Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Брат за брата

Фота: region.center

Як спявалася некалі, «...Это было недавно, это было давно». Са мной у адным класе вучыліся два хлопчыкі-блізняты. На твар — як дзве кроплі вады — не адрозніць, па адзенні таксама. Аднакласнікі губляліся — не распазнавалі, настаўнікі блыталі... Толькі фізік ніколі не памыляўся: выкліча, бывала, Лёню, а ўстане Валодзя. Ён адразу ж: «Садзіся, я цябе не выклікаў... Хай брат адкажа...» Прычым — не толькі на ўроках.

Неяк раз старшакласнікі школы № 18 запрасілі нас на баль. Многія пайшлі, хіба што Лёня дома застаўся... А Валодзя — той быў, танцаваў, пазнаёміўся з прыгожай дзяўчынай і нават назначыў спатканне: прапанаваў у наступную нядзелю разам схадзіць у кіно, «Тарзана» паглядзець, потым — абмеркаваць.

Ну што сказаць: закружылася галава ў хлопца — зусім забыўся, што ў наступную нядзелю ў школе шахматны турнір, што ён гуляе...

Партыя блізілася да свайго завяршэння, калі да Валодзі дайшло: вось-вось на прыпынку каля кінатэатра з'явіцца Ірына, а ён спазняецца...

У той самы час маці паслала Лёню хлеба купіць. Той пайшоў (у сям'і палкоўніка загады не абмяркоўвалі), ды каля прыпынку ўсё ж спыніўся, бо пачуў:

— Добры дзень!

Сумненняў не было: гэта прыгожая дзяўчына віталася з ім. Пытала:

— Ты білеты ў кіно купіў?

— Не... Я па хлеб іду, — буркнуў Лёня.

— Дык зараз жа «Тарзан» пачнецца.

— Я на яго ўчора схадзіў.

— Як?.. Без мяне?!

— А хто ты такая, каб з табой?

Ірыне ад такога нахабства аж мову адняло!

— Як не сорамна? — спытала праз паўзу і ледзь не з плачам. — Сам прапанаваў прыехаць... Эх ты, кавалер!

На гэтым слове дзяўчына адвесіла яму звонкую аплявуху, павярнулася і ўскочыла ў «падплыўшы» трамвай.

...Лёня ўсё яшчэ паціраў шчаку, на якой праступіла ярка-ружовая пляма, калі на прыпынак прыбег запыханы Валодзя.

— Ты дзяўчынку не бачыў тут? — спытаў у брата.

І той, усё зразумеўшы, сказаў:

— Знаеш што... У наступны раз папярэджвай сваіх дзяўчат, што нас з табой — двое, бо чужыя аплявухі мне зусім без патрэбы... Свае б перажыць!

...Некалі, без наручных гадзіннікаў, без тэлефонаў (нават кватэрных!) гэта было вельмі складана.

Зоя Максімава, г. Віцебск


Як не дубчыкам, дык бізунчыкам…

Фота: kutbilim.kg

Гэта было позна ўвечары, аднак мае сямейнікі (жонка з дачкой, унукі) спаць яшчэ не паклаліся. Яны досыць весела бавілі час, хоць па дзіцячых галасах і адчувалася, што ўжо, здаецца, гатовыя: надурэліся, нагарцаваліся...

Спытаеце, дзе такое магчыма? Ну вядома ж, на лецішчы.

Там, за дзень напрацаваўшыся, я звычайна «здаюся» першы: па лесвіцы падымаюся на гарышча, дзе маю свае, асобныя «апартаменты» — з ложкам, сталом, з любімымі газетамі і кніжкамі. Варта нейкую з іх разгарнуць...

Тэлефонны званок быў такі нечаканы, што я аж падскочыў. Глянуў на мабільнік: нумар — незнаёмы, голас жаночы таксама — пытае нейкага Арцёма.

