Вы тут

Як на Віцебшчыне падтрымліваюць малое і сярэдняе прадпрымальніцтва


Для падтрымкі дзелавой ініцыятывы ў нашай краіне робіцца шмат. Усё больш ахвотных пачаткоўцаў у бізнесе, жадаючых стаць рамеснікам, заняцца фермерствам, упэўніваюцца ў тым, што ўмовы для старту і развіцця самыя добрыя.


У тым ліку аказваецца і фінансавая падтрымка ў рамках дзяржаўнай праграмы «Малое і сярэдняе прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь» на 2016—2020 гады. У прыватнасці, сёлета ў Прыдзвінні на гэтыя мэты прадугледжана выдаткаваць больш за 1,8 мільёна рублёў.

Тыя, хто мае права атрымаць грошы, вызначаны рашэннем Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў. У вобласці каля 31 тысячы суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. У тым ліку больш за 22,7 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Ад іх летась у бюджэт вобласці пералічана 441,5 мільёна рублёў — а гэта каля 24 % у агульным аб'ёме паступленняў.

Сярод фірмаў, якія функцыянуюць у Віцебскай вобласці, ёсць тыя, што вырабляюць унікальную прадукцыю. У прыватнасці, машынабудаўнічая кампанія «Віцебскія пад'ёмнікі». Не так даўно тут распачалі выраб навінкі: самага магутнага пад'ёмніка з тэлескапічнай стралой, вышыня пад'ёму якой да 45 метраў. Сёлета тут асвоілі і выраб унікальнага перавозчыка смецця: ён можа прэсаваць яго, манеўраваць у самых маленькіх дварах, падымаць кантэйнеры любых тыпаў.

Прадпрыемства было створана ў 2004 годзе як сэрвіс па рамонце грузапад'ёмнай тэхнікі. Першы пад'ёмнік быў выпушчаны праз пяць гадоў. Тады вытворчая магутнасць прадпрыемства складала ўсяго 10 аўтамабіляў у месяц. У 2016-м была праведзена буйная мадэрнізацыя завода: пабудаваны новыя вытворчыя цэхі, закуплена найноўшае сучаснае высокатэхналагічнае абсталяванне, якое дазволіла аўтаматызаваць вытворчасць і павялічыць выпуск аўтамабіляў да 40 адзінак у месяц.

У сувязі з тым, што колькасць відаў бізнесу, якія юрыдычна не адносяцца да прадпрымальніцкай дзейнасці, павялічылася з 18 да 30, значна больш стала тых, хто вырашыў зарэгістравацца па заяўным прынцыпе. І колькасць самазанятых пастаянна расце. Што цікава: палова ўсіх, хто працуе па такім прынцыпе, аказваюць цырульныя і касметычныя паслугі. Вельмі распаўсюджаныя таксама распілоўка і колка дроў, тынкавальныя, малярныя і шкляныя работы...

Каб з нуля разабрацца, з чаго распачаць сваю справу, дзейнічае сетка суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Віцебску, Аршанскім раёне, Наваполацку, Полацку і Глыбокім.

Ёсць і інкубатары для тых, хто распачаў дзейнасць у малым бізнесе. Яны дзейнічаюць у абласным цэнтры, Оршы і Полацку. Там кансультуюць па пытаннях фінансавай адукаванасці, падаткаабкладання, аховы працы, ажыццяўлення экспартнай дзейнасці. А яшчэ аказваюць маркетынгавыя, бухгалтарскія, юрыдычныя паслугі. На плошчах інкубатараў размешчана больш за дзвесце арганізацый, дзе працуе каля 1,3 тысячы чалавек. Інкубатары здаюць у арэнду памяшканні, офіснае абсталяванне. Вельмі важна, што пры гэтым садзейнічаюць у пошуку партнёраў, атрыманні фінансавых рэсурсаў, укараненні ў вытворчасць сучасных тэхналогій. Цяпер інкубатар «Закон і Парадак» рэалізуе праект па стварэнні тэхналагічнага парка біямедыцынскіх і інфармацыйных тэхналогій «Віцебская крэмніевая даліна».

Асаблівая ўвага падтрымцы беспрацоўных. Яны атрымліваюць субсідыі для арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. Мясцовая ўлада ідзе ім насустрач нават па самых дробных пытаннях. Каля ста субсідый у год — гэта не мяжа для падтрымкі тых, хто вырашыў зарабляць самастойна.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Ад вырабу машын да колкі дроў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».