Вы тут

Электратранспарт, карпаратыўнае сеціва і бескантактавая кавярня. Рэзідэнты Гродзенскага тэхнапарка выходзяць на рынак з інавацыйнымі праектамі


Большасць заснавана на інфармацыйных тэхналогіях. Сярод іх ёсць па-сапраўднаму «прарыўныя». Напрыклад, электронны сэрвіс паслуг для ўсіх гарадоў Беларусі. Альбо карпраратыўная сувязь паміж калектывам універсітэта. Ці наогул наспелае пытанне па арганізацыі дастаўкі невялікіх грузаў малагабарытным электратранспартам.


Навукова-тэхналагічны парк створаны пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы два гады таму для рэалізацыі інавацыйных праектаў. Зараз ён месціцца ў адноўленым будынку і налічвае 13 рэзідэнтаў, палова з якіх — гэта студэнты і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Таму некаторыя праекты скіраваны як на раскрыццё ўнутранага патэнцыялу адукацыйнай установы, так і на дапамогу студэнтам на рынку працы.

Гэтаму ў поўнай ступені адпавядае праект па інфармацыйных тэхналогіях і вядзенні бізнесу. Яго распрацоўкай заняліся два факультэты — эканомікі і кіравання разам з факультэтам гісторыі, камунікацыі і турызму. Кірунак самы запатрабаваны — медыя, інфармацыя, камунікацыя, піяр, рэклама. Як растлумачыў кіраўнік кампаніі-рэзідэнта, старэйшы выкладчык кафедры журналістыкі Сяргей Ляшук, ідэя ў тым, каб выкарыстаць усе найноўшыя распрацоўкі па гэтай тэме і стварыць новы, больш дасканалы прадукт у сферы электроннага маркетынгу і рэкламы.

— У нашым выпадку быў створаны інфармацыйны партал і праграма, якія прапануюць спажыўцу інфармацыйны сэрвіс з пералікам абсалютна ўсіх паслуг усіх гарадоў Беларусі, — удакладніў суразмоўнік. — Я з такой мабільнай праграмай, едучы па краіне, магу атрымаць інфармацыю, бонусы, зніжкі ад усіх устаноў у месцы знаходжання. І, адпаведна, магу кіраваць імі з дапамогай QR-кода.

Гэтая праграма будзе карысная і для кампаній, упэўнены Сяргей Ляшук. Многія з іх лічаць, што ўмеюць добра сябе рэкамендаваць у сеціве. А на самай справе гэта атрымліваецца не на належным узроўні. Па ўсім відаць, распрацоўка гродзенцаў дапаможа кампаніям правільна ўзаемадзейнічаць з мэтавай аўдыторыяй, будаваць уласныя стратэгіі на аснове апошніх распрацовак у ІТ.

Не забыліся распрацоўшчыкі і пра сваю альма-матар. З дапамогай тых жа «айцішных» рашэнняў ствараецца карпаратыўна-інфармацыйная сетка для ўніверсітэта. Аказваецца, гэта адзіны такі праект у краіне, дзе будзе наладжана ўзаемадзеянне супрацоўнікаў і студэнтаў праз інфармацыйныя тэхналогіі. Да канца года прадукт будзе запушчаны і пачнецца яго продаж у іншых рэгіёнах. А на чарзе — новая распрацоўка.

— Нядаўна ў нас з'явілася ідэя па стварэнні інавацыйнай кавярні з бескантактавай дастаўкай. Плануецца адкрыць яе на плошчах тэхнапарка. Будзе набыта найноўшае абсталяванне, якое ў Беларусі мала дзе ёсць. І праз праграму спажыўцы змогуць заказаць любімую страву і яе дастаўку. У нас будзе дамова з партнёрамі — установамі харчавання, якія гатуюць якасна і па прымальнай цане. Кавярня будзе таксама працаваць у рэальным рэжыме, — расказаў кіраўнік праекта.

Сапраўды, попыт на дастаўку тавараў пастаянна расце. Удасканаліць гэтую сістэму ўзялася і кампанія-рэзідэнт «Класік Электра». Тут мяркуюць карэнным чынам палепшыць работу па арганізацыі і дастаўцы малагабарытных грузаў з дапамогай новага праграмнага забеспячэння, якое будзе суправаджаць выключна электрамабільны транспарт.

— Наша «фішка» ў тым, што мы вырашылі тры праблемы, якія перашкаджаюць развіццю электрамабільнасці. Гэта — высокі кошт, неабходная інфраструктура і дыяпазон зарадкі. Машына можа ездзіць 500 кіламетраў з дапамогай нашага софта і сістэмы зменных акумулятараў, — растлумачыў кіраўнік кампаніі Сяргей Жыльцоў. — Электрычны транспарт выдаткоўвае ад двух рублёў на 100 кіламетраў прабегу, не патрабуе такога частага тэхнічнага абслугоўвання, як транспарт на вуглевадародах. Плюс — зніжаюцца шкодныя выкіды. Дастаўка на такім транспарце абыдзецца спажыўцу значна танней.

Паўстае пытанне: дзе ўзяць электратранспарт? Па словах распрацоўшчыкаў, электрамабілі на першым этапе будуць закупляць у замежных вытворцаў. Паступова іх можна будзе адаптаваць да беларускай вытворчасці — ставіць мясцовыя шыны і нават рухавікі. Магчыма, гэта падштурхне і беларускіх аўтавытворцаў на выпуск найбольш «хадавых» электрычных мадэляў. Пакуль кампанія мяркуе мець аднаго транспартнага аператара на горад па дагаворы франшызы.

