Вы тут

Чаму Бразілію захліснуў «гангста-карнавал»?


У апошнія некалькі месяцаў Бразілію накрыла хваля рабаванняў банкаў, якія адрозніваліся асаблівай дасканаласцю і жорсткасцю. Дзясяткі злачынцаў у масках Джокера захоплівалі цэлыя гарады, раскідвалі па вуліцах грошы і выхваляліся сваімі прыгодамі ў сацыяльных сетках. Эксперты параўноўваюць маштаб таго, што адбываецца ў самай вялікай па колькасці насельніцтва краіне паўднёваамерыканскага кантынента, з разгулам крыміналу ў другой палове XІX — пачатку XX стагоддзя, калі ўзброеныя да зубоў крымінальныя групоўкі кантралявалі цэлыя раёны, перадае «Бі-бі-сі». Чаму Бразілію захліснуў «гангста-карнавал»?


Вайна на вуліцах

На мінулым тыдні гангстарскі рэйд распачаўся ў Крысіуме, правінцыйным горадзе ў паўднёвым бразільскім штаце Санта-Катарына. Дзве гадзіны банда прыкладна з 40 чалавек на працягу ночы фактычна кантралявала 210-тысячны населены пункт. Злачынцы грунтоўна ўзброіліся. Прадстаўнікі паліцыі расказалі «Бі-бі-сі», што камера назірання зафіксавала ў руках  аднаго з іх... пераносны ракетны комплекс, здольны збіць самалёт.

Тактыка дзеянняў была прадуманая. Перад будынкам гарадскога паліцэйскага ўпраўлення налётчыкі падпалілі грузавік, каб заблакаваць дарогу. У іншым месцы шасцярых узятых у закладнікі работнікаў гарадскіх службаў прымусілі сесці на зямлю, перагарадзіўшы вуліцу. Некаторыя жыхары пазней сцвярджалі ў сацсетках, што бачылі на дахах снайпераў.

Мэтай нападу ў ноч былі аддзяленні банкаў і банкаматы, якія злачынцы падрывалі і ламалі. У адным месцы банкноты рассыпаліся па бруку, утварыўшы сапраўдны дыван. Журналіст Рэнан Піксота выклаў у «Твітэры» відэа, дзе бачна, як людзі падбіраюць грошы. Вядома, удалося вярнуць нязначныя сумы — у чацвярых гараджан паліцыя адабрала 800 тысяч рэалаў (каля 150 долараў).

«Злачынцы мелі цяжкае ўзбраенне і выбухоўку. Мы пазбягалі сутычак у жылой зоне, каб не пацярпелі людзі», — растлумачыў на брыфінгу прэс-сакратар паліцыі Марсела Понтэс. «Стралялі без канца», — расказала «Бі-бі-сі» мясцовая жыхарка. Маці і два яе сыны схаваліся ў прыбіральні і не выходзілі, пакуль усё не сціхла. «Мы чулі, як бандыты на вуліцы крычалі, што «хутка гэта скончыцца», і патрабавалі, каб людзі не падыходзілі да вокнаў і не здымалі тое, што адбываецца. Самым жахлівым было адчуванне поўнай бездапаможнасці. А хлопчыкі потым сказалі, што так, напэўна, выглядае вайна», — кажа яна. Калі сям'я пакінула сваё сховішча, яны ўбачылі, што кандыцыянер, які вісіць за акном, прабіты кулямі.

Раніцай мэр Крысіумы Клезіа Салвара праз сацыяльныя сеткі зрабіў няўпэўненую заяву: «У нас захаваліся жыцці! Гэта галоўнае!» Ён назваў сітуацыю беспрэцэдэнтнай і заўважыў, што падобнага яшчэ ніколі не адбывалася. Таксама з'явіліся паведамленні, што падчас пагоні нібыта ўдалося затрымаць чатырох удзельнікаў нападу, але яны не пацвердзіліся. Сума выкрадзенага засталася невядомай.

Жывыя шчыты

Менш чым праз суткі падобны напад адбыўся за 3,5 тысячы кіламетраў ад Крысіумы. Гэтым разам мішэнню злачынцаў стаў 140-тысячны горад Камет у паўночным штаце Пара. Сюды ўварвалася ўзброеная банда, абрабаваўшы мясцовыя банкі, адзначыў партал G1. Невядомыя злачынцы бралі ў закладнікі дзясяткі мясцовых жыхароў, якіх выкарыстоўвалі ў якасці жывых шчытоў. Нападнікі больш за гадзіну абстрэльвалі горад, пасля чаго з'ехалі на аўтамабілях і лодках. Аб гэтым паведаміла бразільская газета Folha de S.Paulo.

