Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


 «У восені малыя дні, а сонца хочуць...»

Прасачыць за прыгодамі незямнога бесцялеснага стварэння прапануе Адам Глобус, чыя падборка «Анёлы» адкрывае лістападаўскі часопіс «Полымя». Аўтарская манера, адсутнасць рыфмаў, пэўная манатоннасць рытму, шматразовыя паўторы «стрыжнявых» слоў у межах аднаго твора надаюць вершам падабенства з замовамі, якія можна чытаць на сон. Лірычны герой — анёл — нюхае кветкі, зразае сланечнік, выконвае чалавечыя жаданні і здзяйсняе мары (напрыклад, каб «жонка больш не перасольвала катлеты»), спажывае ў ежу «залатое цяпло», едзе ў аўтобусе, сядзіць у метро на падлозе і спіць, «прытуліўшыся бокам да мармуровай сцяны», абяцае сабе кінуць курыць і ўсё адно курыць «амаль да фільтра» тонкую цыгарэту... Карацей, слабая неўратычная істота, якую можна пашкадаваць, з якой можа быць цікава сябраваць і нават дзяліцца сакрэтамі... А што, калі намёк на разгадку вобраза дае сам аўтар:

У анёла быў такі выгляд,

Нібыта ён сабраўся мне сказаць:

«Я, вядома, не анёл...»

Філасофскае асэнсаванне жыцця — галоўнае ў падборцы Галіны Каржа­ неўскай «Без выпрабаванняў не бы­ вае». Прыкмета аўтарскага стылю — лёгкая самаіронія — робіць лірычнага героя блізкім і зразумелым суразмоў­цу:

Без выпрабаванняў не бывае.

Неспадзяванкі кожны дзень нясе.

Бывае — з галавою накрывае,

Бывае — толькі трошкі патрасе.

Аціхне — выбіраешся з «цунамі».

Ну вось, чарговы пройдзены рубеж.

Надзейней чуеш глебу пад нагамі —

 З такою сто гадочкаў пражывеш.

Вобразы і метафары, пабудаваныя на супрацьпастаўленні, адны з са­ мых удалых: «У дрэў сляпыя карані, // А сокі смокчуць. // У восені малыя дні, // А сонца хочуць», «Дзе я была, // Калі мяне не было?»

Здзівіла і маладая паэтэса Аліна Паўлоўская, па-свойму сказаўшы ў  падборцы «Нота жыцця» пра тое, што, здаецца, шмат абгаворана да яе:

...І сонца зноў праменны свой абцас

Зламае аб хрыбты паэтаў здрадлівых.

Проза, прадстаўленая ў нумары, разнапланавая. Пачатак рамана Міко­ лы Адама «Адапта­ цыя» распавядае пра вясковае жыццё. Ад­ метна, што Вёску мы бачым праз успры­ манне падлетка, які сюды пераязджае з  горада. Яна высту­ пае ў якасці дзейнай асобы, што імкнецца перакроіць героя на свой капыл, падладзіць пад агульную масу сваіх насель­ нікаў, абязлічыць: «Вёску, як і бабу Ма­ русю, раздражнялі нашы з братам доўгія валасы. Яны нібыта падкрэслівалі, што мы іншыя, лепшыя за астатніх, з асаблівай індывідуальнасцю. Асаблівай жа Вёска лічыла адну сябе і вельмі не любіла тых, хто вытыркаўся якім-небудзь чы­ нам...» Ці здолее Вёска перамагчы чар­ говага «праціўніка»?.. Герой М. Адама, хоць і  падаецца з першага позірку «прасцячком», але валодае нязломнай сілай — верай у сябе, не баіцца быць шчырым — ні з сабою, ні з іншымі. Ці можна такога зламаць? Куды больш разумна — шукаць паразумення... Але ці ў стане Вёска тое зразумець?

Апавяданні маладой пісьменніцы Марыі Шэбанец «Сведка» і «Пераход» (асабліва апошняе) ацэняць аматары шматузроўневых камп’ютарных гуль­ няў. Рэальнасць, створаная аўтаркай (як адзін з магчымых варыянтаў у да­ лёкай будучыні), і вабіць, і прымушае задумацца над вечнымі пытаннямі.

 Аўстрыйскі паэт Райнер Марыя Рыльке гэтым разам стаў асобай ру­ брыкі «Галасы свету»: невялікую пад­ борку «Пакора без няволі» пераства­рыў па-беларуску з нямецкай мовы Андрэй Касцюкевіч.

