Вы тут

Сацыяльная накіраванасць захаваецца


Пад кіраўніцтвам спікера верхняй палаты парламента Наталлі Качанавай на базе галаўнога офіса Беларусбанка адбылося выязное пашыранае пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі на тэму «Аб прапанаваных мерах па забеспячэнні збалансаванасці рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў у 2021 годзе».


Напярэдадні прыняцця бюджэтнага пакета

Спікер Савета Рэспублікі звярнула ўвагу прысутных на прыярытэты бюджэтнай палітыкі дзяржавы: сацыяльную абароненасць насельніцтва і рост дабрабыту грамадзян шляхам павелічэння заработнай платы. А ў сённяшняй сітуацыі найважнейшым якасным арыенцірам для ўсёй вертыкалі ўлады павінна стаць эфектыўнае і рацыянальнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў.

Арганізатарам гэтай сур'ёзнай і своечасовай дыскусіі сталі члены Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Яе старшыня Таццяна Рунец паведаміла, што для размовы былі запрошаны эксперты, спецыялісты Міністэрства фінансаў, якія расказалі сенатарам аб падходах да фарміравання бюджэту. Увогуле актуальнасць гэтага выязнога пасяджэння яшчэ і ў тым, што ў снежні Савет Рэспублікі штогод разглядае бюджэтны пакет налета. І тое, што сенатары ўжо цяпер пачалі работу па вывучэнні асноўных фінансавых дакументаў, факт, безумоўна, станоўчы, лічыць Таццяна Рунец, бо збалансаванасць рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў — гэта адно з самых актуальных пытанняў на бягучы момант для заканатворцаў. Старшыня профільнай камісіі падкрэсліла, што бюджэт захоўвае сваю сацыяльную накіраванасць. Па выніках абмеркавання выпрацаваны канкрэтныя прапановы і кірункі далейшай сумеснай работы з Міністэрствам фінансаў, якія будуць рэалізаваны.

Паводле слоў Таццяны Рунец, усе так званыя «ковідныя» выплаты медыцынскаму персаналу будуць забяспечаны, падтрымку атрымаюць пенсіянеры, шматдзетныя сем'і — на будаўніцтва жылля і г. д. Інакш кажучы, цяперашняя сацыяльная палітыка дзяржавы захаваецца і ў наступным годзе.

Увага рэгіёнам

З улікам таго што Савет Рэспублікі з'яўляецца органам тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, сенатараў заўсёды хвалюе развіццё рэгіёнаў. На гэтым невыпадкова быў зроблены асноўны акцэнт падчас работы выязнога пасяджэння, у прыватнасці, на тым, каб усе запланаваныя выдаткі былі забяспечаны фінансаваннем.

Трэба адзначыць, што на сённяшні дзень бюджэты рэгіёнаў збалансаваныя, іх сацыяльная накіраванасць захоўваецца. Намеснік міністра фінансаў Алена Печань удакладняе лічбы: аб'ём даходаў мясцовых бюджэтаў вызначаны ў памеры 22,5 мільярда рублёў, або з прыростам на 5,7 % да 2020 года. Прычым з мэтай павышэння самастойнасці мясцовых бюджэтаў і стымулявання эканамічнага развіцця рэгіёнаў прадугледжваецца залічэнне ў поўным аб'ёме ў мясцовыя бюджэты плацяжоў за выкіды забруджвальных рэчываў, за скід сцёкавых вод, за захоўванне адходаў вытворчасці, ад продажу зямлі ва ўласнасць замежным дзяржавам.

Разам з тым фарміраванне бюджэтаў раёнаў ажыццяўляецца ў рамках бюджэтнага заканадаўства. «Бюджэтны кодэкс у гэтым годзе не карэктуецца. Таму бюджэты раёнаў фарміруюцца ва ўстаноўленым парадку ў рамках тых рашэнняў, якія будуць прымаць у тым ліку і сесіі абласных Саветаў дэпутатаў па размеркаванні нарматываў паміж абласцямі і раёнамі», — адзначыла Алена Печань.

