. Пра гэта варта сказаць прама i адкрыта, не абражаючы i не зневажаючы.

— А калi такi чалавек праяўляе агрэсiю, як рэагаваць?

— Неабходна быць гатовым да любога яго ўчынку, i на любую эмоцыю рэагаваць спакойна i адкрыта. Калi ў пэўны момант ён агрэсiўны, вы павiнны спакойна сказаць пра гэта. I адкрыта прызнаць, што вы з гэтай нагоды адчуваеце, што гэта вас палохае, раздражняе, не падабаецца. Важна памятаць i разумець, што калi ваш псiхiчна хворы сваяк робiць падчас абвастрэння захворвання нейкiя агрэсiўныя або неадэкватныя дзеяннi, то гэта не ён сябе так паводзiць, гэта хвароба так сябе праяўляе.

Тут яшчэ трэба ведаць, што хвораму чалавеку цяжэй адаптавацца да стрэсаў i змен у жыццi, чым здароваму чалавеку. Таму варта паклапацiцца пра тое, каб абстаноўка вакол хворага была прадказальная для яго i не выклiкала дадатковых стрэсаў.

— Як самому ў такой сiтуацыi захоўваць спакой i псiхiчнае здароўе?

— Заўсёды памятаць пра сваё ўласнае жыццё. У вас павiнны быць свае iнтарэсы, работа, адносiны з сябрамi. Павiнна быць сваё асабiстае жыццё, вы павiнны любiць i быць любiмымi. Займайцеся спортам, наведвайце тэатры, хадзiце ў госцi i на канцэрты.

Аднак уключаць у такое актыўнае жыццё сваяка, якi пакутуе на псiхiчнае захворванне, не трэба. Ён можа не вытрымаць такога рытму жыцця, якi лёгка пераносiцца здаровымi людзьмi, тых сацыяльных кантактаў, тых стрэсаў, якiя выклiкае актыўнае жыццё ў соцыуме.

Вядома, што сваякi хворага больш схiльныя да неўрозаў, таму можна парэкамендаваць наведваць групы дапамогi сваякам тых, хто захварэў, або працаваць з псiхолагам у iндывiдуальным парадку. Такая прапрацоўка ўласных праблем, эмацыянальнага стану паляпшае не толькi ўласны стан, але i якасць зносiн з захварэлым.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?