Тадора ШПІЛЬКА


Цвіў у жыце васілёк…

Разыначка адзінаццатага нумара «Нёмана» — асобны раздзел пад назвай «Кастальскі ключ», прымеркаваны да 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча. Так, друкуецца фрагмент рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» з прадмовай перакладчыка на рускую мову Пятра Жаўняровіча. Па яго словах, насуперак шматлікім крытычным опусам пісьменнік стаяў на сваім, адстойваў магчымасць уласнага бачання падзей і любоўных перажыванняў, свайго разумення гуманізму і асобных твораў мастацкай літаратуры. «Вядома, першы раман не пазбаўлены недахопаў, аднак ён падкупляе шчырасцю пачуццяў, жаданнем аўтара быць праўдзівым ва ўсім», — адзначае Пятро Жаўняровіч. Дзякуючы перакладам Юрыя Шчарбакова і Алены Данчанкі чытач «Нёмана» мае магчымасць пазнаёміцца і з паэзіяй Уладзіміра Караткевіча. Падборку «Сэрца маё распята», якую склалі вершы «Быў. Ёсць. Буду...», «Багдановічу», «Песня шафёра», «Прарок Геронім Босх» ды іншыя, адкрываюць наступныя радкі:

Расстаются с прежнею любовью,

Забывают одоленный шлях.

Но нельзя любить свое гнездовье

С черною повязкой на ушах,

С черною повязкой на устах,

С черною повязкой на очах.

Мастацкія творы выдатна дапаўняюць успаміны пра пісьменніка, а менавіта мемуары «Вечна юны, як наша зямля…» Вячаслава Рагойшы, што друкуюцца ў перакладзе Юліі Алейчанкі. На больш як 30 старонках навуковец і літаратуразнаўца ва ўласцівым яму стылі распавядае пра асноўныя падзеі, што звязалі яго шлях з жыццёвай дарогай Уладзіміра Караткевіча. Паступова даволі дэтальна аўтар апісвае і першую сустрэчу, і знаёмства, шмат расказвае пра сяброўства і дастаткова доўгае суседства з класікам, амаль не даючы ніякіх ацэнак. Ён толькі выказвае сваё стаўленне да пэўных падзей і прапаноўвае здагадкі. Сярод цікавых фактаў — намер Вячаслава Рагойшы пазнаёміць пісьменніка з Сяргеем Бадровым-старэйшым і яго сям’ёй. Але ў тое лета, калі сыны літаратуразнаўцы і рэжысёра зачытваліся «Чорным замкам Альшанскім», задуманаму не было наканавана спраўдзіцца. Вячаслаў Рагойша ўспамінае: «Мы разам з Бадровымі паехалі ў Мінск на пахаванне Уладзіміра Караткевіча. Наш Максім і яго аднагодак Сяргей Бадроўмалодшы нарэзалі нажамі цэлы сноп жыта, звязалі яго васількамі, а потым надламалі верхнюю частку снапа, як быццам сярпом надрэзалі. Атрымалася: каласы пад сярпом...»

Паэтычная частка «Нёмана» прадстаўлена двума аўтарамі — Анатолем Вярцінскім («Высокае неба ідэалу» ў перакладзе на рускую мову Генадзя Аўласенкі) і Лізаветай Палеес («Я паспытала яблычка райскага саду»). Першы, нягледзячы на перавагу ў падборцы інтымнай лірыкі, выступае як паэт-філосаф, які дае адказы на пытанні кшталту «што напаўняе новым сэнсам кожны дзень?» Ёсць у нізцы сапраўды арыгінальны верш «Паслухаем і другі бок», хоць сустракаюцца і даволі прымітыўныя радкі, што могуць складаць цэлы твор, сэнс якога, як ні спрабуй, нельга аднесці да асаблівых:

О месте в жизни, как дети,

Гадали с тобой вдвоём…

Но место моё на свете —

Лишь только в сердце твоём.

Цэльнай атрымалася паэтычная падборка Лізаветы Палеес. У вершах пераважаюць матывы канечнасці чалавечага існавання, незваротнасці кожнага імгнення, а  таксама свабоды ад умоўнасцей. Ключавы вобраз  — птушка, якой няпроста ляцець — «дзерзкай, жывой, сапраўднай». Але фінал падборкі жыццесцвярджальны, бо напрыканцы лірычная гераіня амаль спявае «I will survive».

