Вы тут

Як перакласці шэпт дажджу і запаволіць чытанне


Алесь Разанаў. Маланка жне, гром малоціць. Вершаказы. Мінск, «Мастацкая літаратура», 2020.

«Рэчка — рух, возера — спакой, рэчка — у спрэчцы, возера — у роздуме, рэчка няўрымслівая, як рысак, возера ўстойлівае, як воз, рэчка — у сустрэчах і расстаннях, возера — у сябе дома...»

Паэт Алесь Разанаў нанізвае вобразы, як пацеркі, на нітку эпасу, на прамень філасофскага сэнсу, які апынецца ў сарцавіне тэксту і з'яднае і фрагменты кожнага твору, і ўсе творы зборніка ў адно цэлае.

Шлях атаясамлівання, як і належыць: у кроплі — акіян, у побытавай рэчы — сусвет... Паэт па-ранейшаму перакладае шэпт дажджу і стварае глабальнае, універсальнае ў беларускіх каардынатах. Кніга «Маланка жне, гром малоціць» сабрала вершаказы розных часоў — гэта адна з прыдуманых Алесем Разанавым формаў, а былі яшчэ, нагадаю, версэты, квантэмы, зномы, пункціры.

«Галоўная дзеючая асоба ў вершаказах — само, зродненае з рэччу ці з'явай, слова. Яно вымаўляе сябе, выяўляе і вымалёўваецца ў карціну» — тлумачыцца ў прадмове. Дзеючыя асобы вершаказаў — дуб, каса, горад, пчала, дзверы, дым, крыга, смага, воўк, хлеб, грошы, сякера, ліхтар, кішэня... Паўтары сотні словаў, агульным для якіх з'яўляецца толькі тое, што яны змаглі даць штуршок фантазіі і мыслярству паэта, хоць Разанаў — не першы, хто спрабуе пранікнуць у абалонку слова, як фізік — у атам, каб пабачыць бездань, што жыве па сваіх законах.

Часам, каб дэструктураваць слова, максімальна дастаць з яго сэнсы, аўтар бярэ аналогіі з іншых моў.

«Лацінскае sol — квінтэсенцыя свету, соль рэчаіснасці.

Нямецкае Sonne знае сэнс (Sіnn) усіх з'яў; яно ззяе, як звон, і, як звон сваю звонкасць выпраменьвае сваё ззянне, свой «зной», на ўсе зоны прасторы.

Стараславянскае слънце сланяецца ад небасхілу да небасхілу: у ім тая няспешнасць, тая ленасць, якая дазваляе ўсім істотам адчуваць сябе далучанымі да лона вечнасці...

Беларускае сонца — бясконцы сон, які абяцае, што некалі ён увасобіцца ў яву».

Да тэксту, што кідае выклік інтэлекту чытача, далучаецца адпаведнае афармленне. Мастачка Кацярына Дасько зрабіла лаканічную графіку, у якой таксама хаваюцца вобразы і сімвалы ў той колькасці, у якой іх зможа вылучыць уважлівы чытач.

І калі ў каго ёсць сумневы, што беларуская літаратура — паўнавартасная частка еўрапейскай, яму варта звярнуцца да паэзіі Алеся Разанава. А знаўца проста атрымае асалоду, апынуўшыся ўнутры выкшталцонай «гульні ў шкляныя перлы». Таму што свет не будзе ранейшы, калі заўважыць, што дзверы адгукаюцца таму, хто стукаецца, яго ж стукам, што калі чалавек спыняецца — ён камянее, а камень, у сваю чаргу, пераймае чалавечую іпастась: на ім пішуцца імя і лічбы, а ў чоўна ёсць вочы, раскіданыя па ўсёй паверхні яго цела.


Мастацтва павольнага чытання. Гісторыя, традыцыі, сучаснасць. Масква, «Канон-плюс», 2020.

Адзін з маіх любімых кніжных набыткаў за гэты год — калектыўная манаграфія, падрыхтаваная Інстытутам сусветнай літаратуры імя Горкага Расійскай акадэміі навук на тэму, якая мяне асабліва хвалюе, як кожнага «кніжнага» чалавека ў эпоху інфармацыйнага выбуху. Ці выжыве высокая літаратура ў часы, калі людзі развучыліся яе ўспрымаць, атрымліваць задавальненне ад стылю? Бо чытач — суаўтар пісьменніка, і колькі разоў кніга прачытаная — столькі варыянтаў яе існуе. Самая добрая кніга ў адсутнасці дасведчанага чытача — плясканне ў ладкі адной далонню. Метад «мастацтва павольнага чытання» быў сфармуляваны расійскім навукоўцам Міхаілам Гершэнзонам, 150-годдзю якога і прысвечаны зборнік. «Мастацтва бачыць скрозь прывабнасць формы бачанне мастака». Паўтара дзясятка артыкулаў слынных навукоўцаў аналізуюць «павольнае чытанне» ў розных аспектах. Гэта і трактоўка сакральных тэкстаў, і мастацкі пераклад, і дыялагічнае чытанне, якое разглядаецца на прыкладзе Хорхе Луіса Борхеса... Кожнага з аўтараў, падобна, тэма закранае не толькі як навукоўца — а гэта дадае неабходны эмацыянальны элемент. Колькі сёння існуе курсаў, каб навучыцца хутка чытаць, засвойваць усё большыя аб'ёмы інфармацыі! Але інфармацыя не тоесная твору, як не тоесны клубок нітак, звязанай з яго прыгожай сурвэтцы — хоць не змянілася ні фактура матэрыялу, ні яго колькасць. На думку доктара філасофскіх навук Валерыя Падарогі, у свеце хуткачытання знікае сама літаратура — яна замяняецца масмедыя. А пісьменнікі, якія маюць мас-медыйны поспех, ствараюць сімулятыўную літаратуру, хоць і намагаюцца захаваць імідж «высакалобай эліты». Змянілася ўсё, нават месцы чытання. Цяпер гэта — метро, калідор паліклінікі, але не крэсла перад камінам ці стол, за якім сабраліся сямейныя, каб паслухаць раздзел новага рамана Дастаеўскага. «Пры паскарэнні чытання з досведу чалавека вымываюцца глыбінныя сэнсавыя кантэксты», — змрочна канстатуе сацыёлаг Уладзімір Нікалаеў. Так што пасля прачытання зборніка хочацца неадкладна ўзяць добры тэкст і вярнуць сабе глыбінныя сэнсы... Якім чынам — залежыць ад вас, бо навукоўцы на тое і навукоўцы, каб дыскутаваць не толькі з прафанамі, але і паміж сабой.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».