Вы тут

Аляксандр Ткачонак: Калі не будзеш існаваць як бы “за таго хлопца”, не зможаш перадаць яго боль людзям...


Аляксандр Ткачонак, акцёр, які прысвяціў 45 гадоў Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру імя М. Горкага, нядаўна адзначыў 70-гадовы юбілей. Пра тое, як змяніліся погляды на прафесію і жыццё, майстар сцэны распавёў карэспандэнту «Літаратуры і мастацтва»:


— Ці памятаеце сваю першую ролю?

— Так, вядома. І вельмі доўга буду памятаць, паколькі першую ролю, якую мне давялося сыграць у гэтым тэатры, я іграў потым больш як 35 гадоў. Гэта роля ў спектаклі «Адзіны спадчыннік». Яго паставіў Уладзімір Андрэевіч Маланкін, мастацкі кіраўнік майго курса. Праз тыдзень пасля заканчэння інстытута мне даверылі гэтую ролю. Яе тады выконваў выдатны акцёр Валерый Мікалаевіч Філатаў, які павінен быў з’ехаць на здымкі. Я ўвёўся і іграў гэтую ролю на працягу 35 гадоў: пачаў у 24. Балазе, майму персанажу Жаронту было 70 гадоў, і таму мог бы іграць да сённяшняга дня. Я ўжо стаў аднагодкам свайго героя. Мы адыгралі спектакль больш за 1000 разоў з вялікім поспехам. Змянілася за гэты час шмат выканаўцаў, акрамя галоўнага персанажа.

— А прафесія і ваша ўспрыманне яе?

— Напэўна, сама прафесія не вельмі змянілася, але сапраўды змянілася ўспрыманне. Пасля інстытута прыходзіш у тэатр з рамантычнымі настроямі, марамі: табе давераць ролю, ты добра сыграеш, цалкам аддасіся ёй, глядач будзе ў поўным захапленні і выйдзе натхнёны, а ты шчаслівы паедзеш дадому. Усё гэта ў такіх ружовых фарбах. Але калі сутыкаешся ўжо з працай у тэатры, разумееш, што гэта не суцэльнае свята, што на шляху сустракаюцца няўдачы, неразмеркаванне і незанятасць цябе як акцёра. Праўда, мне ў гэтым плане пашанцавала: я быў заняты вельмі шмат, іграў нямала галоўных роляў. Але такі выпаў лёс: не з усімі так здараецца, не ўсім шанцуе, на жаль. У тэатры праца досыць суровая. Рэпетыцыі... Выдатна, калі ёсць добры рэжысёр, у вас паразуменне, а  роля, якую табе даверылі, падабаецца і атрымліваецца, мае потым — што немалаважна — поспех у гледача.

Прайшоўшы па гэтым шляху ўжо 45 гадоў, азіраюся. Магчыма, у мяне з’явілася якое-ніякае майстэрства, але, напэўна, паменшала аптымізму. Цяпер мы перажываем складаны час: разлучыліся са сваёй сцэнай, паколькі рамонт ідзе яшчэ да гэтага часу, ужо паўтара года. Таму іграем на сцэне ў Доме прафсаюзаў, а гэта чужая пляцоўка, чужыя людзі. Не наш тэатр, не наш дом. Таму мы не можам паўнавартасна рэпеціраваць. Глядач, які прыходзіць у час каранавірусных абмежаванняў, сур’ёзны... Зала запаўняецца не цалкам, людзей рассаджваюць. І таму нялёгка: мы ж без гледача ўвогуле нічога. Гэта не кіно, а жывое ўзаемадзеянне. І, калі гледача няма, іграць самім для сябе досыць складана. Таму, напэўна, і больш песімістычныя настроі. Але хочацца спадзявацца, што ў рэшце рэшт і гэтая паласа пройдзе, што мы застанемся жывыя і з новымі сіламі возьмемся за працу, якая будзе прыносіць радасць.

— Што ў працы даецца найбольш складана альбо нават стамляе?