Сяргей Жыльцоў паведаміў, што кампанію дапусцілі ў экасістэму стартапаў «Сколкава» (Расія) для пошуку інвестыцый. Зараз распрацоўшчыкі вядуць перагаворы з краінамі, дзе электрычны транспарт шырока выкарыстоўваецца, каб прапанаваць свой пілотны праект.

— Напачатку мы плануем выпрабаваць нашу распрацоўку ў Эстоніі, дзе прыцягнем да эксперыменту 30 машын. Гэта своеасаблівая стартавая пляцоўка для выхаду на рынкі ЕС, што нам таксама выгадна з пункту гледжання экспартаарыентаванага бізнесу з выкарыстаннем беларускіх рэсурсаў, — адзначыў кіраўнік праекта.

Гродзенцы ўпэўнены, што іх распрацоўка зацікавіць і беларускіх інвестараў, бо прапануе значна таннейшы сродак дастаўкі. А гэта значыць, дазволіць малому і сярэдняму бізнесу развівацца далей. Напрыклад, для статысячнага горада аптымальна мець 330 электрамабіляў. У ход могуць пайсці не толькі электрамабілі, але і электрасамакаты, электравеласіпеды. Самае галоўнае тут — абсталяваць іх новым праграмным забеспяччэннем.

Дарэчы, Беларусь плануе актыўна ісці па шляху развіцця электратранспарту, у сувязі з чым рыхтуецца адпаведны праект праграмы на 2021—2025 гады. Названы дакумент цяпер праходзіць дапрацоўку і павінен быць завершаны да 1 студзеня 2021 года. Аб гэтым ішла размова падчас наведвання Раманам Галоўчанкам холдынга «Белкамунмаш». Прэм'ер-міністр вызначыў гэты кірунак як адзін з ключавых у праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны і прапанаваў больш актыўна ўкараняць электратранспарт, выкарыстоўваць яго ў камерцыйных мэтах.

Пэўныя крокі ў электрамабільным кірунку плануе зрабіць і ГрДУ імя Янкі Купалы. Факультэт інавацыйных тэхналогій машынабудавання будзе рыхтаваць інжынераў па абслугоўванні электратранспарту. Сёння такая дысцыпліна вывучаецца ў кантэксце іншых спецыяльнасцяў.

Неабходны каментарый дае Юрый Раманоўскі, прарэктар па навуковай рабоце ГрГУ імя Янкі Купалы:

— Мы ўдзельнічаем у эксперыментальным праекце па ўкараненні канцэпцыі «Універсітэт 3.0» і скіраваны на ўніверсітэт прадпрымальніцкага тыпу. Каб студэнты маглі з чагосьці пачаць, быў створаны цэнтр трансферу тэхналогій, республіканскае ўнітарнае прадпрыемства «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Тэхналаб», які атрымаў статус тэхнапарка. Цэнтр трансферу тэхналогій — гэта мосцік паміж ВНУ і вытворчасцю, паміж распрацоўкамі і іх укараненнем. А тэхнапарк стварае пэўную інфраструктуру для развіцця інавацыйнага прадпрымальніцтва. Тут размешчана высокатэхналагічнае абсталяванне, якое выдзяляецца ў арэнду рэзідэнтам парка па аказанні паслуг у 3D-мадэляванні, 3D-прататыпіраванні, лазернай рэзцы, інфармацыйных паслуг і ншага.

Зараз вядзецца будаўніцтва другой чаргі парка, якое фінансуецца за кошт сродкаў рэспубліканскага і абласнога інавацыйных фондаў. Тут будуць размешчаны як офісныя, так і вытворчыя памяшканні. А таксама выставачныя павільёны, канферэнц-залы, каворкінг-зоны для бізнес-стустрэч.

У ГрДУ імя Янкі Купалы дзейнічае студыя праектаў стартапаў, дзе студэнту дапамогуць сфарміраваць яго бізнес-ідэю, каб яна была запатрабаваная на рынку. Летась створаны фонд інавацыйнага развіцця для падтрымкі прадпрымальніцтва. Ён фінансуе работы студэнтаў і выкладчыкаў па стварэнні прадукту для яго далейшай камерцыялізацыі. Напрыклад, зараз вядзецца распрацоўка прататыпа алкатэстара — паравымяральніка. Пададзены яшчэ чатыры заяўкі на распрацоўку інвавацыйных прадуктаў. Пераможцы атрымаюць грашовыя сродкі.

У парку нават ёсць кампанія, якая займаецца псіхалагічным суправаджэннем па інавацыйных методыках. Студэнтка арганізавала ІП і распрацавала праграму псіхалагічнага кансультавання для тых, хто скіраваны на адкрыццё ўласнай справы, асобасны рост.

Для рэзідэнтаў існуюць пэўныя льготы. Практычна ў два разы зніжана стаўка падатку на прыбытак, арэндная стаўка таксама разлічваецца па зніжаных тарыфах, ільготныя ўмовы існуюць пры карыстанні аргтэхнікай і іншым абсталяваннем.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота grodnonews.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык адкрывае цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.