Вы тут

Падмена паняццяў. Што бывае, калі катэгарычнасць становіцца памяркоўнасцю


Пра сваю стрыечную сястру з Украіны я ўжо згадвала ў гэтай рубрыцы неаднойчы. Дае мая Наталля нагоду для разваг раз за разам. Хоць, здавалася б, у нас павінна быць больш агульнага, чым рознагалоссяў: мы амаль равесніцы, яна таксама з гуманітарнай сферы — выкладае ў каледжы, дый блізкая радня як-ніяк — у нас агульная бабуля і дзед — ветэран-ардэнаносец, гонар усёй сям'і. Але нешта ў нас апошнім часам не складваецца, асабліва, калі пачынаем гаварыць ці перапісвацца... не, не пра палітыку. Пра мінулую вайну.


Вось і гэтым разам. Нагледзелася Наталля паведамленняў у сеціве і пачала мне пісаць пра тое, што дарэмна ў нас на дзяржаўным узроўні асуджаюць калабарацыяністаў і ўсё, што з імі звязана. Маўляў, многія з гэтых людзей супрацоўнічалі з фашыстамі з самых высакародных меркаванняў, рупіліся пра нацыянальнае адраджэнне. Здзіўляцца гэтаму я асабліва не стала — у краіне, дзе ў герояў узвялі Бандэру і Шухевіча, дзе ветэраны вайны не могуць надзець узнагароды без рызыкі быць пабітымі, так разважаць, напэўна, не тое што модна — жыццёва неабходна. Бо інакш у той жа сістэме адукацыі ты наўрад ці будзеш доўга працаваць. Я ў яе толькі спыталася: «А тыя, хто разам з фашыстамі тысячамі расстрэльваў яўрэяў у Львове і Бабіным Яры, — таксама рупіліся пра нацыянальнае адраджэнне?» На што яна сумелася — цяпер там не прынята адказваць на падобныя пытанні — і выдала: «Заўсёды, нават у самай добрай справе, знаходзяцца дрэнныя людзі. А былі і тыя, хто свята верыў у свой народ, хто хацеў для яго лепшай долі, і мы не маем права іх асуджаць, бо ўсё тады было нашмат складаней, чым нам бачыцца сёння...» Я гнеўна напісала ў адказ, што наш з ёй дзед Васіль, які прайшоў у пяхотным палку ад Сталінграда да Берліна, пэўна, ужо не аднойчы перавярнуўся ў труне, і на тым дыялог скончыла...

Але застаўся душэўны дыскамфорт. Не, не ад таго, што фактычна пасварылася з блізкім чалавекам. Як пасварыліся — так і памірымся, на тое і радня. Не дае спакою іншае. Як дарослая жанчына з вышэйшай адукацыяй, маці дваіх дзяцей, выхаваная яшчэ ў савецкай сістэме, так лёгка памяняла перакананні? Што стала з памяццю, з розумам у чалавека, чый дзед ваяваў, чый бацька збіраў з малодшай сястрой гнілую бульбу на полі, каб пракарміцца пасля вайны? Чыю бабулю паліцаі ганялі пад аўтаматамі капаць магілу койданаўскім яўрэям? Што з ёй зрабілі такое, што яна, якая заўсёды першая віншавала з Днём Перамогі, ужо праз год пасля іхняга Майдана ў адказ на маё віншаванне адказала: «Для каго свята, а для каго — наадварот»? Які дваццаць пяты кадр уставілі ёй у мазгі, што яна пачала думаць так?

І ведаеце, да чаго я дадумалася? Уся справа вось у гэтым асцярожным: «мы там не былі, мы не маем права асуджаць, усё было нашмат складаней, чым здаецца...» Менавіта гэта памяркоўнасць, адсутнасць катэгарычнасці, той самай, якая была яшчэ ў нашых бацькоў, калі размова заходзіла пра злачынцаў і герояў той вайны, і робіць з розумам і светапоглядам нас, а тым больш нашых дзяцей страшнае. Таму што ад гэтай памяркоўнасці і ўсёдаравальнасці зусім невялікі крок да падмены паняццяў — і тады злачынцы становяцца героямі.

І ўжо позна казаць камусьці, што «ўсё было тады нашмат складаней, чым здаецца», — гэта не пра паліцаяў і не пра тых, хто ў акупаваным Мінску выдаваў газеткі і пісаў вершы пра «вольную Беларусь». Гэта пра герояў аповесцяў Быкава, калі маладзенькі салдат кідаецца на ўзброеных аўтаматамі фашыстаў са сцізорыкам, гэта пра Міная Шмырова, які ахвяраваў сваёй сям'ёй, гэта пра простых беларусаў, якія, рызыкуючы жыццём, хавалі ў сябе яўрэйскіх дзяцей... Тады ўжо позна тлумачыць камусьці, чаму ў некаторых беларускіх вёсках і сёння «легіён» — самая абразлівая мянушка (так звалі ў вайну «легіянераў»-паліцаяў). Нікому ўжо гэта не будзе цікава, бо «легіянеры» будуць ужо ў статусе герояў, бо «мы не маем права асуджаць, бо ўсё было нашмат складаней, чым здаецца...»?

Гэта не пра нас? Мы гэтага не дапусцім? Пачакайце заракацца. Я вам тут пару вершаў працытую. З адкрытых крыніц, як кажуць. «Радасць жаўранкам звоніць над хмарамі, // хай не згледжу яе, не збяру... // дні насталі важкія, змагарныя, // зноў спрабуе расці Беларусь»... «З кажным днём, можа, // з кажнаю справай // праўдзівей, праўдзівей зажывём... // Пералічым крыжы // і павернем // забываць, // будаваць // і тварыць, // новай праўды прарошчваць зерне // на папелішчы праўдаў старых!» «Гляньце! // Новым веснім цветам // дні прад намі расцвітаюць». «І чаму на гнуткіх і пявучых струнах // новых пуцявінаў, сцежак і дарог // не пайсці вось гэткім раннем цёмнарунным // рэзаць маршы жвавым, рэзвым смыкам ног»... Што не так з гэтымі патрыятычнымі і даволі таленавітымі вершамі? Месца і дата напісання. Мінск, 1942-43 гады. «Зноў спрабуе расці Беларусь...» Самы злосны выродлівы жарт. Нават калі дапусціць, што аўтару было невядома, што «новы рэжым» творыць па ўсёй Беларусі... Нібы не было ў тым жа Мінску шыбеніц, гета, аблаў, Трасцянца побач з горадам. Ці, «рупячыся аб нацыянальным адраджэнні», гэтага можна было не заўважаць?

Якое дачыненне ўсё напісанае мае да нас, сённяшніх? Аўтарка прыведзеных радкоў напісала ў 1943 годзе (на ўсякі выпадак нагадаю толькі адну дату і адно слова. 23 сакавіка 1943 года. Хатынь) верш «Малітва». Так-так, той самы «Магутны божа», які нядаўна памяркоўныя да гісторыі людзі ўмудрыліся заспяваць на мінскай «Яме» — месцы масавага расстрэлу яўрэяў...

На гэтым варта паставіць шматкроп'е — няхай кожны дадумае сам. Мы ж пакуль не развучыліся думаць. Прынамсі, вельмі хочацца ў гэта верыць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: zelao.ru

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.