Вы тут

Прэзідэнт Беларусі ўхваліў план прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў


Міністр абароны Віктар Хрэнін і начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл Аляксандр Вальфовіч прадставілі Прэзідэнту Беларусі прапановы па перапрацоўцы плана прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў Беларусі і Расіі.


Фота БелТА.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней былі дасягнуты дамоўленасці аб тым, каб асучасніць, актуалізаваць план прымянення сумеснай групоўкі войскаў з улікам сітуацыі на заходніх межах і ў свеце наогул. «Сёння я хацеў бы пачуць, што новага ў сувязі з перапрацаванымі дакументамі і што трэба будзе нам яшчэ зрабіць (калі неабходна), таму што нагнятанне абстаноўкі ідзе. Як бы мы тут ні заяўлялі, як бы нас ні закалыхвалі і кіраўніцтва ЗША, а цяпер і кіраўніцтва НАТА. Кажуць, апраўдваючыся, што не, гэта мы проста так трэніруемся. Але мы людзі ваенныя. Калі нават трэніруемся, то, значыць, для чагосьці. Таму нам супакойвацца нельга, нават калі ў нас за спінай знаходзіцца сапраўды магутная армія, як кажуць, другая армія ў свеце, вельмі магутная. Але тым не менш нам супакойвацца нельга», — сказаў беларускі лідар.

Аналагічная праца па абнаўленні плана прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў праводзіцца і ў Расіі, падкрэсліў Лукашэнка. «Я мяркую, што Прэзідэнту Расіі таксама будзе даложана аб выніках гэтай працы», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Кіраўнік краіны растлумачыў, што дамоўленасцямі Саюзнай дзяржавы для абароны межаў на заходнім кірунку прадугледжана сумесная групоўка, аснову якой складаюць Узброеныя Сілы Беларусі. У Заходняй ваеннай акрузе Расіі створаны сілы і сродкі, якія ў выпадку канфлікту, ваенных дзеянняў разам выступаюць на абарону Беларусі і Расіі.


Вальфовіч: Ні адну вялікую вайну і вялікую агрэсію ні адна дзяржава ў свеце самастойна перамагчы не можа

Па словах начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Аляксандра Вальфовіча, план прымянення рэгіянальнай групоўкі войскаў, прадстаўлены Прэзідэнту, распрацаваны генеральнымі штабамі Беларусі і Расіі з улікам прагнозу ваенна-палітычнай і стратэгічнай абстаноўкі ва ўсходнім рэгіёне калектыўнай бяспекі.

«У дадзеным дакуменце рэгіянальная групоўка войскаў, перад усім, — механізм стратэгічнага стрымлівання і адлюстравання буйнамаштабнай агрэсіі супраць Саюзнай дзяржавы. Трэба разумець, што ні адну вялікую вайну і вялікую агрэсію ні адна дзяржава ў свеце самастойна перамагчы не можа.Таму і распрацаваны план прымянення рэгіянальнай групоўкі», — паведаміў начальнік Генеральнага штаба Узброеных Сіл.

Начальнік Генеральнага штаба праінфармаваў, што план кіраўнік дзяржавы ўзгадніў, ён будзе вынесены на зацвярджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, пасяджэнне якога запланавана на снежань.

План прымянення рэгіянальнай групоўкі войск уваходзіць у склад дакументаў плана абароны краіны, які кіраўнік дзяржавы зацвердзіў у мінулым годзе. Дакумент карэктаваўся на працягу года з улікам зменлівай ваеннай абстаноўкі. У адноўленым дакуменце ўдакладнены баявы склад рэгіянальнай групоўкі войскаў, яго структура і тэхніка, якая маецца на ўзбраенні ў арміях Беларусі і Расіі.

Марыя ДАДАЛКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?