Вы тут

Існасць жыцця ў пейзажы


Сапраўды, Фердынанда Рушчыца называлі майстрам пейзажа, работы ў свой час набывалі Павел Траццякоў і Сава Марозаў. Але слава прыйшла да яго не ў СанктПецярбургу, дзе вучыўся, а ў Варшаве, Вільні і Кракаве. Там, у адрозненне ад Расіі, яго творы рабілі асаблівае ўражанне…


Яшчэ некалькі гадоў таму пра Фердынанда Рушчыца ў Беларусі добра ведалі толькі мастацтвазнаўцы. Напэўна, і цяпер у масавай свядомасці прозвішча мастака не прысутнічае, а між тым пейзажыст, графік, тэатральны дэкаратар і педагог, ён заклаў падмурак беларускай школы пейзажнага жывапісу. Напрыканцы XIX ст. майстар пісаў: «Як я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой...»

Імя Фердынанда Рушчыца ўнесена ЮНЕСКА ў каляндар памятных дат на 2020 год. Мастак стаў важнай асобай для культуры Беларусі, Літвы і Польшчы. Яго палотны захоўваюцца ў музеях гэтых краін, а таксама ў еўрапейскіх і амерыканскіх музейных і прыватных зборах. Да нядаўняга часу ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўваўся толькі адзін твор Фердынанда Рушчыца — «Каля касцёла». Кантрастны, шматпланавы, створаны ў процівагу звыклым правілам кампазіцыі, пейзаж запрашае да сузірання неба, якое стала дамінантай у многіх работах мастака.

Вось як пісаў пра Рушчыца, чыё 150-годдзе з дня нараджэння адзначаецца 10 снежня, Уладзімір Караткевіч у сваім нарысе «Зямля пад белымі крыламі»: «І, урэшце, калі пераходзіць ужо часткова ў ХХ ст., — вялікі мастак Ф. Рушчыц, карціны якога можна разглядаць гадзінамі. Уся зямля Беларусі — у іх. Тая ж “Зямля” і шэрыя камяні замка ў Крэве, і бялюткія, каравыя ад старасці яблыні на ільснянай чорнай раллі. І млыны над чорнай вадою лясных ручаін, і натоўп, што вясною прысеў ля касцёла пад сінім-сінім прамытым небам, і бледнае асенняе сонца на дошках тэрасы. Гэта — здорава! Калі давядзецца быць у Вішневе ля Валожына — паглядзіце роспісы ў тамтэйшым касцёле. Гэта таксама Рушчыц...»

Урачыстае адкрыццё Года Рушчыца адбылося 27 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Выстаўка, якая зараз працуе там, — галоўная імпрэза з цэлага шэрагу падзей, прысвечаных Рушчыцу. Яе мэта — прадставіць шырокі мастацкі кантэкст, у якім існавала творчасць мастака. Праект планаваўся даволі даўно і павінен быў выглядаць крыху інакш, але з-за пандэміі творы Рушчыца, якія меркавалі прадставіць у дадзенай экспазіцыі, не трапілі ў Беларусь. Нягледзячы на гэта, выстаўка атрымалася буйной і па памеры (займае ўвесь першы паверх музея), і па напаўненні (удалося скласці панараму эпохі ў цэлым).

