Вы тут

КЛАСІКІ СМЯЮЦЦА УМЕЎ ПАЖАРТАВАЦЬ З СЯБЕ Уладзімір КАРАТКЕВІЧ


Класіку беларускай літаратуры Уладзіміру КАРАТКЕВІЧУ (1930–1984) сёлета магло б споўніцца 90 гадоў. Пісьменнік шматграннага таленту (яму аднолькава добра ўдаваліся і проза, і паэзія, і драматургія), у жыцці ён быў цікавым і дасціпным апавядальнікам, шанаваў вясёлае слова. Як адзначае сябар і калега творцы, літаратуразнаўца Адам Мальдзіс, Уладзімір Сямёнавіч вельмі любіў розыгрышы і ніколі пры гэтым не крыўдзіўся. Пра выдатнае і «здаровае» пачуццё гумару сведчыць і той факт, што пісьменнік ахвотна жартаваў з сябе. Так, у адным з дзённікавых запісаў, расказваючы пра тое, як лавіў верхаводак, У. Караткевіч адзначае: «Вудзяцца яны добра, на зубах хрумсцяць добра (фосфар для мозгу, хаця, калі ўлічваць мой мазгавы стан за апошні год — мне трэба знішчаць за дзень трох акул)».
У гумарыстычнай скарбонцы творцы — вершы, пародыі, жарты, экспромты. Аднак гарэзлівая ці лірычная ўсмешка не-не ды і прабіваецца ледзь не ў кожным яго апавяданні ці рамане — упэўніцца ў гэтым зусім не цяжка…

 

Уладзімір КАРАТКЕВІЧ

(У скарачэнні)

Алёнцы год і дзевяць месяцаў.
Але яна ўжо зусім вялікая дзяўчынка. Лічыць жа ж трэба не па ўзросту, а па тым, што ты паспеў зрабіць. А яна ўжо чалавек, таму што даўно навучылася прама хадзіць. І яшчэ навучылася так-сяк выказвацца, і сваякі, ва ўсякім разе, яе разумеюць. <…>
Гэта тып дзіцёнка-шкодніка. І гэта вельмі добра, таму што менавіта з такіх атрымліваюцца потым вартыя чагосьці людзі.
У Алёны ёсць мама, прыгожая распаўнелая жанчына, бацька, які застаўся ў іх горадзе, каб лётаць на «малётах», дзед і бабуля, якія душы ў ёй не чуюць.
Акрамя таго, у яе ёсць яшчэ дзядзька, які зашмат думае над светавымі праблемамі. <…>
У Алёнкі ўжо ёсць усе задаткі будучай жанчыны.
Вось яна сядзіць на руках у мамы, а дзядзька цягне да яе рукі і варушыць пальцамі. Яна нерашуча адрывае ад мамы цельца і, выгнуўшы спіну, цягнецца да яго. І раптам — шырокая ўсмешка на твары, і дзіця зноў кідаецца на шыю маці, хаваецца. З-за пляча выглядае толькі гарэзлівае, круцельскае сіняе вока. Яно з радасцю назірае за выцягнутым абліччам дзядзькі.

І так без канца.
О Божа літасцівы, пакутаваць вам, мужчыны, ныня і прысна і давеку!.. <…>
У Алёнкі таксама ёсць свае страхі. Яны, праўда, — маленькія, але хіба для такога кураняці шмат трэба?
Гэты страх — Пыласос!
Даўно, да прыезду ў гэты дом на адпачынак, ім на кватэру прынеслі падобнае на чарапаху страшыдла. І з таго часу яно напаўняла сваім трэскам пакоі.
Яно бурчала і паўзло, як жывое.
І дзікі, нечалавечы жах апаноўваў Алёнку. Яна нават не крычала, яна глядзела ў адну кропку і дрыжала ўсёй скурай.
Нарэшце дарослыя заўважылі гэта і сталі выносіць малое на вуліцу падчас работы страхоцця, але адразу, з усёй жорсткасцю дарослых, выкарысталі гэты страх.
Прывід Пыласоса вісеў над Алёнкай і тут.
Захочацца пайсці ў кусты і надзерці там поўныя жмені зялёных парэчак — і адразу ж гучыць грозны голас:
— Нельга. Пыласос!!! 

Вочы яе адразу акругляюцца і застываюць. Рукі з ружовымі танюсенькімі пальцамі закладваюцца за спіну і там шаруюцца адна аб адну. Яна паварочваецца і непаслухмянымі губамі паўтарае:
— Там... пасёсь.
І глядзіць на маці вялізнымі вачыма.
Гэтыя вочы так нагадваюць дзядзьку другія вочы, што ён увесь уздрыгвае ад глыбокага і цёплага прыліву пяшчоты. Потым адбываецца размова з сястрой:
— Не смей яе палохаць.
— А ты сам тады глядзі за ёю ўвесь дзень. На ёй скура гарыць.
— Ну і дзякуй Богу. Можа, я гэтых парэчак не еў у дзяцінстве? Або ты? Усе гэтыя твае стрэптакокі — у стэрыльных бальніцах. А там, дзе бабы на полі бульбу капаюць, — аб іх і не чулі.
— Не ты ёй маці, а я. Мне і меркаваць.
Дзядзька маўкліва згаджаецца з бясспрэчнай ісцінай.
І зноў цэлымі днямі гучыць над дзіцёнкам імя страхоцця.
— Не хадзі туды, не рабі гэтага, не рві таго!
— Пыласос! Пыласос!! Пыласос!!!


Проста невыносна. Дарослы — і той бы з’ехаў з глузду ад такога, а тут жа маляўка.
Дзядзька сядзіць і думае. У кожнага ёсць свой Пыласос. І гэты Пыласос робіць з разумнай, гордай, прыгожай істоты, створанай для радасці і мастацтва, — пакорлівую жывёліну. <…>
І вось аднойчы, калі брат і сястра сядзяць поруч і брат выказвае свае невясёлыя думкі, з-за вугла дома выплывае касалапым упэўненым крокам круглая Алёнка.
Жывот — наперад, рукі за спіною, на тварыку стрыманы і прытворна раўнадушны выраз.
Яна тупае гаспадарскім, паважным крокам. Вось падышла зусім блізка да маці, паклала ёй на калені кулачкі, расшчапіла іх.
На яе далонях ляжыць дзесятак зялёных парэчак.
І адразу яе мордачка робіцца круцельская, хітрая.
— Мама. Пасёсь.
І тут дзядзька не вытрымлівае. Ён хапае яе на рукі і шалёна цалуе ў брудныя лапкі, у шчокі, у хітрыя вочы.
— Дачушка ты мая! Дзіця ты маё чалавечае!

«Блакіт і золата дня», Мн., 1961 г.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.