Вы тут

Як працуецца ў студэнцкім будаўнічым атрадзе?


Па выніках рэспубліканскага конкурсу «Працоўны семестр — 2020», што ладзіць БРСМ, найлепшымі ў Мінскай вобласці ў сваёй намінацыі сталі навучэнцы Салігорскага дзяржаўнага каледжа, якія працавалі ў будаўнічым атрадзе «Перамога-75». Дарэчы, першынство байцы атрымалі не першы раз.


Камісар атрада, сямнаццацігадовы Аляксей МАКАРЭЙКА (на здымку), які вучыцца па кваліфікацыі «электрагазазваршчык, слесар-рамонтнік», даведаўся аб студатрадаўскім руху летась ад свайго сябра. Вырашыў, што таксама трэба далучыцца.

— Ахвотных стаць байцом менавіта нашага атрада было шмат, таму арганізавалі адбор, запрасілі толькі тых, хто сябе добра праяўляў у грамадскім жыцці каледжа. Мне адразу прапанавалі стаць камісарам, я без роздуму пагадзіўся, бо па жыцці вельмі актыўны і ініцыятыўны, імкнуся заўсёды спрабаваць нешта новае. Працоўны семестр сёлета доўжыўся два месяцы, мы шчыравалі ў дзіцячым садку № 37. У абавязкі ўваходзіла выкананне падсобных работ: штосьці пафарбаваць, паднесці, устанавіць. Мы былі замацаваны за вопытнымі майстрамі, а таксама іншымі спецыялістамі. Прачыналіся рана, а восьмай гадзіне раніцы ўжо павінны былі пачынаць справу. А ў вольны час звычайна з хлопцамі разам адпачывалі, ладзілі душэўныя вечары.

Аляксей кажа, што тыя задачы, якія перад ім ставіліся, аказаліся не вельмі складаныя.

— Зразумела, падчас працоўных будняў здараліся непрадбачаныя сітуацыі, але спраўляліся з імі з усмешкай на тварах. Спадабалася, што больш дасведчаныя спецыя-
лісты прынялі нас вельмі добра, шчыра кажучы, чакаў, што да нас будуць ставіцца несур'ёзна, як да дзяцей, але яны размаўлялі з намі як з роўнымі. Пасля заканчэння працоўнага семестра мы і дагэтуль сустракаемся з хлопцамі, прыгадваем агульныя справы. Дарэчы, калі толькі вырашыў пайсці ў студатрад, бацькі і сябры падтрымалі, некаторыя таксама захацелі паспрабаваць свае сілы ў ім. Для мяне такі вопыт — гэта новыя знаёмствы, цікавыя дні і магчымасць зарабіць уласныя грошы. Сёлета ў мяне была апошняя магчымасць далучыцца да студатрадаўскага руху, але калі прапанавалі б зноў, з задавальненнем пагадзіўся б.

Сямнаццацігадовы Захар ВАСЮКОВІЧ вучыцца ў каледжы па кваліфікацыі «электрагазазваршчык». Пазнаёміўся з рухам студатрадаў два гады таму.

— Спачатку пайшоў у экалагічны, а ўжо сёлета — у будаўнічы. Хацелася не сядзець без справы, нешта зарабіць і набыць новых сяброў. Вольнага часу на аб'екце не было: клалі плітку, падносілі інструменты, выносілі смецце, фарбавалі, замешвалі бетон... Спецыялісты нас многаму навучылі, гэта дакладна спатрэбіцца як сёння, так і ў будучыні. Мне пашанцавала, бо месца працы знаходзілася блізка ад дому, таму я нават на абед паспяваў схадзіць. Складана падчас работы не было, здавалася, што тыя дні праляцелі як імгненне. Адным словам, семестр праходзіў весела і плённа. Сябры, дарэчы, не вельмі падтрымлівалі маю ідэю працаваць летам у студатрадзе, казалі, што лепш пайсці пагуляць на вуліцы, а вось бацькі аднесліся станоўча. Ды і сам я не шкадую пра гэта, такі вопыт, безумоўна, карысны. Цяпер толькі з цеплынёй успамінаю аб ім.

Яшчэ адзін баец, сямнаццацігадовы Ілья БАШЛАКОЎ, які вучыцца на электрагазазваршчыка і мантажніка тэхналагічнага абсталявання, таксама як і Захар удзельнічаў у студатрадзе два гады.

— Галоўнай матывацыяй для мяне была магчымасць зарабіць уласныя грошы. Хацеў купіць пэўную рэч самастойна, без дапамогі бацькоў. Гэта першая работа, за якую мне заплацілі грошы. Пасля заканчэння працоўнага семестра ўсім выдалі нават большую зарплату, чым чакалі, гэта не магло не радаваць. Бацькі таксама адобрылі, што я атрымаў такі досвед, яны ўпэўнены, што цяпер буду ведаць цану грашам. Спачатку выкананне некаторых задач давалася не вельмі лёгка з-за таго, што патрабавалася хуткасць ва ўсім, а ў мяне не было дагэтуль падобнага вопыту, таму крыху бянтэжыўся, але потым усё ж такі з'явілася ўпэўненасць. Тым больш дапамагалі вопытныя майстры. Усё тое, чаму яны нас навучылі, я запомніў і буду выкарыстоўваць у далейшым.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.