Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Пандэмія як лакмус раскрыла сутнасць эканамічных саюзаў і інтэграцыйных аб’яднанняў


Прэзідэнт Беларусі праводзіць саміт ЕАЭС у фармаце відэаканферэнцыі ў якасці старшыні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету.


У пасяджэнні бяруць удзел кіраўнікі дзяржаў – членаў Еўразійскага эканамічнага саюза, першы прэзідэнт Рэспублікі Казахстан Нурсултан Назарбаеў (ганаровы старшыня ВЕЭС), прэзідэнт Рэспублікі Малдова Ігар Дадон, прэзідэнт Рэспублікі Узбекістан Шаўкат Мірзіёеў, прэзідэнт Рэспублікі Куба Мігель Дыяс-Канель Бермудес, старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаіл Мясніковіч.

На парадку дня 28 пытанняў. Кіраўнікам дзяржаў разглядаюць дапрацаваны праект Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. У маі бягучага года Вышэйшы Еўразійскі эканамічны савет ухваліў дакумент у цэлым, пасля чаго ён быў дапрацаваны з улікам прапаноў бакоў.

Сярод пытанняў, якія  разглядаюцца:

  • асноўныя напрамкі міжнароднай дзейнасці саюза на 2021 год;
  • рэалізацыя часовага пагаднення, якое вядзе да стварэння зоны свабоднага гандлю паміж ЕАЭС і Іранам;
  • пераход да другога этапу фарміравання агульнага рынку газу Еўразійскага эканамічнага саюза;
  • план мерапрыемстваў («дарожная карта») па гарманізацыі заканадаўства дзяржаў саюза ў нафтавай сферы;
  • бюджэт саюза на 2021 год;
  • зацвярджэнне Старшыні Суда ЕАЭС і яго намесніка;
  • старшынства ў органах ЕАЭС і іншыя пытанні.

 Кіраўнікі дзяржаў падпішуць шэраг дакументаў. Сярод іх, напрыклад, Пагадненне аб абмене інфармацыяй у сферы процідзеяння легалізацыі (адмыванню) даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансаванню тэрарызму пры перамяшчэнні наяўных грашовых сродкаў праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза.

У канцы лістапада ў размове з кіраўніком Еўразійскай эканамічнай камісіі Міхаілам Мясніковічам Прэзідэнт нагадаў пра «няўзгодненыя пытанні»: «Мы дамаўляліся аб тым, што нарэшце вырашым праблему адзіных рынкаў, перш за ўсё прыроднага газу. Адзінае пытанне, якое не ўзгоднена, — гэта справядлівая цана на тарыфы па транспарціроўцы газу. Гэта важна для нас і для іншых».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў чатыры пытанні парадку дня (у тым ліку аб стратэгічных кірунках развіцця інтэграцыі) разгледзець у вузкім складзе і закрытым рэжыме, астатнія — у шырокім. Распачалося пасяджэнне з абмеркавання 24 пытанняў у шырокім складзе, якое праходзіць у адкрытым фармаце.


Лукашэнка: Пандэмія як лакмус раскрыла сутнасць эканамічных саюзаў і інтэграцыйных аб’яднанняў

Стратэгічныя напрамкі развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года Аляксандр Лукашэнка назваў найважнейшым дакументам парадку дня. Другое важнае пытанне, на яго думку, —  удасканаленне механізмаў прымянення агульных антыдэмпінгавых, кампенсацыйных і спецыяльных мер для абароны інтарэсаў вытворцаў тавараў у Еўразійскім эканамічным саюзе.

Старшыня Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета (ВЕЭС)  з задавальненнем звярнуў увагу на рост колькасці партнёраў саюза па стварэнні зон свабоднага гандлю.