Па словах мэра горада Валдолі Валентэ, адзін чалавек загінуў, стаўшы ахвярай злачынцаў. Людзі прасілі дапамогі ў губернатара Элдэра Барбальё ў сацыяльных сетках. «Тэрмінова дашліце падмацаванне ў Камет. На ўсе банкі горада напалі», — паведамлялі гараджане. Губернатар Барбальё адказаў, што падтрымлівае сувязь з кіраўніцтвам органаў правапарадку штата і сочыць за прынятымі мерамі. «Мы зробім усё магчымае, каб як мага хутчэй аднавіць спакой і злавіць злачынцаў. Выказваю самыя глыбокія спачуванні жыхарам Камета», — спрабаваў ён супакоіць людзей.

Як і ў Крысіуме, дзе ў нападах было задзейнічана па меншай меры 30 чалавек, 10 аўтамабіляў і ўжывалася зброя, якая выкарыстоўваецца ў бразільскай арміі, заўважыла Folha de S.Paulo. «Там было каля 30 узброеных мужчын. Побач з маім домам шмат стралялі. Паліцэйскіх загналі ў пастку ў пастарунку. Яшчэ было шмат выбухаў», — расказаў газеце мясцовы жыхар Фабрыс Алвес. Як падкрэслівае выданне, за апошнія некалькі месяцаў падобныя напады адбыліся ў гарадах штата Сан-Паўлу — Араракуара, Батукату і Аўрыньюс.

Падкапацца пад банк

Падобныя бандыцкія налёты, на жаль, зусім не рэдкасць для Бразіліі. Узровень злачыннасці ў гэтай лацінаамерыканскай краіне — адзін з найвышэйшых у свеце. Летась толькі ў штаце Сан-Паўлу адбылося 21 банкаўскае рабаванне, у першай палове гэтага года — 14, хоць, вядома, не ўсе па адным сцэнарыі.

У апошнія пяць гадоў пачасціліся «мега-налёты», падобныя да тых, што здарыліся ў Крысіуме і Камеце. Яны адбыліся ва ўсіх частках краіны. «Банды звычайна выбіраюць мішэнню невялікія гарады з абмежаванай колькасцю ўездаў і выездаў і, галоўнае, малой колькасцю паліцыі», — заўважыў «Бі-бі-сі» бразільскі эксперт па бяспецы Гуаракі Мінгардзі.

Мэтай нападаў з'яўляюцца мясцовыя аддзяленні банкаў або фірмы, якія займаюцца інкасацыяй і перавозкай каштоўнасцяў. У красавіку 2017 года бразільскія бандыты ажыццявілі нашумелы дзёрзкі налёт не ў сваёй краіне, а ў суседнім Парагваі.

Рэйды, падобныя на нядаўнія маштабныя напады, звычайна прыпісваюць самай вядомай у Бразіліі крымінальнай групоўцы пад назвай «Першая сталічная каманда» (Prіmeіro Comando da Capіtal). Па словах Гуаракі Мінгардзі, яна звычайна ажыццяўляе планаванне і кіраўніцтва аперацыяй, а ў якасці ўдарнай сілы выкарыстоўвае неарганізаваных злачынцаў, якіх забяспечвае зброяй, і дзеліць з імі здабычу ў выпадку поспеху. Нярэдка налётчыкам удаецца схавацца да прыбыцця паліцыі, паколькі яны дакладна размяркоўваюць паміж сабой ролі і дзейнічаюць хутка.

Два самыя вядомыя сучасныя замахі на банкі здарыліся ў Бразіліі ў 2005 і 2017 гадах, але тады злачынцы дзейнічалі не адкрыта, а пры дапамозе падкопаў. У першым выпадку яны знялі дом за квартал ад банка, у горадзе Фарталеза, адкрылі для прыкрыцця краму кветак і саджанцаў, тры месяцы капалі 80-метровы тунэль і выкралі больш чым 50 мільёнаў долараў. Другая спроба адбылася ў Сан-Паўлу. Праўда, яна поспеху не мела — паліцыя своечасова
выявіла тунэль да аддзялення Banco de Brasіl, абсталяваны электрычным асвятленнем і вентыляцыяй, і затрымала 16 зламыснікаў.

Крывавае супрацьстаянне

Злачынцы як правіла даволі добра ўзброеныя і не баяцца ўступіць у адкрыты бой з сіламі правапарадку. Як адзначыў «Бі-бі-сі» дырэктар Цэнтра даследавання праблем гарадоў пры ўніверсітэце Сан-Паўлу Габрыэль Фельтран, стратэгія забеспячэння грамадскай бяспекі ў Бразіліі дзесяцігоддзямі грунтавалася на тым, каб паліцыя бачна прысутнічала паўсюль і актыўна арыштоўвала. Пры гэтым перапоўненыя турмы з'яўляюцца крыніцай кадраў для злачынных
сіндыкатаў, заўважае эксперт. «І сур'ёзныя, і дробныя злачынствы караюцца пазбаўленнем волі. Многія зняволеныя маладыя, і турма становіцца для іх злачынным універсітэтам», — лічыць ён.