— Ён у лес пайшоў, — кажу першае, што прыйшло ў галаву. І, мусіць, памыляюся, бо жанчына (і, здаецца ж, цвярозая?) гулліва пытае:

— А ці далёка той лес?

У мяне да размоў ахвоты ніякай: кажу, што павінен:

— Вы памыліліся нумарам. Ды і наогул... Добрыя людзі спяць ужо. Вам бы пара таксама.

Ага... Яна ўзяла і мяне паслухала: пяць хвілін не прайшло — пазваніла зноў, сказала, што ў мяне прыгожы голас, што ноч сёння — проста цудоўная, што ў такую вось грэшна спаць, а тым больш аднаму (?!).

Я адключыў тэлефон, з гадзіну яшчэ спрабаваў чытаць, потым закрыў кніжку. На гадзінніку была поўнач.

Перад тым як заснуць, на ўсякі выпадак уключыў мабільнік і ледзь не «апёкся», бо ў той жа момант ён зноў зазвінеў: ужо знаёмы жаночы голас прапаноўваў... сустрэцца (?!).

«Ну што ж гэта, думаю, робіцца? Нейкі тэрарызм тэлефонны... Ці дрэнны Галівуд: на першым паверсе дачы — унукі па ложках, а на другім — нейкая
шалахвостка да дзеда «клеіцца»! Ну нарываецца ж! Варта яе паслаць... І няёмка: жанчына, як быццам...

У апошняе імгненне словы для яе знайшліся. Ні з таго ні з сяго я ляпнуў:

— Высылаю нарад.

— Я ж вам адрас... — пачала гаварыць жанчына і тут жа змоўкла.

Трэба разумець, пераканалася, што трапіла не туды (ці якраз «туды»?).

...Так ці іначай, але больш званкоў не было. Значыць, знайшоў я патрэбныя словы? Дару.

Няхай не спатрэбяцца.

Іван Г., г. Мінск


Лазня...Блізкая і далёкая

Фота: siabry.by

Саўгас «За мір» утварыўся ў канцы шасцідзясятых мінулага стагоддзя, наша вёска ні стуль ні ссюль стала цэнтральнай сядзібай... Праўда, спачатку — як бы авансам, бо з усёй так званай сацыялкі на яе тэрыторыі была саўгасная кантора (у старым панскім доме), школка-сямігодка ды цесная лазенька. У ваколіцах яшчэ крамкі заставаліся — маленькія, у здымных памяшканнях.

А гэта значыла, што патрэбным стала ўсё: новае жыллё, фермы, зернясховішчы, клуб, само сабой лазня...

У нашай вёсцы яе будавалі вялікай — на два аддзяленні. Разлічвалі, што ўся акруга будзе прыходзіць.

І як быццам не памыляліся: людзі хадзілі, праўда, позняй вясною, летам. А вось у халады — ужо не, бо памыцца, а потым на вецер-мароз ды яшчэ і ў дарогу — ну хіба здурнеўшы... Ці каб нейкую хваробу нажыць. Лазня павінна быць блізка.

Вырашылі, што саўгас матэрыялы выдзеліць, мужчыны самі ў сваіх вёсках пабудуюць. І ніхто ж нікога не падвёў: з'явіліся новыя лазні.

А ў нашай, яшчэ не старой, як на тое ліха, кацёл прагарэў...

Дык вось. Дзве тутэйшыя маладзіцы згаварыліся, што Эдзік, муж Алены, пабудзе з дзецьмі, а Коля, муж Соні, звозіць іх у суседнюю вёску.

Усё, здаецца, прадумалі і...

Жанчын у лазні сустрэлі ветліва — госці ўсё ж.

— На чым дабраліся? — у раздзявальні спытала Мікалаеўна.

— Ды на лятучцы, — хуценька сказала Соня і нырнула ў пару.