«Мы павінны прыняць рашэнне пра пачатак працы Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю ЕАЭС з Сербіяй, а таксама вызначыцца па тэрмінах пачатку падрыхтоўкі Пагаднення аб зоне свабоднага гандлю з Іранам, — дадаў ён. — Гэта знакавыя дакументы, якія пацвярджаюць цікавасць да нашага саюзу ў свеце. Таму прапануем камісіі актывізаваць перамовы таксама з іншымі дзяржавамі».

Аляксандр Лукашэнка прапанаваў разгарнуць прадметную работу па выкананні артыкула 41 Дагавора аб ЕАЭС, у якім прапісаныя сумесныя меры па развіццю экспарту тавараў і паслуг краін – членаў на знешнія рынкі.

Прэзідэнт Беларусі падвёў вынікі старшынства Беларусі ў органах Еўразійскага эканамічнага саюза: «Мы адразу пазначылі ў сваёй праграме вельмі амбіцыйныя мэты: усямернае ўмацаванне нашага саюза, гарманічнае развіццё эканомік краін і павышэнне дабрабыту грамадзян. Яны маюць універсальны характар ​​і выгадныя ўсім удзельнікам.
Асабліва гэта актуальна ў бягучым годзе, які стаў сапраўдным выпрабаваннем на трываласць аховы здароўя, эканомік і палітычных сістэм усіх краін свету, — сказаў ён. — Пандэмія як лакмус раскрыла сутнасць эканамічных саюзаў і інтэграцыйных аб’яднанняў. Яна на практыцы пераканала нават самых заўзятых скептыкаў, што толькі разам мы можам быць мацней. Адначасова каранавірус таксама паказаў сапраўдную цану невыканання раней дасягнутых дамоўленасцей». 


Сярод таго, што ўдалося зрабіць за гэты год, беларускі лідар назваў прыняцце шэрагу актаў саюза па пераходзе да адзінай ці агульнай палітыкі ў галінах сельскай гаспадаркі, энергетыкі, транспарту.

«Прапрацаваны магчымасці прымянення антыдэмпінгавых, кампенсацыйных і спецыяльных мер для абароны эканамічных інтарэсаў вытворцаў тавараў у Еўразійскім эканамічным саюзе, — дадаў ён. — Працягнута ўзгадненне падыходаў да прынцыпаў і механізмаў функцыянавання і дзяржаўнага рэгулявання інтэграванага валютнага рынку, пашырэнню выкарыстання нацыянальных валют дзяржаў членаў ЕАЭС ва ўзаемных разліках, девалютызацыі эканомік нашых краін, фарміраванні агульнай разліковай інфраструктуры і плацёжнай прасторы».

Ініцыяваны шэраг мер па імпартазамяшчэнню ў прамысловасці і сельскай гаспадарцы, працягнуў старшыня ВЕЭК.

«Аднак удзельнікі саюза перыядычна парушаюць дамоўленасці і ўносяць прапановы аб бязмытным увозе на тэрыторыю саюза тых ці іншых тавараў трэціх краін, аналагі якіх вырабляюцца ў нас, — заўважыў кіраўнік беларускай дзяржавы. — Мы маем страчаныя бюджэтныя даходы, фактычна падтрымліваем замежнага вытворцу і дыскрэдытуем нашу агульную працу па развіцці прамысловай кааперацыі і зніжэння залежнасці ад імпарту».


«Патэнцыял саюза павінен быць задзейнічаны для прасоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі на рынкі трэціх краін»

Пазітыўна беларускі лідар ацаніў дзейнасць Камісіі па фарміраванні збалансаванага аграрнага рынку на падставе міждзяржаўнай кааперацыі і сістэмы прагназавання развіцця АПК краін ЕАЭС.

«Разам з тым лічу, што патэнцыял саюза павінен быць задзейнічаны не толькі ў мэтах развіцця ўнутранага рынку, але і для прасоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі на рынкі трэціх краін», — выказаўся Прэзідэнт Беларусі.

