Вы тут

Пошукавая экспедыцыя «Дняпроўскі рубеж — 2020» стала адной з выніковых за апошнія гады


Сёлетні год для пошукавікаў асаблівы. І справа не ў эпідэмічнай абстаноўцы, на правядзенне вахты гэта ніяк не паўплывала. Яна пачалася і закончылася ў адпаведнасці з раней складзенымі планамі. Асаблівасць у тым, што яна стала самай насычанай і выніковай за апошнія гады. Упершыню байцы абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» правялі даследаванні на Буйніцкім полі, якое ўвайшло ў гісторыю, як месца, дзе цалкам была зламаная фашысцкая хлусня аб непераможнасці нямецкай арміі. Яе імклівае наступленне прыпынілі тут на 23 дні — з 3 да 26 ліпеня 1941 года! Раскопкі вяліся таксама ў Быхаўскім, Чавускім і Слаўгарадскім раёнах — на месцах самых кровапралітных баёў. Як вынік — знойдзены астанкі 109 чалавек і дзевяць імёнаў вернутыя з небыцця. Яшчэ каля 1000 імёнаў байцоў, якія раней значыліся невядомымі, устаноўлена па архіўных звестках.

Чым запомніцца пошукавая экспедыцыя — 2020, у размове з ваенным пісьменнікам, кіраўніком Магілёўскага абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба «Віккру» Мікалаем Барысенкам.


Таямніцы Буйніцкага плацдарма

— Сёлета мы ўпершыню праводзілі раскопкі на полі каля вёсак Буйнічы і Цішоўка, — расказвае кіраўнік пошукавага клуба. — За кіламетр ад капліцы, што знаходзіцца на Буйніцкім полі, мы вызначылі камандны пункт палкоўніка Сямёна Куцепава. Адшукаць прыблізныя каардынаты месца, дзе змагаўся пад яго камандаваннем 388-ы стралковы полк і 3-і батальён капітана Гаўрушына дапамаглі архіўныя нямецкія аэрафотаздымкі, якія з'явіліся ў нас летась. Колькі герояў загінула тут і колькі трапіла ў палон, да гэтага часу дакладна невядома. Па афіцыйных даных, абаронцаў Магілёва было каля 30 тысяч. Толькі ў палку Куцепава налічвалася 3,5 тысячы чалавек, а ў батальёне Гаўрушына не менш за тысячу. Дзе загінуў сам Куцепаў, дакладна невядома. Дзесьці пад Магілёвам, а дзе канкрэтна — пытанне. Ёсць як мінімум пяць версій.

Крыўдна, што з дзесяці знойдзеных на Буйніцкім полі медальёнаў ні адзін не раскрыў імя свайго ўладальніка. Звесткі пра тых, хто тут ваяваў, у асноўным бяруцца з архіваў або спецыялізаваных сайтаў. Дарэчы, капліца на Буйніцкім полі была пабудаваная ў 1995 годзе менавіта па рэкамендацыі Мікалая Барысенкі. Сёння на яе сценах значыцца каля 500 імёнаў абаронцаў. А хутка дадасца яшчэ 6000, якія пошукавікі знайшлі на адмысловых сайтах.

Чавускі напрамак

З 14 да 20 верасня пошукавы клуб «Віккру» сумесна з байцамі 52-га асобнага спецыялізаванага пошукавага батальёна і добраахвотнікамі абласнога цэнтра творчасці праводзіў раскопкі ў Чавускім і Слаўгарадскім раёнах.

Фронт на берагах Проні стаяў каля дзевяці месяцаў, жорсткія баі ішлі тут з кастрычніка 1943-га да чэрвеня 1944-га. Па афіцыйных даных, тут склала галовы каля 20 тысяч салдат. Але, як лічаць пошукавікі, іх, як мінімум, у два разы болей. Каля вёскі Галавенчыцы сёлета былі паднятыя астанкі трох чырвонаармейцаў, якія загінулі зімой 1943—44 гадоў. А на полі каля вёскі Сутокі адшукалі яшчэ дзесяцярых чырвонаармейцаў і камандзіраў. На жаль, усе яны аказаліся безыменныя. Не атрымалася апазнаць астанкі і тых шасці байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія былі паднятыя на наступны дзень у раёне былога льнозавода ў ваколіцах Чавус.

