Вы тут

Ліліяна Анцух: Калі ідзеш да мэты, не лічы свае крокі


«Грацыёзная, інтэлектуальная і працавітая, яна ўмее стварыць культурную прастору і забяспечыць яе творчае існаванне. Тонка адчуваючы паэзію і разумеючы, што паэзія — самае праўдзівае выяўленне хараства, яна шляхетна спалучае ў сабе рамантычнае і неабходнае. З балетнай лёгкасцю яна пераадольвае свой шлях. Яе жыццё — не проста час, які аддаецца сям'і, рабоце і жаданым радасцям, а гэта час, узбагачаны змястоўным лёсам. Яе характар — матэматыка, народжаная музыкай. Яна ведае: спакою няма, таму яе стыль — быць спакойнай...» — гэтак натхнёна пісаў Леанід Дранько-Майсюк пра жанчыну з «квяцістым» імем. Ліліяна Анцух — капітан, які 27 гадоў знаходзіцца за штурвалам карабля пад назвай «Выдавецкая дзейнасць». Пра «капітанства» пагутарылі з дырэктарам выдавецтва «Чатыры чвэрці».


—Ліліяна Фёдараўна, у які момант вы зразумелі, што лёс будзе цесна звязаны з кнігай? Чаму выбралі менавіта такі шлях?

—Усё маё свядомае жыццё непарыўна звязана са Словам і Кнігай. Любімым прадметам у школе была літаратура. Асабліва захаплялася паэзіяй, шмат чаго з класікі памятаю і сёння. З любімых — Багдановіч, Купала, Лермантаў, Пушкін, Бунін, Ахматава. Пералічваць магу бясконца. З задавальненнем пісала сачыненні, якія настаўніца заўсёды зачытвала сярод найлепшых. Вельмі сціплая, няўпэўненая ў сабе, я старалася быць непрыкметнай, рана стала самастойнай. Вучыцца вельмі любіла. З гадамі паступова мяняўся характар: стала больш актыўнай, удзельнічала ў літаратурных вечарынах, у спартыўных мерапрыемствах, займала розныя школьныя «пасады». Калі-нікалі здаралася, што ў самой складаліся вершаваныя радкі. Аднойчы нават «праславілася» ў горадзе Жодзіне, дзе вучылася ў школе ў старэйшых класах, — стала пераможцай літаратурнага конкурсу, прысвечанага Герою Савецкага Саюза Пятру Купрыянаву.

—З чаго пачынаўся шлях выдавецтва «Чатыры чвэрці»? Чаму менавіта такая назва?

—«Чатыры чвэрці» выраслі ў 1993 годзе з Беларускага фонду развіцця культуры, дзе я была дырэктарам. Пачалі мы з нотна-музычнай літаратуры, якой у той час катастрафічна не хапала. Адсюль і «музычная» назва. «Чатыры чвэрці» — гэта поўная нота, падзел такта на чатыры долі, нешта цалкам здзейсненае, што і з'яўлялася свайго роду сімвалам нашай выдавецкай палітыкі. Аднак усяго год спатрэбіўся, каб зразумець, што выдаваць толькі ноты не атрымаецца. Культура ва ўсіх яе праявах трывала ўвайшла ў сферу выдавецкіх інтарэсаў і ў маё жыццё.

—Чаму вы накіравалі свой «штурвал» у бок культуры? Напэўна, дэтэктывы ў 90-я гады былі значна больш прыбытковыя?

—Культура — гэта своеасаблівая тэрыторыя бяспекі. Тут ніколі не бывае войнаў, крыві, не гінуць людзі. Наадварот, ствараюцца ўмовы для таго, каб развіваліся іншыя адносіны — эканамічныя, палітычныя... Менавіта гэты шлях творчы, шлях у будучыню.

