Вы тут

Дзед Мароз на пажарнай машыне. На Гомельшчыне стартавала акцыя «Нашы дзеці»


На Гомельшчыне рэспубліканская акцыя «Нашы дзеці» стартавала незвычайным навагоднім ранішнікам на адкрытым паветры. Свята для дзяцей-сірот з дамоў сямейнага тыпу ладзілі ў цэнтры экалагічнага турызму на беразе возера Чарнецкае, што ў Гомельскім раёне. А арганізавалі яго супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і актывісты Беларускага дзіцячага фонда.


Арганізатары дабрачыннай акцыі вырашылі, што складаная эпідэміялагічная сітуацыя не павінна пазбаўляць дзяцей навагодняга цуда, а правядзенне свята на свежым паветры падорыць удвая больш незабыўных эмоцый.

Дзед Мароз і Снягурка віталі ў цэнтры экалагічнага турызму хлопчыкаў і дзяўчынак з Веткаўскага, Гомельскага, Рэчыцкага, Нараўлянскага і Петрыкаўскага раёнаў. Каля 100 дзяцей прыехалі ў суправаджэнні бацькоў-апекуноў. Арганізатарамі дабрачыннага мерапрыемства выступілі Беларускі дзіцячы фонд і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Яны аб’ядналіся ў імкненні парадаваць дзяцей і пры гэтым зрабіць свята не толькі вясёлым, але і карысным.

— Безумоўна, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях шмат увагі надае менавіта бяспечнаму адпачынку дзяцей і ў гэтым мы, як супрацоўнікі МНС, заўсёды прыходзім на дапамогу, — адзначыў удзельнік святочнага мерапрыемства начальнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Рэспублікі Беларусь Сяргей Дзічкоўскі.

Для дзяцей падрыхтавалі гульнявую праграму: карагоды на свежым паветры і інтэрактыўныя конкурсы. Чакаў гасцей і стол з гарачай гарбатай і прысмакамі. Асобна салодкія наборы, набытыя за сродкі МНС і арганізацый-партнёраў Беларускага дзіцячага фонду, дзеці атрымалі ў падарунак.

— Мы імкнуліся падарыць дзецям добрыя ўражанні, цудоўны настрой, а таксама парадаваць хлопчыкаў і дзяўчынак салодкімі прэзентамі, — падзялілася бяззменны арганізатар дабрачынных акцый на Гомельшчыне, дырэктар Гомельскага абласнога аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд» Ларыса Мяжэвіч. — Ведаеце, на такім пазітыве і дзеці, і дарослыя, што мы побач з імі нават забыліся пра зімовыя халады, шматлікія клопаты. Мы спадзяёмся на тое, што ўсе будуць здаровыя і шчаслівыя!       

Шмат станоўчых эмоцый гасцям свята падарыла экскурсія па кантактным заапарку «Белладжыё», які размешчаны на тэрыторыі цэнтра экалагічнага турызму. Дзеці змаглі пакарміць шматлікіх жывёл і птушак. Насельнікі заапарку — страўсы і алені, ласі і бараны, кабаны і дзікабразы былі рады маленькім гасцям. Нават велічныя зубры, якія, дарэчы, зусім нядаўна пасяліліся ў аграсядзібе, падыходзілі «прывітацца». Яшчэ адным сюрпрызам для хлопчыкаў і дзяўчынак стала з’яўленне пажарных машын, якія даставілі на свята не звычайнага,  а  «бяспечнага» Дзеда Мароза. Галоўны герой навагодняга свята распавёў аб тым, што цягам года заўжды сочыць, каб усе дзеці не толькі добра сябе паводзілі, але і абавязкова выконвалі правілы бяспекі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота: mchs.gov.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Выбіраем аптымальную пару года для пахудзення. Спойлер: і гэта не лета!

Жыццё ў «эпоху спажывання» — сур’ёзнае выпрабаванне для чалавека.

Эканоміка

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Нашы фінансы павінны прыносіць даход. Які? Вось у чым пытанне

Адукаваныя людзі загадзя плануюць свой паток фінансаў, размяркоўваючы іх па перспектыўных напрамках, тым самым забяспечваючы сабе нябеднае жыццё.

Грамадства

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Жывыя і мёртвыя. Вялікая Айчынная вайна зачапіла амаль кожную беларускую сям'ю

Саракавыя-ракавыя раскідалі па свеце людзей, разлучылі цэлыя сем'і, пакінулі дзяцей сіротамі.