Некаторыя з пошукавікаў працавалі цэлымі сем'ямі, як Мікалай і Святлана Барысенкі, Ала Казючыц і Яўген Бацанаў. У розныя дні ў раскопках было задзейнічана ад 20 да 50 пошукавікаў. Яны адпрошваюцца з работы, ахвяруюць сваімі выхаднымі днямі, а часам нават адпачынкам. І такіх апантаных шмат. Гэта камандзіры груп Павел Кончыкаў, Ягор Шчанаў, Улад Сцепанцоў, Ілья Трыханаў, пошукавікі Арцём Ціхінскі, Анатоль Даронін, Аляксандр Халееў, Андрэй Пруднікаў, Антон Пракапнёў, Дзмітрый Паклонскі, Яўген Грышановіч, Аляксандр Клёмін...

Нават дома пошукі працягваюцца. Падчас разведкі на брустверы аднаго з бліндажоў у лесе каля льнозавода пошукавік Арцём Ціхінскі знайшоў страчаны медаль «За адвагу». А ўжо потым даведаўся, што належаў ён чырвонаармейцу 369-га палка 212-й стралковай дывізіі Івану Іванавічу Кузняцову, 1925 года нараджэння, з Іванаўскай вобласці Расіі. Астанкі салдата, на жаль, знайсці не атрымалася.

Слаўгарадскі штурм

Пра падрабязнасці раскопак у Слаўгарадскім раёне наша газета ўжо пісала. Карэспандэнт «Звязды» асабіста прымала ў іх удзел і бачыла, як самааддана працуюць пошукавікі, каб як мага далей прасунуцца ў сваіх пошукавых адкрыццях. Так, напэўна, працуюць валанцёры, ратуючы з-пад абломкаў разбураных дамоў яшчэ жывых людзей. Паспець, вырваць з лап смерці сыходзячае жыццё. Там усё зразумела. Але што кіруе людзьмі, якія шукаюць тых, каму ўжо няма чым дапамагчы? Нас ад тых падзей аддзяляюць дзесяцігоддзі. Байцы «Віккру» гэта пытанне не разумеюць. Бо якія дзесяцігоддзі, калі для памяці не мае значэння час. Тых, хто не вярнуўся з вайны, чакаюць і сёння. І няхай ужо не маці і жонкі, а ўнукі і праўнукі. Гэта пацвярджаюць шматлікія лісты, якія ідуць на адрас клуба і асабіста пошукавікам.

Дзякуючы рабоце з архівамі вярнуўся з небыцця 25-ы мехкорпус, пра які да 1995 года ў Магілёўскай вобласці нават не ведалі. І тыя звесткі, што прывёз з архіва Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі Мікалай Барысенка, сталі сенсацыяй. Цяпер гэтая інфармацыя ўвесь час папаўняецца. У Слаўгарадскім раёне ў ліпені 1941-га 25-ы мехкорпус павінен быў прыкрыць правы фланг і прыняць фашысцкі ўдар на сябе.

Пошукавікі працавалі на былым полі бітвы пад халодным дажджом і парывістым ветрам, але ўжо першы дзень паказаў, што іх работа была не дарэмная. Былі паднятыя дзесяць байцоў і камандзіраў 219-й мотастралковай дывізіі 25-га мехкорпуса з пяццю смяротнымі медальёнамі. Наступны дзень пошукавых работ у Слаўгарадскім раёне быў не менш плённы. На полі каля вёсак Папоўка і Добры Дуб атрымалася знайсці астанкі васьмі чалавек, з якіх не менш трох — камандзіры. Былі знойдзены тры медальёны, а таксама компас з прозвішчам «Ільін» і ініцыяламі на адваротным баку компаса «І.І. І», небяспечная брытва з добра бачнымі ініцыяламі «К.К.І», кацялок з надрапаным на баку подпісам «Шаімуха ..  Метаў» — добрыя наводкі для далейшага архіўнага пошуку звестак пра загінулых байцоў і іх сваякоў.

Нягледзячы на неспрыяльнае надвор'е, паназіраць за работай ваенных археолагаў прыязджалі навучэнцы прафліцэя і школ №№ 1 і 2 са Слаўгарада, а таксама вучні Васькавіцкай школы. Вельмі кранула тое, што дзеці прывезлі з сабой палявыя кветкі, каб пакласці іх на месцы раскопак.

