Вы тут

Асцярожнасць перш за ўсё. Як пазбегнуць зімовых неспадзяванак?


Нарэшце да нашых краёў дабраліся якія-ніякія халады. Але ўвесь набор прыродных з'яў гэтай пары года — адмоўныя тэмпературы, перыядычны снег, мокры снег ці нават дождж, галалёд ды і проста вельмі кароткі светлавы дзень — можа прынесці шмат непрыемных неспадзяванак. А пра тое, як звесці іх шанц да мінімуму, расказалі спецыялісты.


Каля 700 тысяч траўмаў...

Столькі штогод атрымліваюць беларусы. Год ад году лічба змяняецца нязначна — у межах 1 %. Гэтыя звесткі прывёў урач-траўматолаг-артапед прыёмнага аддзялення РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Ярашэвіч.

Сёлета ў краіне ўжо было некалькі дзён з галалёдам, і невядома яшчэ, колькі іх будзе наперадзе. Пакуль што тэмпература паветра ў снежні, за выключэннем апошніх дзён, трымалася пераважна каля нулявой адзнакі. І дробная плітка вокамгненна ператваралася ў суцэльную коўзанку.

— Летась самыя высокія паказчыкі траўматызму па краіне былі па Мінску: каля 970 выпадкаў на 100 тысяч чалавек, — паведаміў Андрэй Ярашэвіч. — Напрыклад, сярод дзяцей ён дзеліцца наступным чынам: каля паловы ўсіх выпадкаў маюць бытавы характар, прыкладна траціна — вулічны. Лічаныя працэнты прыходзяцца на траўмы ў школе, і недзе каля шасці працэнтаў — на заняткі спортам.

На жаль, траўмы часам становяцца прычынай інваліднасці.

— Паказчык першаснай інваліднасці сярод насельніцтва краіны ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў — 2,7 % на 10 тысяч чалавек, — паведаміў спецыяліст. — Пры гэтым трэба адзначыць, што праблемы траўматызму ўвогуле ўяўляюць вялікую цікавасць для шырокага кола спецыялістаў розных галін. І меры, скіраваныя на яго зніжэнне, залежаць ад многіх фактараў. У першую чаргу — ад алкагалізму і ўвогуле спажывання спіртных напояў. Справа ў тым, што ў прыёмны пакой многія людзі з траўмамі паступаюць менавіта ў нецвярозым стане.

Слізкая дарога? Набірайце нумар 125

Як адзначыў старшы інспектар па асаблівых даручэннях аддзела арганізацыі дарожнага руху і дарожнай інспекцыі УДАІ МУС Вадзім Філончык, знізіць аварыйнасць на дарогах праз кепскія ўмовы дапамагаюць своечасовыя папераджальныя захады.

— Штогод супрацоўнікі тэрытарыяльных органаў у кастрычніку—лістападзе праводзяць мэтавае абследаванне вуліц і дарог, каб вывучыць іх стан і спраўнасць вонкавага асвятлення, — адзначыў спецыяліст. — Вывучаецца падрыхтоўка прадпрыемстваў і арганізацый дарожнай і камунальнай гаспадарак да выканання тэхналогій зімовага ўтрымання. Асаблівую ўвагу аддаюць падрыхтоўцы тэхнікі і нарыхтоўцы процігалалёдных матэрыялаў.

І абследаванні выявілі даволі істотную колькасць хібаў. Адказныя асобы камунальных арганізацый атрымалі 165 прадпісанняў, скіраваных на ліквідацыю недахопаў. А ў мясцовыя выканаўчыя органы паступіла каля сямідзесяці інфармацый, звязаных з правіламі ўтрымання вулічна-дарожнай сеткі.

У ДАІ звярнулі ўвагу, што своечасовае рэагаванне на праблему наўпрост залежыць ад таго, наколькі хутка паступіць інфармацыя аб ёй. Таму, калі вы дзесьці на дарозе прыкмецілі небяспечную з'яву (скажам, слізкае пакрыццё або няспраўнае асвятленне), то паведамляйце пра гэта па тэлефоне дарожнай службы 125. Можна таксама звярнуцца ў тэрытарыяльны орган унутраных спраў або набраць нумар 102.

У сваю чаргу, старшы інспектар па асаблівых даручэннях УДАІ МУС Аляксандр Бруй нагадаў, што з 1 снежня да 1 сакавіка аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 3,5 тоны ўключна, легкавыя і грузапасажырскія аўтамабілі з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай звыш 3,5 тоны, а таксама аўтобусы з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай да 5 тон павінны быць абсталяваны зімовымі шынамі. Шыны павінны быць прамаркіраваныя знакам у выглядзе горнай вяршыні з трыма пікамі і са сняжынкай унутры яе альбо знакамі М + S, М & S, М S або All Seasons і мець астаткавую вышыню малюнка пратэктара не менш за 4 міліметры.

