Вы тут

«Сівая легенда» становіцца сучаснасцю


Студэнт Беларускай акадэміі мастацтваў аформіў аповесць Уладзіміра Караткевіча «Сівая легенда».


«На пачатку мая ў Быхаў прымчаў на ўзмыленым кані ганец. Конь зваліўся ля самай брамы замкавай вежы, а коннік пераляцеў цераз яго галаву і, як мёртвы, расцягнуўся ў пылу.

Гэты ледзь жывы чалавек прывёз мне загад майго гаспадара, пана Аляхно Кізгайлы. Я, Канрад Цхакен, павінен быў не марудзячы пакінуць Быхаў і на чале сваіх трох соцень швейцарцаў спяшацца ў замак Кізгайлы. Разам з граматай прыбылі грошы на куплю новых коней і вусны загад аб тым, што жывёлы не трэба шкада­ ваць.

На пытанне, што прымусіла пана быць такім паспешлівым і марнатраўным, ганец ледзь здолеў прахрыпець:

— Воўк вырваўся з логава…

Яму ўжо сядлалі другога каня, і праз хвіліну ён памчаў у трэці замак Кізгайлы, у Збароў.

Я не ведаў, хто быў гэты воўк. Але швей царац, калі яму добра плацяць, не патрабуе паўторнага загаду...» Старонка за старонкай я вяртаюся ў знаёмую мне мастацкую прастору легендарнай аповесці класіка беларускай літаратуры. На мелаванай паперы знаходжу чорна-белыя выявы фрагментаў стара­ даўніх муроў, ваярскіх даспехаў… І выяву вілаў, якія, пэўна, і былі зброяй для многіх і многіх з нашых прашчураў. Ваярычужынцы, захопнікі — яны заўсёды былі экіпіраваны, заўсёды мелі і ў гэтым пера­ вагу. А што заставалася мясцоваму люду?! Толькі і браць у рукі  — у  спрацаваныя, магутныя, трывалыя рукі — сякеры, косы, вілы… І перамагалі…

«Мужыччо каля лесвіц замітусілася, але не стала ўцякаць. Яны, праўда, кі­ нулі лесвіцы, але не ўцякалі, а адступалі. І  апошнімі падаваліся задам людзі з косамі ў руках…» І далей: «...дваццаць ці трыццаць латнікаў аддзяліліся ад ляту­ чага атрада і паскакалі да тых маўклівых, што стаялі на схіле строем у тры плутонгі.

Астатнія на хаду ператвары­лі кінутыя лесвіцы ў кучу аш­ чэпкаў. Яны падазрона лёгка ламаліся, і я ўжо ў той момант западозрыў няладнае. Але думаць не было калі. Я наогул не ведаў, на каго глядзець, на тых, што ляцелі да маўклівай аховы, ці на тых, што спасцігалі атрад уцекачоў.

Я паспеў толькі заўважыць, што першая плутонга мужыцкага атрада раптоўна апусцілася на калені, выставіўшы наперад доўгія дзіды, а другая, стоячы, пачала весці беглы агонь паўзверх яе галоў. Адзін конннік пакаціўся цераз галаву каня, другі, трэці. Гэта было жахліва! Трапнасць стральбы можна было растлумачыць толькі так: Ракутовіч паставіў у  гэты атрад паляўнічых. Але як ён мог за тыдзень навучыць людзей так спрытна арудаваць дзідамі?..»

Коннікі, вымаляваныя Кірылам Задворным, надаюць добра вядомаму, з мастацкага пункту гледжання вельмі напружанаму, тэксту, яшчэ большай «хуткасці». Складваецца ўражан­ не не проста мастацкага суперажывання, еднасці слова і малюнкаў, а надзвычайнага дынамізму і, калі хочаце, некаторай уласнай прысутнасці ў падзеях, апісаных у творы. Малады кніжны графік (дарэчы, у Кірыла ёсць пэўны творчы вопыт: для Выдавец­ кага дома «Звязда» ён аформіў на працягу розных гадоў ці не дзясятак кніг) здолеў уважліва прачытаць, асэнсаваць «Сівую легенду». Поруч з дакладнасцю, якой ён стараецца трымацца, ім кіруе эмацыянальны характар успрымання твора. Знаёмячыся з мастацкім прачытаннем Кірылам Задворным твора Уладзіміра Караткевіча, нельга было не згадаць работы такіх «караткевічаўскіх» кніжных гра­ фікаў, як Міхаіл Басалыга (яго афармленне рамана «Хрыстос прызямліўся ў Гародні»), Пётр Драчоў («Чорны замак Альшан­ скі»). Не, ні ў якім разе малады творца не паўтарае знойдзеныя папярэднікамі ра­ шэнні. Ён шукае ўласныя шляхі. І разам з тым за зробленым Кірылам Задворным адчуваецца відавочная традыцыя.

Апошняя ілюстрацыя, якой завяршае Кірыл Задворны свой макет (шкада, што «Сівую легенду» ў афармленні маладога мастака ніводнае кніжнае выдавецтва не паспела выдаць да 90-годдзя Уладзіміра Караткевіча!), — кайданкі, кінутыя на акрываўленую зямлю ці падлогу... Чытаем у аповесці Уладзіміра Караткевіча: «...Шалёныя, незразумелага колеру вочы затрымаліся на маім твары.

Зноў упаў удар звана.

І аддаляўся, аддаляўся воз. І вецер гуляў грывай валасоў, гладзіў твар чалавека і сляпыя вочы той, што прыпала да яго.

Я плакаў. Я не саромлюся прызнацца ў гэтым і не саромлюся сваіх слёз.

— Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей...»

Нагадаем. «Сівая легенда» (ёсць у твора і іншая наз­ ва — «Раман Ракута») — гістарычная аповесць, якую Уладзімір Караткевіч упер­ шыню надрукаваў у  часопісе «Полымя» ў 1961 годзе. Гэта твор пра камандзіра атра­ да швейцарскіх наймітаў Канрада Цхаке­ на, які ў час дзеянняў у Беларусі атрымаў тэрміновы загад прыбыць у маёнтак свайго пана — Аляхно Кізгайлы. Праз некаторы час Цхакен даведваецца, што ў гэтых мясцінах пачалося сялянскае паўстанне. На чале яго  — мясцовы шляхціч Раман Ракутовіч. Нечаканасцю для швейцарца становіцца прычына Раманавай нянавісці: Кізгайла некаторы час назад не адпусціў на волю каханку Ракутовіча, простую сялян­ ку. «Сівая легенда» экранізавана. У галоўных ролях сумеснага савецка-польскага фільма  — Івар Калныньш, Ала Мурына, Лембі Ульфсак. Аповесць перакладзена на рускую мову. Кампазітар Дзмітрый Смоль­ скі напісаў оперу паводле яе матываў.

Што датычыць выдання «Сівой легенды» ў ілюстрацыях Кірыла Задворнага, то нагода, лічыце, ёсць: у 2021-м — 60 гадоў з часу публікацыі (красавіцкі нумар «Полымя» за 1961 год) легендарнага твора беларускага класіка.

Мікола БЕРЛЕЖ

Малюнкі Кірыла ЗАДВОРНАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».