Вы тут

Дэтэктыў з адкрытым фіналам


Улічваючы тое, што беларусы любяць смяяцца (і з сябе не ў апошнюю чаргу), часам ім гэтага рабіць зусім не хочацца. Прычын можна назваць колькі заўгодна, як, прынамсі, ледзь не ў любы перыяд. Што тычыцца тэатра, з упэўненасцю можна сказаць: апошнія гады асабліва запатрабаваны творы глыбока псіхалагічныя і філасофскія, дзе знайшлося б месца для рэфлексіі, здольнасці, якой беларусам яшчэ вучыцца... А вось з камедыяй сітуацыя складаная. Здаецца, сёння рэжысёр вельмі рызыкуе, ставячы яе на сцэне і ведаючы пра негатоўнасць гледача смяяцца.


Прэм'ера сямейна-аб’яднальнай, па вызначэнні стваральнікаў, камедыі «Цёткі» павінна была прайсці яшчэ некалькі месяцаў таму, але з-за неспрыяльных эпідэміялагічных умоў спектакль у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры не змаглі выпусціць да зімы. Нарэшце твор Аляксандра Кароўкіна, які даволі часта ставіцца ў Расіі, ажыў і паўстаў перад гледачамі на сцэне вялікай залы мінскага тэатра.

У цэнтры сюжэта — старадаўні дом і яго жыхаркі, мілыя, пацешныя жанчыны. Менавіта яны і аказваюцца заблытанымі ў кругавароце падзей, звязаных з жаданнем многіх неабыякавых завалодаць іх радавым гняздом, размешчаным у самым цэнтры горада на элітнай зямлі: «З самай раніцы экстравагантныя цётачкі рыхтуюцца да прыезду любімага пляменніка. Але нечакана да іх заяўляецца чыноўнік з дэпартамента... Што атрымаецца, калі сабраць у адной кватэры аферыста, прадзюсара-няўдачніка з яго раўнівай нявестай, артыста, які ўцёк з турмы, паліцэйскага і дзвюх дам “цікавага” ўзросту? А калі добрая палова гэтай вясёлай кампаніі яшчэ і сваякі, якія не асабліва ладзяць паміж сабой, забаўныя і абсурдныя сітуацыі забяспечаны». Такім чынам стваральнікі апісалі зачын гісторыі пра дзвюх жанчын, якіх, між іншым, зусім не хочацца называць цёткамі, хутчэй цётачкамі. Дарэчы, у склад пастановачнай групы ўвайшлі рэжысёр-пастаноўшчык Вікторыя Лугавая, мастак-пастаноўшчык Вольга Грыцаева, мастак па касцюмах Вікторыя Ця-Сен і балетмайстар-пастаноўшчык Кірыл Балтрукоў. Наогул, да гэтай невялічкай анатацыі аб спектаклі пра сюжэт амаль нічога дадаваць не хочацца, каб не пазбаўляць чытача ці гледача пэўнай часткі задавальнення, не сапсаваць уражанне ад гісторыі і не раскрыць інтрыгу, якая ўсё ж такі прысутнічае. Гэта прымушае згадаць толькі некаторыя сцэны і звярнуць больш увагі на персанажаў.

Героі і «Цёткі»

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Наталля Анішчанка выканала ролю адной з цётак — Разаліі, Раіса Сідорчык сыграла яе сястру Грэту, Аляксей Шутаў паўстаў у вобразе аднаго з пляменнікаў — Роберта, роля другога — крымінальніка Эрыка — дасталася Анатолю Лагуценкаву. Сяргей Шаранговіч сыграў аферыста Бабакіна, а Сяргей Марговіч — ахоўніка парадку Кувыкіна. Ролю нявесты Роберта Інгі выканала Алена Зуй-Вайцяхоўская. Гэтае пералічэнне ў пачатку неабходнае для таго, каб чытач ці глядач, які, напэўна, знаёмы з магчымасцямі выканаўцаў, мог параўнаць і ацаніць ступень іх пераўвасаблення. Ды і галоўнае ў спекталі «Цёткі» — самі персанажы і іх узаемадзеянне.