— Найбольш складана?.. Ведаеце, калі пашанцавала і табе даверылі вялікую ролю, гэта няпроста. Бо нагрузка не толькі фізічная, але і нервова-псіхічная. Калі ты, працуючы над роляй, не будзеш існаваць як бы «за таго хлопца», калі ўсё гэта не будзеш прапускаць праз сябе, праз свае нервы, праз сваю душу... Калі будзеш ставіцца да героя як да нейкага чужога — так званая «гульня з дуляй у кішэні»... Калі цябе гэта не чапляе, ты не зможаш перадаць яго боль, яго настрой людзям, якія прыйшлі глядзець.

Рэпетыцыя — вельмі складаны момант. Нельга сказаць, што вывучыў тэкст, словы ролі, і на гэтым усё скончылася. Гледачы часам пытаюцца: «Як вы можаце вывучыць столькі тэксту?» Для іх гэта як бы самае галоўнае, атрымліваецца: вось вывучыў такую колькасць слоў, і ўжо ў гэтым твой подзвіг. Але гэта самае малое. А вось каб тэкст, словы, якія напісаны іншым чалавекам, аўтарам, сталі тваімі словамі, каб падключыць да ролі сваю псіхафізіку, свае нервы, трэба псіхаапарат прыводзіць у тонус, кідаць сябе ў стрэсавы стан, правакаваць у сабе тое, ад чаго людзі нармальныя спрабуюць уцячы. Калі, вядома, гэтага патрабуе роля. Бываюць ролі і камедыйнага плана, якія, напэўна, рэпеціраваць і іграць весялей. Вось глядач часам кажа: «Ну навошта вы ставіце трагедыі, не хочам нейкіх сур’ёзных узаемаадносін, нам у  жыцці дастаецца шмат усялякіх нягод  — навошта ў тэатры яшчэ пра гэта?» Не ведаю, напэўна, гледачу прасцей існаваць, гледзячы камедыі, яны прымушаюць усміхацца, смяяцца. Напэўна, і гэта неабходна, але калі мы не будзем прапаноўваць гледачу думаць, а дазволім проста так, бяздумна смяяцца, рагатаць... Але і камедыя бывае рознай. Той жа спектакль «Адзіны спадчыннік», з якога пачалі размову: таксама камедыя, французская п’еса, дзе стары чалавек, які ўжо адной нагой стаіць у магіле, раптам вырашыў ажаніцца. І пляменнік ды іншая радня спрабуюць яго адгаварыць ад гэтага кроку, бо ў такім выпадку спадчына дастанецца не ім. Нават у гэтай быццам камедыі, такой вясёлай, уздымаюцца сур’ёзныя жыццёвыя праблемы. Мне бліжэй не чыстая трагедыя або камедыя, а змяшэнне жанраў.

— У вас ёсць любімыя ролі?

— Гэта як казаць аб сваіх дзецях: ёсць родныя, ёсць прыёмныя. І як бы родныя табе бліжэй, а прыёмныя — не адной крыві — як бы далей, з-за гэтага розныя адносіны. Мне здаецца, нават калі вобраз з нейкім негатыўным адценнем, то ўсё роўна я выпакутаваў, пераклаў пачуццё гэтага героя на сябе, каб сыграць дакладна. І таму роля стала маёй, усё роўна што адной крыві са мной. Так, можа быць, «дзіця» дрэннае атрымалася — злое, нядбайнае, але, тым не менш, маё. Таму сказаць, якая роля любімая, наогул немагчыма. Ужо з узростам, калі фізічных сіл не так шмат, іграць вялікія ролі складана — хочацца ўжо нечага не такога значнага, дзе фізічная і нервовая нагрузка меншая. Тут ужо не да славалюбівых намераў. Гэта ў маладосці: «Вось бы сыграць галоўную ролю, Гамлета...» Дарэчы, Гамлета іграць ніколі не марыў.

Я акцёр характарны, мне падабаюцца ролі, у якіх прысутнічае нейкі цікавы тэмперамент, няхай са знакам мінус. Героі-палюбоўнікі і рамантычныя героі — такіх мне не прапаноўвалі, гэта не мой рэпертуар, не маё амплуа.