Узяўшы ў свае рукі гандаль наркотыкамі і зброяй, арганізаваныя злачынныя групоўкі назапасілі фінансавыя і людскія рэсурсы, дастатковыя для арганізацыі маштабных рэйдаў, заўважае Фельтран. «Яны навучыліся супрацьстаяць сілам бяспекі», — кажа крымінолаг. Пакуль улады не маюць намеру мяняць падыход. «Яны лічаць, што трэба рабіць тое ж самае, толькі выдаткоўваць больш грошай, і будзе вынік», — адзначае эксперт.

Прафесар універсітэта Сеара Жанья Акіна, якая вывучае феномен «новага Кангаку» (гэтым тэрмінам у Бразіліі пазначаюць разгул бандытызму ў другой палове XІX — пачатку XX стагоддзя, калі ўзброеныя групоўкі кантралявалі цэлыя раёны), кажа, што злачынцы наўмысна дзейнічаюць дзёрзка і адкрыта, каб усіх запалохаць і запэўніць ва ўласнай магутнасці.

«Для звычайных рабаўнікоў такая бравада неўласцівая», — адзначае яна. Прафесар Акіна лічыць, што нахабства злачынцаў правакуе залішняе ўжыванне сілы з боку паліцэйскіх, якія імкнуцца паквітацца за знявагу. У снежні 2018 года перастрэлка паміж вартавымі парадку і злачынцамі, якія спрабавалі абрабаваць банк у горадзе Мілагрэш на поўначы Бразіліі, скончылася гібеллю шасцярых закладнікаў.

Турмы — пад завязку

Габрыэль Фельтран прапануе паліцыі перанесці цэнтр цяжару на аператыўную работу і раскладанне АЗГ знутры. Налёт з удзелам 40 чалавек немагчыма спланаваць і падрыхтаваць у глыбокай таямніцы, а лідары і актыўныя ўдзельнікі бандаў больш-менш вядомыя, заўважае ён.

Банды кантралююць нелегальны рынак зброі і нават могуць займець зенітную зброю, падобную да кулямёта, які выкарыстоўваўся пры рабаванні банка ў 2017 годзе. Калі ж напад здарыўся, паліцыя павінна быць да яго гатовая і дзейнічаць больш скаардынавана, лічыць Габрыэль Фельтран: «Скажам, перакрыць выезды з горада — для гэтага трэба не так ужо шмат сіл».

Жанья Акіна лічыць, што паменшыць колькасць падобных рэйдаў магло б шырокае ўкараненне крэдытных картак і электронных плацяжоў: «Горы наяўнасці, натуральна, прыцягваюць да сябе злачынцаў».

Увогуле ў краіне вельмі жорсткае стаўленне да крыміналітэту. «Да іх [злачынцаў] нельга ставіцца як да нармальных людзей», — перакананы прэзідэнт Бразіліі Жаір Балсанару. Абяцаючы «забіць турэмныя камеры злачынцамі», ён прасоўвае заканадаўства, якое вызваліць паліцэйскіх і простых бразільцаў ад крымінальнага пераследу за забойства членаў бандфарміраванняў.

Зрэшты, турэмныя камеры ў Бразіліі ўжо цяпер забітыя пад завязку. За апошнія 10 гадоў у 200-мільённай краіне з сумарнай ёмістасцю турмаў у 368 тысяч месцаў колькасць зняволеных вырасла больш чым у 1,5 раза і дасягнула 800 тысяч. Бразілія займае трэцяе месца ў свеце па колькасці людзей за кратамі.

Разгул злачыннасці адлюстроўваецца ў рэкорднай колькасці забойстваў: кожны год больш за 60 тысяч бразільцаў гіне гвалтоўнай смерцю. Нярэдка смерць падцікоўвае іх проста на вуліцы. Крымінальную напружанасць ускладняе пандэмія каранавіруса, якая ахапіла Бразілію. Гэтая краіна ў сусветных лідарах па колькасці захварэлых і памерлых ад «ковіду». Так што, на жаль, існуюць усе перадумовы для таго, каб «гангста-карнавал» працягваўся.

Захар БУРАК

Фота з адкрытых крыніц

Загаловак у газеце: Дыван з купюр і горад у закладніках

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

БЛІЗНЯТЫ. Гэты тыдзень вельмі ўдалы ў плане кар'еры і любові. Могуць паступіць прыемныя дзелавыя прапановы. Калі вы сканцэнтраваныя і ўважлівыя, то забяспечаны поспех, прычым такі, на які нават не разлічвалі. Цяпер час выканання жадання, вырашэння праблемы, якая хвалюе даўно. Да канца тыдня прыйдзе адчуванне радасці, спакою і гармоніі.

Грамадства

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Як нармалізаваць артэрыяльны ціск?

Сёння ў кожнага пятага дарослага чалавека ў свеце дыягнастуецца павышаны крывяны ціск.