У зале таксама прысутнічалі і актыўна ўдзельнічалі ў размове старшыні абласных і асобных раённых Саветаў дэпутатаў. Іх меркаванні, слушныя прапановы, погляды на фарміраванне бюджэтаў рэгіёнаў уважліва выслухалі. Напрыклад, старшыня Крычаўскага раённага Савета дэпутатаў Ірына Пруднікава проста і даходліва расказала аб буднях мясцовай улады раёна: намаганнях па прыцягненні ў яго эканоміку прамых замежных інвестыцый, крыніцах папаўнення мясцовага бюджэту, падтрымцы малога бізнесу, мерах па працаўладкаванні беспрацоўных.

Выдаткі на 2021 год

Бюджэт на наступны год захавае сацыяльную накіраванасць. Прыярытэт — павышэнне дабрабыту грамадзян. Ужо прынята рашэнне ўрада па павышэнні базавай стаўкі з 185 да 195 рублёў. Дадаткова ў будучым годзе закладваецца 50 мільёнаў рублёў на апераджальны рост заработнай платы нізкааплатных катэгорый грамадзян. Прадугледжваюцца ў неабходных аб'ёмах надбаўкі ўрачам за работу ва ўмовах пандэміі. Сумарна фонд аплаты працы ў бюджэце складзе 38 % усіх яго расходаў, паведаміла журналістам Алена Печань па выніках пасяджэння.

У 2021 годзе рост ВУП будзе на ўзроўні 101,8 %, даходы рэспубліканскага бюджэту плануюцца ў суме 23 мільярды рублёў, што на 1,2 мільярда больш за чаканае выкананне 2020 года. На сямейны капітал мяркуецца накіраваць, па словах намесніка міністра, вельмі значныя рэсурсы — 342 мільёны рублёў. Больш за мільярд будзе выдаткавана на падтрымку шматдзетных сем'яў у будаўніцтве жылля. Бюджэт наступнага года плануецца з дэфіцытам. Паводле папярэдніх ацэнак, ён не перавысіць 3 % ВУП.

Увогуле выдаткі рэспубліканскага бюджэту плануюцца ў суме 27,1 мільярда руб, або 104,4 працэнта да ацэнкі 2020 года. З рэспубліканскага бюджэту ў 2021 годзе на фінансаванне сацыяльнай сферы прадугледжваецца накіраваць 5,5 мільярда рублёў, або на 13,2 % больш за чаканае выкананне 2020 года.

Грошы на барацьбу з «ковідам»

Начальнік галоўнага ўпраўлення фінансавання сацыяльнай сферы і навукі Міністэрства фінансаў Таццяна Астрэйка ў размове з журналістамі сказала, што на закупку вакцыны ад каранавіруснай інфекцыі ў 2021 годзе прадугледжана выдаткаваць 50 мільёнаў рублёў на закупку двух мільёнаў доз вакцыны ад каранавіруса. Паводле яе слоў, «мы гатовыя да процідзеяння інфекцыі. Сёлета на гэтыя мэты ўжо накіравана каля 500 мільёнаў рублёў у выглядзе прамых выплат». Яна адзначыла, што лячэнне ад каранавіруснай інфекцыі ў залежнасці ад цяжкасці захворвання складае ў разліку на аднаго пацыента ад 300 да 3300 рублёў. Для параўнання: закупка вакцыны на аднаго чалавека абыдзецца прыкладна ў 30 рублёў, што дае значны эфект. «Мы зможам не толькі сфарміраваць калектыўны імунітэт у грамадстве, але яшчэ значна сэканоміць сродкі для таго, каб гэтыя рэсурсы былі накіраваны на аснашчэнне і ўмацаванне сістэмы аховы здароўя ў цэлым», — кажа Таццяна Астрэйка.

Леанід ЛАХМАНЕНКА

Фота Белта

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».