Сапраўды, кожная з дзеючых асоб — адлюстраванне адной ці дзвюх адмоўных рыс, якія могуць быць уласцівы любому. Так, герой Аляксея Шутава — увасабленне прагі нажывы. Нягледзячы на тое, што ў цэлым Роберт выглядае як персанаж станоўчы (на такое ўражанне ўплывае ў тым ліку і знешнасць акцёра), глядач усё роўна адчувае: толькі выхаванне цётак зрабіла яшчэ маленькага хлопчыка распешчаным. Іх можна абвінаваціць і ў тым, што Эрык збіўся з правільнага шляху, але гэтай сюжэтнай лініі не нададзена шмат увагі, таму ўпэўнена штосьці сцвярджаць не выпадае. Інга — адлюстраванне рэўнасці, хоць часам небеспадстаўнай, ды істэрычнасці, якая тлумачыцца жаданнем рэжысёра сканцэнтраваць увагу на камічнасці нейкіх сітуацый, што, як правіла, імкнуцца рабіць у розных серыялах і скетч-шоу. У выпадку з нявестай Роберта ўсе прычынна-выніковыя сувязі зноў жа як на далоні: дзяўчына нічога з сябе не ўяўляе, аднак грошы бацькі дазваляюць ёй жыць раскошна.

Не ў апошнюю чаргу ўсе гэтыя акалічнасці абумоўліваюцца і стэрэатыпамі, і сапраўднымі асаблівасцямі той ці іншай прафесіі ці ладу жыцця, каб усе сэнсы станавіліся назіральніку яшчэ больш зразумелымі. Уласна кажучы, ніводнага з герояў нельга назваць адмоўным, хоць і да станоўчага кожнаму з іх далёка. Гэтага патрабуе і жанр спектакля — фарс з элементамі дэтэктыва, дзе героі хутчэй марыянеткі, чым жывыя людзі.

Гульня са стэрэатыпамі

Найбольш яскрава гэта выяўляецца ў такіх персанажах, як Бабакін і Кувыкін. Апошні нібыта створаны дзеля таго, каб крыху пазабаўляцца з клішэ і стэрэатыпамі. Абаяльны і адначасова нязграбны, герой адкрываецца гледачу як аматар серыялаў пра міліцыю і летуценнік, які рады быць карысным айчыннаму кіно ў якасці кансультанта. Сапраўднае майстэрства — увесь час знаходзячыся на сцэне ў міліцэйскай форме, акцёр здольны паўстаць і каўбоем, і змагаром са злом, і прафесійным стралком, і няўдалым каханкам. Усё гэта, вядома ж, пад саўндтрэкі з такіх тэматычных фільмаў, як, напрыклад, «Добры, дрэнны, злы» ці «Прафесіянал» (музыка Эніа Марыконэ). Між тым герой Кувыкіна нібы адсылае гледача да яшчэ аднаго яскравага героя кіно

Боба Тоала (стужка Джона С. Бейрда «Бруд» па рамане Ірвіна Уэлша), але гэтая згадка толькі для параўнання ступені іроніі ў абодвух выпадках.

Сцэнарна ж зноў такі найбольш пашанцавала Сяргею Марговічу, які іграе Кувыкіна, і Анатолю Лагуценкаву, выканаўцу ролі Эрыка. Апошняму на працягу ўсяго спектакля даводзіцца іграць не толькі пляменніка цётак, але і медыцынскую сястру, і былую каханую Роберта, прытым выглядае ён на працягу дзеяння вельмі арганічна. Увесь час ён апрануты ў жаночае, што не можа не быць крыніцай пікантных здарэнняў. Гэтым героям неаднойчы выпадае магчымасць спавядацца гледачу падчас адмысловых маналогаў-адступленняў, якія нібыта не маюць істотнага значэння для гісторыі, але дапамагаюць яе структураваць і робяць пастаноўку адметнай.