— Мы заўсёды запрашаем паўдзельнічаць у нашых вахтах памяці школьнікаў, навучэнцаў, студэнтаў і працуючую моладзь, — кажа Мікалай Барысенка. — У пошуках на чавускай зямлі нам дапамагалі навучэнцы і педагогі гарадской школы № 2, а таксама Вусцянскай базавай школы Чавускага раёна. Некаторыя з хлопцаў праявілі да раскопак непадробную цікавасць, некаторыя нават выказалі жаданне ў будучым заняцца пошукам. І гэта, лічу, найлепшы спосаб патрыятычнага выхавання. Калі моладзь бачыць астанкі забітых падчас вайны сваіх аднагодкаў з прастрэленымі чарапамі, перабітымі рукамі і нагамі, пачынае інакш цаніць тое, што ў нас ёсць. Пасля гэтага вельмі малы шанц, што яны пойдуць на плошчы і вуліцы з патрабаваннем еўрапейскіх каштоўнасцяў. Калі бачыш гэтыя знішчаныя вайной маладыя жыцці, па-іншаму ўспрымаеш сучаснасць і разумееш, што сапраўды мае каштоўнасць. І пачынаеш цаніць Айчыну такой, якая яна ёсць.

Вернутыя імёны

Кожны год байцы клуба «Віккру» вяртаюць з небыцця ўсё новыя і новыя імёны тых, хто не прыйшоў з Вялікай Айчыннай вайны. Толькі падчас пошукавых работ у Чавускім і Слаўгарадскім раёнах былі знойдзены астанкі 38 салдат і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія лічыліся прапаўшымі без вестак, і восем смяротных медальёнаў.

Ужо на наступны дзень пасля завяршэння экспедыцыі ў Слаўгарадскім раёне атрымалася ўстанавіць поўныя даныя аб адным з загінулых. Іх адшукаў на АБД «Мемарыял» пошукавік Дзмітрый Паклонскі, узяўшы за аснову надпіс на знойдзеным на месцы былых баёў компасе «Ільін» і фрагменты знойдзенага ліста Ільіна роднаму брату. Цяпер вядома, што на полі пад Слаўгарадам па-геройску загінуў Іван Ільіч Ільін, 1919 года нараджэння, ураджэнец Ронгінскага раёна Марыйскай АССР. Аператыўна была ўстаноўлена і сувязь з роднымі Ільіна, якія сёння жывуць  у Рэспубліцы Марый Эл.

Па выніках экспедыцыі «Дняпроўскі рубеж — 2020» было ўстаноўлена імя Мікалая Парфір'евіча Карнавухава, 1915 года нараджэння, ураджэнца Дзмітрыеўскага раёна Курскай вобласці. Чырвонаармеец быў прызваны ў 1941 годзе Дзмітрыеўскім РВК. З небыцця вернуты радавы Пётр Міхайлавіч Шаўцоў, 1915 года нараджэння, ураджэнец Іркуцкай вобласці, а таксама Мікалай Ягоравіч Грыненка, 1921 года нараджэння, ураджэнец Хіславіцкага раёна Смаленскай вобласці з вёскі Суздалеўка. Летась апошні быў перапахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Аляксандраўка-1 Слаўгарадскага раёна. А сёлета мясцовыя жыхары перадалі пошукавікам яго смяротны медальён.

Астанкі знойдзеных падчас сёлетняй экспедыцыі байцоў і камандзіраў былі ўрачыста перапахаваныя ў Чавускім і Слаўгарадскім раёнах.

Нэлі ЗІГУЛЯ

P.S. Вялікую дапамогу ў пошуках аказалі абласны цэнтр творчасці, раённы аддзел НС Чавускага раёна, Магілёўскі мясакамбінат, аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама адукацыі, спорту і турызму Чавускага і Слаўгарадскага райвыканкамаў. Абласны гісторыка-патрыятычны клуб «Віккру» прыносіць ім шчырыя словы ўдзячнасці за дапамогу ў такой вельмі значнай справе.

Загаловак у газеце: Дзевяць імёнаў вернутыя з небыцця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Грамадства

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

Прынцып Інэсы Караткевіч: цаніць кожную хвіліну

«Ні разу не пашкадавала, што прыйшла працаваць у такую ўнікальную структуру, як спажыўкааперацыя»