Вы тут

Сустрэча ў палёце


Самы захапляльны вынік сінтэзу мастацтваў атрымліваецца тады, калі спалучаецца статычнае і дынамічнае і атрымліваецца баланс паміж рухам і словам, падзеяй і думкай. Адзін з найбольш звыклых прыкладаў такой формы сінтэзу — перанос літаратуры на тэатральную сцэну. Такое больш складана здзейсніць з удзелам паэзіі, бо канфлікт у ёй кампактны і вобразны, тут патрабуецца глыбокая сцэнаграфічная праца.


Данііл Філіповіч. Фота з асабістага архіва Данііла Філіповіча.

Неяк адзначыць сцэнаграфію ў спектаклі «Палёты ўдваіх» рэжысёра Данііла Філіповіча пакуль немагчыма. Здача пастаноўкі прыпадае на заўтра — 28 лістапада. Але з першага погляду на анонсы і афішы зразумела, што рэжысёр выбраў іншы, яшчэ больш цікавы, падыход для канструкцыі канфлікту і ўзаемадзеяння на сцэне. Акрамя спалучэння літаратурнага і тэатральнага мастацтваў, рэжысёр здзейсніў яшчэ адзін сінтэз — дзвюх паэзій.

«Палёты ўдваіх» — гісторыя пачуццяў, заснаваная на вершах Максіма Багдановіча і Алаізы Пашкевіч. Аўтары, якія ніколі не сустракаліся ў жыцці, уступаюць у дыялог на сцэне. Здаецца, гэта будзе аповед больш пра чыстыя эмоцыі, зашыфраваныя ў паэзіі, чым пра персаналіі паэтаў.

Данііл Філіповіч скончыў Мінскі каледж мастацтваў у  2016-м годзе і працягвае навучанне на рэжысёрскім факультэце Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. За яго плячыма ўжо некалькі заўважных пастано­ вак — «Фанаткі» і «Рыба маёй мары» ў Гомельскім драматычным тэатры, «Навальніца» па п’есе Астроўскага ў Пінску і іншыя. Цяпер Данііл працуе ў Тэатры юнага гледача, дзе і адбудзецца прэм’ера «Палётаў удваіх». Рэжысёр крыху распавёў карэспандэнту «ЛіМа» пра спектакль і свае погляды на тэатр увогуле.

— Як адрозніваецца навучанне тэатральнай справе ў Расіі і Беларусі?

— Адкажу коратка: у Беларусі, мне здаецца, вучаць, а ў Расіі выхоўваюць. Там адкрываюць менавіта цябе. Калі ты цікавы, то ідуць за табой, дазваляюць раскрывацца па-твойму. Калі не цікавы, проста не дапускаюць да фінальнага экзамену.

— Які з этапаў стварэння спектакля самы важны і самы складаны?

— Слова вельмі цікавае — «этап». Я не падзяляю ніколі рэпетыцыі на этапы, самае галоўнае — цэльны працэс, працэс стварэння спектакля. Працую так: прыходжу ў тэатр, потым паступова падыходзяць акцёры, дакранаюцца да прадметаў, якія стаяць на сцэне. Я нешта вельмі павольна кажу, яны адказваюць, пасля чаго можам абмеркаваць тэмы, не датычныя п’есы, але і гэта ўжо працэс. Затым мы вельмі дзіўна можам пачаць першую сцэну, спыніцца і зноў размаўляць, спрабаваць яшчэ. Для мяне ў тэатры няма нічога складанага, гэта кайф. Калі я на рэпетыцыі, я люблю!

— Чаму вы звярнуліся да беларускай літаратуры ў пастаноўцы?

— Гэта вельмі цікава, у мяне ўжо 29-ы спектакль і  ўпершыню па беларускай літаратуры. Мне здаецца, гэта як прыехаць у іншую краіну і пачаць ставіць спектакль. У момант рэпетыцыі так і атрымліваецца, што ты пачынаеш размаўляць на іншай, нязвыклай мове, а потым разумееш, што яна твая родная.

 — Ці было цяжка пераствараць вершы ў сцэнічную мову?

— Не ўспрымаю гэта як цяжкасць. Так супала з сённяшнім днём, такая літаратура ніколі не страціць актуальнасці. Я нічога не перарабляў, проста ўзяў і стварыў драматургію на базе таго, што геніяльныя людзі сваёй рукой напісалі на паперы.

— Як удалося сумясціць у адзін твор вершы такіх розных аўтараў?

— Вы не паверыце, але калі іх сумясціў, мне здалося, што нешта не так... Але потым даў пачытаць розным людзям, потым акцёрам. І ўсе сыходзіліся на тым, што гэта гучыць актуальна і вельмі цікава. Я зрабіў версію інсцэніроўкі так, як быццам паэты сустракаліся і прамаўлялі свае тэксты адно аднаму, у дыялогу. Заўсёды працую інтуітыўна, іду за сваім пачуццём. І гэты матэрыял з’явіўся інтуітыўна, без канкрэтных уяўленняў, што атрымаецца.

Убачыць вынік эксперымента можна будзе на сцэне Тэатра юнага гледача. «Любіце ў палёце, нават калі ляціце адны. Ляціце, бо палёт ніхто не можа ў вас адабраць», — так рэжысёр бачыць свой спектакль.

 Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».