Вы тут

Сад разнастайных мярзот


Ілья Чарапко — адзін з тых музыкантаў, якія цяпер аказваюць вельмі моцны ўплыў на беларускую музычную індустрыю. Яго постпанк-праект «Петля пристрастия» стаў адным з тых, што пасля гучнага поспеху Макса Каржа і «ЛСП» змог прарвацца на сцэну за межамі Беларусі. Аднак Ілья Чарапко таксама з’яўляецца лідарам групы «Кассиопея», якая нібыта супрацьпастаўляе сябе змрочнай эстэтыцы «Петли Пристрастия» з яркім, маляўнічым і крыху наіўным абсурдам. Апошні альбом «Кассиопеи» пад назвай «По колено в любви» выйшаў 18 лістапада, і цяпер мы пагаворым пра тое, ці ўдалося групе захаваць свой унікальны дух.


Для мяне поспех праектаў Ільі Чарапко, шчыра ка­ жучы, — дастаткова вялікая загадка. З аднаго боку, я  разумею, што ў Беларусі ўжо даўно не з’яўлялася значных рок-гуртоў, якія б змаглі так добра, як «Петля Пристрастия», перадаць змрочныя настроі, што існуюць у нашым грамадстве ўжо працяглы час. Перадаць адчуванне бяссілля перад жыццёвымі абставінамі пры дапамозе не толькі абстрактных выказванняў, але і  канкрэтных фармулёвак, якія сталі блізкімі шматлікім слухачам. Тым больш, што Ілья Чарапко — нядрэнны паэт, які добра спраўляецца са стварэннем абсурдных, але разам з тым прыземленых вобразаў, што збліжае яго з піцерскім музыкантам Рыгорам Палухуценкам або расійскім бардам Веням Д’ркіным. Але разам з тым «Петля Пристрастия» з пункту гледжання музыкі — максімальна тыповы постпанк, прычым узору новай хвалі, то-бок яшчэ менш эксперыментальны і яшчэ больш манатонны. Ілья Чарапко выдатна разумее, у чым ён разбіраецца, і выкарыстоўвае свае моцныя бакі, аднак з-за таго, што ён быццам баіцца эксперыментаваць і ісці далей за тыя прыёмы, якія даўным-даўно адпрацаваныя, «Петля Пристрастия» з кожным новым альбомам становіцца ўсё менш ціка­ вай з-за бясконцай паўтаральнасці.

«Кассиопея» як абсурдны, відавочна калягумарыстычны праект павінен быць, скажам так, творчым рахабам, дзе Чарапко, не абмежаваны вузкімі рамкамі жанравага постпанку, можа ствараць па-сапраўд­ наму свежую і цікавую музыку, якой няма аналагаў не толькі ў Беларусі, але і на ўсёй постсавецкай прасторы. У нейкай ступені «Кассиопея» прыняла эстафету «Серебряной Свадьбы» — кабарэ-бэнда, які ў свой час займаўся тым, што актыўна прасоўваў беларускую музыку на ніве рускага авангарда. Толькі калі «Серебряная Свадьба» стварала музыку ва ўсіх сэнсах жывую, то «Кассиопею» спасціг той жа праклён, што і асноўны праект Ільі Чарапко — крызіс ідэй пры лішку сродкаў выказвання.

«По колено в любви» спачатку гучыць як тыповы альбом «Кассиопеи» — карнавал яркіх музычных прыёмаў (у асноўным тут электронная музыка, але таксама сустракаюцца элементы фрык-фольку, постпанку і псіхадэлічнага року) і вобразаў. Увесь гэты яркі карагод скача ў галаве слухача і, безумоўна, спачатку вельмі моцна захапляе, аднак чым больш слухаеш «По колено в люб­ ви», тым больш пачынаеш лавіць сябе на думцы, што музыка гучыць фонам, а думкі і зусім паляцелі кудысьці далёка, і свядомасць практычна не ўспрымае тэкст. Чаму так адбываецца?

Па-першае, Ілья Чарапко як аўтар тэкстаў гурта, віда­ вочна, перабраў на гэты раз з абсурдам. Калі на першым альбоме абсурд успрымаецца менавіта як прыём размовы са слухачом, то тут тэксты ператварыліся ў суцэльную плынь свядомасці, дзе часам з’яўляецца нейкае рацыянальнае зерне, якое, як ні дзіўна, раздражняе яшчэ больш з-за таго, што дрэнна спалучаецца з агульнай размаітасцю напаўнення альбома. Напрыклад, трынаццатай у спісе ідзе песня «Ірына», дзе падаецца ў характэрнай, трохі казачнай, манеры гісторыя жанчыны, якая так хацела вырасціць унікальнага сына, што выгадавала далакопа (прафесія, безумоўна, рэдкая, але наўрад ці пад унікальнасцю няшчасная маці мела на ўвазе менавіта гэта). Суседнічае гэтая трагікамічная гісторыя з абсалютна абсурднымі кампазіцыямі «Ліхтарны слуп» (лірычны герой хоча стаць ліхтарным слупам) і «Архангел Гаўрыіл» (архангела просяць «даць агню» і прыпаліць ад німба). І такіх песень, як «Ліхтарны слуп», у альбоме абсалютная большасць — няскладныя і недасціпныя выказванні незразумела пра што і незразумела для каго. Адразу на кантрасце ўспамінаецца леташні альбом гурта Drezden «Эдэльвейс», які працуе ў падобным кірунку абсурднай электронікі з акцэнтам на тэкст. Вось толькі калі за выкладаннем гісторыі ад Сяргея Міхалка сачыць цікава, вобразы, якія ён прапануе, лёгка запамінаюцца, то Ілья Чарапко на «По колено в любви» выступае як не вельмі таленавіты абсурдыст.

Па-другое, музыка «Кассиопеи» заўсёды была адметнай, што вылучала яе сярод астатніх груп. Музычны калаж з мноства жанраў, які заўсёды быў цікавы не столькі тым, як ён гучыць, колькі адчуваннем «о, як завярнулі!». Аднак гэты калаж не адштурхоўваў, таму што быў досыць вынаходлівым, але разам з тым вытанчаным і  стрыманым. Варта толькі ўспомніць гумарыстычную песню «Оркі» з альбома 2012 года «Сердце отдаю детям» і паслухаць пасля гэтага любую кампазіцыю з новага альбома — адразу будзе заўважна розніца. Новы альбом ператварыўся ў кашу з розных жанраў і элементаў, якія нібы наўмысна не спалучаюцца.

«По колено в любви» — гэта бессістэмны набор музычна-тэкставых прыёмаў, якія пакідаюць у слухача адчуванне, быццам яму на галаву надзелі рондаль і вельмі доўга білі па ім чымсьці жалезным. Потым гэты рондаль знялі, але пры гэтым нічога, акрамя галаўнога болю і раздражнення, не засталося.

Цімур ВЫЧУЖАНІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».