Вы тут

У Хонаўскай школе адкрыўся ўнікальны музей


У Хонаўскім навучальна-педагагічным комплексе дзіцячы сад — сярэдняя школа адкрыўся ўнікальны музей.

Установа знаходзіцца ў аграгарадку Завадская Слабада Магілёўскага раёна, яна невялікая — усяго 105 школьнікаў і дзяцей дашкольнага ўзросту, але гісторыя ў яе вельмі багатая і цікавая. Нават пераехаўшы ў аграгарадок, школа засталася Хонаўскай — па назве вёскі, дзе яна з'явілася. З лёгкай рукі дырэктара Ірыны Сырамалотавай навучальна-педагагічны комплекс стаў своеасаблівым цэнтрам краязнаўчай работы.


Як чалавек творчы і неабыякавы да гісторыі, Ірына Міхайлаўна натхніла настаўнікаў і вучняў на пошукавую дзейнасць. Менавіта пад яе кіраўніцтвам была сабрана багатая калекцыя дастаткова каштоўных рэчаў. Рэдкія сямейныя фота, дакументы, сельскагаспадарчы інструмент, зроблены тутэйшымі майстрамі ў першай палове мінулага стагоддзя. Ёсць нават арыгінальнае пасведчанне аб рэгістрацыі школы. Цікава, што стваралася яна ў 1887 годзе як народнае вучылішча.

— Экспанаты ў нас былі і раней, а вось музей з экспазіцыйнымі раздзеламі з'явіўся толькі зараз, — адзначае Ірына Сырамалотава. — Пяць гадоў таму нам перадалі музейныя экспанаты Дасовіцкай школы, якую закрылі як малакамплектную. І мы вырашылі пашырыць кола сваіх інтарэсаў на ўвесь сельсавет. Стварылі своеасаблівы пошукавы атрад, у які ўвайшлі актывісты з 6—11 класаў. Разам з імі мы абышлі і аб'ехалі на веласіпедах не менш чым 15 вёсак.

Маштабы зробленай работы сапраўды ўражваюць. Пяць паўнавартасных экспазіцый, дзе даецца поўнае ўяўленне пра саму школу, пра вёску і суседнія населеныя пункты, сялянскі быт, пра Вялікую Айчынную вайну, партызанскі рух, удзельнікаў Афганскай вайны. Ініцыятыву па стварэнні музея падтрымаў шэраг грамадскіх арганізацый — абласны Савет ветэранаў, раённае аддзяленне грамадскай арганізацыі «Фонд міру», прадпрыемства «Сервалюкс-агра». Дзякуючы спонсарам набылі закуплены вітражныя тумбы, шафы, пакрыццё на падлогу. У такі музей не сорамна прывесці гасцей.

— Мне спадабалася, што дзеці ў гэтай школе неабыякавыя да гісторыі сваёй вёскі, сваёй малой радзімы, — кажа начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Магілёўскага райвыканкама Алеся Купцова. — Яны размаўлялі з бабулямі і дзядулямі, сабралі шмат карыснай інфармацыі. Жыхары перадавалі ў дар музею свае рэліквіі, бо ведалі, што гэта захаваецца і будзе запатрабавана. Работа ў школе пастаўлена такім чынам, што дзеці з'яўляюцца непасрэднымі ўдзельнікамі стварэння музея. Ад іх меркаванняў залежала, якой будзе тая ці іншая экспазіцыя. Працэс школьнага самакіравання вельмі ярка выражаны, і гэта, не сумняваюся, абавязкова станоўча адаб'ецца на далейшым выхаванні дзяцей, бо ўжо ў такім юным узросце яны прымаюць важныя рашэнні.

Школьнікі атрымалі карысны вопыт падчас знаёмства з гісторыяй свайго краю. Нягледзячы на тое, што населены пункт, у якім яны жывуць, аддалены, гэта не перашкаджае школьнікам актыўна праяўляць сваю грамадзянскую пазіцыю і рабіць добрыя справы.

Член Савета Рэспублікі Алег Дзячэнка, які прыняў удзел у адкрыцці музея, высока ацаніў зробленую работу.

— Захаванне і прымнажэнне памяці аб земляках, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё эканомікі, адукацыі і культуры сваёй малой радзімы, аб франтавіках і партызанах, воінах-інтэрнацыяналістах, якія цаной жыцця абаранілі свабоду і незалежнасць беларускага народа, — гэта адзін з прыярытэтных кірункаў палітыкі не толькі ў галіне ўмацавання ідэалогіі беларускай дзяржаўнасці, але і нашага слаўнага гістарычнага мінулага, — адзначыў ён. — Музей мае велізарны вучэбна-метадычны патэнцыял. Тут можна праводзіць урокі па гісторыі Беларусі дарэвалюцыйнага і савецкага перыядаў, вывучаць на мясцовым матэрыяле гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, тапаніміку роднага краю, генеалогію вядомых асоб. Гэта не толькі паглыбіць і ўзбагаціць гістарычныя веды школьнікаў, але і дасць магчымасць павысіць узровень эфектыўнасці работы па грамадзянска-патрыятычным выхаванні беларускай моладзі.

У адкрыцці музея таксама бралі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Наталля Тарасенка, намеснік старшыні Магілёўскага райвыканкама Аляксандр Алекса, начальнік аддзела Магілёўскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Селязнёва, старшыня Заводскаслабодскага сельвыканкама Ірына Слабковіч, прадстаўнікі мясцовай улады, ветэранскіх арганізацый, педагогі.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота з архіва Алега ДЗЯЧЭНКІ

Загаловак у газеце: Экспанаты збіралі разам з дзецьмі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.