Сёлета прыняты шэраг рашэнняў у сферы тэхнічнага рэгулявання. Праводзіцца работа па гарманізацыі заканадаўстваў дзяржаў — членаў ЕАЭС для ўстанаўлення адказнасці за парушэнне абавязковых патрабаванняў да прадукцыі, а таксама правіл і працэдур правядзення ацэнкі адпаведнасці, дапоўніў спіс зробленага Аляксандр Лукашэнка.

«На жаль, адсутнічаюць вынікі ва ўрэгуляванні пытання аб метадах кантролю ўтрымання лекавых сродкаў у харчовай прадукцыі жывёльнага паходжання, у тым ліку ў перапрацаванай. Праблема не вырашаецца некалькі гадоў. Лічу, што гэтае пытанне камісія прынцыпова павінна ўрэгуляваць цягам наступнага года», — дадаў ён.

Удалося прыкметна актывізаваць працу па ліквідацыі бар’ераў, максімальнаму скарачэнню выключэнняў і абмежаванняў на ўнутраным рынку ЕАЭС, адзначыў Лукашэнка. Ёсць зрухі ў стрымліванні з’яўлення новых відаў перашкод. Але гэтага недастаткова, падкрэсліў беларускі лідар.

«Да цяперашняга часу не ўкаранёны дазвольны парадак увядзення нацыянальных абмежавальных мер з іх папярэднім разглядам органамі саюза, — указаў на тое, што зрабіць не ўдалося Прэзідэнт Беларусі. —  Засталася шчыліна ў выглядзе магчымасці шматразовага ўвядзення выключэнняў у сферы дзяржзакупак».

Беларусь у год свайго старшынства ў органах ЕАЭС  ініцыявала работу па ўзмацненні паўнамоцтваў Еўразійскай эканамічнай камісіі.

«Але поспехаў тут таксама пакуль няшмат. Аб якім развіцці можа ісці гаворка, калі камісія да гэтага часу не надзелена правам звяртацца як самастойны суб’ект у суд ЕАЭС па спрэчных пытаннях?» — задаўся пытаннем Аляксандр Лукашэнка.


Нягледзячы на складанасці, абумоўленыя пандэміяй, у 2020 годзе была прадоўжана работа па актывізацыі супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі.

Праведзены шэраг мерапрыемстваў у рамках пагадненняў аб гандлі з Кітаем, В’етнамам і Іранам. Працягваюцца перамовы па заключэнні гандлёвых дагавораў з Егіптам, Ізраілем і Індыяй. Вядзецца падрыхтоўка да пачатку перамоў па лібералізацыі гандлёвых рэжымаў з Інданэзіяй і Манголіяй, пералічыў старшыня ВЕЭС.


«Не ўсё з пазначанага ў праграме старшынства нашага паспелі выканаць у сілу аб’ектыўных абставінаў»

У рамках лічбавага парадку дня фарміруецца сістэма адпаведных транспартных калідораў, забяспечваецца ўзаемадзеянне ў сферах прамысловай кааперацыі, субкантрактацыі і трансферу тэхналогій, садзейнічанне працаўладкаванню і занятасці грамадзян дзяржаў — членаў ЕАЭС, дадаў беларускі лідар.

«Не ўсё з пазначанага ў праграме старшынства нашага паспелі выканаць у сілу аб’ектыўных абставін, — падсумаваў ён. — Частка мерапрыемстваў запатрабавала на рэалізацыю значна больш часу, чым адзін год. Аднак перакананы, што сумесная праца па прапанаваных напрамках працягнецца і ў наступным годзе».

Задачы беларускага старшынства, накіраваныя на ўмацаванне і развіццё ЕАЭС, шмат у чым сугучныя з ідэямі Рэспублікі Казахстан, якой Беларусь перадае права краіны-старшыні ў органах саюза на 2021 год, упэўнены Аляксандр Лукашэнка. Ён  пажадаў казахстанскім калегам поспехаў у гэтай працы.