Не было перашкод бясконца выдаваць таго ж Чэйза ці кулінарныя кнігі, якія хутка паглыналіся рынкам і давалі добры прыбытак. Але гэта не маё! Для мяне кожная з ужо выдадзеных кніг — работа душы. Які гэта дзіўны і займальны творчы працэс! Часам цяжка вызначыць, калі заканчваецца працоўны дзень і пачынаецца асабістае жыццё. Кожная выдадзеная кніга — быццам нараджэнне дзіцяці. Калі выйшла першая, я плакала над ёй... Напэўна, ад сумятні пачуццяў. І ніхто не лічыў патрэбным мяне супакойваць.

«Чатыры чвэрці» зарэкамендавалі сябе як выдавецтва, якое не робіць камерцыйных праектаў. Таму і казаць пра вялікія прыбыткі, натуральна, нельга. «Культурная» кніга не прадаецца як дэтэктыў, меладрама ці вострасюжэтны раман. На «культурную» кнігу ёсць свой чытач. Пакуль ён знойдзе патрэбную кнігу, а яна дачакаецца свайго пакупніка, — сродкі, укладзеныя ў яе вытворчасць, ужо даўно «з'ядуцца» інфляцыяй і часам. Але мы, тым не менш, шчаслівыя, што ўвага чытачоў да нашых выданняў надзвычай вялікая. Амаль кожную кнігу мы робім, як правіла, на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай. Іншы раз, бываючы за мяжой, сустракаю нашы кнігі ў зусім незнаёмых людзей. І тады вельмі радуюся, бо нашы выданні прадстаўляюць родную краіну.

—Як вы ацэньваеце становішча выдавецтва на беларускім кніжным рынку?

—Беларускі кніжны рынак для сябе называю культурнай прасторай. А рынак кшталту «купіў-прадаў» не прымаю ў выдавецкай справе. Вядома, каб жыць, пажадана быць запатрабаванымі, і ў той жа краме нас павінны ведаць. Нас ведаюць кнігагандлёвыя прадпрыемствы і найбуйнейшыя крамы. Напрыклад, вельмі камфортна адчуваем сябе ў «Акадэмкнізе», праводзім там прэзентацыі сваіх выданняў, набываем і новых сяброў нашай арганізацыі.

Важна, што «Чатыры чвэрці» — адзінае ў Беларусі выдавецтва, якое спрабуе выдаць штосьці з музычнай культуры, асабліва для дзетак, і кнігі гэтыя не прыбытковыя. Але і такія выданні патрэбныя. Усё гэта не дае нам знікнуць, растварыцца. Колькі б нам ні казалі, што сёння любая кніга павінна задумвацца як камерцыйны праект, я ў гэта не веру і не згаджаюся. І любому магу давесці: нельга думаць толькі пра камерцыю, калі ты хочаш быць удзельнікам соцыуму ў культурна-духоўнай прасторы. Можа, камусьці гэта падасца дзіўным, але менавіта некамерцыйныя праекты і дапамагаюць заставацца на плаву.

Выдавецтва «Чатыры чвэрці» ўвесь час развіваецца. Прыток маладых пісьменных спецыялістаў, не ніжэй за магістраў, арганізацыя ўласнай паліграфічнай вытворчасці, асваенне новых тэхналогій, напрыклад, падрыхтоўка электронных выданняў, вывучэнне чытацкага попыту, адказнаць у калектыве і за калектыў — вось што дазваляе заставацца запатрабаванымі.

—Што павінен зрабіць аўтар, каб выпусціць кнігу ў вашым выдавецтве?

—Шмат залежыць ад таго, ці меў аўтар публікацыі ў перыядычных выданнях. Калі чалавек нідзе не друкаваўся, мы раім яму спачатку прапанаваць свае творы ў рэдакцыі літаратурных часопісаў, пагутарыць з вопытнымі літаратарамі. Нам заўсёды цікава, як адгукнуліся ў часопісах, ці атрымалася зваротная сувязь з чытачом. Гэта на карысць і аўтару, і будучай кнізе. Калі аўтар ужо вядомы чытачу, то мы прымаем рукапіс да разгляду. Першай, хаця б фрагментарна, чытаю я. Аднак не лічу сваё меркаванне абсалютнай ісцінай, таму пры неабходнасці паказваю рукапіс паэту ці пісьменніку, меркаванню якога давяраю.

