Вы тут

Лабараторная чысціня і музычная дысцыпліна


Творчасць — у любым выпадку працэс. У ім ёсць відавочныя этапы — прыдумванне, стварэнне і  рэдагаванне. Але нават калі праца над канкрэтным творам скончана, творчасць працягваецца — у фідбэку і камунікацыі, новых знаходках, назапашванні матэрыялу. Гэта часта адбываецца па-за свядомасцю аўтара, і заўважыць уплыў чагосьці магчыма толькі тады, калі выпадковая размова, думка або сцэна вылезе ў  новай працы.


Твор — закончанае выказванне. Але выказацца пра нешта канкрэтнае  — далёка не заўсёды мэта аўтара. Калі пішаш словамі, гукамі або фарбамі дзеля працы, дзеля пошуку чагосьці, творчы працэс становіцца двойчы бясконцым. Некаторыя нават кажуць, што ўсё жыццё пішуць адзін і той жа тэкст. Але называць прамежкавыя вынікі — кнігі  — стараюцца па-рознаму.

Новы зборнік Міхала Бараноўскага называецца «Volumen.2», па аналогіі з першай кнігай «Volumen.1». На вокладцы чорная і белая паловы памяняліся месцамі, выява засталася той  жа. «Volumen.2» у два разы таўсцейшы і  знутры аформлены заўважна больш стрымана, чым першы. Само слова volumen перакладаецца з нямецкай як умяшчальнасць, аб’ём, з лацінскай — выгіб, кальцо, а таксама рукапіс. Акрамя гэтага, слова, асабліва ў спалучэнні з лічбамі, адсылае да англійскага volume, у якога ёсць значэнне «том» і якое ў адпаведным кантэксце перакладаюць як гучнасць. Чытачу цяжка не пачуць «волю» ў назве кнігі і не заўважыць выдзелены колерамі вокладкі lumen — лацінскае «святло». І гэта толькі відавочнае.

Шматслойнасць назвы дазваляе аўтару стварыць яшчэ некалькі «волюмэнаў», паспрабаваць на іх яшчэ шэраг варыянтаў афармлення. Калі ў першым зборніку яно хутчэй гуляла са «святлом»  — некаторыя старонкі былі чорнымі цалкам, некаторыя — на траціну, на тры чвэрці, то дызайн другога зборніка хутчэй заснаваны на канатацыі, звязанай з гукам. Значкі з музычных прайгравальнікаў — «плэй», «стоп», перамотка наперад — часткова замяня­юць пунктуацыю і ператвараюць зборнік вершаў у трэк-ліст.

Творы ў ім сапраўды падобныя да песень. Разбіўка на радкі і строфы дакладна абазначае тэмп, паўзы і акцэнты ў тэксце. Рытм большасці вершаў дазваляе лёгка пакласці іх на музыку, дзесьці нават сустракаюцца прыпеўнападобныя рэфрэны.

Падборка тэкстаў выяўляе пэўную аўтарскую дысцыпліну — або ў тым, каб не пісаць пра адно і тое ж балючае, пакуль не выпішацца, або ў тым, каб не піхаць усё напісанае ў зборнік. Кожны верш захоўвае вобразную цэласнасць і  сапраўды паўстае закончаным выказваннем. Тое, што расстаўляць у ім знакі прыпынку чытачу часам даводзіцца самастойна, нават на карысць. Аўтар у кожным тэксце застаецца са сваімі звычкамі і сваім стылем стварэння вобразаў, пры гэтым пазбягае паўтораў, не топіць чытача ва ўмоўных люстэрках нябёсаў.

Метафары пабудаваны як аргументы для выказвання, часткі апісання, не падвешаны ў тэксце проста, каб было. Але і  імі аўтар прыпраўляе творы дазіравана. Многія вершы змяшчаюць сюжэты і дыялогі, таму агульная стылістыка выглядае натуральнай размоўнай.

На першы погляд, структура зборніка не мае канцэпцыі, вершы проста падзелены на камфортныя тэматычныя часткі. Нават у межах адной тэмы паэт не паўтараецца ў думцы, якую выказвае.

Птушкі на мосце

Першая частка мае назву «Ахова птушак Бацькаўшчыны». Ёсць своеасаблівая іронія ў тым, што ўсе птушкі, якіх апісвае М. Бараноўскі, міфічныя. Кожная выступае сімвалам.

У большасці тэкстаў раздзела праступае дыялагічнасць, стылізаваныя звароты ў розных формах: ад язычніцкіх замоў да публічнай прамовы.

Другая частка падтрымлівае казачны дыскурс, зададзены ўпляценнем міфічных птушыных вобразаў у сучасны кантэкст. «Калінавы мост», адпаведна назве, — пра пераходныя станы паміж дзяцінствам і сталасцю, мінулым і будучыняй, чалавекам і яго продкамі. Паэт нанізвае на разважанне статычныя кадры і цэлыя сюжэты. Самае цікавае тут  — тое, як расказаныя гісторыі або апісанні замяняюць метафару, працуючы на раскрыццё ідэі.

У тэксце з’яўляецца асоба аўтара. Па настроі нават не ўзнікае думкі, што гэта можа быць лірычны герой. Можа, і дарма. Але тут гэта, здаецца, не так і важна, бо «я» ўваходзіць у тэкст як частка чагосьці: сям’і, прыроды, часу, расказанай гісторыі.

