Вы тут

Лепшыя вершы нашых чытачоў


Пры Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы працуе літаратурны клуб «ПоэтиКо», якім кіруе бібліятэкар аддзела бібліятэчнага маркетынгу Наталля Ефціфеева (літаратурны псеўданім — Наталля Кандрашук). Штомесяц на пасяджэннях клуба кобрынскія паэты чытаюць адно аднаму вершы, у тым ліку хатнія заданні, і вучацца вершаскладанню — вывучаюць тэорыю і выконваюць цікавыя практыкаванні, развіваючы літаратурныя здольнасці. У складзе клуба 16 аўтараў: як пачаткоўцаў, так і тых, якія ўжо адбыліся ў свеце паэзіі і маюць выдадзеныя кніжкі.

Прапануем чытачам «Алесі» падборку ад літаб’яднання «ПоэтиКо».

Музыка душы

(трыялет)

Хтось да струнаў сэрца дакрануўся —

Палілася музыка з душы.

Дык бяры аловак і пішы.

Хтось да струнаў сэрца дакрануўся.

І цячэ мелодыя ў цішы,

Быццам тут раўчук які прачнуўся.

Хтось да струнаў сэрца дакрануўся —

Палілася музыка з душы.

 

Спевамі напоўніліся далі,

Наваколле радасцю кіпіць.

З той крыніцы кожны можа піць:

Спевамі напоўніліся далі.

Шчасце гэта не змагу купіць,

Нават каб яго і прадавалі.

Спевамі напоўніліся далі,

Наваколле радасцю кіпіць.

 

Дык часцей прыслухвайся да сэрца,

Гэтымі імгненнямі дышы.

Каб лілася музыка з душы,

Дык часцей прыслухвайся да сэрца.

Чулым будзь да гукаў у цішы,

Хай жа Бог да струнаў дакранецца.

Дык часцей прыслухвайся да сэрца,

Гэтымі імгненнямі дышы.

 

***

Ад сумётаў

Да самоты

Толькі крок.

Ад растання

Да світання —

Сумны змрок.

 

Ад надзеі

Да завеі —

Вокам кінь.

Ад турботы

Да свабоды —

Успамін.

Наталля Кандрашук

Нашчадкам

Мінае час, прыходзіць забыццё...
Але каштоўнае нашчадкам на паперу
Акрэсліць лёс, каб мацавала веру,
Каб уплялося стужкай у жыццё.

Ці лепш — на сэрца шчыраю слязой,
Бацькоўскім позіркам, матулінай усмешкай.
Хай застанецца непарушнай вешкай,
Каб не кранулася душы лязо.

 

Сумленне прамаўляе

Жыццё нам не заўсёды мякка сцеле,
Не пачастункі часам раздае...
Гаркотай адгукнецца пустазелле
Ад марнай справы, ды не аднае!

Нанізваюцца пацеркамі страты
Жыцця каралі на вітрыне дзён,
Іх ловіць чыйсьці позірк вінаваты,
Лёс раскрывае жалю парасон.

Не вытрасці, не скараніць, не знішчыць
Пякучы боль, атрутны для душы.
З артэрый духу кроў нявер'я свішча,
Сумленне ж прамаўляе: «Не грашы!»

Спасцігнуць таямніцы падарожжа,
Блуканні запыніць, шчэ покуль дзень,
Зварот да Бога пэўна дапаможа.
Ён знішчыць непазбежнай смерці цень.
 

Марына Міхалюк

Вечар

Душы стамлёнай адзіноту

Аблашчыць месяц малады.

Зноў у палоне сталай цноты

Нясуцца шпаркія гады.

 

Лянівы вецер сон калыша,

Здалёк даносіцца шансон…

Нібыта ажывае ціша,

Хавае ноты ў цёплы сон.

 

Прыціхлы вечар засынае,

Люляе сцішаны спакой,

І свечка полымя хавае

У воску кроплі залатой.

 

Ключы ад шчасця

У садзе бэзу зманлівыя гронкі:

Ад любасці вачэй не адарваць.

Чароўны водар, незвычайна тонкі,

У снах хоць ненадоўга захаваць.

 

Пялёсткі ўтомна вуснамі кранаю:

Не спіцца закаханым уначы.

У гронцы аксамітавай шукаю

Ад шчасця запаветныя ключы.

Надзея Момлік

У навальніцу

Маланкі злосна паласуюць неба,

А гром заходзіцца да хрыпаты.

У хвіліны тыя мне да болю трэба,

Каб захінуў ад навальніцы ты.

 

І зноўку пасярод журбы нянасця

Пытаннямі я непагадзь трывожу:

Мо ў крутаверці заблукала шчасце,

Прабіцца ў хмарах да мяне не можа?

 

Дыхнула ў твар дажджлівай прахалодай,

Чаму ж пякучасць нібы ад ляза?

Расстаннем вее палыновы водар.

У вачах дажджынкі… А ці то сляза?

 

Рабінавыя гронкі

Зноў за акном рабінавыя гронкі

Апошняе цяпло ў сябе ўбіраюць.

Смяюся бестурботна, надта звонка,

А праўду ад сябе самой хаваю.

 

Стараюся тваё цяпло ўвабраць,

А ты маўчыш і не глядзіш удагонку.

І разумею, што прыйшла пара

Мне адгарэць рабінаваю гронкай.

 

Ты не шкадуй, у мяне свая дарога,

Жанчыне ж слёзы дадаюць гадоў.

У тваім жыцці мяне занадта многа.

Ды не сябе, цябе — шкадую зноў.

 

Сама сабе прызнацца не адважусь:

Парвалася, было бо вельмі тонка.

Ткуць павучкі даўкой самоты пражу,

Гарчаць у тузе рабінавыя гронкі…

Ніна Пучык

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».