На самым цікавым месцы…

Галоўныя ж гераіні — сёстры Грэта і Роза — хоць і пражылі разам шмат гадоў, не вельмі падобныя. Старэйшая Грэта заўсёды скардзіцца на свае болькі, але на самай справе яна вельмі энергічная дама, якую не так лёгка падмануць. Такога не скажаш пра

малодшую Разалію — вось хто ў гэтай маленькай сям'і з'яўляецца ўвасабленнем наіўнасці і дабрыні. У большай ступені менавіта ўзаемаадносіны паміж сёстрамі, а не казусныя сітуацыі з трупам, які ажыў, і ўцекачом, ствараюць дабрадушную атмасферу спектакля. Між тым стваральнікі нават не спрабавалі ўнесці ў пастаноўку нейкія элементы беларускай рэчаіснасці. Калі ў творы згадваюцца грошы, то гэта расійскія рублі; адзіны горад, які называецца на працягу дзеяння, — Масква; большая частка імён, паміж якімі можна правесці ўмоўную рысу паводле паходжання і ўжывання, даволі экзатычныя; задума з прадзюсарам-няўдачнікам таксама больш стасуецца з рэаліямі расійскага шоу-бізнесу. Складана сказаць, як бы змяніўся спектакль з улікам адсылак да нашай краіны (мусіць, яны былі б як нельга дарэчы і зрабілі б пастаноўку меней прадказальнай), але, відавочна, рэжысёр імкнуўся прадставіць на сцэне ўсё ж такі замежную п'есу. Магчыма, беларускаму гледачу ва ўмовах няхай і не суцэльнай ізаляцыі гэтага якраз не хапае.

«Цёткі» — той спектакль, за праглядам якога можна прыемна бавіць вечар. Пастаноўка без спроб асэнсавання сусветных праблем, без прэтэнцыёзнасці і мудрагельства, са шматлікімі бязглуздымі «даганялкамі», хуткімі рухамі, красамоўнымі жэстамі ды імгненнымі позіркамі. Твор пабудаваны на нечаканасцях не столькі для гледача, колькі для герояў, і гэтая шчырасць робіць яго яшчэ больш прываблівым. Ды ўважлівы глядач, якога паўсюль наганяюць скандалы на падставе ўсякага роду гвалту, неталерантнасці і праблем выхавання, не можа не заўважыць згадак пра даволі сур'ёзныя тэмы. Але сапраўды ўсё застаецца толькі на ўзроўні напаміну — спектакль адразу ж адкідвае ўсю глыбакадумнасць і нежартоўнасць як непатрэбныя і недарэчныя для фарсу.

Аднак фінал, здаецца, ужо надта нечаканы для ўсіх, быццам аўтар вырашыў паставіць кропку на самым цікавым месцы, а дакладней — у самы складаны для ўсіх герояў момант. Але некаторыя тлумачэнні былі б для гледачоў проста неабходнымі (кшталту высвятлення сітуацыі з атручаным піражком), ды і, шчыра кажучы, у фінале так і прасіўся кранальны эпізод, звязаны з адносінамі паміж пляменнікамі і цётачкамі. Зрэшты, трэба аддаць належнае ўсёй трупе. Акцёры ігралі з асаблівым настроем, і ўзнікала адчуванне, што яны і самі не супраць падахвоціць публіку, пасмяяцца адзін з аднаго і са становішча, у якое іх паставіў рэжысёр.

Тым часам Беларускі дзяржаўны маладзёжны тэатр напярэдадні новага года вырашыў парадаваць гледача і прапаноўвае спектаклі на любы густ. Сярод разнастайных пастановак — рамантычны трылер «Англійская рулетка», спектакль-інтэрактыў «СкелеТЫ», мюзікл «Пра Фядота-стральца», казкі для дзяцей «Марозка» і «Папялушка» ды многае іншае.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Фота з сайта Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».