Вы тут

«Хто гэта збіраецца мяне рэдагаваць?»


Уладзімір Караткевіч церабіў свой шлях у літаратуры і, занатоўваючы ў памяці рэальныя падзеі, пераплаўляў іх у горне мастацкага ўяўлення праз сваю стылістыку, праз уласнае ўспрыманне іх у нацыянальным і сусветным маштабе, а потым прапаноўваў чытачу непадобныя і непадробныя брыльянты паэзіі, прозы, драматургіі і эсэістыкі. Усвядоміць у іх аўтарскую інтэнцыю і яе рэалізацыю ў канкрэтным творы, на жаль, было дадзена не кожнаму рэдактару. Ды яшчэ з улікам ідэалагічнага кантэксту, калі рэдагаванне было, па сутнасці, другім этапам працы з аўтарскім матэрыялам, які перадусім мусіў прайсці праз цэнзарскае ўхваленне Галоўліта — фактычна структуры аддзела прапаганды і агітацыі ЦК КПБ.


Рэдактарская праўка апошняй старонкі машынапісу эсэ «Летапісец», 1966 г.

Першыя сутыкненні Караткевіча з рэдактурай адбыліся ўжо на пачатку творчага шляху, калі ў  1957 годзе рэцэнзія на раман Уладзіміра Дудзінцава «Не хлебам адзіным» была адхілена галоўным рэдактарам аршанскай раённай газеты «Ленінскі прызыў». Больш за тое, ён піша ліст сакратару ЦК КПБ Ц. Гарбунову з патрабаваннем разабрацца нават з рэспубліканскімі літаратурна-мастацкімі выданнямі, якія друкуюць вершы Караткевіча. Толькі падтрымка старэйшых калег па пісьменніцкім цэху Пятра Глебкі і Янкі Казекі, якія апублікавалі ў «Звяздзе» артыкул «Ці гэта чакаў малады паэт», уратавала пачаткоўца ад далейшага цкавання.

У 1961 годзе Караткевіч прапануе часопісу «Полымя» твор (фактычна — першую аповесць) «Раман Ракута» з жанравым вызначэннем «Сівая легенда». Сярод архіўных матэрыялаў выяўлена дакладная запіска начальніка Галоўліта Л. Садоўскага сакратару ЦК КПБ В. Шауру — тэндэнцыйны непрафесійны разбор мастацкага твора без уліку гістарычнага кантэксту: «У легендзе Уладзімір Караткевіч не раскрывае сутнасці сялянскага паўстання, амаль нічога не кажа пра жыццё сялян таго часу»; «У легендзе ідэалізуюцца і некаторыя прадстаўнікі судовых органаў таго часу, якія па сцвярджэнні аўтара не пазбаўлены пачуцця справядлівасці. А жыхароў горада Магілёва, дзе разгортваюцца заключныя дзеянні легенды, аўтар паказвае як бязвольных п’яніц». Як вынік, у першай празаічнай кнізе «Блакіт і золата дня» жанравае вызначэнне «Сівая легенда» становіцца назвай твора, якая і ў далейшым выкарыстоўвалася Караткевічам, у тым ліку і для аднайменнай оперы.

Эпапея, звязаная з выданнем рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі», падрабязна апісана Генадзем Кажамякіным, укладальнікам 6-га тома Збору твораў у 25 тамах, які выдаецца ў «Мастацкай літаратуры». Але не менш захапляльныя аповеды, відаць, можна стварыць і пра не надрукаваныя пры жыцці пісьменніка творы. Па-першае, сам Караткевіч мог усведамляць, што твор «не пройдзе», і пакідаў яго да лепшых часоў (затое не будзеш раздражняць пэўныя органы, а іншыя творы будуць друкавацца). Можна, напрыклад, назваць апавяданне «Маленькая балерына», эсэ «Я люблю цябе» і «Джон — Ячменное зерно», верш «Выносьце з сэрцаў саркафагі…» і інш. Па-другое, самі рэдактары не адважваліся браць вострыя творы ў друк, рабілі шматлікія прыдзіркі да тэкстаў. Так, у 1973 годзе Караткевіч пасля шматлікіх заўваг забірае з  «Нёмана» эсэ «Святая Предслава» пра Ефрасінню Полацкую. А ў эсэ «Да новых і далёкіх даляглядаў» піша (сказ выкраслены з публікацыі): «І так, як рэдактар почасту здзіўляецца, нашто беларускаму чытачу апавяданне аб старажытным Кітаі (невядома толькі, як тады быць з “Кама градзешы” Г. Сянкевіча або з “Саламбо” Г. Флабера?), няхай адказвае яно хоць сто разоў на пытанні сучаснасці, так ён часта ставіцца і да перакладу». Тут, зразумела, размова вядзецца пра не надрукаванае пры жыцці пісьменніка апавяданне «Вялікі Шан Ян».