Прадстаўнік ДАІ таксама расказаў пра некалькі правілаў бяспекі ў зімовы час.

— Асцярожнасць павінны захоўваць усе ўдзельнікі дарожнага руху. Падчас пераходу дарогі трэба быць максімальна ўважлівым і асцярожным, асабліва падчас галалёду або моцнага снегападу. Узімку тармазны шлях аўтамабіля істотна павялічваецца. Калі вы чакаеце на прыпынку грамадскі транспарт, то не стойце блізка да краю праезнай часткі — там можна паслізнуцца. І ў цёмны час сутак пазначце сябе святлоадбівальнымі элементамі.

Петарды пад забаронай

З 12 жніўня ў Беларусі пастановай Савета Міністраў быў забаронены аптовы і рознічны гандаль піратэхнікай. Вета на продаж святочнай выбухоўкі дзейнічае і дагэтуль — да асаблівага рашэння ўрада. Як вынік — у дварах не чуваць кананад і не бачна ў небе салютаў, хоць раней у снежні абстаноўка была зусім іншая.

Праўда, не выключана, што ў кагосьці засталіся старыя запасы піратэхнікі, набытыя яшчэ ў тыя часы, калі петарды, ракеты і феерверкі прадаваліся цалкам легальна. Таму, магчыма, пад самы Новы год мы зноў пачуем і ўбачым іх запускі. Іншая справа — рабіць гэта бяспечна. Летась па ўсёй Беларусі было зафіксавана больш за 60 траўмаў, атрыманых менавіта ад няправільнага выкарыстання небяспечных забавак. Прычым дзве траціны з іх прыйшліся менавіта на петарды. Пра гэта расказаў начальнік аддзела нагляду за бяспекай утылізацыі боепрыпасаў, вырабу і выкарыстання выбуховых матэрыялаў Дэпартамента па наглядзе за бяспечным вядзеннем работ у прамысловасці МНС Рэспублікі Беларусь Іван Шыянок.

— Перш за ўсё, трэба няўхільна выконваць патрабаванні, змешчаныя ў інструкцыі да піратэхнікі, — параіў спецыяліст. — Але пры гэтым можа быць так, што тэкст нанесены на корпус прылады нечытабельным шрыфтам. У такім разе да яе мусіць прыкладацца пісьмовая інструкцыя на асобным лісце.

Яе тэкст павінен быць надрукаваны на рускай або беларускай мове — ніякіх іерогліфаў дакумент змяшчаць не павінен. І разбірацца з петардамі трэба загадзя, да іх падпальвання. Справа ў тым, што спрацоўваюць яны вельмі хутка. Таму, калі агонь ужо падпаліў фіціль, петарду нельга трымаць у руках або, скажам, засоўваць у кішэню. Жаданне правесці выбух
унутры шкляной ёмістасці — слоіка ці бутэлькі — прывядзе да таго, што аскепкі ад тары хаатычна разлятуцца на дзясяткі метраў наўкол і нанясуць даволі сур'ёзныя траўмы.

— Таксама хачу нагадаць, што забаронена выкарыстоўваць піратэхнічныя вырабы са скончаным тэрмінам прыдатнасці, разарванай або намоклай упакоўкай, — працягнуў Іван Шыянок. — Запускам іх можа займацца толькі дарослы цвярозы чалавек. Спробы ўнесці нейкія змены ў канструкцыю феерверкаў або разабраць іх могуць прывесці да непрадказальных наступстваў. Для запуску трэба выбраць пляцоўку ўдалечыні ад пабудоў і абавязкова ўлічыць умовы надвор'я, бо пры моцным ветры траекторыя палёту можа змяніцца раптоўна і невядома як. Калі ж піратэхнічны выраб не спрацаваў, трэба пачакаць не менш за пятнаццаць хвілін, перш чым падыходзіць да яго. У інструкцыі, дарэчы, будзе растлумачана, што рабіць у выпадку асечкі.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

«Чырвоная лінія» для дзвюх жанчын. Ці могуць свякрухі і нявесткі жыць дружна?

Адносіны са сваёй маці і свякрухай — гэта дзве зусім розныя гісторыі. 

Грамадства

 Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Вольга Чамаданава: «Калі здарылася бяда — ідзіце туды, калі можаце дапамагаць — дапамагайце»

Яшчэ нядаўна Вольга Чамаданава лічылася тварам беларускай міліцыі.

Культура

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Чаму на захадзе Беларусі «праклятыя салдаты» і сёння ўзгадваюцца з жахам?

Тэма антысавецкага падполля падчас ВАВ — складаная тэма ў гісторыі.

Грамадства

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

Новы каранавірус. Што вядома пра штам «Амікрон»

 Яго знайшлі ў краінах Паўднёвай Афрыкі, у прыватнасці, у ПАР і Батсване.