Вы тут

Пятрусь Броўка. Жыццё як падарожжа


Народны паэт Беларусі, старшыня СП БССР, грамадскі дзеяч, дэпутат, акадэмік НАН БССР, лаўрэат Ленінскай і дзвюх Сталінскіх прэмій... Вобраз класіка Петруся Броўкі часам здаецца забранзавелым у бляску сваіх дасягненняў і  поспехаў, так высока ацэненых тагачаснай уладай. Між тым перш за ўсё гэта быў чалавек, сем’янін, які перажыў свае трагедыі, многім дапамог, шмат зрабіў для беларускай навукі; творца, тонкі лірык, якому належаць адны з найбольш таленавітых і прачулых вершаў пра каханне і сяброўства.


Маці Алена Сцяпанаўна

Выстаўка пад назвай «З  місіяй — у падарожжа», якая экспануецца ў  Літаратурным музеі Петруся Броўкі, прапануе зірнуць на нязвыклы для вывучэння бок жыцця паэта — яго шматлікія падарожжы, а праз тэму падарожжаў — і на пісьменніка як асобу. Паездкі і камандзіроўкі заўсёды былі звязаны з пэўнай місіяй паэта, а пасля наведвання краін пачуцці паэта-падарожніка ўвасабляліся ў  творчасці. Экспазіцыя ўмоўна падзяляецца на тры часткі: краіны сацыялістычнага лагера, капіталістычныя краіны і як ідэалагічны антыпод  — СССР.

Чаму пісьменнік меў магчымасць вандраваць па ўсім свеце? Петрусю Броўку была ўласціва рэдкая рыса характару — ён умеў знаходзіць агульную мову з усімі: і дзеці, і старыя пачуваліся з ім як з роўным. Хаця галоўнае, безумоўна, у тым, што пісьменніку давярала ўлада (спрыяла гэтаму яго бездакорная біяграфія: нарадзіўся ў  беднай шматдзетнай сялянскай сям’і). Але, вядома ж, нават «аблашчаныя» званнямі і прэміямі пісьменнікі заўжды былі пад «наглядам». 8 мая 1934 г. Пятрусь Броўка прыняты ў члены Саюза савецкіх пісьменнікаў СССР. Пазней за актыўную працу Броўку прызначалі на адказныя пасады: у 1943 г. ён стаў адказным сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР, у 1948—1967 гг. — старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў БССР, а з 1963 г. — сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў СССР. Выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947—1955) і Вярхоўнага Савета СССР (1956—1980).

У пасляваенныя часы Пятрусь Броўка наведваў шматлікія краіны свету ў складзе пісьменніцкіх дэлегацый і як дэпутат.

Голас, які не сціхае

У Польшчы ўпершыню Пятрусь Броўка пабываў у 1947 г. у  складзе дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў. Падчас паездкі яны наведалі Асвенцым (Аўшвіц-Біркенау) — лагер смерці, дзе загінула маці паэта Алена Сцяпанаўна. Пісьменнік прывёз адтуль жменю зямлі, якую пахаваў у роднай вёсцы Пуцілкавічы. «Мы хадзілі, — згадваў Пятрусь Броўка, — па змрочных бараках, дзе гінулі тысячы i тысячы, стаялi, апусціўшы галовы, ля печаў крэматорыя, праз якія прайшлі дымам coтнi тысяч, схілялі галовы ля сцяны, дзе расстрэльвалі ахвяр, з нянавісцю глядзелі на вокны дома, дзе ў час пакарання гpaў аркестр i  весяліліся эсэсаўцы…» Пад уражаннем ад паездкі ў 1960 г. была напісана паэма «Голас сэрца».

Усё жыццё паэт дакараў сябе за тое, што не змог выратаваць маці. Была спроба вывезці Алену Сцяпанаўну з акупіраванай тэрыторыі, але яна з’язджаць адмовілася. Пра маці паэта згадваў Пятро Глебка, які прыязджаў у Пуцілкавічы да сябра ў госці: «...Як жывая, перада мной стаіць маці паэта — чулая і добрая, строгая і справядлівая. З якой чыстай радасцю сустракала яна заўсёды нас — свайго сына і ягоных гасцей! Нарэжа скрылікамі духмянай сялянскай каўбасы, паставіць пляшку настоенай на розных травах гарэлкі, абапрэцца на стол спрацаванымі рукамі і глядзіць на нас моўчкі і замілавана. А пачнём мы з нашым маладым размахам разносіць таго ці іншага са сваіх літаратурных “праціўнікаў”, прыпыніць ціха і скажа: — Няможна так, хлопцы! Праўда, вы маладыя, няўрымслівыя... Але ж на вас глядзяць ужо як на сталых. Шануйцеся і людзей шануйце!»

З падарункамі з-за акіяна

Туфлі, якія Пятрусь Броўка прывёз у падарунак жонцы.