—Ці ўсё напісанае можа стаць кнігай? Ці бывае такое, што выдавецтва адмаўляе аўтару ў стварэнні кнігі?

—Мы прымаем не ўсе рукапісы. Часта адмаўляем аўтару з прычыны нізкай мастацкай якасці твораў.

Хто хоць аднойчы сутыкаўся з выдавецкай справай, не мог не адчуць, якая нябачная свету напружаная праца ідзе ў рэдакцыях дзеля таго, каб выйшла кніга годная, якасная. Кніга патрабуе, каб у яе стварэнні ўдзельнічалі талент, натхненне, майстэрства, найвялікшая дбайнасць і самаадданая праца работнікаў многіх спецыяльнасцей. Пры гэтым трэба памятаць, што найлепшы элемент кнігі — тэкст, напісаны творцам і адрасаваны людзям. Кніга — яшчэ і захавальнік слова. Таму, адбіраючы для ўключэння ў план выпуску выданняў чарговы рукапіс, думаем таксама пра тое, як зберагчы гэтае слова, на якой мове яно б ні гучала.

—Якая кніга для вас з'яўляецца самай значнай, самай дарагой?

—Гэта цэлы праект — серыя кніг-альбомаў «Нашы духоўныя каштоўнасці». Выданні, якія вучаць жыць па-хрысціянску. Спачатку з'явілася ідэя: простай і зразумелай мовай расказаць пра хрысціянскія ісціны. Мы звярнуліся да Уладыкі Мітрапаліта Філарэта, каб заручыцца духоўнай падтрымкай і ў далейшым разлічваць на яго кіраўніцтва. Размовы з Уладыкам дапамагалі глыбей зразумець сэнс жыцця. Усё, што звязана і з самім Уладыкам, і з тымі, хто разам з ім клапаціўся пра духоўнае адраджэнне краіны, — самае для мяне запаветнае. Дарэчы, званне «Чалавек года» ў намінацыі «За духоўнае адраджэнне» было атрымана менавіта за праект «Нашы духоўныя каштоўнасці».

—А якія сёння прыярытэты ў выдавецтва «Чатыры чвэрці»?

—Першапачаткова аддаваліся вызначаным тэмам: нацыянальная і духоўная культура, навука, адукацыя. Бачым, што ўсе нашы здабыткі вельмі запатрабаваны. Яны добра ўпісваюцца ў сферу турызму, які, як вядома, базіруецца на гісторыка-нацыянальных каштоўнасцях. І ўнутраны, і ўязны турызм — усё гэта стала нам цікава.

—Кнігавыдавецтва — дастаткова працаёмкі працэс. Ці здараецца ў вашай прафесіі эмацыянальнае выгаранне? Калі так, то як вы знаходзіце сілы для стварэння новых кніг?

—Як і многіх, не абышлі мяне дні, калі не проста апускаліся рукі, а здавалася, з'яўлялася чорная бездань... Гэтае адчуванне было не раз. Але наступала раніца, і знаходзіліся выхады з сітуацыі. Найперш — малітва, потым — моцная кава, дзелавы касцюм, вось вам і «жалезная лэдзі». І ўсё станавілася на свае месцы. Жыццё працягваецца. Сёння разумею, што нават самыя вялікія цяжкасці ў жыцці можна пераадолець, калі верыць і працаваць. Заўсёды памятаю словы Андрэя Бітава: «Не лічы крокі, падарожнік!» Часам з сумам думаю, што хочацца рукадзельнічаць, займацца домам. Усё гэта люблю. А атрымліваецца, што моцна прыкавана да сваёй працы. Будую на выхадныя дні грандыёзныя хатнія планы. А выходзіць усё тая ж праца з чарговым рукапісам або думкі пра яго...