Пра неабходнасць быць патрэбным апавяданне Антона Лукіна «Алёша добры…». Займальная гісторыя з выразным сюжэтам, лаканічныя апісанні месца і персанажаў, адпаведныя дыялогі — складнікі таго кірунку традыцыйнай прозы, які ніколі не надакучыць.

Яўгенія ШЫЦЬКА


Шляхі і дыялогі

Галоўная тэма найбліжэйшых нумароў беларускіх літаратурна-мастацкіх выданняў — юбілей Уладзіміра Караткевіча. Усе рэсурсы ўдзельнічаюць у нябачнай барацьбе за свежы погляд на постаць пісьменніка, і адбываецца гэта альбо шляхам раскопвання невядомай раней інфармацыі, альбо за кошт цікавых фарматаў, у крайнім выпадку — звычайнай рэфлексіяй людзей, якія знаходзяцца «ў тэме». Лістападаўская «Маладосць» пайшла адразу некалькімі шляхамі. Пачынаецца ўсё з цёплага тэт-а-тэтнага фармату, у рамках якога шэрагу літаратараў прадастаўляецца магчымасць уявіць сустрэчу з Караткевічам і размову з ім. Далей ідзе невялікі агляд энцыклапедычнага даведніка, які датычыцца жыцця і творчасці пісьменніка: добрая магчымасць замацаваць актуальныя веды пра аўтара. Мікола Берлеж таксама выступае з агляднай экскурсіяй, але ажыццяўляе яе са значна большым прасторавым ахопам. Ён знаёміць чытачоў з тым, як асоба Уладзіміра Караткевіча была прадстаўлена ў кнігавыдавецкай сферы найбліжэйшага (і не толькі) замежжа ў апошнія гады. У той жа, пераважна кніжнай, сферы праходзіць і інтэрв’ю з намеснікам дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесем Сушам. Прыемным эпілогам маладосцеўскага дыялогу зноў служыць выказванне асабістага характару, гэтым разам у фармаце ўспамінаў. Матэрыял выдатна адыгрывае ролю агульначасопіснага пост­ скрыптума па тэме.

А размова пра паэзію нума­ ра пачнецца з Дар’і Вараб’ёвай. Адна з сучасных паэтак неяк выказала незадаволенасць тым, што пры водгуках на яе тэксты Шляхі і дыялогі папулярным аргументам з’яўляецца спасылка на ўзрост. Памылковым меркаваннем з  яе боку было тое, што за аргу­ ментамі пра юнацкасць нібыта хаваецца нежаданне бачыць у  тэкстах яе індывідуальнасць, на самай жа справе аргументы такога роду былі апошняй апраўдальнай мяжой і паблажлівай меркай, якая дазваляла хаця  б быць дапушчанай да літаратурнага дыялогу. Такога ж вымушанага роду акт адбываецца і цяпер: тэксты Дар’і спалучаюць у сабе кагнітыўны наіў, чараду памяншальна-ласкальных суфіксаў і шаблонную вобразную сімволіку Беларусі. Таксама прысутнічаюць хрысціянскія і  старажытнагрэчаскія матывы, якія не асэнсоўваюцца належным чынам, а служаць толькі яркай шырмай для ўласных вельмі неглыбокіх (прынамсі, для чытача) перажыванняў. Адмысловы гатунак іспанскага эмацыянальнага дыскурсу вы­ клікае (акрамя радзімацэнтрычнага верша) унутраны дыялог пра чытанне кніг, ад якога пахне ўсё тым жа школьным кардонам пад выглядам жыццёвай пазіцыі.

Вершы ж Настассі Нарэйкі вельмі добра і бесперашкодна раскладваюцца на два пласты. Першы — сюжэтны, і паўстае ён у моманты, калі перад вачыма з’яўляюцца займеннікі першай асобы адзіночнага ліку. Другі  — фонавы, як бы месца дзеяння, і  выяўляецца ён тымі ці іншымі ўмовамі надвор’я. Уласна, галоўная асаблівасць падборкі Настассі — тое, як лёгка і гарманічна адбываецца гэтае расслаенне тэкставай матэрыі. Можна папросту адчуць сябе чытачом-Цэзарам, які глядзіць адразу ў два бакі.

З асаблівых момантаў гэтай «Маладосці» — цалкам нечаканы пераклад аднаго з апавя­ данняў Джэймса Джойса. Яшчэ больш нечаканае — надрукаванае адразу за ім міні-інтэрв’ю галоўнага рэдактара часопіса з аўтарам перакладу.

Данііл ЛЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».