Каля вытокаў

Фердынанд Рушчыц нарадзіўся ў 1870 годзе ў сям'і Эдуарда Рушчыца (1830—1910) і Ганны Маргарэты Альвіны Мунк (1837—1918). Род Рушчыцаў (герб «Ліс») паходзіў з Буга, дзе ўжо на рубяжы XV—XVI стагоддзяў яны валодалі спадчынным маёнткам Кодзені, які прадалі ў 1511 годзе Сапегам. Багданава, дзе нарадзіўся і памёр мастак, належала Рушчыцам з 1827 года. Пасля студзеньскага паўстання 1863 года Рушчыцы былі вымушаны пакінуць Багданава і здаць яго ў арэнду. Месцам пастаяннага жыхарства яны абралі Лібаву (сёння — Ліепая), дзе Эдуард Рушчыц атрымаў пасаду ў дырэкцыі Лібава-Роменскай чыгункі, што тады будавалася. У 1877 годзе сям'я назаўсёды пакінула Лібаву і пераехала ў Мінск, дзе бацька стаў працаваць начальнікам аддзела рахункаў ва Упраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. У 1882 годзе малады Фердынанд пайшоў у 2 клас Дзяржаўнай мужчынскай гімназіі, якую скончыў у 1890 годзе з залатым медалём (можна меркаваць, што яна знаходзілася на месцы сучаснага сквера ад вуліцы Карла Маркса да праспекта Незалежнасці). У школе ён наведваў факультатыўныя заняткі па малюнку. Яго першым настаўнікам быў Кузьма Ермакоў, выпускнік Імператарскай Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу. Магчыма, з гэтага і пачалося захапленне жывапісам.

Арыфметыка Шышкіна, алгебра Куінджы

Пасля двух гадоў вучобы на юрыста Фердынанд Рушчыц пакідае Санкт-Пецярбургскі Імператарскі ўніверсітэт і здае конкурсны экзамен у Імператарскую Акадэмію мастацтваў, якую дагэтуль наведваў як вольны слухач. Першыя два гады ён вучыцца ў Івана Шышкіна і па яго парадзе ў 1894 і ў 1895 гадах падчас вакацый здзяйсняе дзве паездкі ў Крым. Лічыцца, што фундамент педагагічнай сістэмы Івана Шышкіна — прынцып дакладнага прытрымлівання натуры: летам за аснову браліся эцюды з натуры, а зімой ішла праца над малюнкам. «Карціна павінна быць поўнай ілюзіяй, а гэтага немагчыма дасягнуць без усебаковага вывучэння абраных матываў», — казаў майстар.

У 1895 годзе пасля адстаўкі Шышкіна Рушчыца разам з іншымі студэнтамі прымаюць у майстэрню прафесара Архіпа Куінджы. Тут яго калегамі сталі знакамітыя ў будучыні мастакі Аркадзь Рылоў, Аляксандр Барысаў, Мікалай Рэрых... Куінджы, выхаваны не на акадэмічных традыцыях, быў больш вольны ў выкарыстанні сталых класіцыстычных прынцыпаў навучання. Настаўнік спачатку выяўляў асаблівасці кожнага вучня — а гэта займала прыкладна год — і толькі потым пачынаў даваць парады і кіраваць іх працай. Гэта было звязана ў тым ліку з марай Куінджы аб рэфармаванай Акадэміі, дзе сухое выкладанне і ізаляцыю прафесараў ад вучняў замянілі б сяброўскія адносіны. Беспрэцэдэнтным выпадкам у гісторым акадэміі стала паездка Архіпа Куінджы са студэнтамі ў Еўропу. У красавіку-маі 1898 года ён на ўласныя сродкі вывозіць вучняў сваёй былой майстэрні за мяжу для агляду калекцый старога і новага мастацтва. Рушчыц у гэтай вандроўцы не ўдзельнічаў. Нягледзячы на адрознасць мастакоў, якіх у свой час згуртавала майстэрня Куінджы, іх аб'ядноўваў глыбокі філасофскі складнік, што асабліва моцна выявіўся ў пейзажах Рэрыха, Рушчыца, Багаеўскага і Пурвітыса.