Гэта, так бы мовіць, макраўзровень рэдактарскага аналізу як часткі рэдагавання — адхіленне твора з пэўнай матывацыяй. Але і мікраўзровень рэдактарскага аналізу — па абзацах і сказах — таксама вынікаваў змяненне Караткевічавых твораў. Былыя рэдактары «Мастацкай літаратуры» згадваюць сказ-пытанне Караткевіча: «Хто гэта збіраецца мяне рэдагаваць?» У апраўданне супрацоўнікаў варта прызнаць, што яны даводзілі тэксты да ладу з гледжання арфаграфіі, пунктуацыі і граматыкі, але не заўсёды якасна і з улікам кантэксту. Больш шкодзілі выняткі ці то загадчыкаў аддзелаў, ці то галоўных рэдактараў, якія, перастрахоўваючыся, часам скарачалі тэкст да непазнавальнасці. Даследаванне паказала, што найбольш часта траплялі пад нож наступныя фрагменты.

• Датычныя захавання ў творы нацыянальна-культурнай карціны свету праз ужыванне слоў Беларусь, беларус, беларускі (у прыжыццёвых выданнях няма вылучаных слоў або яны заменены сінонімамі): «“Беларус! Ільвяня!” — пачуў я перарывісты голас Дубатоўка»; «Беларусь (Радзіма) мая! Гаротная маці! Плач!» («Дзікае паляванне караля Стаха»); «“Больш за ўсё я не люблю прыходзіць па беларусаў (такіх, як ты)”, — урэшце сказала яна»; «Ты зноў папаўся, беларус...» («Ладдзя Роспачы»); «Шляхта! Соль зямлі! Гонар беларускі!»; «Клянуся вачыма Маці Божай, удзелам Святога Юрыя — зямлёй беларускай (сваёю), я буду ціхім каралём, калі вы хочаце» («Цыганскі кароль»).

Адзначаныя праўкі разбуралі аўтарскую задуму, якая выяўлялася ў настойлівым імкненні Караткевіча выпрацоўваць нацыянальную свядомасць беларусаў, паказваць, што яны мелі і сваіх мужыкоў, і сваю шляхту, г. зн. пісьменнік браў на сябе ролю прапагандыста праўдзівай гісторыі краіны ў  супрацьвагу закасцянелым сцвярджэнням дагматычных падручнікаў.

• З прамой адсылкай да тэкстаў Святога Пісьма або са згадваннем Бога, што не адпавядала марксісцка-ленінскай ідэалогіі з яе антырэлігійнай прапагандай. Такіх выпадкаў безліч, таму пакажам гэта на адным абзацы з дыялогу Чорнага Войны і Раўбіча ў «Каласах пад сярпом тваім»: «Памятаеш, Іакаў дужаўся з Богам. Я быў малады і гарачы. Адзін дык адзін. І я вырашыў: паўстанне будзе жыць, пакуль буду жыць я. Павінна ж быць праўда! Павінен быць Бог у небе!». У хрэстаматыйным вершы «Багдановічу», надрукаваным у кнізе «Мая Іліяда», уласная назва гары заменена безаблічным русізмам: «Перад светлай Сінайскай (заветнай) гарой» і ліквідавана апошняя страфа з цытаваннем верша М. Багдановіча: «Не загіне ні слова, ні справа, // Калі здолеў хоць нешта сказаць: // Вашай сілы і вашае славы // “Не разбіць, // Не спыніць, // Не стрымаць!”». Твор пры грунтоўным рэдактарскім аналізе страціў вельмі важныя дамінанты, якія, не зрушваючы асноўны сэнсавы стрыжань, істотна ўплываюць на рэалізацыю аўтарскай задумы. Праўкі з сённяшняга гледзішча цалкам нематываваныя і толькі пагоршылі аўтарскі рукапіс.

