Вы тут

Што цікавага паглядзець па тэлебачанні на наступным тыдні


17 снежня традыцыйна будзе адзначацца Дзень беларускага кіно. А мы вырашылі расказаць, на што (у тым ліку і з гэтай нагоды) будзе цікава паглядзець у тэлеэфіры.


На канале «Беларусь 3» гледачоў чакаюць паказы кінастужак розных жанраў. Так, на працягу тыдня пакажуць дакументальныя фільмы Анатоля Алая «Чорны воран» і «Мяжу» Яўгена Сяцько, прыгодніцкую кінастужку «Вам — заданне» рэжысёра Юрыя Бяржыцкага.

А ў чацвер убачым фільм «Глыбокая плынь», які з'явіўся ў 2005 годзе, рэжысёра Івана Паўлава. Яго знялі па матывах раманаў беларускага пісьменніка Івана Шамякіна «Снежныя зімы» і «Глыбокая плынь».

...Вялікая Айчынная вайна ўскалыхнула ўсё мірнае насельніцтва беларускай зямлі. Праблема выстаяць, абараніць і вызваліць свой край ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стала галоўнай і для тых, хто застаўся ў тыле ворага. У гэтых умовах Іван Антанюк, які раней узначальваў адзін з аддзелаў выканкама, становіцца камандзірам партызанскага атрада. У няпросты час яму давялося вучыцца прымаць правільнае рашэнне ў арганізацыі партызанскага руху, знаходзіць адзіны верны выхад у складаных перыпетыях ваенных падзей, а таксама спазнаваць горыч страт і зараджэнне глыбокага пачуцця кахання...

У драме зняліся шматлікія беларускія акцёры, сярод якіх Аляксандр Бяспалы («Кіроўца аўтобуса», «Белыя росы»), Уладзімір Грыцэўскі («Белыя росы», «Прыгоды Бураціна»), Алена Дуброўская («Брэсцкая крэпасць», «Каханне пад прыкрыццём») і іншыя.

Для тых жа, хто любіць даведвацца штосьці новае пра кіно і глядзець на яго праз прызму аналізу, канал «Культура» прапаноўвае ў пятніцу 18 снежня чарговы выпуск праграмы «Шэдэўры старога кіно». У ім згадаюць мастацкі фільм «Мядзведзь», які быў зняты на «Белдзяржкіно» ў 1938 годзе. У праграме прымуць удзел гісторык кіно Яўген Маргаліт і доктар мастацтвазнаўства Вольга Ягошына. А гледачы даведаюцца, чаму для актрысы Вольгі Андроўскай, выканаўцы галоўнай ролі, гэты фільм стаў першай работай на экране, на якую яна адважылася толькі пасля смерці яе мужа...

Дарэчы, рэжысёр кінастужкі Ісідор Аненскі неяк адзначаў, што супраць экранізацыі аднайменнай п'есы Антона Чэхава, якая і ўзятая тут за аснову, тады выступалі як кінематаграфісты, так і тэатральныя дзеячы. Аднак рэжысёр настаяў на сваім... Тая гісторыя расказвае нам пра памешчыцу Папову, якая глыбока смуткуе з прычыны смерці свайго мужа. Але нечакана да яе прыязджае крэдытор Смірноў. Паміж імі ўзнікае спрэчка, якая перарастае ў дуэль.

Сцэнарый рэжысёр пісаў пад канкрэтных герояў, да якіх пэўны час прыглядаўся. З Міхаілам Жаравым яны некалі працавалі разам у тэатры, але былі мала знаёмыя. Аднак гэта не перашкодзіла маладому рэжысёру прыехаць да акцёра дадому і атрымаць ад яго згоду іграць у карціне пасля прачытання яму сцэнарыя будучага кінафільма. Угаворваць давялося і Вольгу Андроўскую, якая да кінадэбюта была вядомая гледачам толькі па ролях у тэатры.

Падчас здымак рэжысёр выкарыстоўваў нязвыклыя для кіно таго часу доўгія панарамы, а таксама адмовіўся ад традыцыйнага мантажу. І з дапамогай мантажнай тэхнікі паралельнай дзеі ён спрабаваў узмацніць трывогу за ход дуэлі і зрабіць фінал больш нечаканым. Потым крытыкі адзначылі, што «Мядзведзь» быў найбольш цікавай экранізацыяй Чэхава даваенных часоў, «таленавіта і тэмпераментна разыграным жартам, у якім рэжысёр змог захаваць своеасаблівасць чэхаўскіх інтанацый». А Аненскі пасля ў сваіх мемуарах пісаў, што першымі гледачамі яго фільма былі Вольга Кніпер-Чэхава і Марыя Чэхава, якія падчас прагляду смяяліся да слёз, а пасля ўдава пісьменніка адзначала: «Стары вадэвіль зноў загучаў на экране свежа і пераканаўча».

Алена ДРАПКО

Загаловак у газеце: Каб зрабіць добрае кіно, патрэбен...

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.