Для іх з Аленай там адразу ж знайшлося і месца для тазіка, і вада, і тэмы для размоў, бо тутэйшыя жанчыны ведалі, што адна з «прыезджых» працуе ў канторы, другая — у буфеце. Ды і мужы ў іх не апошнія людзі: Коля — саўгасны механік, Эдзік-ветэрынар...

Чысцюткія ды аблашчаныя ўвагай, гэтыя маладзіцы ўжо апраналіся, калі адна з іх уголас заўважыла:

— Слухай, Соня, а дзе Мікалаеўна? Яна ж не мылася?

— Не...

— А нашто тады раздзявалася?

Пагаварылі яны так, падумалі ды пабеглі да машыны. Утрох ушчаміліся ў кабіну, паехалі дамоў, як раптам наперадзе матнулася нейкая постаць і... «Ба-а-бах!»... Будка за спінамі аж скаланулася!

Коля галаву ў плечы і па газах.

— Што гэта было? — спужалася Соня.

— Ды нешта кінулі, — прызнала Лена. — І калі б, не дай бог па кабіне, па шкле... Нічога не скажаш — «цёпла» праводзілі... А сустрэлі ж — як людзі людзей.

Нічога не зразумеўшы, тройца вярнулася дамоў.

...А ў панядзелак пад канец рабочага дня ў буфет увалілася Мікалаеўна. Моўчкі дастала з сумкі бутэльку дарагога віна, каробку цукерак і перад Соняй як не грымнула на калені:

— Прабач, дзіцятка! Гэта ж я, старая дурніца, пачула, што вы на лятучцы прыехалі, і мяне — як токам ударыла, аж затрэсла ўсю... Мой жа Іван з той лятучкі днямі не вылазіць! Ведама, брыгадзір: то запчасткі трактарыстам трэба падвезці, то работу праверыць, то людзей даставіць... А тут, думаю, што — да маладзіц пацягнула? Будзе іх па лазнях вазіць?.. Ну якое ж мне мыццё пасля гэтага? Апранулася ды на вуліцу. Машыны там нідзе не відаць. Я вакол лазні кругам... Бачу — на задворках лятучка. Схаваўся, паразіт. Фары выключыў. Баіцца, значыць, каб міліцыя не злавіла. Ведама — без пуцёўкі. Хто ж яе выпіша, дзевак катаць...

Прыгледзелася — ён у кабіне сядзіць, адпачывае, галаву на руль паклаўшы... Ну, думаю, падрамі, я потым пакажу, як распусту разводзіць... Схапіла нейкі брусок і ў засаду. Прычакала вас, шпурнула сваю «гранату» — сагнала злосць... Бягу дамоў і думаю, што гэтага пацягаку нават на парог не пушчу! Хай на вуліцы калее, сабака!

А бліжэй да дома дайшла, — бачу, нашы вокны блакітам свецяцца, тэлевізар ідзе, Іванка мой на ўслончыку пры печцы сядзіць... І так мне яго, беднага, шкода стала! Гэта ж нацягаўся за дзень, натаміўся, змёрз, а тут яшчэ і жонкі дома няма... Яна вунь што ўдумала, вунь што зрабіла... Прабачце мне, дзеванькі! Я во міравую прынесла. Давайце па кроплі вып'ем, каб дурнога пра нашу вёску не думалі, каб лішняга не сказалі, каб людзі не смяяліся з майго Навумыча.

З яго — як быццам не выпадала, а вось з жонкі...

І парагаталі тады жанчыны, і выпілі, і заспявалі... Галасы ў іх — Алены, Соні і Мікалаеўны — былі вельмі прыгожыя! Так што хораша пасядзелі, без крыўдаў разышліся. Але ж лазню тую помняць да сёння.

Любоў Загорская, г. Магілёў

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж: шчыры дзякуй усім, хто паспрабаваў адказаць на пытанне, быць ці не быць у «Звяздзе» конкурсу на найлепшую праўдзівую гісторыю, і пры гэтым «адважыў» ну столькі кампліментаў...

Прымаем. Як і вашы новыя творы.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».