—Як лічыце, ці можна кнігавыданне параўнаць з мастацтвам? Кніга на сваім шляху таксама праходзіць праз пэўныя пакуты, перш чым быць прызнанай?

—Мэта мастацтва, як і навукі, — рух да новага, нязведанага. Пакутлівы працэс. Гэта заўсёды прарыў, пераадоленне, заваяванне новай аўдыторыі. Тут нярэдка перакрыжоўваюцца супрацьлеглыя інтарэсы. Кнігі з серыі «Нашы духоўныя каштоўнасці», дарэчы, не адразу былі прынятыя. Мы з поўнай дакументальнай скрупулёзнасцю, вельмі беражліва сабралі велізарны матэрыял, напрыклад, для кнігі «Праваслаўнае дойлідства Беларусі» — пра нашы храмы, якія выстаялі стагоддзі, цудам уцалелі, пра іх рэстаўрацыю. Матэрыялы будучай кнігі рэцэнзавалі спецыялісты. Аднак знайшліся тыя, каму кніга «не зайшла». Чытач спачатку прыглядваўся, асцярожнічаў, успрымаў серыю як цалкам царкоўнае выданне — а мы арыентаваліся на звычайнага чытача. І толькі праз пэўны час стала паступаць мноства заявак.

—Калі чакаць кнігу, прысвечаную дзейнасці выдавецтва?

—Макет амаль гатовы. Прызнаюся, ідэя выдаць гэтую кнігу, відаць, засталася б толькі ў думках, калі б не дадзенае шмат гадоў таму абяцанне. Прагучала яно ў 2003 годзе з нагоды святкавання 10-годдзя выдавецтва ў Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Беларусі. Тады кожны з прысутных атрымаў у падарунак невялічкую, падрыхтаваную менавіта да гэтага мерапрыемства, кнігу са шматабяцальнай назвай «О Вас, или Черновик будущей книги». У прадмове я напісала, што «Чарнавік» абавязкова стане грунтоўнай кнігай. Але ў мітусні дзён час прабег непрыкметна, і ўжо нават адсвяткавана 25-годдзе выдавецтва. Каб стрымаць слова, вымушана была паміж іншымі справамі ўзяцца за працу над кнігай. Раздумваючы, якой ёй быць, вырашыла скласці структуру такім чынам, каб разам са шматлікімі фотаздымкамі ў яе ўвайшлі і мае апублікаваныя ў перыёдыцы артыкулы, матэрыялы, напісаныя для розных выданняў. Адабрала таксама найбольш цікавыя інтэрв'ю.

—Працуючы столькі гадоў з кнігамі, не знікае жаданне чытаць дома? Калі не, то што чытаеце цяпер?

—Большасць часу ўсё ж такі праводжу за чытаннем рукапісаў. А паліца з мастацкай літаратурай для мяне — гэта глыток свежага паветра. Апошнім часам больш цягне на літаратуру сярэбранага стагоддзя. Перачытваю «Гранатавы браслет» А. Купрына. І кожны раз захапляе, уражвае сваёй меладычнасцю мова пісьменніка.

—Што дапамагае вам у працы і жыцці?

—Як рэжысёр свайго лёсу здаўна трымаю ў памяці натхняльныя выказванні-падказкі разумных людзей: калі не зробіш крок наперад — не зрушышся з месца; калі не запытаешся — не атрымаеш адказу; калі не паспрабуеш — не дасягнеш мэты.

А таксама дабаўленае ад сябе: калі ідзеш да мэты, не лічы свае крокі!

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Фота Анатоля ШЧЫРАКОВА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Крызіс на мяжы. Уся аператыўная інфармацыя на чацвер (абнаўляецца)

Аператыўная інфармацыя з беларуска-польскай мяжы.

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі. 

Грамадства

 Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Яшчэ нядаўна Вольга Чамаданава лічылася тварам беларускай міліцыі.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.