Вы тут

У Мінскай вобласці працягваюцца дыялогавыя пляцоўкі


У Мінскай вобласці працягваюцца дыялогавыя пляцоўкі, на якіх грамадскія актывісты, прадстаўнікі маладога пакалення, жыхары рознага ўзросту выказваюць прапановы па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю краіны, па ўдасканаленні айчыннага заканадаўства з тым, каб рэгіён, горад, малы населены пункт развіваліся больш дынамічна.


На дыялогавую пляцоўку ва Уздзенскім Доме культуры сабраліся кіраўнікі і спецыялісты сельгасарганізацый і прадпрыемстваў, раённых упраўленняў па сельскай гаспадарцы і харчаванні, фермерскіх гаспадарак, навуковых устаноў Міншчыны. Прычым не толькі Уздзенскага раёна, але і Капыльскага, Клецкага, Любанскага, Барысаўскага, Мядзельскага і іншых.

Чаму менавіта праблемы сельскай гаспадаркі абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы? Усё проста — ледзь не палова насельніцтва цэнтральнага рэгіёна працуе ў сельскай гаспадарцы і перапрацоўчай прамысловасці. І менавіта ад таго, як там ідуць справы, залежаць харчовая бяспека, дабрабыт жыхароў.

За апошнія гады Мінская вобласць дасягнула значных поспехаў як у эканамічнай, так і ў сацыяльнай сферы, раслінаводстве, жывёлагадоўлі. Міншчына па праве лічыцца жытніцай краіны. Яна штогод уносіць важкі ўклад у агульны каравай Беларусі. Аднак, як адзначалі ўдзельнікі дыялогавай пляцоўкі, дастаткова яшчэ і пытанняў, над якімі неабходна працаваць. У прыватнасці, над зніжэннем колькасці стратных гаспадарак, павышэннем узроўню заработнай платы, эфектыўнасці вытворчасці, над паляпшэннем дэмаграфічнай сітуацыі.

Старшыня Уздзенскага райвыканкама Сяргей Савіцкі і дырэктар саўгаса «Гарадок» Аляксандр Груша агучылі істотныя для гэтага рэгіёна праблемы замацавання маладых спецыялістаў, кваліфікаваных рабочых кадраў на сяле. Хвалююць удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі і такія аспекты, як прыцягненне інвестыцый у сельскую мясцовасць, будаўніцтва жылля ў аграгарадках, населеных пунктах, дзяржаўная падтрымка сельскіх суб'ектаў гаспадарання. Падымаліся пытанні ролі і значнасці кіраўніцкіх рашэнняў, якія ўплываюць на эфектыўнасць эканомікі.

Усе агучаныя праблемы могуць быць улічаны пры падрыхтоўцы змяненняў у Канстытуцыю, падсумаваў вынікі абмеркавання першы намеснік старшыні Мінаблвыканкама Сяргей Ляўковіч.

Падчас дыялогу жыхары Міншчыны не абыходзяць увагай і пытанні ўдасканальвання сістэмы мясцовага кіравання і самакіравання. У прыватнасці, скасавання Саветаў пярвічнага ўзроўню. На думку многіх, сельвыканкамы і дэпутаты сёння абмежаваныя ў фінансавых магчымасцях, каб дапамагаць людзям. Праўда, некаторыя сельсаветы зарабляюць за кошт сродкаў ад продажу зямельных участкаў, але ідуць яны не ў іх бюджэт. Некаторыя ўдзельнікі дыялогу за тое, каб тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі працягнуць да пяці гадоў (цяпер чатыры гады), за пераход на змешаную прапарцыянальна-мажарытарную сістэму.

Дададзім, што актуальныя пытанні, у тым ліку і карэкціроўкі Канстытуцыі, абмяркоўваюцца і падчас правядзення грамадскіх прыёмных. Напрыклад, жыхары Дзяржынска прапанавалі скарэктаваць тэрміны перавыбрання дэпутатаў мясцовых, раённых, абласных Саветаў дэпутатаў. Выказаліся яны і наконт магчымасці ўвядзення выбарнасці старшынь судоў, дыферэнцыяцыі падыходаў да назначэння прафесійных пенсій, адмены платных адукацыйных паслуг, павышэння якасці аказання медыцынскай дапамогі.

Нагадаем, што самыя рацыянальныя прапановы па рашэнні актуальных праблем будуць абмяркоўвацца на Усебеларускім народным сходзе, які запланаваны на пачатак 2021 года.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Прэв’ю: ub.kg

Загаловак у газеце: Прапануйце — вас пачуюць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?