Узбекістан і Куба афіцыйна сталі дзяржавамі-назіральнікамі пры ЕАЭС

Канчатковае рашэнне аб наданні дзяржавам гэтага статусу прынялі кіраўнікі краін ЕАЭС

«Ад імя кіраўнікоў краін ЕАЭС дазвольце мне павіншаваць прэзідэнта Рэспублікі Куба і прэзідэнта Рэспублікі Узбекістан з наданнем іх краінам статусу дзяржаў-назіральнікаў пры Еўразійскім эканамічным саюзе і выказаць упэўненасць, што гэты статус будзе садзейнічаць развіццю  супрацоўніцтва з нашым саюзам і пашырэнню знешніх эканамічных адносін», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ідэі еўразійскай эканамічнай інтэграцыі знаходзяць усё больш прыхільнікаў, у тым ліку і за межамі прасторы СНД. З Кубай дзяржавы ЕАЭС маюць агульнае мінулае.  Статус дазволіць Кубе больш поўна акунуцца ў тэматыку развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі.

Доля замежнага гандлю Узбекістана з краінамі саюза складае 30 працэнтаў, а аб’ём экспарту сельгаспрадукцыі ў ЕАЭС перавышае 75 працэнтаў. У свой час гэта дзяржава з’яўлялася членам Еўразійскай эканамічнай супольнасці (ЕўрАзЭС), з якога бярэ свае вытокі ЕАЭС.


Расія прапанавала краінам ЕАЭС паўдзельнічаць у постклінічных даследаваннях расійскай вакцыны ад каранавіруса

Пра гэта Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў падчас свайго выступлення на саміце кіраўнікоў краін ЕАЭС.

«Дарэчы, у нас ужо прайшла рэгістрацыю другая вакцына — “ЭпіВакКарона”, і яшчэ адна знаходзіцца на завяршальнай стадыі выпрабаванняў. І мы, вядома ж, зацікаўлены ў тым, каб усе партнёры па “пяцёрцы” прынялі ўдзел у навуковых і клінічных даследаваннях расійскай вакцыны, у арганізацыі сумеснай вытворчасці», — сказаў Уладзімір Пуцін.

Па яго словах, у гэты час прапрацоўваецца пытанне аб пастаўках у краіны саюза і расійскай вакцыны «Спадарожнік-V».

Уладзімір  Пуцін расказаў, што партнёрам па ЕАЭС за час пандэміі перадалі тэст-сістэмы на COVID-19 для правядзення звыш 900 тысяч даследаванняў, працягваюцца пастаўкі медыкаментаў, сродкаў індывідуальнай абароны, расходныя матэрыялы.

«Вельмі важна, што расійскія спецыялісты знаходзяцца ў пастаянным кантакце з калегамі, аказваюць кансультацыйную дапамогу, дзеляцца вопытам. У найбольш пацярпелыя раёны дзяржаў ЕАЭС выязджалі нашы брыгады ўрачоў-эпідэміёлагаў, накіроўваліся мабільныя лабараторыі», — дадаў кіраўнік Расіі.

«Вастрыё атак з-за межаў накіравана на Расію»

Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў па завяршэнні выступлення свайго расійскага калегі Уладзіміра Пуціна на саміце кіраўнікоў-краін ЕАЭС.

«Мы ўсе адзначаем, што часы няпростыя, перад усім, для нашых блізкіх сяброў і братоў у Расійскай Федэрацыі. Вы бачыце, што вастрыё атак з-за межаў накіравана на Расію. Гэта ў Беларусі востра адчуваюць», — кастатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Ён пажадаў Уладзіміру Пуціну цярпення і назваў Расію стрыжнем еўразійскай інтэграцыі.

«Вы ведаеце, што мы заўсёды будзем вас падтрымліваць і падтрымлівалі Расію, бо без яе не можа быць на постсавецкай прасторы інтэграцыі», — дадаў Прэзідэнт Беларусі.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.