вечнае дрэва ў дзедаўскім садзе

райскі птах на галіне гадзюка ў карэннях

 і я зрываю зялёны яблык

не счакаўшы пакуль даспее

звон увушшу падхоплены ветрам

божанька клепіць касу на бабцы

ў гэтым звоне пад гэтым небам

пачуў я згукі жыцця і смерці

шчасця бляск каля самай прорвы

пакуту якая ўзносіць над людствам

аскоміну недаспяванай песні

таго што ёсць і таго што будзе

на лес глядзіць і расце малеча

ладзіць гнёзды ў каменных гмахах

убудаваны ў сіло панэлькі

дзіцячы домік на райскім дрэве

Элератас

Наступныя тры часткі — «Элегіі», «Эрас» і «Танатас» — суцэльныя эксперыменты на пачуццях, выкананыя з уразлівай разнастайнасцю.

У «Элегіях» з’яўляецца стройны рытм, вобразы горада, постаць героя і класічнае «абстаноўка адлюстроўвае стан». Быццам для параўнання, кожны верш — назіранне за асобнай з’явай або разважанне па канкрэтным пытанні

Кожнаму тэксту можна было б даць элегічны загаловак ці наклейку на прабірку з прэпаратам — «Адзінота», «Трывога», «Пустэча».

Частка «Эрас», як бачна па назве, утрымлівае вершы пра каханне. Тэма, у якой цяжка не паўтарыцца. Але мэта аўтара — не дыфірамбы каханай і не апісанне сваіх да яе пачуццяў. Каханне паўстае як шматбаковая з’ява, шэраг сітуацый, кожная з якіх адчуваецца парознаму. Мова, насычаная метафарамі, захоўвае там, дзе трэба, анатамічную дакладнасць. Увогуле, рэакцыям цела тут адведзена даволі шмат увагі. Каб перанесці іх у тэкст элегантна, без ханжаства, патрэбны пэўны запас таленту.

Ураўнаважвальная пара «Эрасу» — частка «Танатас» — засяроджана на смерці. Аўтар разбірае многія ракурсы погляду на тэму: назіранне здалёк, назіранне побач, спроба зазірнуць у сваю і  чужую галаву, за дазволеныя межы. Тут вялікі акцэнт зроблены на псіхалагічнай дакладнасці.

колькі трэба накапіць чалавечнасці

каб адказваць ёй на бесчалавечнасць

дзе тыя вагі каб можна было ўзважыць

іду побач з вальерамі

прыслухоўваюся да звера ўнутры

правяраю ці моцныя краты

ці надзейна зачынены засаўкі

на 1/10 млн я таксама забойца

пэўна гэтага сапраўды замала

для згрызотаў сумлення

на курок прыйдзецца націскаць

камусьці адному

тата тата радуецца дзіцёнак

сустракаючы на парозе кватэры ката

ой ты маё кацянятка

чуецца ў адказ

Прастора між кропкамі

Перадапошняя частка — «Пункцірам»  — яшчэ адно надзвычайнае супадзенне назвы і зместу. Разважальныя, філасофскія тэксты быццам збіраліся, нанізваліся на агульны стрыжань паўканцэптуальна, паўінтуітыўна. Так званыя «ўдарныя канцоўкі» спрацоўваюць толькі лепш ад таго, што ланцуг вобразаў ніяк не намякае на тое, куды ў выніку прывядзе. Аўтар быццам спрабуе адшукаць сувязі ўсяго на свеце з  усім, блізкасць паміж самымі нечаканымі рэчамі і ў гэты шчыльна сшыты свет уплесці сябе і чалавечую прыроду ўвогуле.

Завяршальны раздзел кнігі называецца «Свабода». Вершы ў ім у пэўным сэнсе рухаюцца за папярэдняй часткай, але становяцца менш вобразна дэталізаванымі, больш рэфлексіўнымі і эмацыянальнымі. Ад іх патыхае задушлівай жнівеньскай спёкай, быццам аўтар намагаўся справіцца з нечым невыносна цяжкім і дзеля гэтага імкнуўся перакласці свой цяжар у тэкст. Тым не менш у гэтых вершах працягваецца сінхранізацыя думак са знешнім светам, разважлівасць, назіральнасць аўтара, якія не перашкаджаюць яму выказвацца дакладна і востра там, дзе гэтага патрабуе ўнутраная логіка тэксту.

выбар адымае волю

пазбаўленыя выбару

пазбаўлены пакутаў

позірк адвялі ад неадназначнага

супакоілі яго на заўсёдным

не трэба думаць

не трэба прымаць рашэнняў

свабода

дзе ад цябе інструкцыя

як жыць з табой

 што рабіць з табою

бярыце за непатрэбай

лепш дайце нешта карыснае

іду

ем яблык

разважаю пра нашыя нацыянальныя рысы

гляджу наўкол

не ведаю куды падзяваць

агрызак

Два бакі аднаго дыска

Цікава, як будзе называцца трэці зборнік Міхала Бараноўскага. Калі параўноўваць два ўжо наяўных, цяжка сказаць, што яны павінны ўспрымацца як нешта цэласнае або другі — працяг першага. Напэўна, «Volumen.1» быў больш рамантычна настроены, расказваў больш містычныя гісторыі, глыбей засяроджваўся на вобразным складніку. Але «Volumen.2» не прайграе ні ў  эмацыянальнасці, ні ў паэтычным майстэрстве. Другі зборнік лепш упарадкаваны, структураваны, тут менш гульні са словамі і гукапісам, а больш глыбіні выказвання. «Volumen.2» — закончанае выказванне, складзенае з больш дробных. Ні ў адным з іх аўтар не паўтарыўся, ні ў адным не схалтурыў ні шчырасцю, ні вобразамі. Тут папрацавалі не толькі над напісаннем і запісам, але і над звядзеннем і рэдагаваннем гуку, таму ўсе дарожкі гучаць адстроена і аднародна.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.