 • Экстрапаляваныя на агульначалавечыя і ўсясветныя рэаліі: Караткевіч паказваў чалавечыя характары, уласцівыя кожнай эпосе і здольныя нейкім чынам паўплываць на змяненне іх да лепшага ў тагачасных (і сённяшніх) стасунках. Прыклад скарачэння фрагмента з рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні: Евангелле ад Іуды»: «Абрыдлівае гэта было відовішча. Сотні дзве трусікаў, пятнаццаць свіней і адзін — адзіны — чалавек… Але гэта не такая ўжо рэдкая з’ява на гэтай зямлі… У большасці месцаў так…»

• З выказваннямі, у якіх гучала крытыка дзеянняў уладных структур. Асабліва гэта выявілася ў эсэ У. Караткевіча, у якіх пісьменнік спрабаваў дастукацца да сумлення чыноўнікаў, імкнуўся навучыць чытача думаць і разважаць. Эсэ «Званы ў прадоннях азёр» прынесла Караткевічу шмат непрыемнасцяў, бо праўдзівы паказ змагання з помнікамі, знішчэння гербіцыдамі прыпяцкай флоры і фаўны, адсылка да арганізаванай пінскай газетай кампаніі супраць касцельнай агароджы выклікалі абурэнне ў высокіх кабінетах. І зноў не спаў Галоўліт, начальнік якога А. Маркевіч піша сакратару ЦК КПБ С. Пілатовічу: «Свае ж разважанні пра помнікі старажытнасці, якія цяпер знаходзяцца ў запушчанасці і разбурэнні, аўтар будуе так, што міжволі напрошваецца выснова: у гэтым вінаваты сучасныя гаспадары Палесся». Але ж, па вялікім рахунку, так яно і было. У эсэ «Наш дзядзька Рыгор», прысвечаным юбілею Рыгора Шырмы, ліквідуецца вылучаны сказ пра грамадзянскую пазіцыю народнага артыста: «Ён грамадзянін. Калі б ні прыйшоў да яго — ён заўсёды паможа. Першы, напрыклад, падпішацца пад лістом аб зберажэнні гістарычнага цэнтра Мінска. Бо ніколі ён не абмяжоўваўся адной музыкай».

• З элементамі раблезіянскага стылю. Такое прыгладжванне твораў шкодзіла далейшаму творчаму засваенню беларускім прыгожым пісьменствам напрацаванага стагоддзямі ў еўрапейскіх літаратурах паказу народнай смехавой культуры. Прывядзём толькі два прыклады з аповесці «Цыганскі кароль»: у аўтарскім тэксце — «Вароны зноў сарваліся з  камяніцы і, непаразумела каркаючы, памчаліся кудысь, асыпаўшы людзей дажджом белых кропель...»; у словах медыкуса Ніхто — «Смярдзіць ён [чалавек], праўда, і жывы, і не водар выдзяляе, як ружы, а мачу, харкоціну і кал». Паводле М. Бахціна, зразумець Рабле можна толькі тады, калі ў  даследчыка выпрацуецца «ўменне адысці ад многіх глыбока ўкаранёных патрабаванняў літаратурнага густу, перагледзець многія паняцці», але адзначанага ўмення ў рэдактараў савецкага часу не было.

 • Са згадваннем тагачасных літаратараў (словы занадта катэгарычныя або з характэрнай для Караткевіча лёгкай некрыўдлівай іроніяй). Напрыклад, што крамольнага ўбачылі рэдактары ў ліквідаваных сказах з эсэ «Казкі Янтарнай краіны»: «Утрымала мяне ад гэтага неабдуманага кроку [куплі кілімаў] толькі думка пра тое, што калі-небудзь, атрымаўшы кватэру, я запрашу да сябе Пімена Панчанку, і з ім можа адбыцца дрэннае. А я занадта паважаю яго як паэта і дыпламата і не хацеў бы, каб з ім здарыўся ўдар»?

Прыведзеныя прыклады — малая частка змен, праведзеных у творах Караткевіча. Акрамя таго, скарачаліся гістарычныя факты, інтэрпрэтаваныя пісьменнікам; нематывавана змяняліся загалоўкі; правіліся сказы, якія, на думку рэдактараў, супярэчылі дзяржаўным пастановам аб барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, і інш. А безліч суб’ектыўных моўна-стылістычных правак? У адным творы падбіраюць сінонім прыметніку прыўкрасны, у другім гэтае слова пакідаюць, напой замяняюць на напітак, палову — на палавіну, застацца — на астацца, вылекаваў — на вылечыў, жораваў — на журавоў, любові — на любві, вачыма — на вачамі, зарыва — на зарава, нейчы — на нечы, завішчэла — на завішчала, запраграмаваны — на запраграміраваны і інш. Таму надрукаваныя пры жыцці Караткевіча творы шмат у чым разыходзяцца з рукапісамі і машынапісамі, якія і з’яўляюцца адзінымі захавальнікамі апошняй аўтарскай волі. З гэтай прычыны паўстае вострая патрэба ў пераглядзе надрукаваных у савецкі час твораў усіх беларускіх пісьменнікаў з мэтай вяртання да не змененых цэнзарамі і некваліфікаванымі рэдактарамі тэкстаў.

Пятро ЖАЎНЯРОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».