У 1959 годзе Пятрусь Броўка ў складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел у XIV Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку, якая праходзіла з 15 верасня па 12 снежня. 19 лістапада ён выступіў у Палітычным камітэце з дакладам «За вяртанне на радзіму».

 Паездка і натхніла Броўку на стварэнне Беларускай савецкай энцыклапедыі. Згадваў пра гэта Рыгор Барадулін:

 «Калі адзін недасведчаны таварыш запытаўся, а ці патрэбна энцыклапедыя ў Беларусі, яе заснавальнік і стваральнік адказаў:

— Вам не шкодзіла б ведаць, што, як лічыцца ў ААН і  ЮНЕСКА, маючы каляндар і энцыклапедыю, нацыя можа называцца нацыяй з поўным правам».

А ў падарунак жонцы Алене Міхайлаўне паэт прывёз элегантныя замшавыя туфлікі амерыканскай маркі «Citation». Захаваліся ўспаміны Алены Броўкі аб тым, як яны з Петрусём праводзілі вечары яшчэ да таго, як узялі шлюб: «Каб паказаць сябе “гжэчным кавалерам”, Пятрусь купляў білеты ва ўсе кінатэатры, якія былі тут, у цэнтры (у Мінску. — Заўв. аўт.), а іх было не вельмі і многа, — чатыры ці пяць... Купляў адразу на адзін сеанс ва ўсе кінатэатры, я выбірала, што мне даспадобы, робячы важны выгляд, і мы ішлі ў кіно...» Дарэчы, з 1949 па 1958 гады ў сям’і Броўкаў (а з 1951 года — у іх кватэры па Маркса, 30, дзе цяпер знаходзіцца музей пісьменніка) тайна жыла маці Алены Сцяпанаўны, Алена Рыдзеўская. Гэта было небяспечнае для Петруся рашэнне — сваякам рэпрэсіраваных забаранялася пражываць у сталіцы... Цешча Алена Рыдзеўская была жонкай расстралянага «ворага народа» Міхаіла Рыдзеўскага, яе сына Алега рэпрэсіравалі таксама…

Ігральныя карты маркі «Congress», якія Пятрусь Броўка прывёз з Нью-Ёрка ў якасці сувеніра

Захаваліся шматлікія ўспаміны пра тое, што Пятрусь Броўка заўжды імкнуўся дапамагаць усім, каму толькі мог. Многіх рэпрэсіраваных пісьменнікаў, якія вярнуліся пасля ссылкі, уладкоўваў на працу. Будучы на пасадзе галоўнага рэдактара «Беларускай савецкай энцыклапедыі», сачыў, каб яго супрацоўнікі былі ўладкаваныя, атрымлівалі кватэры незалежна ад пасады, якую займалі.

З сялянскай практычнасцю

Уся жыццёвая энергія Петруся Броўкі была мэтава скіраваная: штосьці наладзіць, палепшыць, уладкаваць. Ён заўжды думаў пра тое, каб ад яго дзеянняў быў канкрэтны станоўчы вынік. Але, хоць і не быў азартным, аднойчы з паездкі ў Злучаныя Штаты прывёз у якасці сувеніра калекцыйны набор ігральных карт кампаніі «Russell, Morgan & Co». Складана меркаваць, чым ён пры гэтым кіраваўся. Магчыма, паэту спадабаўся незвычайны выгляд калоды (вырабы гэтай кампаніі былі надзвычай папулярнымі). Карты аздабляліся залатымі краямі. Ігральныя калоды складаліся з 52 стандартных картак, двух джокераў і інфармацыйнай карткі для падліку ачкоў. Але нават гульня «Прэферанс», за якой праводзілі час сябры Пятро Глебка, Кандрат Крапіва і Пятрусь Броўка на дачы ў Ждановічах, не была бессэнсоўнай — мела інтэлектуальны складнік…

Пятрусь Броўка ў складзе дэлегацыі XIV сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку

...Мінула эпоха, адышлі яе сведкі. Літаратурны музей Петруся Броўкі адзначыў 40-годдзе з дня адкрыцця. Памяць пра той час застыла на некалі сагрэтых жыццём, любоўю, тагачаснай атмасферай рэчах. На прадметах, якія дарылі адно аднаму, якімі аздаблялі інтэр’ер, каб нагадаць пра дарагія імгненні. Кватэра па адрасе вул. К. Маркса, 30 — як выспа іншага жыцця ў нашы дні. Там, здаецца, час спыніўся, нікуды не спяшаецца, не ляціць  — варта туды прыйсці не толькі для таго, каб больш даведацца пра пісьменніка, але і каб лепш адчуць сённяшнюю рэчаіснасць, зірнуўшы на яе вачыма назіральніка. Жыццё — як падарожжа, доўгае ці кароткае...

Матэрыял падрыхтавала Яна БУДОВІЧ

Выявы з фондаў Літаратурнага музея Петруся Броўкі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.