Не магу прылічыць сябе да катэгорыі людзей, адданых тэатру. Так, я вельмі хацеў займацца гэтай прафесіяй, не ўяўляў, што можа быць неяк па-іншаму, паколькі яшчэ ў дзяцінстве, калі прыйшоў у тэатр юнацкай творчасці пры Палацы піянераў, заразіўся, захварэў на тэатр.

У першы год не паступіў, у тэатральны мяне не прынялі. Працаваў на заводзе, два гады ў войску адслужыў. З другой спробы неяк атрымалася. Зараз азіраюся на той час і думаю, што можна было іншую справу выбраць, больш матэрыяльную. Ужо столькі сыграна роляў у тэатры і ў кіно. А як гэта ўзважыць? Так, зафіксавана на плёнцы, на відэа.

Але тое, што адбываецца ў тэатры, — тую імгненнасць немагчыма злавіць, зафіксаваць. Вось зараз ты ўзаемадзейнічаеш з гледачом, атмасферу гэтай хвіліны не можа зафіксаваць плёнка. Тое, што потым глядзіш на відэа, ужо другаснае: знікае дух, дыханне залы.

— Кім бы вы былі, калі б не акцёрам?

— Мой дзядуля паміж трыма войнамі ўсё жыццё прапрацаваў лесніком. І  я  ў  дзіцячыя гады ўсе школьныя канікулы праводзіў у дзядулі з бабуляй. Дзед, натуральна, мяне браў з сабой у лес, знаёміў з прыродай. Выдатная прафесія  — ляснік. Гэта быў дзядуля па маці, а па бацьку ў родзе — майстравітыя людзі, працавалі рукамі. Бацька атрымаў у спадчыну талент, ён быў інжынер-электронік, рацыяналізатар, вынаходнік, умеў усё. Нешта аддалена перадалося і  мне. Я навучыўся і плітку класці, магу адрамантаваць нейкі прыбор, з цвіком і малатком праблем няма. Гэта прыносіць адчувальную радасць, калі бачыш прадмет працы, зроблены сваімі рукамі. А тэатр... Адыграў спектакль, і ўсё. Так, у цябе былі апладысменты (магчыма, і не было), але гэта ляціць у нікуды. Жыццё праходзіць, і што, дзе гэты багаж? Сыграных роляў назапасілася, але што застанецца пасля цябе?

— Як прафесія паўплывала на ваш характар?

— Характар у мяне розны. Як ні дзіўна, раблю ўражанне ціхага, сціплага, але насамрэч я даволі свавольны. Мне пашанцавала, што не прыйшлося нешта камусьці даказваць. Хоць, зразумела, калі іграеш першыя ролі і іх заваліш, то зусім па-іншаму можа скласціся кар’ера. Калі давалі, спрабаваў іграць. Можа, плыў пасабачы, але неяк выплываў. Сталі давяраць сур’ёзныя ролі.

Ува мне ўсяго намяшана, як і ў кожным, напэўна. Што пераважае: дрэннае ці добрае? Напэўна, нейкія свае адмоўныя рысы, якасці таксама перадаеш, укладаеш у той ці іншы персанаж... У  поўнай меры хапае і добрага, і дрэннага. Не магу сказаць, што я дрэнны, але і не магу сказаць, што такі чыстыпрамяністы. Па-рознаму выяўляюцца і рэакцыі мае на жыццё: магу запаліцца, асабліва калі нешта не так, несправядліва. У сям’і часам таксама адбываюцца выбухі. Эмацыянальная сістэма вельмі рухомая з-за прафесіі. Сённяшні дзень часта прыводзіць у здзіўленне, выклікае бурныя эмоцыі.

— Ці ёсць у вас асабістае вызначэнне таленту ў прафесіі і наогул?