Вельмі шмат пра схільнасці і пачуцці мастака ў гэты перыяд можа расказаць яго «Дзённік», перакладзены з польскай мовы Ф. Янушкевічам. Так, чытач можа меркаваць, напрыклад, пра пэўны ўплыў на творчасць: «У Эрмітажы разглядаў карціны старой італьянскай школы. У захапленне мяне прывёў Ван Дэйк. Колькі ў ім інтэлігентнасці, пачуцця, густу. Даўжэй затрымаўся перад маім любімым майстрам у Эрмітажы — Мурыльё, а таксама Веласкесам, Рубенсам» (Пецярбург, 10.04.1895). Праз паўгода Фердынанд Рушчыц робіць адзін з вызначальных запісаў, які красамоўна кажа пра яго ўнутраны стан ды ўвогуле характарызуе погляд любога маладога творцы на сябе і на свет: «Разумею, як з-за мастацтва можна зрабіцца адзінцом. Нічым іншым не цікавіцца, адмовіцца ад блізкіх, пазбягаць людзей, забаў. Апошнія дні мой розум заняты толькі адной думкай — пра вымаганні мастацтва. На астатняе забываюся, амаль нічога не чытаю, не ведаю, як выглядаю, да знаёмых хаджу толькі па неабходнасці. Гэта накшталт idee fixe. I тое ж з усімі астатнімі. Ходзяць ускудлачаныя, параўноўваюць працы, хапаюць думкі іншых, кожнае слова, позірк наводзяць іх на роздум. А як стамляе такі лад жыцця, Божа, яшчэ колькі цяжкіх хвілін, колькі перад намі расчаравання!» (Пецярбург, 22.10.1895). Не зважаючы на тое, што большасць калег хваляць яго эцюды, з кожным разам яны здаюцца аўтару слабейшымі. «Паказваў Куінджы два эскізы (у хмарах і з фаўнам). Пахваліў абодва. Здаецца, яму спадабаўся мой прыём у падачы эскіза. Параіў мне і далей так працягваць. Ёсць пэўная сістэма ў школе, якую праходзім дзякуючы лёсу. У Шышкіна навучыліся малюнку, тэхніцы, так бы мовіць, арыфметыцы, цяпер можам перайсці да абагульнення — алгебры, да кампазіцыі», — пісаў Фердынанд Рушчыц (Пецярбург, 01.11.1895).

Няхай сумненні і няўпэўненасць доўгі час ішлі поруч, для мастака была важнай толькі адна акалічнасць: «Як спявак патрабуе слухача, так мастак павінен паказваць свае працы іншым. Ужо тры дні не ведаю, што рабіць з маёй “Вясной”. Хацеў бы пачуць чужую думку — і не маю каму паказаць. Колькі гэта дзён мінула, калі ў захапленні працаваў над ёй, і ўжо астыў да гэтай карціны. То вада выглядае занадта сіняй, то зноў дрэвы нейкія прамыя і засушаныя альбо зноў карціна стракатая. Часам адварочваюся ад яе, а думаць (пра яе) не перастаю» (Пецярбург, 29.04.1897). У кастрычніку 1897 года Фердынанд Рушчыц скончыў Імператарскую Акадэмію мастацтваў, атрымаўшы званне мастака. На выстаўцы дыпломных работ экспанавалася тры яго творы — «Вячэрняя зорка», «Трытоны» і «Вясна». Менавіта апошнюю набыў для сваёй калекцыі ў Маскве Павел Траццякоў.

Зараз на выстаўцы ў Мастацкім ёсць магчымасць бліжэй пазнаёміцца з работамі настаўнікаў, аднакурснікаў па майстэрні Куінджы. Так, у экспазіцыі прадстаўлены такія работы, як «Узбярэжжа Пятроўскага гаю ў Сестрарэцку» (1886) Івана Шышкіна, «За Радзіму. Раць» (1899—1900) Мікалая Рэрыха, «Ранняя вясна» (1917) Вільгельма Пурвітыса, «Вясновая ноч на Мурмане» (1905) Аляксандра Барысава ды іншыя.

Віленскія старонкі

Першая публічная выстаўка работ Рушчыца адбылася ў Вільні ў 1899 годзе. Ужо праз год ён увайшоў у кола членаў кракаўскага Таварыства польскіх мастакоў «Sztuka». Тады ж узяў удзел у выстаўцы ў Кракаве з нагоды 500-годдзя Ягелонскага ўніверсіт эта. У 1903 годзе Рушчыц зладзіў у Вільні выстаўку «Ars». З 1904-га быў прафесарам Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве, а ў 1907 годзе ўзначаліў кафедру пейзажа ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Кракаве. Так, гэты адносна невялікі прамежак часу цалкам характарызуе творчыя памкненні і энергію мастака, якая, натуральна, часам то знікала, то накіроўвалася ў іншае рэчышча. Пра гэта кажуць і некаторыя старонкі яго біяграфіі.

У жыцці любога творцы важную ролю граюць прызнанне і крытыка. Яны, магчыма, і прадвызначылі лёс мастака, які вырашыў звязаць далейшае жыццё не з Пецярбургам, а з Вільняй. Гэта відаць перш-наперш на прыкладзе таго, як прынялі знакамітую «Зямлю» ў гэтых гарадах, лічыць Юлія Лісай, куратар выстаўкі, прысвечанай Фердынанду Рушчыцу.

"Зямля" 1898, Нацыянальны музей у Варшаве

У 1908 годзе мастак пераехаў у Вільню, дзе актыўна ўдзельнічаў у мастацкім і грамадскім жыцці горада: быў ініцыятарам выдання і графічным афарміцелем многіх часопісаў і кніг, аўтарам афіш і плакатаў. Прымаў удзел у рэстаўрацыі капэлы выявы Маці Божай Вастрабрамскай, уваходзіў у камітэт па ўзвядзенні помнікаў Адаму Міцкевічу і Станіславу Манюшку ў Вільні, пісаў артыкулы пра помнікі даўніны Вільні. Актыўна займаўся і сцэнаграфіяй — аформіў пятнаццаць тэатральных пастановак у Варшаве і Вільні, у прыватнасці п'есы Юліуша Славацкага і Станіслава Выспяньскага.

Як мастак Рушчыц пакінуў свой след у афармленні гэтага горада. Займаўся стварэннем саркафага, у якім у 1922 годзе пранеслі астанкі Святога Казіміра (з нагоды 400-годдзя кананізацыі). У 1931 годзе Фердынанд Рушчыц узначаліў мастацкагістарычную камісію ў Камітэце выратавання Віленскай базілікі, пацярпелай падчас паводкі. У тым жа годзе ў сутарэннях віленскага кафедральнага сабора былі адкрыты пахаванні караля Аляксандра Ягелончыка і дзвюх жонак Жыгімонта II Аўгуста — Лізаветы Габсбург і Барбары Радзівіл. Рушчыц рабіў малюнкі інтэр'ера крыпты і каралеўскіх рэшткаў.

Ноччу 30 кастрычніка 1932 года ў мастака здарыўся прыступ паралічу, у выніку якога ён страціў рухомасць правай рукі і не змог гаварыць. У 1935 годзе мастак назаўжды пераехаў у Багданава. Ён навучыўся пісаць левай рукой, спрабаваў маляваць (створаны шматлікія малюнкі членаў сям'і, напісаны некалькі эцюдаў з багданаўскімі матывамі). Да канца жыцця творца працягваў працаваць толькі левай рукой.

Фердынанд Рушчыц памёр 30 кастрычніка 1936 года ў Багданаве, 3 лістапада быў пахаваны на сямейных могілках. У Вільні, Варшаве, Кракаве пасля яго смерці былі створаны шматлікія ганаровыя і выканаўчыя камітэты па ўвекавечанні памяці. Ганаровы камітэт у Вільні арганізаваў вялікую выстаўку твораў Фердынанда Рушчыца. Пазней яна экспанавалася ў Варшаве і Кракаве. На варшаўскім доме, дзе мастак жыў у 1904—1905 гадах, была ўсталявана мемарыяльная дошка. Адзін з панадворкаў Віленскага ўніверсітэта названы імем Рушчыца.

Багданаўская «святыня мар»

Менавіта так мастак называў фамільны маёнтак у вёсцы Багданава, куды вяртаўся на працягу ўсяго жыцця. На жаль, ад былой фамільнай сядзібы Рушчыцаў сёння амаль нічога не засталося. Летам 6 ліпеня 1944 года пры адступленні нямецкай арміі недалёка ад Багданава адбыўся бой з часцямі савецкай арміі. Тады згарэў маёнтак, былі знішчаны амаль усе пабудовы. Згарэў таксама касцёл Святога Міхаіла з чатырохграннай шатровай вежай (у 90-я гады на яго месцы пабудавалі новы цагляны касцёл) і значная частка вёскі. Сёння мы маем магчымасць убачыць у Мастацкім найцікавейшы архіў фатаграфій вёскі Багданава, выкананых падчас Першай сусветнай вайны, з калекцыі Уладзіміра Багданава. На фота — сучаснікі мастака, з якімі ён мог сустракацца. Увайшлі ў экспазіцыю і фотаздымкі Яна Булгака, на якіх адлюстравана вёска. «Цікава, што Булгак, з'яўляючыся прыхільнікам рэалізму, спрабуе трансліраваць Рушчыца ў фатаграфіі: неверагоднае неба, бязмежныя прасторы.» — заўважыла Юлія Лісай.

«Што можа быць прыгажэйшым за ціхую восеньскую нядзельную раніцу на вёсцы. Неба чыстае, блакітнае, дрэвы жоўтыя, залатыя, стаяць ціха, лісты не шавеляцца, нават не ападаюць на зямлю. Цішыня і спакой. Адчуваецца, што людзі адпачываюць, і менавіта тое, што іншыя не працуюць, кліча да працы», — натхнёна пісаў Фердынанд Рушчыц у Багданаве (17.09.1900). Здаецца, менавіта гэтыя радкі як мага лепш падкрэсліваюць, што мастак, нягледзячы на непрацяглыя вандроўкі і жыццё ў розных гарадах, лічыў сябе адданым радзіме, дзе напісаў большасць твораў. Гэта супярэчыць меркаванню многіх замежных мастацтвазнаўцаў, якія лічаць Рушчыца цалкам польскім мастаком.

На жаль, складана з гэтым спрачацца, улічваючы тое, што да нядаўняга часу ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі захоўвалася толькі адна работа Фердынанда Рушчыца — «Каля касцёла» 1899 года, набытая ў 1957 годзе ў ленінградскага калекцыянера А. І. Шустэра. У лістападзе 2019-га пры фінансавай падтрымцы ганаровага консула Беларусі ў Лазане Андрэя Нажэскіна былі набыты ў калекцыі ўнука Фердынанда Рушчыца і перададзены ў дар яшчэ тры жывапісныя работы, што адносяцца да ранняга

«Гарадскі пейзаж», 1890-я (?). перыяду творчасці майстра, — «Гарадскі пейзаж» («Зімовы Мінск»), 1890-я (?); «Дом з кветнікам», пачатак 1890-х (?); «Дахі на Губернатарскай вуліцы ў Мінску», 1890-я (?). Зараз у Мастацкім музеі экспануецца таксама работа «Партал касцёла» (1900-1903) з прыватнай калекцыі і вокладка часопіса «Alma mater Vilnensis» (1922).

Вельмі шмат пра важнасць асобы Фердынанда Рушчыца для Беларусі сведчыць яго ўплыў найперш на айчынны жывапіс. У асобнай зале на выстаўцы экспануюцца творы сучасных мастакоў, удзельнікаў пленэраў, прысвечаных майстру. Сярод аўтараў — Аляксандр Грышкевіч, Уладзімір Пракапцоў, Кастусь Качан, Уладзімір Слабодчыкаў, Юрый Несцярук, Уладзімір Васюк. У пэўнай ступені заўважна ўздзеянне Фердынанда Рушчыца і на вучняў, выпускнікоў Віленскага ўніверсітэта Пётры Сергіевіча і Міхася Сеўрука, творы якіх таксама сталі часткай экспазіцыі. Ацаніць унікальнасць выстаўкі можна да 13 студзеня 2021 года.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?