— Ведаю людзей, якія Богам цалаваныя. І не заўсёды яны адукаваныя. Мая бабуля наогул была непісьменнай, не ведала літар, не ўмела чытаць. Дзед, прыходзячы са службы, заўсёды газеты чытаў уголас, каб і бабуля чула. Але яна была вельмі арганізаванай духоўна, добрай, спагадлівай. Душэўная арганізацыя ў яе, можа быць, замяшчала недахоп нейкіх ведаў. Для мяне вось гэта талент. Калі перакладаць на тэатр, вызначаць талент... У тэатры складана прабіцца за кошт блату. Глядач вызначае, наколькі ты фальшывы акцёр, халтуршчык, з дуляй у кішэні працуеш. Гэта адразу прыкметна. Талент, на мой погляд, нават калі лёс не складваецца (не трапіў на рэжысёра, які цябе бачыць у той ці іншай ролі), рана ці позна прарвецца, праб’ецца і зазіхаціць усімі гранямі.

— Тэатр — больш індывідуальнае ці калектыўнае мастацтва?

 — Я часам думаю, што, на жаль, калектыўнае. Хоць ёсць і монаспектаклі, дзе чалавек іграе адзін. Мне складана без партнёраў. Я іграў калісьці некалькі работ у адзіночку, у тым ліку на тэлебачанні. Надзвычай складана выцягваць аднаму. Калі ёсць дыялог, нагрузкай як  бы трошкі дзеліцеся з партнёрам. Гэта не значыць, што я на сцэне існую толькі ў  той момант, калі прамаўляю тэкст. У тэатры вельмі важна, як чалавек успрымае, слухае іншага.

Але я не люблю і спектаклі, дзе занята шмат людзей, і ролі другія, эпізадычныя, якія праходзяць, і масоўку, у якой я першыя гады таксама пабегаў. Стаўленне да ролі рознае: здавалася б, ты тут на сцэне ўвесь трацішся, нібыта крывёю сцякаеш і сваімі нервамі, а хтосьці побач стаіць з  абыякавымі вачыма і разуменнем, што ў яго роля наогул ніякая, нават без назвы. І калі натыкаешся на гэтыя вочы, становіцца цяжка ўспрымаць сваіх партнёраў. Але цяпер такіх масовачных спектакляў у нас няма, усе загружаны дастаткова. Ды ўсё роўна нельга быць для ўсіх аднадумцам. Калі заканчваеш курс, ёсць мара ўсім пайсці ў адзін тэатр. А потым хтосьці вышэйшым становіцца, хтосьці  — сярэднячком, а хтосьці так і не можа прадзяўбціся. Не заўсёды ж акцёрскі лёс залежыць ад тваіх жаданняў, часам — ад тваіх магчымасцей.

— Чаму тэатр не могуць выцесніць ні кіно, ні тэлебачанне, ні ўсе астатнія забаўляльныя сродкі?

— Так, з пачатку ХХ стагоддзя, калі з’явілася кіно, усе прадракалі, што тэатр не вытрымае канкурэнцыі. Але гэтага ўсё ж не адбылося і, мне здаецца, не адбудзецца і ў будучыні. У цяжкі савецкі час людзі прыходзілі ў тэатр па падтэксты, па нейкую недагаворанасць, таямніцу: «Ну вы ж разумееце, аб чым мы гаворым на самай справе». Потым загадкі ўсе знялі, стала можна гаварыць аб чым хочаш. Тэатр у нейкай ступені прайграў ад усёдазволенасці. Глядач да гэтага часу прыходзіць. Хтосьці для таго, каб адпачыць ад асабістых перажыванняў, хтосьці — каб яго забаўлялі. І ўсё ж тут, у тэатры, дрэнным або добрым: жывое, тое, што ёсць цяпер, у гэтую хвіліну. Заўтра будзе іншае жыццё, іншая гульня. А тут жывое ўспрыманне, магчымасць стаць сведкам гэтай хвіліны, саўдзел — напэўна, па гэта ходзіць і будзе хадзіць глядач.

Гутарыла Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Аляксей Талай: Я сабе паблажак не даю

Чорны пояс па таэквандо і светлы шлях па жыцці плыўца-параалімпійца.

Грамадства

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Патрыятычны марафон, флэшмобы, велапрабегі. Якія мерапрыемствы запланаваны ў рэгіёнах у гонар Дня Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга?

Штогод у другую нядзелю мая ў нашай краіне адзначаецца Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга.